Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 24

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Умелі будаваць, чытаць і пісаць

Оглавление

У 12 стагодзьдзі ў Заходняй Русі назіралася асабліва інтэнсіўнае будаўніцтва праваслаўных храмаў. У Полацку ў паказаны час было ўзьведзена не менш 10-ці манумэнтальных каменных цэркваў. У Гародні – 3 храмы. Царкоўнае каменнае дойлідзтва разьвівалася ў Тураве, Менску, Віцебску, Наваградку, Ваўкавыску. У многіх паселішчах узводзіліся драўляныя цэрквы. З таго часу да нашых дзён уцалелі храмы: Спаса-Перамяненскі ў Полацку, Сьвятых Барыса і Глеба (Калёскі) у Гародні, Благавешчаньня Прасьвятой Багародзіцы ў Віцебску.


Барысаглебская Калоская царква. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992


Гароднянская паэтка Данута Бічэль так напісала пра Каложу:

Цудны Каложы снапок:

Кветка і Крыж,

Цуд гэты звыш,

Цуд гэты вытварыў Бог,

Так чалавек

Бы ня змог…


У горадзе Камянец Брэсцкай вобласьці знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідзтва другой палавіны XIII стагодзьдзя – непераможная Камянецкая вежа. Непераможная, бо яе ні разу не захапіў вораг.


Камянецкая вежа. 12—13 стагодзьдзі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992


Згодна з летапісамі, Камянецкая вежа ўзьведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Па загаду Галіцка-Валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца, дзе ў хуткім часе зьявіліся горад з драўляным замкам і пяціярусная Вежа, вышынёй амаль 30 м, дыямэтрам 13,6 м і таўшчынёй сьцен 2,5 м.

Утварэньне княстваў, усталяваньне княжацкай улады, разьвіцьцё гаспадаркі і, асабліва, прыняцьце хрысьціянства выклікалі патрэбу ў ведах і пісьменнасьці. На нашых землях для рэлігійных патрэбаў асвойвацца Кірылічная азбука, складзеная ў 863 Кірылам і Мяфодзіем.

24 мая 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне паштовы блёк «1150-годдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія».


«1150-годдзьдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія». Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2013


Адным з самых старажытных сьведчаньняў засваеньня кірылічнага пісьма крывічамі лічыцца надпіс «ГОРОУХША» на керамічным посудзе першай паловы 10 стагодзьдзя. Аб наяўнасьці пісьменнасьці сьведчаць надпісы на Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзьвіны, надпіс на Рагвалодавым камяні каля Оршы. Мэталічныя пісалы для пісаньня на навошчаных дошчачках знойдзены ў Менску, Друцку, Наваградку, Ваўкавыску, Браславе… У Берасьці знойдзены драўляны грэбень з разьмешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіту. Аб шырокім распаўсюджваньні пісьменнасьці пасьля прыняцьця хрысьціянства, сьведчаць шматлікія знаходкі пісал і асобных надпісаў, знойдзеных на розных прадметах побытавага характару.

Выключную каштоўнасьць маюць берасьцяныя граматы – бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Граматы знойдзены ў Віцебску і Мсьціслаўлі. Яны сьведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце.


Берасьцяная пісьмо. Берасьцяныя граматы і піса́лы. Наўгародзкі музэй. Марка выдадзена поштай Беларусі ў 2008


На прывесцы маркі выява Полацкай Сафіі і найбольш раньняя берасьцяная грамата (XI стагодзьдзе), знойдзеная ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацку або Віцебску.

Аўтары спэцыяльных дасьледваньняў сьцьвярджаюць, што ня меней 10% нашых продкаў у 12—13 стагодзьдзях умелі чытаць і пісаць. Папулярнымі сталі кнігі. Найстаражытнейшыя, што дайшлі да нас, Тураўскае Эвангельле і Песьня пра паход Ігараў (арыгінал загінуў у 1812 падчас маскоўскага пажару).


«Слова пра паход Ігараў». Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1957


Нашы продкі ня толькі ўмелі чытаць і пісаць, але бавілі час гульнёй у шахматы. Падчас раскопак на нашай тэрыторыі знойдзена 31 шахматная фігурка ў 16 месцах. Самая старажытная з Менску 11 стагодзьдзя.

У 2018 вышлі ў абарачэньне паштовыя маркі з сэрыі «Археалёгія. Шахматныя фігуры».


Археалёгія. Шахматныя фігуры. Маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 2018


На полі марачнага лістка чытаем: «Шахматныя фігуры XI—XIV стагодзьдзяў – унікальныя знаходкі, якія паказваюць ня толькі тое, што нашы продкі гулялі ў інтэлектуальныя гульні, але і тое, што яны на высокім узроўні валодалі кастарэзным майстэрствам».

P.S.

У 10—13 стагодзьдзях пад уплывам традыцый старажытна-рымскага і бізантыйскага мастацтва ў Эўропе склаўся і быў распаўсюджаны Раманскі (ад лац. romanus – рымскі) стыль сярэднявечнага мастацтва. Архітэктура Раманскага стылю вызначалася дакладнасьцю форм, суровай мужнай прыгажосьцю, унушальнасьцю памераў і ўрачыстай сілай. Найбольш вядомымі помнікамі раманскай архітэктуры былі царква ў Клюні (11 ст.), царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.), саборны ансамбль – Сабор Санта-Марыя Маджорэ, баптыстэрый і званіца (знакамітая Пізанская вежа) у Пізе (12—14 ст.).

У храме ў Клюні ўстаноўлена некалькі скульптур Багародзіцы, у тым ліку статуя Чорнай Мадоны (XVII ст.) – копія бізантыйскай скульптуры.


Царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.). Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1947


Пьяца дэі Міраколі (Плошча цудаў) – на ёй разьмясьціліся чатыры шэдэўры сярэднявечнай архітэктуры: Пізанскі сабор (1063—1118), Пізанская вежа, Баптыстэрый і могілкі Кампа-Санта.


Піза. Картмаксімум пошты Італіі, выдадзены ў 2012


Сэрца Плошчы Цудаў – сярэднявечны катэдральны сабор Санта-Марыя Асунта (Усьпеньня Найсьвяцейшай Панны Марыі).

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх