Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 27

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Нараджэньне Вялікага Княства
Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня»

Оглавление

Віцень (Vytenis;? – 1315/1316) – Вялікі Князь Літоўскі (каля 1294—1315/1316). Заняў велікакняжацкі сталец па сьмерці свайго бацькі Будзівіда (Путувера). Магчыма Віцень, як і яго браты Гедымін і Воін, належаў да ваеннай кансорцыі, што абслугоўвала Нёманскі гандлёвы шлях і якую называлі ў летапісах Літва, як аналагічная кансорцыя ваяроў і купцоў Русь. Ад 1300 да канца ўладараньня Віценя Ордэнскія войскі зьдзейснілі блізу дваццаці паходаў на Літву, дасягаючы сталічнага Наваградка. У 1284, 1295, 1305 і 1306 нямецкія рыцары нападалі на Гародню. Аднак Княства ўпарта баранілася: у памежных замках стаялі моцныя залогі, разбураныя ўмацаваньні хутка аднаўлялі, а за ворагам наладжвалі пагоню.


Вялікі Князь ВКЛ Віцень (каля 1294—1315/1316). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2001 (пярэдні і адваротны бакі)


На канвэрце Герб Рэспублікі Беларусь «Пагоня» і Крыж Эўфрасіньні Полацкай – маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 1992.

Паводле Густынскага летапісу, Віцень прыняў для сваёй дзяржавы герб «Пагоня»: «Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня». На 500 гадоў «Пагоня» стала Гербам Вялікага Княства Літоўскага і толькі пасьля захопу нашай краіны Расеяй ў 1875 была заменена двухгаловай птушкай. У 1917 Максім Багдановіч напісаў верш «Пагоня», які стаў песьняй і адным з кандыдатаў на Дзяржаўны Гімн.

Праз 200 гадоў напрыканцы 1991, калі была абвешчана Незалежная Рэспубліка Беларусь, «Пагоня» вяртаецца на сваё месца. Але ў 1995 забараняецца і той, хто яе асьмельваецца насіць, падвяргаецца суду і зьдзекам. Але, як напісаў паэт:

«Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць».



«Пагоня». Максім Багдановіч (1891—1917). Картмаксімум з маркай Герб Рэспублікі Беларусь Пагоня, выдадзенай поштай Беларусі ў 1993


У 1307 Палачане зьвярнуліся да Вялікага князя Літоўскага Віценя за дапамогай у барацьбе з немцамі, якія пачалі сяліцца на Полацкай зямлі і ў самім Полацку. Палачане і ліцьвіны прагналі немцаў з Полацку і яго навакольля. З таго часу Полацк канчаткова ўвайшоў у склад ВКЛ і стаў яго буйнейшым горадам.

Вяртаючыся з паходу, Віцень загінуў ад удару маланкі.

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх