Читать книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа - Страница 3

Генэрацыя фанцікаў і фішак
Гурткі
2

Оглавление

Калі я патрапіў у спартовую залю па барацьбе дзюдо, мне адразу гэтае месца дзіка не спадабалася, бо ад матаў, якія зьмякчалі падзеньні барцоў, моцна й канцэнтравана пахла потнымі нагамі, і ня проста потнымі нагамі, але МУЖЧЫНСКІМІ потнымі нагамі, бо, як я адразу пабачыў, дзяўчат там не было, акрамя адной прыблуднай, якая цалкам выдавала на задзірлівага хлапчука.

Дык вось, маё знаёмства са спортам пачалося менавіта з гэтых матаў, якія анучай мыла прыбіральшчыца, прыціснуўшы мяне да сьцяны сваёю тоўстаю дупаю. Мыла яна маты і прыгаворвала: "Вось паскуды, пяску нанесьлі! Дзе яны тут пясок знайшлі?!" Міма яе велізарнага цела паціху пачалі прашчэмлівацца дзюдаісты, кіруючыся ў распранальню.

Падышоў настаўнік, і мама, узяўшы мяне за руку, прамовіла:

– Добры дзень, Ігар Юліянавіч, я вам тэлефанавала наконт майго сына, ці ёсьць у вас магчымасьць і вольнае месца для яго? – і мама павярнула галаву ў мой бок, прамовіла. – Павітайся ж з настаўнікам!

– Добры дзень, Ігар Ю-ю-вю-ве-ва-валяр… – крыху зьбянтэжыўся я, – мяне клічуць Гераня.

– Добры-добры, але, прабачце, я яго не вазьму. Колькі ж яму год? – адвёў ад мяне вочы настаўнік.

– Цяпер чатыры, але хутка будзе з паловай.

– Я ж вам яшчэ па тэлефоне сказаў, што ён замалы, я бяру дзяцей з шасьці-васьмі год.

– Але, шаноўны майстар-настаўнік, у вас тут усходнія адзінаборствы, і вы мне кажаце пра ўзрост? Хіба філязофія барацьбы ня кажа пра тое, што дзюдо мусяць займацца з нараджэньня?

З мамай цяжка было спрачацца, асабліва калі яе зацікаўленасьць у нечым была надта высокай. У выніку мяне запісалі на трэніроўкі, а празь некалькі тыдняў бацькі недзе дасталі сапраўднае кімано з выяваю Бруса Лі на сьпіне, які нагою бʼе ў падбародзьдзе жудаснага тыгра. Я быў у захапленьні й нават не пытаўся, адкуль кімано, адкуль гэтая раскоша, калі ў нас часта не было нават гарбаты і тата раніцою вымушаны быў піць разбаўленае кіпнем сочыва, а на працу браць кавалак хлеба, сала й цыбулю. Адкуль кімано? Адтуль, адкуль усё астатняе, што ў мяне выпадкова зьяўлялася. А мама і тата працягвалі піць кіпень з сочывам і насіць даўно вынашаныя паліто ды касьцюмы. Адну сваю спадніцу мама насіла амаль пятнаццаць гадоў, але я ніколі ня чуў ад яе папрокаў, яна заўсёды пасьміхалася з гэтага.

У першы дзень, калі я ступіў босымі нагамі на маты, я падхапіў даволі непрыемны грыбок, але потым ён альбо кудысьці зьнік, альбо я да яго абвык, ня ведаю.

Першыя заняткі былі пакутлівымі, бо, акрамя таго што мы доўга-доўга сядзелі на каленях, больш нічога не адбывалася. Настаўнік хадзіў вакол нас альбо сядзеў, як і мы, з заплюшчанымі вачыма і распавядаў пра тое, як варта, паводле філязофіі барацьбы, трымаць у сваім целе моц і энэргію за кошт мэдытацыі й маўчаньня, за кошт уменьня канцэнтраваць і назапашваць энэргію сусьвету ў добрых мэтах празь веру ў сябе, а не празь фізычную моц, і нават калі мы ўступаем у бойку, галоўнае, што ня мы бʼемся, а спрабуем энэргію й злосьць суперніка скіраваць супраць яго самога. Часта ў такія гадзіны, слухаючы манатонны голас, я засынаў, куляўся на маты й спаў, і настаўнік мяне не чапаў, а ціхенька накрываў яшчэ адным кімано, каб я не прастудзіўся й не захварэў.

Ігар Юліянавіч быў маленькі й хударлявы чалавек, без валасоў на галаве, бяз броваў і вейкаў, ён відавочна не галіўся, бо не было што галіць. Таксама я заўважыў, калі мы ўсёй групай траплялі ў душавую, што і на ягоным целе таксама нідзе не было расьліннасьці. Але настаўнік Ігар Валярʼянавіч (дарэчы, яго нават дарослыя спартсмэны толькі так і называлі, бо хуткім прамаўленьнем літары "юлі" зьмяняліся на "вал"…), трэнэр, меў апошні дан па дзюдо, і гэта было неверагодна.

