Читать книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа - Страница 6

Генэрацыя фанцікаў і фішак
Гурткі
5

Оглавление

Клярнэт – гэта катастрофа, гэта штодзённае забойства часу. Гэтая эбанітавая трубка, зусім непрыгожая й непрыкметная, выклікае тужлівы настрой, як толькі яе ўбачыш! І яшчэ выгляд майго клярнэта сапсаваны шасьцю вялікімі лічбамі на баку, намаляванымі фарбай для падлогі. Такімі лічбамі пазначаюць школьную ўласнасьць, гэта значыць, што клярнэт належыць ня мне.

Праз два тыдні – вакацыі ў абедзьвюх школах, і ў музычнай, і ў агульнаадукацыйнай. Трэба здаць іспыты па сальфэджыа і па клярнэце – і я вольны. А да верасьня яшчэ тры месяцы…

У верасьні – чацьвёртая кляса ў школе й другая ў «музыкалцы». Не люблю я настаўніка па музыцы, ён надта малады, і ў яго вялізная ніжняя губа брыдкага ружовага колеру, гэта ад таго, што ён штодзень трымае ў роце муштук клярнэта, і гэтая губа такая непрывабная, што я нават бачу яе ў жахлівых снах. Настаўнік па клярнэце зусім пануры…

І такое даводзіцца трываць тройчы на тыдзень!

Мне завуч сказала, што ў верасьні будзе новы настаўнік. А мне ўсё роўна. Новы, стары – аднолькава ня хочацца вучыцца граць на клярнэце.

Але не пасьпеў я нацешыцца адпачынкам улетку, як прыйшоў верасень, і я зноў стаяў з клярнэтам у руках і знаёміўся з новым настаўнікам, Акапджанянам Лявонам Рубэнавічам. Ён зь першых хвілін моцна ўразіў мяне: вялікі, сівы, пузаты, з чорнымі вачамі й шэрымі вачніцамі, ягоная ніжняя губа была цёмна-сіняга колеру, а верхнія разцы былі зусім сьцёртыя муштуком. Ён быў вельмі імпульсіўным мужчынам з бліскучай плешынай і нястрыжанымі на скронях і патыліцы валасамі. Лявон Рубэнавіч прадстаўляў сапраўдны армянскі тып мужчыны сталага веку. Я амаль адразу адчуў ягоны прафэсіяналізм, ягоную моц й энэргію.

І калі мінуў толькі першы месяц вучобы, я значна прасунуўся ў музычнай тэхніцы і быў вельмі шчасьлівы з гэтае нагоды. Я ўпершыню разумеў клярнэт, музыку, я пачынаў гэта любіць, нягледзячы на тое, што музычная школа палохала сваімі старымі й шэрымі клясамі, у якіх па ўсіх кутках чуліся дзіўныя шоргаты й іншыя гукі, ад чаго бегалі мурашкі па сьпіне. Час ад часу я нават бачыў пацукоў ці мышэй, ня ведаю: кожны раз было цяжка вызначыць праз эканомна-змрочныя саракаваткі, самотна разьмешчаныя на кожных дзесяці мэтрах доўгіх калідораў. Я бачыў іх толькі мімаходзь…

Год вучобы праляцеў непрыкметна, у актыўных трэніроўках па некалькі гадзінаў на дзень. Гэты пажылы армянін абудзіў ува мне жаданьне пісаць музыку. Я з задавальненьнем слухаў яго пахвальбу на мой адрас, у яго былі пляны наконт мяне. Ён разгледзеў ува мне талент. Дома я ствараў маленькія пʼескі й потым запісваў іх на касэту.

Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея…

У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:

– Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай! – яго голас гучаў спакойна. – Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай! – голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць пʼесу Шумана "Мроі".

І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці…

– О-о-о! Так! Гэта зусім іншая справа, гэта вельмі добра, хлопчык мой, гэта шык, кляс! Паміж небам і зямлёю! – настаўнік ад задавальненьня мружыў вочы й падскокваў у такт на крэсьле ад захапленьня.

І тут нечакана пачуўся стук у дзьверы. Настаўнік спытаў хто і запрасіў заходзіць. На парозе стаяла сьціплая жанчына зь дзіцем. Яна прыйшла пабыць на ўроку й паказаць сыну, каб зацікавіць яго музыкай.

– Мадам, паглядзіце на гэтага вучня, – зьвярнуўся да яе Лявон Рубэнавіч й паказаў пальцам у мой бок – дыямант! Плача, але грае! Талент!

У хлопчыка і ў ягонай маці вочы сталі квадратныя ад аднаго майго выгляду ў сьлязах. Яны самі прынялі неверагодна жаласны выгляд і быццам уціснуліся ў дзьверы, намагаючыся выйсьці.

Пазьней, у наступным навучальным годзе, я гэтага хлопчыка бачыў каля кабінэту цымбал. Мяне расьсьмяшыла, што ён абраў цымбалы. І я падумаў, які ж ён дурны – губляць настаўніка, які быў сябрам Шастаковіча й Хачатурана.

– Мне Шастаковіч прысьвяціў музычнае сачыненьне з партыяй клярнэта, я першы гэта сыграў! Там так й напісана: "Лявону, які першым сыграў! " У мяне гэты рукапіс дома ляжыць! – і вочы яго вільгатнелі. – А цяпер, цяпер я ў задрыпанай музычнай школе нумар 1897665789, і гэта справядліва?! – «задрыпаны» было ягонае ўлюбёнае слова, настаўнік з кожным днём станавіўся ўсё больш мітычным й загадкавым.

– Не, несправядліва, – адказваў я.

– Але галоўнае, што ёсьць ты, будучы вялікі музыка! Ты будзеш вучыцца ў кансэрваторыі!

Часта ён зьнянацку пачынаў распавядаць, як абедаў з Хачатуранам, і, гледзячы яму ў вочы, я бачыў свайго настаўніка маладым, гарачым душою чалавекам, які быў шалёна ўлюбёны ў музыку…

Лявон Рубэнавіч трапіў у Беларусь у савецкія часы, тады ён быў на вышыні папулярнасьці, граў на самых вядомых сцэнах сьвету ў ГДР, Парыжы, Армэніі, СССР, яго запрасілі ў аркестар БССР, ён пагадзіўся, потым краіна распалася, і на яго ўсе забыліся, кожны стаў яму ворагам, беларускія "музыкі" й дырыжоры ня бралі яго нікуды, не выпісвалі "заслужанага дзеяча", каб ён атрымліваў нармалёвую пэнсію, бо аднойчы ён меў нахабства параіць савецкаму беларускаму дырыжору, як трэба дырыжыраваць, а потым яшчэ дадаў, што любы аркестар абыдзецца без дырыжора, але без таленавітага музыкі – ні ў якім выпадку… Савецкі дырыжор потым заняў высокую пасаду пры ўладзе й закруціў усе шрубы вакол Акапджаняна, і той захрас напаўбедны на беларускай зямлі… Лепей, як ён часта казаў, каб ён у савецкія часы зьбег у аркестар ФРГ, які яго не аднойчы запрашаў да сябе…

Я адвучыўся неабходныя пяць гадоў на клярнэце і мусіў чакаць два гады да кансэрваторыі. Лявон Рубэнавіч дамовіўся, каб мая вучоба доўжылася сем год замест пяці, бо хацеў падрыхтаваць мяне да паступленьня. Я прымаў удзел у конкурсе "Юныя дараваньні", мне далі нават дыплём, што я менавіта такі – "Юнае дараваньне". Але я, адвучыўшыся шосты год, прыйшоў да яго ў верасьні, калі быў ужо ў дзявятай клясе агульнаадукацыйнай школы, і заявіў, што не хачу далей вучыцца, сыходжу.

Трэба сказаць, што я тады ўжо цікавіўся мэдыцынай, нягледзячы на тое, што выдатна граў і хутка засвоіў храматычную гаму – прэлюдыю да засваеньня сачыненьня "Палёт чмяля" Рымскага-Корсакава. Маё рашэньне было не ад расчараваньня ў музыцы, проста я не хацеў быць бедным музыкам, пры тым што я вельмі паважаў Настаўніка.

Лявон Рубэнавіч пашарэў й на маіх вачах паменшыўся ў памерах, стаў невыносна жаласьлівы. І толькі праз год я зразумеў, што быў яго адзінай надзеяй у жыцьці. Бо ягоныя ўнук і сын жылі ў Гішпаніі, пакінуўшы яго тут, з голай сракай і старэючай жонкай. Яму было восемдзесят, дзевяноста, сто год – ня ведаю.

– Я для цябе, хлопчык мой, месца ў кансэрваторыі знайшоў, без іспытаў цябе бяруць, бо ты мой юны талент… – ня скончыўшы фразу, Настаўнік павярнуўся да акна, усім сваім выглядам даўшы зразумець, што ён не жадае далей размаўляць. Так я й сышоў ад яго, не пачуўшы канца фразы, не распавёўшы яму пра свае мэты й не прабачыўшыся.

Калі мне было ўжо дзевятнаццаць і я вучыўся ва ўнівэрсытэце, я сустрэўся зь ім на вуліцы. Я быў зьдзіўлены, як хутка, усяго за тры гады, ён пастарэў: і сьледу не засталося ад ранейшага імпульсіўнага армяніна. Мне стала вядома, што ў яго памерла жонка, а дзеці год як не тэлефанавалі й не наведвалі. Я паабяцаў, што ў суботу ўвечары зайду ў музычную школу, пагутарыць і выпіць гарбаты, няхай чакае.

Але я не зайшоў, я забыўся. Мне сорамна, але я забыўся пра яго, будучы тым вечарам у гасьцях у сябровак, дзе было шмат каньяку й сэксу. Я зусім ня думаў пра яго.

Потым, празь некалькі месяцаў, я ўбачыў яго яшчэ раз. Убачыў са сьпіны, ён ішоў па вуліцы, зьлёгку кульгаючы, але, як заўжды, выразна й прама, як быццам у той момант ён музыцыраваў. У мяне не хапіла духу падысьці да яго, я ня ведаў, што яму сказаць. Так я яго і захаваў у сваім сэрцы – экспрэсіўнага армяніна, генія й сябра, яму тады было… шмат яму было, восемдзесят, дзевяноста, сто, а можа і некалькі соцень год.

На крок назад, на дзень наперад (зборнік)

Подняться наверх