Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 22

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Тураўскае княства

Оглавление

Паўднёвы камень нашай дзяржаўнасьці

Тры пранароднасьці – продкі сучасных Беларусаў крывічы, дрыгавічы і радзімічы заснавалі першыя дзяржаўныя ўтварэньні, якія лічацца Беларускімі: Полацкае княства крывічаў, Тураўскае княства дрыгавічоў і Смаленскае княства крывічаў. Радзімічам гэтага зрабіць не ўдалося, бо яны ўвайшлі ў склад Чарнігаўскага (украінскага) княства. Тураўскае і Смаленскае княствы з 10 па 12 стагодзьдзі трапілі ў залежнасьць ад Кіеўскіх князёў. З сярэдзіны ХІІ стагодзьдзя Тураўскае княства становіцца самастойнай зямлёй-дзяржавай. Пры князю Гедыміну Турава-Пінская зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). І Тураўскае і Смаленскае княствы таксама наша спадчына. Ці паштовыя маркі могуць нешта паведаміць пра іх?

Тураў – сталіца княства ўпершыню ўзгаданы ў «Аповесьці мінулых гадоў»: «А Рагвалод прыйшоў калісь з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку, а Туры – у Тураве, ад яго ж і тураўцы празваліся». Да 980 Тураўскае княства яшчэ было самастойным. У яго склад уваходзілі вядомыя па летапісах гарады Пінск, Берасьце, Слуцк, Клецк, Чартарыйск і Дубровіца. У 1005 у Тураве была заснавана эпіскапская катэдра. Аб адкрыцьці катэдры паведамляецца ў артыкуле (Устаўной грамаце), якая зьмяшчаецца ў Кіеўскім Патэрыку 17 стагодзьдзя рэдакцыі архімандрыта Язэпа Трызны пад назвай «Тураўскай эпіскапіі запавет блажэннага Уладзіміра». Сярод гарадоў, якія першапачаткова ўваходзілі ў межы Тураўскай эпархіі, называюцца: Пінск, Берасьце, Гародня, Ваўкавыск, Зьдзітаў, Навагародак, Слуцк…

Але маркі нам апавядаюць толькі пра Кірыла Тураўскага (1110—1182). Менавіта вяршыняй культурнай спадчыны Тураўскай зямлі зьяўляецца шматграннае творчасьць гэтага вялікага кніжніка, паэта і прамоўцы, выбітнага царкоўнага дзеяча, рэлігійнага асьветніка, набожнага прапаведніка, які заслужана названы «Златоустом, просиявшим паче всех на Руси».


Кірыла Тураўскі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1996


Творы вялікага мысьляра на працягу стагодзьдзяў перапісваліся, уваходзілі ў склад розных зборнікаў і дзякуючы разьвіцьцю кнігадрукаваньня сталі шырока распаўсюджвацца па ўсёй Эўропе ў другой палове XVI стагодзьдзя. Прапаведнік быў дарадцам і настаўнікам многіх выбітных людзей свайго часу. У 1984 годзе выбітны асьветнік, філёзаф, мысьляр быў прылічаны да Сабору Беларускіх Сьвятых і дзень яго памяці адзначаецца штогод 11 траўня.

11 траўня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў зварот паштовы блёк «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі».


Канвэрт першага дня з блёкам «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2013


На канвэрце: Сьпіс «Слова на Ушэсьце Гасподняе» Кірылы Тураўскага XIII стагодзьдзя, Паўсядзённыя малітвы Кірылы Тураўскага (Вільня, 1596), старонкі з кнігі «Штодзённыя малітвы» з малітвай Кірыла Тураўскага (пачатак XVII стагодзьдзя).

Да 1000 годзьзя Тураўскай эпархіі Белпошта прымеркавала марку. На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Сямімэтровы помнік (Аўтары – скульптар Міхаіл Інькоў, архітэктар – Мікалай Лук'янчык) усталяваны ў 1993 у Тураве. Яго магутны сылюэт, у аснове якога – Крыж бізантыйскай формы, здалёку праглядаецца пры пад'езьдзе да Замкавай гары.


Картмаксімум «1000 год Тураўскай эпархіі». На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Марка выдадзена ў 2005. На паштоўцы карціна Аляксея Марачкіна «Кірыла Тураўскі» (1987)


Помнікі Кірылу Тураўскаму пастаўленыя ў Гомлі, Тураве, Менску. Цэрквы Сьвятога Кірылы Тураўскага знаходзяцца ў Лёндане, Таронта і Нью-Ёрку.

У 2004 Тураў прымаў гасьцей на Дзень Беларускага пісьменства. Белпошта да гэтай даты выпусьціла марачны канвэрт.


Дзень Беларускага пісьменства. Тураў. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2004


На марцы выгляд прыстані старога Турава на рацэ Прыпяць у XIX стагодзьдзі. На канвэрце: партрэт Кірылы Тураўскага і выява Тураўскага Эвангельля на фоне горада Турава ў XIІ стагодзьдзі.

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх