Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 25

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Нараджэньне Вялікага Княства
Пачатак 500-гадовай Гісторыі Вялікага Княства

Оглавление

У 13 стагодзьдзі для нашых продкаў узьніклі дзьве найбольш небясьпечныя пагрозы: нашэсьце качэўнікаў татара-манголаў з усходу і агрэсіўнасьць Тэўтонскага ордэну з захаду. Адказам на гэтыя пагрозы і ходам гістарычнага разьвіцьця стала стварэньне ў Панямоньні на тэрыторыі з назвай Літва дзяржавы з доўгім і слаўным і трагічным лёсам. З гэтага часу пачынаецца новы пэрыяд у гісторыі нашай радзімы-пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага.

Назва «Літва» упершыню згадана ў Кведлінбургскіх аналах у 1009, калі хрысьціянскі месіянер Брунон Баніфацый быў забіты язычнікамі дзесьці на мяжы Русі і Літвы. Ёсьць меркаваньне, што месца гібелі Брунана Баніфацыя каля Пінску. Такім чынам, верагодна паўднёвая мяжа Літвы знаходзілася каля Пінску.

З нагоды 1000-годдзя яго пакутніцкай сьмерці польская Пошта выпусьціла памятную паштовую марку з яго выявай – фрагмэнт карціны М. Залускі 1860 «Місія Сьвятога Брунона», разьмешчанай у саборы Сьвятога Міхаіла Архангела ў Ломжы.


1000-годдзьдзе пакутніцкай сьмерці Сьвятога Брунона з Квэрфурту. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 2009


Міндоўг – адзін з князёў Панямоньня-Літвы – пацярпеў у 1245 (1246) паразу ад крыжакоў і разам з баярамі ўцёк у суседні Наваградак, дзе быў запрошаны на княжаньне. Але становішча Міндоўга застаецца вельмі складаным. У яго мноства ворагаў: мясцовыя князі, Русь (Кіеўская) і крыжакі. Каб залагодзіць крыжакоў, Міндоўг і яго жонка ў 1251 прынялі каталіцтва, а 6 ліпеня 1253 у дзень Сьвятых Пятра і Паўла (або 29 ліпеня) па даручэньні Папы Рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта былі каранаваныя як Кароль і Каралева Літвы.

«Літоўскае дзіцячае Таварыства» («Lietuvos Vaikos») – жаночая арганізацыя, якая клапацілася аб сіротах і зьніклых без вестак, атрымала згоду прэм'ер-міністра і Кабінэта міністраў на выпуск чатырох простых і чатырох выпускаў паветраных марак. Гэтыя маркі прадаваліся ўсяго сем дзён, таму гэтыя сэрыі таксама называюць сямідзённымі». Непрададзеныя знакі былі перададзеныя грамадзтву, якое прадало іх калекцыянэрам у ЗША, а атрыманыя грошы выкарыстоўвала ў дабрачынных мэтах. Так быў зафіксаваны Дзень Нараджэньня Вялікага Княства Літоўскага з сталіцай, верагодна, у Наваградку.


Каранацыя Міндоўга (1253). Марка пошты Летувы. Другі авіяпаштовы нумар «Lietuvos Vaikos», 1932 год. Мастак Адамс Варнас


Пошта Беларусі ў 2019 выпусьціла марку «Навагрудак» з сэрыі «Гарады Беларусі».


Навагрудак. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2019


На марцы скульптура Міндоўга ў Наваградку ля гары Міндоўга, герб Наваградка, рэшткі абароннай цьвердзі 13—16 ст., Барысаглебаўская царква 17 ст., касьцёл Перамяненьня Пана 14—18 ст.

Гадавіна каранацыі караля Міндоўга штогод 6 ліпеня адзначаецца ў Летуве. Дзень таксама вядомы як Дзень Дзяржаўнасьці і лічыцца Нацыянальным сьвятам. У гэтае сьвята літоўцы ўспамінаюць свайго першага і адзінага Караля Літвы Міндоўга, чалавека, які перасягнуў сваю эпоху палітычнай стратэгіяй, менталітэтам і духовай сілай.


750-годзьдзе каранацыі Міндоўга. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2003


У 1910 Вацлаў Ластоўскі намаляваў і апісаў пячатку Міндоўга з выяваю Пагоні, але рунічны надпіс, які азначае «СВАЮ ПЯЧАТКУ КНЯЗЬ МІНДАЎГ СТАВІЦЬ», быў прачытаны Алегам Сокалам-Кутылоўскім толькі ў 2006. І гэта сьведчыць пра сапраўднасьць пячаткі і гістарычнасьць Гербу Пагоня.

Апавяданьні пра Вялікае Княства будуць працягваць маркі розных краінаў, бо марак Рэспублікі Беларусь пра Вялікае Княства вельмі мала. Таму філятэлісты-патрыёты з мэтай пашырэньня ведаў пра Вялікае Княства і стварэньня магчымасьці зрабіць філятэлістычную выставу пра гісторыю краіны рабілі самвыдат – канвэрты з відарысамі Вялікіх князёў ВКЛ і тэкстамі пра іх на адваротным баку канвэрту.

У 1263 годзе Міндоўг быў забіты ў выніку змовы Нальшчанскага князя Даўмонта, Жамойцкага князя Траняты і полацкага князя Таўцівіла.

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх