Читать книгу Прыгоды Бульбіка - - Страница 6

Прыгода нумар 6. Загад

Оглавление

Прыгода нумар 6. Загад

Тое, што адбылося далей, ніхто прадугледзіць не мог.

Лета было спякотнае. Дожджыкаў амаль тыдзень ужо не было. А ветрык нібы скралі, бо нават травінкі не варушыліся. Ад спякоты пакутавалі ўсе. Але горш за ўсё было тым, хто сядзеў проста пад сонцам. Войска Цыбуліны – Гарошыны ды Фасоліны пачалі засыхаць.

Таму Цыбуліна і выдала Загад: “Усе жыхары агарода павінны адмовіцца ад вады і сонца на карысць Цыбуліны. А хто нязгодны, таму штраф ці высылка за плот, вунь туды, у канаву, а самых непаслухмяных – у капец!”

І толькі гэтая падзея абудзіла і ўзварушыла жыхароў агарода. Яны абурыліся нахабствам Цыбуліны і яе так званым Загадам. Як гэта расці без вады і сонца? Усе толькі гэтую навіну і абмяркоўвалі:

– А вы чулі?

– Што ж гэта такое!

– Трэба ж нешта нам рабіць! – абураліся жыхары агарода.

“Вось ён – шанец сабраць усіх разам!” – зразумелі нашыя сябры і пайшлі склікаць жыхароў на сход.

Сабралося шмат народу рознага роду: капуста, кабачкі з гарбузамі, зеляніна з ягадамі, буракі з морквай. Нават агуркі з памідорамі з цяпліцы вылезлі. Нехта і з Бульбашоў прыйшоў на сход, на разведку, паслухаць, паглядзець, што тут насамрэч адбываецца.

Ажына вырашыла выступіць перад усімі, але ж яна такая маленькая, яе ніхто не пачуе. І тут Дзядзька Гарбуз прапанаваў:

– А ну, узбірайся на мяне, каб цябе здалёк было бачна і чутна.

Ажына ўскараскалася і пачала сваю прамову:

– Агародныя сваякі і сваячкі, браты і сястрычкі! Колькі ж можна трымаць гэты ціск ад Цыбуліна, што забылася скуль яна выйшла. Хопіць цярпець гэты прыгнёт! Давайце самі вырашаць, дзе і як нам расці!

Жыхары загудзелі, як той вулей, у патрымку слоў Ажыны.

А такі шум Цыбыліна са сваім войскам не магла не пачуць. Спужалася моцна дый раззлавалася, што нейкая там Ажына выступае супраць яе і ўсіх астатніх падбухторвае:

– Гэта што за свавольства?! – злавалася Цыбуліна, ад чаго пачала так моцна смярдзець, што Гарошыны і Фасоліны зрабілі пару крокаў назад, бо дыхаць было ўжо няма чым. Цыбуліна не магла супакоіцца і загадала Ажыну злавіць і высяліць за плот!

Пакуль жыхары агарода вырашалі, што рабіць далей, войска Цыбуліны набліжалася да схода. Раптам яно ўзнікла наўпрост перад жыхарамі, якія гэтага зусім не чакалі. Яны стаялі і глядзелі адзін на аднаго. І тут неўзабаве ўсе пачулі голас Ажыны:

– Адчапіцеся ад мяне, пусціце! Сябры!

Але Гарошыны і Фасоліны яе не слухалі, яны схапілі Ажыну, нават абламалі калючкі і пацягнулі яе да плота, каб выселіць. Ажына зусім іх не баялася. “Ну, няхай паспрабуюць! Пажыву трохі за плотам, – думала Ажына. – Голас у мяне застаўся, а значыць я буду змагацца, а калючкі потым адрастуць!” Нашыя маленькія сябры спрабавалі дапамагчы Ажыне, але іх было так мала, а войска – такое вялізнае. На жаль ніхто з жыхароў агарода нават не паспрабаваў прыйсці на дапамогу, бо іх гэта не тычылася, яны ж так проста прыйшліі паслухаць, і усе паціху пачалі разыходзіцца, кожны на сваё месца.

А што ж цяпер будзе з нашымі сябрамі?

Як мы ўжо ведаем, Ажыну выселілі за плот і паставілі вартаўнікоў сачыць, каб яна назад не прабралася. Вішаньцы забаранілі спускацца з дрэва. Моркаўцы нагадалі, каб сідзела ціха, до можа сустрэцца са сваім сябрам, што знаходзіцца ў капцы, калі не супакоіцца. А Бульбіка толькі папярэдзілі, бо быў ён яшчэ малы, што наступным разам яго не пашкадуюць і выкапаюць градку з бульбай так, што не будзе ім з сям’ёй дзе жыць.

Бульбік вельмі спужаўся. Моркаўка стаяла разгубленая. І засталіся яны ўдвох маленькія і нясмелыя, самыя звычайныя жыхары агарода. Яны не ведалі, што рабіць, але ведалі дакладна, што сяброў у бядзе кідаць нельга.

Прыгоды Бульбіка

Подняться наверх