Читать книгу Алёнкіны казкі - АлёнКа - Страница 7
Марыць не шкодна, або ключы ад шчасця
ОглавлениеСвет дзіўны: у ім усё магчыма.
Х. Л. Борхес
Жабы зроблены з таго ж матэрыялу, што і камяні, толькі матэрыял гэты па-рознаму выкарыстаны.
Р. Фейнман
На працягу некалькіх тыдняў мяне не пакідала адно жаданне. І вось аднойчы, выпадкова зайшоўшы ў кнігарню, вырашыла запытаць: варта гэтае жаданне маёй увагі ці не. Раптам бачу кнігу з цікавай назвай «Адказ». Я ўзяла яе, расчыніла на першай трапіўшайся старонцы, ткнула пальцам, чытаю: «Вы будзеце на сёмым небе ад шчасця». Вырашыла: добра, інтуіцыя ў чарговы раз мяне не падвяла. І тут заўважаю побач яшчэ адну кнігу: «Ключ». Апошнюю я купіла, не раздумваючы – i не пашкадавала! Кніга апраўдала сваю назву. І калі вам таксама не дае спакою нейкае жаданне, паспрабую падзяліцца з вамі «ключом» да яго здзяйснення.
Але спачатку давайце згуляем у асацыяцыі.
Адкажыце, калі ласка, на пытанне: якія вобразы ўзнікаюць у вас пры слове «ключ»?
Так, залаты ключык з казкі А. Талстога «Залаты ключык, або прыгоды Бураціна».
Які вынік напрошваецца?
Правільна, ключ да выканання жаданняў трэба шукаць у казках, у першую чаргу, у народных.
Вы бачылі калі-небудзь казку з нешчаслівым канцом? Рэдка. Відаць, таму што героі казак ведалі, як дасягнуць сваёй мэты. I народ, які iх складаў, таксама. Тады, каб зрабіць сваё жыццё падобным на казку, дастаткова прааналізаваць пачуцці і ўчынкі казачных персанажаў.
З чаго пачынаецца шлях да ажыццяўлення мэты? З узнікнення жадання. Здаецца, што можа быць прасцей, жаданні ёсць у кожнага. Але далёка не ўсе яны, здзяйсняючыся, робяць нас шчаслівымі. Чаму? Таму што важным складнікам жадання з’яўляецца яго якасць: скіраванасць у бок дабра або зла, умоўна кажучы.
Глядзіце, калі герой робіць нешта для сваіх бацькоў і робіць гэта з задавальненнем (напрыклад, здабывае для бацькі маладзільныя яблыкі), ён дасягае пастаўленай мэты, прайшоўшы шэраг выпрабаванняў. Прычым, заўважце, калі герой стараецца не дзеля сябе, а дзеля іншых, ён і сам не застаецца без узнагароды: атрымлівае ў дадатак каня або прыгажуню нявесту. Тое ж, калі шукае каханую з мэтай ажаніцца, або старыя хочуць займець дзяцей ці ўнукаў. Крыху інакш выглядае сітуацыя, калі чалавек хоча грошай. Ён атрымлівае і іх, але яны яму на карысць не ідуць. Жадаць быць сытым, апранутым і абутым пры гэтым не забараняецца. Задавальненне сваіх першасных патрэб успрымаецца як нешта, што само сабой разумеецца, як норма, і не атаясамляецца з прагнасцю. І ўжо зусім іншая рэч, калі старэйшыя браты з зайздрасці забіваюць больш удачлівага малодшага, або калі злая мачыха хоча звесці са свету сваю падчарку – вось за гэтыя жаданні заўсёды надыходзіць расплата!
А зараз адкажам на другое пытанне: якімі якасцямі трэба валодаць, каб усё задуманае табой здзяйснялася? Якімі характарыстычнымі асаблівасцямі надзяляюцца станоўчыя персанажы казак?
Пры любых выпрабаваннях яны застаюцца чыстымі сэрцам і душой, упэўненыя ў сабе, у сваіх сілах, спакойныя, разважлівыя, кемлівыя, ім не ўласцівыя злосць, зайздрасць, нянавісць. І яшчэ трэба адзначыць адну якасць, якая часам дорага каштуе, але, напэўна, неабходна, паколькі прысутнічае ў многіх станоўчых персанажаў – даверлівасць. Бо нельга, напэўна, падазраваць у подласці іншых, не будучы подлым самому. Тым не менш, заўсёды знаходзяцца сілы, якія ім дапамагаюць: крумкачы з жывой і мёртвай вадою, шэры воўк, волатаўскі конь, магутны дуб. Ці не таму, што нашы продкі верылі (ведалі!), што душу мае ўсё жывое, а не толькі чалавек. Цяжка гэта ўявіць сабе? А вы паспрабуйце сабаку, які на вас брэша, у думках сказаць: «Я твой сябар» – ён перастане брахаць. Або папрасіце чорную кошку не пераходзіць вам дарогу – і яна застанецца стаяць на месцы, пакуль вы не пройдзеце. Дзіўна, праўда? Але гэта так. А калі жывёлы (і расліны таксама!) разумеюць нас, нашу мову, думкі, жаданні, ці не сведчыць гэта аб тым, што ў іх ёсць тая ж частка божай энергіі, што і ў нас?
Яны могуць нават прадбачыць будучыню і папярэдзіць нас аб небяспецы. Як зрабіў мой любімы кот Аляксандр (можна Шурык): прыгаючы з шафы, ён так «удала» прызямліўся на сістэмны блок ад камп’ютара, што той зваліўся на падлогу. Добра, там у гэты час ляжаў выратавальны круг – ён апраўдаў сваю назву цалкам. Камп’ютар застаўся цэлы, але я зразумела, што інфармацыю з яго трэба перапампаваць кудысь яшчэ, і скінула яе на флэшку. Праз тры дні паляцела сістэма Windows. Усе матэрыялы, якія знаходзіліся на дыску С, у тым ліку, «казкі» і гатовая дыпломная работа, былі знішчаны і аднаўленню не падлягалі. Пасля гэтага я пайшла і расцалавала свайго ката, якога тры дні таму аблаяла.
Вяртаючыся да якасцяў нашых герояў, трэба да ўсяго пералічанага дадаць яшчэ настойлівасць у дасягненні мэты, гатоўнасць прайсці праз выпрабаванні і застацца пры гэтым самімі сабой: добрымі, светлымі, мудрымі, шчырымі, любячымі.
І тады самыя неверагодныя, самыя чароўныя казкі стануць явай, і вы знойдзеце дзесьці там, за сёмым перавалам, сваю аленькую кветачку, рэалізуеце заветную мару: знойдзеце каханне, спазнаеце ісціну, будзеце атрымліваць задавальненне ад любімай справы.