Аднойчы мы, седзячы на каленях, слухалі з заплюшчанымі вачыма легенду пра тое, як надышла зіма і ўвесь лес накрыўся тоўстым пластам сьнегу, і хвоя зь елкаю спрабавалі вызваліцца з-пад гэтага цяжару, але елка казала, што яна спакайнютка вытрымае гэты сьнег і дачакаецца, калі ён сам зваліцца, а хвоя нахілялася з шапкаю сьнегу долу, нахілялася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль ня скінула сьнег і не вярнулася ў свой звыклы стан, а елка, так і не датрываўшы, зламалася амаль ля каранёў і высахла. Дык вось, у дзюдо вы мусіце быць падобнымі да хвоі, якая замест трываньня разважала шырэй і шукала больш зручнага выйсьця з сытуацыі. Я не дачакаўся, калі трэнэр скончыць, і ціхенька пачаў пасопваць.

І тут упершыню мяне ніхто не накрыў зьверху кімано. Я прабудзіўся ад таго, што Ігар Валярʼянавіч прымусіў усіх устаць з каленяў і пачаць актыўныя трэніроўкі, шматмесячная перадпадрыхтоўка была скончана, мы мусілі пачынаць станавіцца сапраўднымі дзюдаістамі.

Трэніроўкі былі варʼяцкія. Мы клаліся на сьпіны, і трэнэр бегаў па нашых жыватах, і праз колькі дзён я адчуў, як маё невялікае дзіцячае пузіка налілося сьвінцовым прэсам. На шпагат мы таксама станавіліся дзіўна: настаўнік падкрадаўся да цябе ззаду ў час тваіх намаганьняў сесьці, браў цябе за плечы і з усёй моцы націскаў уніз, пакуль ты цалкам ня сядзеш долу, што было страшэнна балюча. Але самым пакутлівым быў футбол на каленях, калі мы, патрэніраваўшыся, мелі колькі вольнага часу. Мы часта да крыві зьдзіралі скуру аб маты, але ніхто ня скардзіўся, бо футбол – гэта яшчэ й весела, і я заўсёды з захапленьнем бег да брамаў, калі атрымліваў мяч, але забіваў чамусьці заўсёды сваёй камандзе, і мяне за гэта часта білі, а настаўнік матляў галавою й сыходзіў. Ну адкуль я мог ведаць, дзе чые брамы, усе аднолькава белыя ў кімано, і таму футбольны час бавіў часьцей ля вакна альбо ў распранальні, зьбіраючыся дахаты. У мяне яўна нічога не атрымлівалася з барацьбою.

Аднойчы празь некалькі гадоў маіх маўклівых і сумных змаганьняў зь дзюдо, я стаяў у пары са старэйшым за мяне хлопцам (мы вывучалі ўнутраную падсечку) і замест таго, каб падсекчы ягоную нагу, я акурат пяткаю патрапіў яму ў прамежнасьць. Божачкі, як ён крычаў, як ён пакутаваў, бо падсечку я рабіў зь вялікім стараньнем і моцаю – я ўжо быў дзюдаістам са стажам. Хлопца забрала хуткая. Мама потым увесь вечар маўчала. Калі б я гэтага хлопца дзе-небудзь пабачыў, дык абавязкова прабачыўся б, спадзяюся, што ён жывы-здаровы і ў яго шмат прыгожых дзетак.

Пакрысе я пачаў адчуваць увесь сэнс гэтай барацьбы, я пачаў разумець філязофію дзюдо, нават перамог у некалькіх чэмпіянатах і атрымаў жоўты пояс, і калі надышоў час змаганьня за памяранцавы, а потым, калі атрымаецца, за зялёны, мяне проста ня выклікалі на татамі, бо мне было ўжо дзесяць год і я нечакана пачаў таўсьцець. Для таго, каб прымаць удзел у чэмпіянаце, спачатку трэба ўзважыцца ў адных майтках. Дык як я мог, амаль голы і такі тоўсты, пайсьці на вагі? Каб усе пабачылі мяне й пачулі маю сапраўдную вагу? Такім чынам я прапусьціў свой зорны час.

І толькі амаль праз год у мяне была другая спроба на зялёны пояс. І вось першы двубой. Я стаю на татамі й чакаю, калі выйдзе супернік, а яго няма, і я аўтаматычна перамагаю ў першым раўндзе. І тут даведваюся, што мой супернік, калі разьмінаўся перад чэмпіянатам, зламаў пазногаць. Адразу ўзгадваю, што на разьмінку абраў сабе ў партнэры нейкага выпадковага хлопца, які, калі спрабаваў трэніраваць на мне кідок церазь бядро, зламаў аб маё кімано пазногаць.

Другі двубой я выйграў, зрабіўшы складаны прыём – «млын». Я атрымаў зялёны пояс, і там, на гарызонце, узьніклі сіні, карычневы, чорны. І хто яго ведае, моʼ там, за чорным поясам, мяне ўжо чакалі даны? Але празь некалькі тыдняў я атрымаў ускладненьне на галаву пасьля грыпу і патрапіў у дзіцячую псыханэўралёгію.

На крок назад, на дзень наперад (зборнік)

Подняться наверх