Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 29

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Нараджэньне Вялікага Княства
Давыд Гарадзенскі

Оглавление

Давыд Гарадзенскі (каля 1283—1326) – вайскавод і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста Гарадзенскі, кашталян Гарадзенскага замку, які быў правай рукой Гедыміна і камандаваў войскам Вялікага Княства, калі ў паходах не ўдзельнічаў сам Гедымін. У росквіце славы Давыд загінуў. У 1326 у адным з паходаў здрадніцкім ударам у спіну яго забіў падкуплены крыжакамі здраднік. Паводле легенды, воіны на шчытах прынесьлі цела свайго правадыра ў Гародню і пахавалі яго каля Калоскай царквы.


Канвэрт «Давыд Гарадзенскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2008


Упершыню Давыд Гарадзенскі ўзгадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбургу пад 1314 годам, калі паспяхова абараніў Наваградак ад крыжакоў. У 1314 крыжакі тройчы нападалі на Вялікае Княства. Буйное рыцарскае войска вёў у паход сам маршал Тэўтонскага ордэну. Гарадзенцы на чале з Давыдам зрабілі свой замак непрыступным. Расчараваныя адсутнасьцю здабычы, немцы рушылі далей на Наваградак. Тым часам Давыд Гарадзенскі захапіў зробленыя крыжакамі ў пушчы харчовыя запасы і варожых коней. На зваротным шляху рыцары ўбачылі на месцы сховаў толькі пабітую варту. Рэшткі галоднага рыцарскага войска ахапіла роспач. Амаль ніхто з тэўтонцаў у Прусію не вярнуўся.

Давыд Гарадзенскі не прайграў ніводнай бітвы з крыжакамі.


Картмаксімум. Камень Давыда Гарадзенскага ля Каложы. Каложа (1969). Віталь Цвірка (1913—1993). Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1998


20 верасьня 2003 ля Каложы быў адкрыты памятны знак у выглядзе каменя-валуна з выявай крыжа Эўфрасіньні Полацкай і тэкстам: «Давыду Гарадзенскаму (каля 1287—1326г.г.), славутаму абаронцу Гродна ад крыжацкай навалы. Ад ўдзячных нашчадкаў».

24 траўня 2018 у цэнтры Гродна ўсталявалі помнік Давыду Гарадзенскаму. Каля падножжа намаляваны Гарадзенскі замак, які неаднаразова абараняў ваявода. З адваротнага боку – Каложская царква, каля сцен якой, паводле легенды, пахавалі Давыда Гарадзенскага. Фігура наезьніка прыкладна два з паловай мэтры вышынёй, яе вага – каля дзевяці тон.

Апошнія гады княжаньня Гедзіміна прайшлі ў барацьбе з крыжакамі. Ён узначальваў ваенныя паходы і заўсёды быў у першых радах войска. Загінуў зімой 1341 у баі падчас асады нямецкай крэпасьці Баербург.


Гедымін. Картмаксімум пошты Летувы, выдадзеная ў 1991


На картмаксімуме помнік заснавальніку Вільні Вялікаму Князю Літоўскаму Гедыміну, які быў адкрыты на Катэдральнай плошчы ў 1996 (скульптар Вітаўтас Кашуба).

Усё яго жыцьцё было працяглай барацьбой з суседзямі, як на ўсходзе, так і на захадзе з крыжакамі, якіх яму ўдалося стрымаць, дзякуючы падтрымцы і гераізму жыхароў Княства. Прыкладам такога гераізму стала абарона замка Піленай у 1336. Калі 4000 жыхароў Піленай і яго ваколіц зразумелі, што будзе немагчыма абараніць сябе ад значна большага па сіле ворага, яны прынялі рашэньне лепшае забіць сябе, але не здацца жывымі тэўтонскім абложнікам, а таксама спаліць замак, зьнішчыўшы ўсю сваю маёмасьць, каб нічога каштоўнага не дасталася ворагу.

Сапраўднае мастацкае ўвасабленьне гісторыя замка Пілены і яго абаронцы князя Маргіціса атрымала ў гістарычным рамане «Кунігас» Юзафа Крашэўскага.


Гіраічная абарона Піленай (1336). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2004

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх