Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 32
Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Нараджэньне Вялікага Княства
Магутны Кейстут
ОглавлениеКейстут заўжды дапамагаў свайму брату Альгерду і той меў у яго асобе моцную падтрымку. На долю самого Кейстута выпала ахова заходняй мяжы Літоўскай дзяржавы ад націску крыжакоў і гэтую задачу ён выконваў каля паўстагодзьдзя з вялікім посьпехам.
Кароль Літвы Міндоўг, Вялікі Князь Літоўскі Гедымін, Вялікі Князь Літоўскі Кейстут. Маркі пошты Летувы, выдадзенгыя ў 1920
Месцам свайго пасаду Кейстут абраў Трокі.
Нейдзе ў 1355 разьнеслася па Княстве слава пра набожнасьць і незвычайную прыгажосьць жрыцы самага вядомага капішча жамайткі Біруты. Пачуў пра гэта і князь Кейстут. Ён падсьцярог жрыцу, калі тая гуляла па беразе мора і быў зачараваны прыгажосьцю дзяўчыны. Той жа ноччу разам са сваімі людзьмі князь напаў на жытло вайдэлотак і выкраў Біруту.
Тракайскі замак, пабудаваны Кейстутам. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Кейстут таксама быў прыгожым ваяром. Захавалася апісаньне знешнасьці Кейстута, зробленая крыжакамі ў 1361 годзе: «Кейстут быў высокі, статны, прамяністыя вочы гарэлі на бледным твары, доўгія валасы пакрывалі яго галаву, сівая барада спадала на грудзі. Скупыя былі яго вусны, але кожнае слова шмат значыла. Калі ён пагражаў, то на ілбе ўздуваліся жылы. Увесь выгляд яго будзіў страх». Бірута згадзілася на шлюб.
Бірута і Кейстут. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Адносна лёсу Біруты меркаваньні гісторыкаў разьдзяліліся. Напрыклад, Э. Гудавічус і І. Баранаўскенэ, цвердзяць, што Бірута была забітая пасьля сьмерці Кейстута. Іншыя цьвердзяць, што жыла яшчэ доўга і была акружаная павагай. Яны спасылаюцца на словы польскай дэлегацыі ў час спрэчак з Ордэнам.
Сучасьнікі пакінулі сьведчаньні пра Альгерда як пра загартаванага ў паходах чалавека, які вёў суровы лад жыцьця, быў непераборлівы ў ежы і зусім не ўжываў хмельных напояў. Адзін з маскоўскіх летапісцаў даў нашаму гаспадару такую характарыстыку: «Ён не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў скрытна, ваяваў не колькасцю ваяроў, а розумам і ўменьнем». За часы Альгерда Вялікае Княства стала яшчэ больш моцным палітычна і эканамічна, у гарадах краіны развіваўся гандаль і рамёствы; беларускае праваслаўе займела сваю мэтраполію; развіцьцё атрымала прабеларуская («руская» ці, другая назва, «літоўская») мова, літаратура і культура, наша мова выкарыстоўвалася ў якасьці дзяржаўнай. На прабеларускай пісаліся акты, граматы, статуты, рабіліся пераклады кніг.
Альгерд з прыхільнасьцю ставіўся да хрысьціян. Ён сам паставіў дзьве царквы ў Віцебску. Абедзьве ягоныя жонкі Марыя і Юліяна будавалі новыя хрысьціянскія храмы. Баярын Альгерда Гаштольд заснаваў колькі каталіцкіх касьцёлаў. У той час Вільня займела францысканскі кляштар. Але, нягледзячы на гэта, былі выпадкі, пакутаў за хрысьціянскую веру. Трое такіх пакутнікаў Ян, Антоній і Яўстахій праваслаўнай царквой абвешчаны сьвятымі. Паводле летапісаў, сам Вялікі Князь Альгерд незадоўга да сьмерці прыняў праваслаўную веру і быў пахаваны ў царкве Прасьвятой Багародзіцы ў Вільні.
У Альгерда было дванаццаць сыноў, у тым ліку Ягайла, Свідрыгайла і Скіргайла, – асобы, якія ў будучым адыграюць значную ролю ў гісторыі краіны, і дзевяць дачок.
