Читать книгу Прыгоды Бульбіка - - Страница 2
Прыгода нумар 2. Знаёмства з Вішанькай
ОглавлениеПрыгода нумар 2. Знаёмства з Вішанькай
Канешне, чакаць доўга, пакуль ён вырасце, каб пабачыць свет, наш сябра Бульбік ня мог. Таму ён вырашыў, што зноў выйдзе і забярэцца на дрэва.
Так ён і зрабіў. Вылез з зямлі, назбіраў парашуцікаў дзьмухаўца і стаў чакаць пакуль ветрык не падхопіць яго і не панясе на дрэва.
Ветрык падхапіў і панёс Бульбіка ў неба. Бульбік баяўся, што ў гэты раз можа не атрымацца, і вецер занясе яго невядома куды, але ўсё атрымалася: ён зноў на дрэве!
Як было прыгожа навокал. Неўзабаве Бульбік пачуў нейкія странныя гукі. Ён паглядзеў па баках – нікога, глянуў уніз – таксама. І тут Бульбік падняў галаву ўверх і убачыў, як нейкая ягадка смяецца. Ён трохі разгубіўся, бо ня ведаў, што рабіць.
Вішанька хіхікнула і павіталася:
– Прывітанне! Ты хто такі і адкуль тут з’віўся?
– Прывітанне! – нясмела адказаў Бульбік. – Я – Бульбік. Прыляцеў во, на паршуціках, – і паказаў парашуцікі, якія моцна трымаў, каб яны не разляцеліся. – А ты хто?
– А я – Вішанька, жыву тут, на дрэве.
– У цябе тут вельмі прыгожа.
– Ага! Але трэба засцерагацца шпакоў, бо з’ядуць. Я, між іншым, калі іх бачу адразу ж хаваюся за лісцем.
– Я з імі таксама ўжо паспеў пазнаёміцца, – адказаў Бульбік і пацёр бачок, на які мінулы раз прызямліўся, калі ляцеў ад шпакоў уніз.
– А чаму ты сюды залез? – пыталася Вішанька.
– Мне вельмі хацелася паглядзець, што знаходзіцца вакол мяне, – трохі саромеючыся адказаў Бульбік. – Справа ў тым, што я жыву ў зямлі і нічога такого ніколі раней не бачыў.
– А дзе ж твой дом?
– Мой дом вунь там. Глядзі наперад. Крышачку яшчэ наперад.
– Так далёка?
– А я ж ляцеў і нават не заўважыў, што гэта сапраўды так далёка.
– А я яшчэ ніколі не хадзіла па зямлі. Вось зачаплюся за галінкі і гайдаюся на ветрыку, песні спяваю. А хочаш я табе раскажу, дзе хто жыве на нашым агародзе?
– Канешне хачу, – узрадаваўся Бульбік.
– Ну, тады слухай уважліва. Вунь там цяпліца, у якой жывуць агуркі і памідоры, але яны зусім не выходзяць. Толькі і чутна, што піць давай ды адчыніце дзверы – спякотна! Там суніцы і клубніцы – вясёлыя і гарэзлівыя. Дзе бульба расце, я ужо таксама ведаю, – з усмешкай сказала Вішанька. – Там вось гарбузы і кабачкі. Розная зеляніна – кроп, пятрушка і нават заморская рукала. Далей градкі з буракамі дый морквай. Каля плоту з аднаго боку растуць парэчкі, а з другога – маліны і ажыны. Толькі ажыны вельмі калючыя.
– А што тут расце? – запытаў Бульбік і паказаў ў сярэдзіну агарода.
– Тут? Адна шкодная Цыбуліна, а яшчэ гарох і фасоля на самым лепшым месцы. Проста пад самым сонцам!
– А чаму яны тут растуць адны? Тут жа шмат месца? Яшчэ і агароджу зрабілі.
– Гэта вельмі доўгая гісторыя, я табе яе потым распавяду. Таму прыходзь яшчэ, і я цябе пазнаёмлю з маімі сябрамі. Добра?
– Дамовіліся, Вішанька! Прыемна было пазнаёміцца!
– Мне таксама! А давай наступным разам мы сустрэнемся там, унізе. Толькі адкажы мне шчыра, там не страшна?
– Зусім не, – супакоіў Вішаньку Бульбік.
– Добра. Тады прыходзь заўтра пад дрэва.
– Добра! – адказаў Бульбік.
– Тады да сустрэчы на зямлі!
– Да сустрэчы, Вішанька! – І Бульбік паляцеў уніз.
– Шчасліва даляцець, – сказала Вішанька, але Бульбік нічога не адказаў і нават не памахаў, бо быў вельмі засяроджаны на палёце і баяўся згубіць парашуцікі.
Так нашыя новыя сябры развіталіся. І кожны з іх застаўся ўражанным ад новага і зусім нечаканага знаёмства.
Так скончылася новая прыгода нашага маленькага сябра.