Суперніцтва паміж Альгердавічамі за валоданьне віленскім тронам распачалося адразу пасьля сьмерці Вялікага князя ў 1377. Згодна з воляй Альгерда ў Вільні ўвакняжыўся яго старэйшы сын ад другога шлюбу – Ягайла. У апазыцыю да новага валадара стаў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі. Пасьля ад'езду ў Маскву Полацкага князя Андрэя, Ягайла перадае гэтую зямлю брату Скіргайлу. Але палачане не прымаюць стаўленіка Вільні. На працягу вясны – лета 1381 яны не дапускалі ў горад Скіргайлу, а пасьля прынялі бок Кейстута. Распачалася Грамадзянская вайна 1381—1384 за ўладу ў ВКЛ. Кейстут, які ваяваў на баку свайго сына Вітаўта, паланіў Ягайлу, і быў прызнаны Вялікім Князем Літоўскім (1381—82).
Бірута (1317? – 1382 або 1389). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Аднак, вызваліўшы Ягайлу, надоўга прымірыцца зь ім не ўдалося. У ходзе мірных перагавораў Кейстут з сынам Вітаўтам былі запалонены і перавезены ў радавы замак Ягайлы – Крэва і Ягайла пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны сьмерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведваньні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзеньне яе служанкі і ўцёк з затачэньня.
Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт ззьбягаез Крэўскага замку 1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Існуе легенда, што Вялікі Князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы, заснаваў Сынкавіцкую царкву.
Сынкавіцкая царква-крэпасьць. Картмаксімум пошты Беларусі, выдадзены ў 2007
З братамі і групай прыхільнікаў, князёў і ўплывовых баяр, Вітаўт аддаўся пад заступніцтва нядаўняга ворага, Тэўтонскага ордэну. Ягайла зноў стаў Вялікім Князем, а свайго брата Скіргайлу ўладкаваў замест Кейстута ў Троках. Вялікае Княства апынулася па сутнасьці расшчэпленым на ўдзелы, а ў Ягайлы не было сродкаў пераадолець гэты стан. Аднак падзеі ў суседняй Польшчы надалі гісторыі Літоўскай дзяржавы другое разьвіцьцё падзей.
P.S.
У архітэктуры Сынкавіцкай царквы – цьвердзі выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У Вялікім Княстве Готыка набыла своеасаблівыя рысы, прыладамі якой ёсьць касьцёл у Ішкальдзі, Барысаглебаўская царква ў Наваградку, Стары Замак у Гародні, Наваградзкі замак, Мірскі замак.
Гатычны архітэктурны стыль, як і раманскі, зарадзіўся ў Францыі ў XII стагодзьдзі і распаўсюдзіўся на іншыя рэгіёны да XVI стагодзьдзя. Гатычныя саборы зь іх вышынёй і накіраванасьцю ўверх, у неба сымбалічна паказвалі імкненьне чалавека да Бога. Найбольш знакамітыя ўзоры Гатычнага стылю – Сабор Нотр-Дам, саборы ў Рэймсе, Шартры, Сэн-Дэні, Амьене.
Сувэнірны аркуш прысьвечаны 850-годзьдзю Сабору Парыскай Божай Маці, выдадзены поштай Францыі ў 2013
На заднім пляне аркуша паказаны агульны выгляд Сабору з боку Сены. Дзьве маркі вылучаюць дэталі вітражу. У храме заключаліся каралеўскія шлюбы, імператарскія каранацыі і пахаваньні.
Шэдэўрам сталай готыкі і сапраўднай «Акадэміяй мастацтваў» для сярэднявечных майстроў стаў сабор у Рэймсе. Нягледзячы на працяглыя тэрміны будаўніцтва (з 1211 па 1285) і розных архітэктараў, сабор у Рэймсе захаваў адзінства задумы: разнастайнасьць талентаў якія будавалі сабор дойлідаў зьлілася ў сапраўдную каменную сымфонію.
Рэймскі сабор. Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1938
Перад уваходным у сабор, адкрываецца велічнае відовішча. У глыбіню храма сыходзяць урачыстыя калянады, высока над галавой стульваюцца сьпічастыя скляпеньні, праз шматлікія вокны ў сабор льюцца сонечныя прамяні. Велізарная прастора храму свабодна імкнецца ў глыбіню. Грандыёзныя маштабы інтэр'еру запатрабавалі ад дойлідаў немалога тэхнічнага мастацтва, каб утрымаць у раўнавазе ўсю канструкцыю будынка. Але ўся гэтая будаўнічая «кухня» умела ўтоена ад наведвальніка, якому кідаецца ў вочы толькі нязмушаная лёгкасьць усіх архітэктурных дэталяў сабору.