Читать книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа - Страница 8

Генэрацыя фанцікаў і фішак
Клясы

Оглавление

Вярнуўшыся ў клясны пакой, Карл Іванавіч загадаў мне ўстаць і падрыхтаваць сшытак для дыктанту. Калі ўсё было гатова, ён паважна апусьціўся ў свой фатэль і голасам, які, здавалася, выходзіў зь нейкай глыбіні, пачаў дыктаваць наступнае: "Von al-len Lei-den-schaf-ten die grau-sam-ste ist… ha ben sie geschrieben?"[1]

"Дзяцінства", Леў Талстой

Я быў сэнтымэнтальным дзіцёнкам, плакаў на сярэдзіне "Дзюймовачкі", мама гэтую кнігу так да канца мне не дачытала, бо як толькі яна даходзіла да месца з жабамі й прывабнай маленькай дзяўчынкай ― гамон, сьлёзы так і ліліся. Але цяпер пакутаў і трагедый у мяне пабольшала: я пачаў плакаць па нулявой клясе, якая ўжо ў мінулым, а таксама аплакваць сваё сталеньне; першая кляса – гэта ня жарты.

Звычайна ўсе дзеці йшлі ў школу, калі ім спаўнялася шэсьць год. Мяне таксама ўзялі вучыцца ў гэтым узросьце, але ў мяне была адна, так бы мовіць, хіба… Я прыйшоў да дырэктара з падстрыжаным да каранёў чубам й нагадваў закатаванага дзіцёнка. Дырэктар паглядзеў на мяне, сумна так, скрушна… Мама не разгубілася: "Ой, прабачце, гэта мой Геранька ўчора на галаву сабе плястылін наляпіў і, пакуль я ня бачыла, паадразаў яго нажніцамі разам з валасамі. Я яму, боўдзілу, кажу, трэ' было ў ванну пад гарачую ваду, усё б і размокла!"… Мне прапанавалі палічыць да ста. Я далічыў да сарака. Дырэктар уздыхнуў, і мне было наканавана пайсьці ў першую клясу ў наступным годзе. Так я трапіў у нулявую клясу… Гэта свайго кшталту дзіцячы садок, са сваёю «прадлёнкаю», запяканкай і "ціхім часам". Адзнакі нам давалі вялікія, кардонныя й каляровыя: палічыў да пяцідзесяці ― атрымай кардонную «5», чырвоную, пругкую, жаданую…

Мераю розуму на той час былі загадкі, іх загадваньне і разгадваньне культывавалася яшчэ да школы. З загадкамі ў мяне звычайна было ня надта, мне часта падказвалі… Чарговы раз я ня мог адгадаць "васілёк", пачуў збоку шэпт, выгукнуў правільны адказ. Настаўніца-выхавацелька ашалела ажно! Гераня даў правільны адказ!.. Дастала вялікую чырвоную кардонку ў форме "пяцёркі"… першую ў маім жыцьці!.. нясе мне… я цягну да яе рукі… а тут раптам настаўніца пытаецца: "Геранька, а ты сам адказаў альбо хтосьці падказаў?"… у мяне сэрца спынілася, вочы бегаюць, думаю, што адказаць… кажу: "Падказалі!" Настаўніца вярнулася да стала й схавала кардонку ў тэчку… І толькі ў наступным годзе ў сапраўднай першай клясе я атрымаў сваю пяцёрку, але што гэта было – намаляваная ў дзёньніку лічба, якая ніколі не параўнаецца з той, амаль мітычнай, жаданай, кардоннай, чырвонай.

1-га верасьня. Стаю я ў сінім гарнітуры, трымаю ў руцэ чырвоныя гвазьдзікі (ненавіджу гвазьдзікі – кветка савецкага застою), школа беларускамоўная, старшаклясьнікі падыходзяць да нас, падшыванцаў, дораць кнігі, ціснуць рукі, віншуюць з пачаткам, а мы ў адказ дорым ім гвазьдзікі… І мне, вядома, пашчасьціла, мне падарылі кнігу Мікалая Чаргінца "Приказ № 1"… Я гляджу – на вокладцы ваенныя, партызаны, дадому яе прынёс, на форзацы яшчэ было напісана нейкім адзінаццаціклясьнікам пошлае рымаванае чатырохрадкоўе пра тое, што вучоба робіць з нас людзей, дата й подпіс… Калі я быў ужо ў дзявятай клясе, гэтая кніга пайшла ў сьметнік, дакладней – у агонь разам з астатняй макулятурай… Мой бацька тады знайшоў усе лісты да маці, што напісаў за тры гады вайсковай службы ў Разані, дадаў да іх колькі кепскіх кніг і вырашыў "пачысьціць" кладоўку… Полымя забаўляла ўвесь двор ажно да позьняй ночы… Спалілі кіляграмы непатрэбшчыны ў закінутай пясочніцы.

Зь першага верасьня пачаліся мае пакутлівыя вечары, калі я сядзеў за пісьмовым сталом і спрабаваў пісаць пропісі: вузельчыкі, кручочкі, шляпкі грыбкоў… Перада мною стаяў стары касэтны магнітафон з адламанай кнопкай перамоткі наперад, на талерцы – у найлепшым выпадку халва, альбо печыва, альбо кавалачак белага хлеба з варэньнем, малако, зэдлік пада мною, скрыпучы, з адной разбаўтанай ножкаю. Звычайна я нагою боўтаў і час ад часу трапляў па адным з тамоў Карла Маркса "Капітал", якія выконвалі ролю апоры для аднаго боку стала, бо той быў стары й кожную хвіліну пагражаў разваліцца. Пісаць вельмі не хацелася, і я часта аддаляўся ў свае мары й думкі, утаропіўшыся ў жоўтае сьвятло лямпачкі таршэра, аздобленага парваным абажурам. Мама сядзела на сваім ложку сьпінаю да сьцяны, на якой вісеў чырвоны дыван; яна альбо вязала, альбо чытала, тата спаў альбо чытаў газэту, лежачы побач з мамаю. Зь левага боку ад мяне стаяў наш з братам двухпавярховы ложак, унізе спаў брат, а я сядзеў гадзінамі і ўсё ніяк ня мог скончыць са сваімі пропісямі.

Першая суседка па парце, якая кожны дзень паказвала мне, як рыбка заплывае ў пячорку (указальным пальцам тыкала ў кулак, пахабна так, з намёкам)… Я чырванеў, але ня надта каб саромеўся… Звалі яе Наста, а прозьвішча ў яе было дзіўнае – Маргалік, калі чытаць яго з канца, атрымлівалася "кілаграм". Яна й выглядала на кіляграм, худзенькая, сьветлавалосая… Мне зь ёю падабалася сядзець, нават была нейкая дзіцячая сымпатыя да яе, нягледзячы на тое, што я ўжо быў закаханы ў Вольгу Белую, страйнюткую высокую дзяўчынку з блакітнымі вачыма…

Першы квадратны заплечнік са штучнай скуры, які моцна ціснуў на плечы скрозь чорнае футра, дакладней, чорны кажух, якога я жах як саромеўся… Кажух калоўся й не даваў волі рухам, быў стары й падраны, месцамі перашыты й паедзены мольлю.

Першы сіні гарнітур і калготы, якія бацькі прымушалі апранаць узімку… Пакуты працягваліся на фізкультуры ў распранальні: здымаеш сінія штаны, а там – калготы… Рогат мусіў стаяць па ўсім пакоі, але… усе здымалі штаны й стаялі ў калготах – з каго тут сьмяяцца.

Я ненавідзеў фізкультуру за тое, што мы гулялі ў "Фігура замры", гаўняную гульню, якая пачыналася са словаў: "Море волнуется раз, море волнуется два, море волнуется три, морская фигура замри". Я, ляць яго, ніколі не пасьпяваў «застыць», як належыць, і кожны раз прайграваў у самым пачатку… Лепей бы ўжо давалі гуляць у футбол альбо баскетбол… Трэ' адзначыць, што ў "Фігура замры" кожны раз перамагала Вольга, і гэта мяне яшчэ больш злавала.

Таксама я, як і большасьць дзяцей, марыў быць акторам, здымацца ў кіно, граць у тэатры… Таму, калі на калядным ранішніку адзін з удзельнікаў прадстаўленьня для бацькоў захварэў, я, нават не разважаючы, пагадзіўся заняць яго месца, ня ведаючы да апошняга, што трэба будзе рабіць… Так я апынуўся сракаю каня… Разьвітальная песьня "Дадому, дахаты" мусіла выконвацца пад выдатны танец каня, які складаўся з двух дзяцей, накрытых карычневым пледам, мой аднаклясьнік быў перадам, трымаў галаву каня на палцы й вырабляў штукі пярэднімі "капытамі", я, у сваю чаргу, трымаючыся за талію хлопца, упёршыся галавою яму ў азадак і сагнуўшыся долу, ледзь пасьпяваў перасоўваць ногі… На наступны дзень я адмовіўся быць акторам і па традыцыі, заведзенай з часоў Гагарына, пачаў марыць пра касманаўтыку, якая, я быў упэўнены, ніколі б не прымусіла мяне быць сракаю каня.

У другой клясе мы ўсе ўжо вызначыліся зь сябрамі, я зблізіўся з Вовам, Ільлём, Сашам і Косьцем. Мы ўтварылі нешта накшталт маленькай банды, старэйшыя нас не чапалі, а я пасьпяваў ганяць кепскага аднаклясьніка Рыгора.

У нашым асяродзьдзі нават зьявілася першая багатая дзяўчынка, яна распавядала, як езьдзіла ў Баўгарыю. Гэта для нас было такім далёкім і неверагодным… такім жаданым і незразумелым… ажно захоплівала дыханьне. Баўгарыя на той "фанцікаўскі" час была Мэккаю для заможных беларусаў… Ганна сябравала са мною, бо я ганяў Рыгора, які зьдзекаваўся зь яе, маляваў карыкатуры, падкрэсьліваючы ейную паўнату… Ганна мне шмат чаго распавядала й давала гуляць пасьля ўрокаў зь "вясёлкай"…

Спружынка «вясёлка», альбо "сьлінка" (ад ангельскага Slinky), была маім першым вялікім захапленьнем, вядома, пасьля электроннай гульні "Ну, погоди", дзе воўк зьбірае яйкі, а заяц яму перашкаджае… Гэтыя спружынкі, мэталічныя й непафарбаваныя, зьявіліся ў Амэрыцы яшчэ ў саракавых гадах і выкарыстоўваліся як псыхатэрапэўтычны сродак, у дзевяностых ужо кітайцы пачалі выпускаць "сьлінкі", каляровыя й плястыкавыя, розных формаў і памераў. Мы любілі клясыку – круглую форму, бо яна так ладна магла хадзіць па прыступках… На доўгіх перапынках мы толькі й назіралі, як Ганна спускала зь лесьвіцы замежную "сьлінку", а потым гэта рабіў я, няўклюдна, але ж.

Праз колькі месяцаў "вясёлкі" ўжо прадавалі паўсюль: у крамах, шапіках, разам з плястыкавым штучным гаўном, зь вішнёвымі й чакаляднымі цыгарэтамі Кэптан Блэк, доўгімі цыгарэтамі Мор, але гэтыя забаўкі, як і "чарніла", прыйшлі да нас у шостай клясе. А так – была другая кляса, прамакаткі зьніклі разам з атрамантавымі пёрамі, толькі настаўніцы яшчэ выводзілі адзнакі ў журнале, падкладаючы пад руку прамакатку, якая цяпер хутчэй нагадала б аркушык туалетнай паперы…

У трэцяй клясе я пачаў спаўзаць на тройкі, мяне не цікавіла вучоба, я рос і паступова ператвараўся ў боўдзілу… Я пасьпеў зламаць аб парту пярэдні зуб, ён так і застаўся тырчэць у дрэве… Цяпер, калі ўсьміхаўся, я нагадваў нейкага сьветлага бяззубага цыганёнка-байструка. Але паламаны зуб дазволіў мне аглушальна сьвістаць. Пазьней неяк на перапынку я бегаў па вуліцы за дзяўчатамі й расьсёк калена – пяць швоў. Я пачаў кульгаць і сьвістаць. Маю беларускамоўную клясу расфарміроўвалі, набліжаўся грэбаны «новы» час для краіны… Я мусіў зь верасьня вучыцца ў іншай школе, якая месьцілася непадалёк ад майго дому. Чаму я адразу туды не пайшоў?.. Па-першае, менавіта ў той школе я ўпершыню стаяў перад дырэктарам з падстрыжанымі пасьля плястыліну валасамі й спрабаваў палічыць да ста… й па-другое, мы імкнуліся вучыцца па-беларуску… і новыя пакуты, самыя значныя для мяне, – гэта магічным чынам хутка перайсьці зь беларускай тэрміналёгіі на расейскую, але як у матэматыцы для мяне былі свае назвы, так яны і засталіся па сёньняшні дзень. А пра гісторыю Беларусі я проста прамаўчу.

Трэцяя кляса асабліва адзначылася асэнсаваным праглядам фільма «Экзарцыст»… У дзяцінстве мне надарылася пабачыць колькі кадраў з гэтага эпахальнага кіно: калі я выпадкова прачнуўся ноччу, бацькі якраз глядзелі той эпізод, калі ў дзяўчынкі-сатаны пачала круціцца вакол восі галава… Я ледзь не набрудзіў у ложак! Асэнсаваны прагляд у трэцяй клясе зьдзейсьніўся такім чынам: агульная заля, менская трохпакаёўка, бабуля жагнаецца, ускрыквае й заплюшчвае вочы, прыгаворваючы: "Божачкі, спасі, Божа, сахрані", бацька нэрвуецца й выганяе яе з пакоя, каб не перашкаджала глядзець, маці прыкрыквае на бацьку, каб маўчаў… Я нібыта гуляюся ў калідоры й адмаўляюся йсьці спаць, а сам падглядаю… Што сказаць, гэта быў мой першы фільм жахаў, ад якога мяне й да гэтага часу кідае ў сутаргі. Потым адзін за адным зьявіліся іншыя жахі – другая частка "Паўсталых зь пекла" й першая частка "Жаху на вуліцы Вязаў"… З "Паўсталымі" ў мяне да гэтага часу свае рахункі, без алькаголю гэты фільм не ўспрымаецца як мае быць…

Потым надышло дзіўнае, чароўнае лета, калі я цэлы месяц правёў у Шатляндыі… Паездка была арганізаваная з дапамогай пратэстанцкай царквы, бацька мой тады нават быў ня проста шчырым вернікам, але й час ад часу прапаведаваў… маці прыгожа сьпявала гімны… У Шатляндыі я быў настолькі ўражаны іншым укладам жыцьця, што па вяртаньні праплакаў зь пераменным посьпехам зь месяц… А то ж… параўнаць было з чым – вялікія дамы, катэджы й культура, "Fish & Chips" на кожным рагу, Хайлэндз і Лоўлэндз, горы й узгоркі, Паўночны Ледавіты акіян, кілты ў кубікі, дуды й горцы, гучаньне іншай мовы, двухпавярховыя аўтобусы бяз дахаў, палацы, вежы, зайцы па пагорках скачуць… Дома ж карціна не абнадзейвала – крызіс, бедната, шэрыя блёчныя шматпавярховікі, Біл Клінтан прыязджаў на плошчу Перамогі… Мая сямʼя яшчэ год наведвала царкву, пакуль брат ня зьезьдзіў у Лёндан па той жа праграме – царкоўная дапамога дзецям, якія нарадзіліся пасьля Чарнобыльскай аварыі. А потым бацькі пасварыліся з галоўным пастарам, бо ён адмовіўся прывезьці зь Нямеччыны лекі для мяне. Бацька, які працаваў на заводзе, пачаў шмат піць… Грошай катастрафічна не хапала, маці пяцьсот разоў цыравала свае адзіныя калготы й перашывала спадніцу.

Новы верасень, новая школа, спэцкляса па ангельскай, кляса, разьдзеленая на групы, нас называюць элітай. Толькі пазьней я даведаюся, што гэта тычылася не мяне, а сына галоўнага судзьдзі Менску, унука будучага кандыдата ў прэзыдэнты. Файна я трапіў: усе аднаклясьнікі былі добра абароненыя бацькоўскімі грашыма й прафэсіямі – журналісты, дактары, бізнэсоўцы, банкіры, замежнікі, хімікі, фізыкі, настаўнікі.

На пачатку чацьвёртай клясы я ўдзельнічаў у алімпіядзе па матэматыцы, у пераможцы не прабіўся, але адзначыўся.

Каб клясны кіраўнік вылучыў на алімпіяду, трэба было гэта заслужыць…

Але напрыканцы пятай клясы мяне хацелі пакінуць на другі год праз тую ж матэматыку. Бацькі пазычылі шмат грошай, і я цэлы год наведваў заняткі ў рэпэтытара…

Як я быў здольны ўдзельнічаць у алімпіядах і амаль адначасова быць пад пагрозай застацца на другі год?! Яшчэ зусім нядаўна бацькам прапаноўвалі, каб я пераскочыў з трэцяй клясы адразу ў пятую… а тут…

Але ўсе турботы зьнікалі, калі ў групах падчас урокаў ангельскай мовы мы вучылі вершыкі й песьні:

My heartʼs in the Highlands, my heart is not here;[2]

My heartʼs in the Highlands a-chasing the deer;

A-chasing the wild-deer, and following the roe,

My heartʼs in the Highlands wherever I go.

Farewell to the Highlands, farewell to the North,

The birth-place of Valour, the country of Worth;

Wherever I wander, wherever I rove,

The hills of the Highlands for ever I love.

My heartʼs in the Highlands, my heart is not here;

My heartʼs in the Highlands a-chasing the deer;

A-chasing the wild-deer, and following the roe,

My heartʼs in the Highlands wherever I go.

Farewell to the mountains high covered with snow;

Farewell to the straths and green valleys below;

Farewell to the forests and wild-hanging woods;

Farewell to the torrents and loud-pouring floods.

My heartʼs in the Highlands, my heart is not here;

My heartʼs in the Highlands a-chasing the deer;

A-chasing the wild-deer, and following the roe,

My heartʼs in the Highlands wherever I go.


Таксама моцна трымала песенька пра Боні:

My Bonnie lies over the ocean[3]

My Bonnie lies over the sea

My Bonnie lies over the ocean

Oh bring back my Bonnie to me

Refrain:

Bring back, bring back

Bring back my Bonnie to me, to me

Bring back, bring back

Bring back my Bonnie to me

Last night as I lay on my pillow

Last night as I lay on my bed

Last night as I lay on my pillow

I dreamt that my Bonnie was dead

Oh blow the winds oʼer the ocean

And blow the winds oʼer the sea

Oh blow the winds oʼer the ocean

And bring back my Bonnie to me

The winds have blown over the ocean

The winds have blown over the sea

The winds have blown over the ocean

And brought back my Bonnie to me


Так ужо стараліся, цягнулі гэтыя дыфтонгі, язык да нёба ліпнуў, сьпявалі, крыўляліся, нібы малпы, пазіраючы на настаўніцу ангельскай і кляснага кіраўніка ў адной асобе… Дзіўная жанчына, часта з-пад ейнай спадніцы была бачная "камбінашка", белая з вышытымі пастэльнымі ружамі.

Я хварэў на Брытанію, я марыў пра Англію… Бацькі звычайна казалі, што трэба вучыць мовы, гэта абавязкова спатрэбіцца.

Ізноў надышла зіма, я яе люта не любіў, бо насіў паедзены мольлю стары чорны кажух. Кожны раз, калі заканчваліся заняткі, я, замест таго каб ісьці гуляць у сьнежкі з усімі, намагаўся як мага хутчэй выскачыць са школы, пакуль мяне не заўважылі ў гэтай жудаснай вопратцы, і куляю бег дадому… Аднойчы аднаклясьнікі мяне нагналі, іх была амаль цэлая кляса… Я спалохаўся, што цяпер да канца жыцьця буду абсьмяяны за гэты кажух… але ніхто нічога не заўважыў! Я быў агаломшаны – ніхто нічога не заўважыў!!!…Мы амаль да цёмна гулялі ў сьнежкі, раўлі, дурэлі ўсе разам… і мяне нарэшце адпусьціла вусьціш, я зразумеў, што змагу вучыцца ў новай школе, у новай клясе, з новымі сябрамі.

А потым хутка скончылася пятая кляса, я пасьпяхова перавёўся ў шостую, навучыўся паліць, ледзь не памёр ад першай цыгарэты, а мае бацькі ў траўні атрымалі лецішча і пачалі на ім працаваць…

Першае лецішча было ў Ласях, што ў кірунку Маладэчна. 12 сотак, бацькам у той час было каля трыццаці год. Зямлі зашмат як на дваіх дарослых і двух малых, але што паробіш. Спачатку энтузіязму хапала на тое, каб падтрымліваць праполатымі й засаджанымі пяць сотак з пахілым парніком й разваленым летнім домікам. Бацька здолеў толькі выкапаць бульдозэрам вялікі катлаван – месца пад мур для трохпавярховага дому… Гэты катлаван, напэўна, і да гэтага часу залівае вадою, там гадуюцца жабы… Так бы мовіць, прыватная сажалка атрымалася.

Суседзі з бакоў, як і зьверху (а нашае лецішча нібыта спускалася з гары й было каля шашы), спрэс былі старэйшыя за ўсю нашую сямʼю, разам узятую, калі не ўдвая, то ў паўтара раза дакладна. Мелі яны шмат сыноў і дачок, унукаў і ўнучак, працавалі з імпэтам – будавалі харомы й палацы, садзілі блакітныя елкі й узводзілі альтанкі й парнікі… Мы на ўсё гэта пазіралі сарамліва й стараліся як мага лепей даглядаць сваю зямлю. Але адным пальцам вузла не завяжаш. Каб былі мы з братам дарослымі, мо' штосьці пайшло б па-іншаму… а так усё, што нам, малым, было наканавана, – зьбіраць кіслыя парэчкі й даглядаць сабаку, каб той ня рыў кратовыя норы пад кустамі й не псаваў грады.

Самыя няўдзячныя ягады – парэчкі: сядзіш пад кустом, брудны, стомлены, у галаву пячэ, зьбіраеш чырвоныя пацеры, а іх шмат, нават зашмат, і падʼесьці ня здольны – хто ж будзе есьці гэтыя кіслыя парэчкі… Адным словам, пакуты, а тады яшчэ ўсю зіму сочыва з гэтых ягад есьць – жах!

Потым лецішча пакрысе стала закінутым, парасло бярозамі й хрэнам, які разрастаўся, як пустазельле, разам з маліньнікам… Карацей, адабралі ў нас зямлю за недагляд, і мы апынуліся вольнымі ад гэтай маруднай апрацоўкі цаліны, узараная зямля якой пасьля кожнага дажджу сьцякала са схілаў да шашы.

Праз дванаццаць год у нас зьявілася новае лецішча, каля Сяргееўскага вадасховішча, разьмешчанае крыху бліжэй да Менску, у два разы меншае па плошчы – шэсьць сотак з утульным летнім домікам. Вакол – лес, вада, рыба, грыбы, дзікія жывёлы й мы… але ўжо дарослыя й здольныя працаваць. Бацькі адразу накінуліся на зьбіраньне грыбоў і ягад…

Чалавек у крыві, у генах мае жарсьць да зьбіральніцтва. Як там было ў старажытнасьці, чым займаліся?.. Так, зьбіральніцтва, рыбалоўства, паляваньне… Але я не трываю такіх справаў. Мне нецікава й самотна швэндацца па лесе, шукаючы ягады й грыбы, я дзіця ўрбанізацыі. Бацькі любілі прывозіць дадому шмат назьбіраных масьлятаў, груздоў, сыраежак і лісічак, навозілі ягад… Усё гэта перабіралася, варылася, закатвалася.

Сёмая кляса… Мы зноў ішлі ў школу, а разам з намі йшоў дождж, быў кастрычнік. Восень, забруджаная апалым лісьцем на волкай скуры зямлі, чорнымі плямамі глядзела нам у вочы, мы былі стомленыя, нявыспаныя, незадаволеныя, разьюшаныя, змушаныя па адной і той жа сьцяжынцы крочыць да сьвятла розуму, да "новых ведаў", якія збольшага складаліся зь непатрэбных рэчаў – іх вызначылі нейкія тоўстыя мужчыны ў працёртых гарнітурах, недзе там, на далёкіх дзяржаўных сходах.

Восеньню мне зноў было не да вучобы: гульні ў бутэлечку на пацалункі, цыгарэты й віно адцягвалі амаль усю ўвагу, але больш за ўсё часу я пачаў выдаткоўваць на гульні ў першую ў сваім жыцьці прыстаўку, якую дзядзька неяк прыцягнуў дадому й уключыў у наш тэлевізар "Віцязь". Тэлевізар паказваў гульні толькі ў чорна-белым зь зялёным адценьнем фармаце… Дзядзька Сяргей старэйшы за мяне толькі на шэсьць год, таму мы адзін аднаго вельмі добра разумелі, суткамі рэзаліся ў гонкі й стратэгіі… Маці сварылася й ганяла нас, але якое там… Кока-кола й чыпсы, сьнікерс і картрыдж з новай гульнёй – і ўсё, гамон прыватнаму жыцьцю: вочы чырвоныя, апухлыя, трыццаць дзьве гадзіны. Гэта ня жарт. Затое новы ўзровень пройдзены, коды запісаныя, ёсьць магчымасьць прыснуць на якую гадзінку, а потым ізноў у бойку…

Яшчэ адна рэч, якая захапіла ў палон так, што я ажно трымцеў, ― першы сапраўдны горны ровар. Мой дзядзька аднойчы прывёз яго дадому, і я карыстаўся ім зь месяц, а потым дзядзькавы сябры адвезьлі яго на барахолку ў Ждановічах, дзе я таксама выпадкова апынуўся з маці… Убачыўшы ровар, я закрычаў: "Мама, наш ровар!" Трэба было бачыць твары дзядзькавых сяброў: яны зьбялелі й гатовыя былі зьбегчы. Маці адвяла мяне ўбок і гучна засьмяялася… Толькі потым я ўцяміў, чым так напалохаў прадаўцоў.

Сёмая кляса адрозьнівалася ад усіх астатніх тым, што ўсе хлопцы за лета падрасьлі ды цяпер далёка не абыякава заглядаліся на фігуры аднаклясьніц і заляцаліся… Гэта нагадвала заапарк – ва ўсіх ламаўся голас, таму былі чутныя то піскі, то грубы гоман, усе стараліся ўшчыкнуць, памацаць, на скрайні выпадак штурхнуць дзяўчынку, дакрануцца да ейных грудзей. Уся кляса ператварылася ў выбуховую прыладу гармонаў і прышчэй; усе мы палілі, цалаваліся, а некаторыя ўжо спрабавалі кахацца; усе мы ў сваіх прыбіральнях і ванных пакоях мастурбавалі па пяць разоў на дзень, усе начамі марылі пра сваіх суседак па парце… Было вельмі цяжка канцэнтравацца на ўроках, асабліва калі выкладалі настаўніцы маладыя, прыгожыя й бяз станікаў пад тонкімі гольфамі. Мы з маім сябрам і суседам па парце Андрэем проста паміралі, у нас ужо ня толькі "пашпарты абрасталі", але зьяўлялася валосьсе на падбародзьдзі, і мы ад гранджу й рускага року ўсё больш схіляліся ў бок цяжкога мэталу…

У восьмай клясе мы набылі рысы складаных падлеткаў, даводзілі настаўнікаў да прыступаў: адна настаўніца так крычала на нас, махала рукамі, што скінула вазу з кветкамі й заліла ўвесь журнал. Яна крычала, піла карвалол з валідолам, нэрвавалася, а потым ад нас адмовілася. Чаму? Напэўна таму, што нам занадта часта паўтаралі, што мы элітная кляса, вяршкі школы, і мы паверылі ў гэта, а цяпер настаўнікі атрымлівалі прадукт сваёй творчасьці – эгаістычных падлеткаў.

Настаўніца па біялёгіі была настолькі намі закатаваная, што неяк падчас урокаў давялося выклікаць хуткую. Настаўніца з сардэчным прыступам ляжала ў шпіталі зь месяц, а праз год памерла, так і не пасьпеўшы ў нас давыкладаць. З прыходам новай настаўніцы ў мяне адкрылася другое дыханьне, і на алімпіядзе па біялёгіі я выйшаў на раён, пасьля перамогі атрымаў магчымасьць прадстаўляць сябе й школу на гарадзкой алімпіядзе, але… я праспаў у той дзень. Я мусіў ехаць на «горад» разам зь біялягіцай і дырэктарам, яны мяне чакалі каля мэтро, а я спаў… Гэта было сорамам для ўсіх біёлягаў… Потым я цьвёрда вырашыў рушыць у мэдыцыну, каб замольваць гэты грэх.

Дзявятая кляса – мы былі зачараваныя новым настаўнікам рускай літаратуры: гэты вусаты дзядзька (дарэчы, вусы ў яго расьлі ў рот, яны загіналіся пад верхнюю губу й ліплі да зубоў, ён часта любіў дакранацца да іх языком) адкрыў нам цуд спрэчак – уся кляса толькі й рабіла, што спрачалася наконт прачытаных твораў. Было сапраўды цікава ў яго вучыцца, але новы настаўнік праз год нас пакінуў, уладкаваўшыся завучам у гімназію.

У дзявятай мы ўсе гулялі ў сямʼю – хтосьці камусьці быў бацькам, дзядзькам, братам, кузэнам, сястрою, жонкаю, каханкаю, кузынаю. Уся кляса нібыта зварʼяцела, выбух адбыўся, гармоны ўзялі сваё – усе мы даўно перацалаваліся і пераабдымаліся.

""Крыжачок" – віно, якое танчыць". Невядома, хто яго так назваў, напэўна, проста прыжылося ў народзе, але гэтае азначэньне "чарніла" я пачуў ад кагосьці са старшаклясьнікаў і распавёў свайму сябру Андрэю ў чароўны момант непасрэднага знаёмства зь віном… Мы былі ў невялікім дворыку, з усіх бакоў абнесеным зялёнай сьцяной каштанаў, гэта стварала ўтульны настрой для кампаніі і хавала нас ад мінакоў. Дзьве лаўкі зручна разьмясьцілі нашыя целы, нас было восем, ня лічачы некалькіх старшаклясьнікаў, якія ведалі, што рабіць з гэтым пойлам…

Глыток ― і тухлая, салодкая вадкасьць прайшла па страваводзе ў страўнік… Цэлую шклянку нагбом! Сяброўкі глядзелі на мяне, як на героя… Старшаклясьнік толькі выскаляўся, а мы яму падыгрывалі, мы былі такія ж дарослыя, як і ён… Пасьля першай, другой, трэцяй шклянкі ўсе запалілі. Праз хвіліну кожны з нас быў ужо ня ў гэтым сьвеце, усе апʼянелі й паводзілі сябе як варʼяты… Нам захацелася пайсьці ў клюб, які знаходзіўся літаральна за два крокі ад нашага дворыка. Мы дапілі «Крыжачок» і скіраваліся туды.

Мяне хістала ў розныя бакі, сьвядомасьць разьдзірала на часткі, мне не хацелася танчыць…

Не дамаўляючыся, мы ўчатырох накіраваліся ў прыбіральню… але самае жорсткае пачалося ў той момант, калі, выходзячы з прыбіральні, мы з Андрэем перасякліся з нашымі дзяўчатамі. Нас ахапіў шал, натуральна, не было ніякага сэксу, проста мы пачалі цалавацца, мацаючы адно аднаго… Непрыкметна мы трапілі ў мужчынскую прыбіральню, атрымліваючы першы блядзкі досьвед у жыцьці… Спыніцца было вышэй за нашыя сілы, тут уладарыў юрлівы пачатак… Я казаў сам сабе: "Што ты робіш?! Гераня, ты ж нейкі варʼят! Спыніся!" – але гэта было немагчыма…

Чарга каля прыбіральні ня доўга трывала, й нашую дзіцячую оргію разагналі, даўшы нам каля дзесяці хвілін, за якія, як нам здалося, мы зьдзейсьнілі самую вялікую распусту.

Распуста! Вычварэнства! Менавіта так я тады думаў, чырванеючы… Мы з Андрэем на час нашых "сарцірных засмоктаў" памяняліся дзяўчынамі. Гэта быў першы крок на шляху да "экспэрымэнтаў" рознага кшталту і сэксуальных вычварэнстваў, на шляху да панку…

Мы выпаўзьлі на сьвежае паветра зь цьвёрдым рашэньнем, што на сёньня больш ні кроку ў клюб і ані кроплі сьпіртнога, адна зь дзяўчат пакінула на лесьвіцы клюба яркія кроплі званітаванага «Крыжачка». Мы сьмяяліся, калі яна ванітавала.

Мы сталі дарослымі, старэйшыя клясы ўжо абавязвалі хадзіць і пазіраць на ўсіх, задраўшы галаву. Мы нікому не падпарадкоўваліся, усіх крытыкавалі й пра ўсё мелі сваё асабістае меркаваньне…

У клясе зьявіліся батанікі й лахі. Першых мы проста не трывалі, але суіснавалі зь імі, другіх жорстка білі, рабілі ім фанту (лавілі ў туалетах і галілі запальнічкай, дзе атрымаецца. З прафіляктычнымі размовамі ў школу прыходзілі бацькі зьбітых мною дзяцей, збольшага гэта былі дзеці ёлупняў-банкіраў (цяпер яны дарослыя й маюць свае офісы, у якіх на сьценах над сталамі й галовамі вісіць розная брыдота). Гэтыя падлеткі яшчэ ў школьным узросьце паказвалі сваю адукаванасьць, выпешчаную бацькамі пагарду да іншых, мізэрнасьць і дурасьць. Старэйшыя за мяне панкі да паўсьмерці зьбівалі малых і тандэмамі адседжвалі па колькі год у турмах… Пачалі зьяўляцца дзеці зь цяжкіх семʼяў. Мы зь сябрамі "разводзілі" на грошы малое дзяўчо, яна кожную раніцу з бацькоўскага сэйфу цягала нам рублі на цыгарэты й піва. Дзяўчынцы мы проста казалі, што, калі яна ня будзе спраўна насіць грошы, мы патэлім ейным бацькам і пра ўсё распавядзем… Бацькі потым не далічыліся колькі пачкаў рублёў і перавялі сваю няўдалую дачку ў іншую школу, дзе яна праз год, як мы даведаліся, зацяжарыла ад старшаклясьніка.

Мы ўжо актыўна займаліся сэксам паўсюль: у прыбіральнях, парках, трамваях, на дахах, у падʼездах, ліфтах, кватэрах, лецішчах, намётах, машынах, на сталах на кухнях…

Разам з сацыяльным пэдагогам мы езьдзілі ў паходы. У нас была заснаваная арганізацыя ЮНЭСКА, я быў дырэктарам сэкцыі экалёгіі і займаўся паходамі, пошукам намётаў і алькаголю. Падчас аднаго з такіх паходаў я спакусіў дарослага сацыяльнага пэдагога. Яна была тоўстая, амаль круглая, але што мне ― абы ў сподняе да яе залезьці… Гэта ж гонар для шаснаццацігадовага падлетка – пры ўсіх сваіх сябрах са школы й ЮНЭСКА распрануць пэдагога й завесьці яе ў намёт… Мне яна была ня надта прыемная, занадта тоўстая, і да ўсяго яна цьмяна пра што цяміла… я ператварыўся ў дасьледчыка новага матэрыялу… мацаў яе за азадак, залазіў пальцамі ў похву… пакуль у намёт у пошуку ліхтарыка не ўварваўся пʼяны аднаклясьнік… я выскачыў з намёта разам зь ім, трымаючыся за напаўпустую бутэльку гарэлкі… мне патрэбная была нагода, каб зьбегчы…

Чуткі, плёткі й гоман пра гэтую падзею не сьціхалі шмат месяцаў… шмат чвэрцяў…

Мы сачкавалі амаль усе ўрокі, мацюкаліся й марылі пра дарослае жыцьцё, хадзілі па кватэрах, жлукцілі ўсё, што там налівалася, – каньяк, рыжскі бальзам, пяршак, гарэлку, піва, ўіскі… Пазбаўлялі цнатлівасьці дзяўчат пад сьпевы Віле Вала з HIM. За адзін вечар у мяне атрымалася пазбавіць цнатлівасьці трох дзяўчат з розных раёнаў у трох розных кватэрах, на кожную я выдаткаваў па гадзіне: выпіць, пераспаць, сесьці ў таксоўку – і да наступнай…

Маральныя каштоўнасьці былі на пэрыфэрыі мозгу, намі кіравалі падлеткавы імпэт, рок і алькаголь. Але ў нас усё роўна атрымлівалася расьці й станавіцца кімсьці істотным… з адукацыяй і вераю ў нешта ідэальнае, нягледзячы ні на што…

А тым часам мясцовыя панкі выходзілі з турмаў, сканчалі вячэрнія школы, станавіліся больш-менш падобнымі да людзей альбо сьпіваліся, альбо хіпавалі й наркаманілі, альбо, як мясцовы Верабей, ператвараліся ў адвакатаў – Віктараў Аляксандравічаў… Я таксама рос, і панк з рокам ужо ня вабілі, я захапляўся хардкорам, але, па сутнасьці, зьмяняліся не музычныя густы, а толькі вопратка. Ідэі андэграўнду, суб- і контркультурнасьці засталіся. Я адгадаваў доўгія валасы і перажываў першае сапраўднае, моцнае каханьне, якое было старэйшае за мяне на год і вышэйшае на дваццаць пяць сантымэтраў…

У старэйшых клясах нам выпала віншаваць вэтэранаў з круглаю датай заканчэньня Другой сусьветнай. Мы цягаліся па кватэрах зь лістамі ў форме трохкутнікаў, нібыта лістамі з фронту, дзе было напісанае традыцыйнае віншаваньне ад прэзыдэнта й краіны… мы слухалі дзіўныя гісторыі, апранутыя ў форму радавых… вэтэраны радаваліся, плакалі, паціскалі нам рукі… мы ім уручалі кветкі (бэз) і сыходзілі… на той час у маім раёне жыло каля дзьвюх тысяч такіх самотных вэтэранаў, але з кожным годам іх колькасьць памяншалася на сорак адсоткаў… пасьля віншаваньняў мы абавязкова сумна выпівалі ў напаўцёмным дворыку.

А потым, калі ў краіне зьявіўся першы мабільны апэратар Velcom, мяне да яго падключылі. Гэта быў падарунак на дзень народзінаў, і я атрымаў сваю першую мабілку… Не папса, як я лічыў, пазіраючы на тое, як людзі цягаюць свае вялікія Nokia, якія не зьмяшчаліся ў кішэнях і боўталіся ў футаралах на паясох як мужчын, так і жанчын… у мяне была Motorola c200 ― а то ж, нават нейкая мадыфікаваная падмадэль, з антэнкаю вонкі, амаль мініяцюрная… Але яна не ратавала ад нечаканых выбрыкаў жыцьця, як вялікая Nokia, напрыклад. У майго сябра ўвечары нейкія гопнікі зьбіраліся адабраць сноўборд, дык ён сваёю Nokia аднаму з вычварэнцаў павыбіваў пярэднія зубы й нічога, толькі на корпусе мабілкі зьявіліся сьляды паламаных зубоў. Мая мабілка была на той час элегантнаю й эстэтычнаю, але праз год я ўсё роўна перайшоў на масіўную Nokia, хадзіў і марыў пра тое, як буду ісьці са сваёю дзяўчынаю і, калі падыдуць якія быдла-хлопцы, я ім таксама павыбіваю зубы… але хлопцы не падыходзілі…

І тут нечакана на мяне абрынуўся Стывен Кінг. Я выпадкова набыў ягоную кнігу "Чатыры сэзоны", у якой апавядалася пра школьніка, які вырашыў зьвесьці рахункі з настаўнікамі й аднаклясьнікамі пры дапамозе «абрэза», пра чатырох сяброў, якія знайшлі труп… Я падсьвядома ставіў на месцы герояў сябе й перачытваў гэтую кнігу… Так, напэўна, можна сказаць, што менавіта гэтая кніга абудзіла ўва мне думкі й жаданьне пачаць пісаць самому. Ужо тады я напісаў апавяданьне ў сваім школьным сшытку па матэматыцы. Сюжэт быў просты – чатыры сябры выпраўляюцца ў лес… і там разьвіваецца містычна-трылерны сюжэт… Апавяданьне дзесьці згубілася, літаратурныя ўзоры зьмяніліся.

Я рос, і мне патрэбныя былі грошы, шмат грошай, бо тых, што я атрымліваў ад бацькоў на школьную сталоўку, было замала. Я ўжо не зарабляў на файных адзнаках, гэта засталося ў сярэдніх клясах, таксама, як і праца на праполцы буракоў летам у калгасах. Так, я хацеў ужо самастойнасьці… хацеў сапраўднай працы… таму пайшоў на курсы цырульнікаў, тым болей, што клярнэт я закінуў, а праз год мусіла пачацца падрыхтоўка да іспытаў у мэдычны ўнівэрсытэт…

Адзінаццатая кляса запомнілася грандыёзным піцьцём, незвычайнымі сяброўкамі, якіх клікалі Заноза й Адрыжка, а таксама, лютаю зімою… бо, калі тэмпэратура на дварэ апускаецца ніжэй за дваццаць пяць градусаў і сьнегу шмат, вядома, зранку ніякая школа ня сьвеціць. Значыць, зьяўляецца нагода нажлукціцца. На вуліцы сьнегу да шыі, гурбы вышэй за два мэтры… але гэта пасуе абставінам і жаданьням – трэба проста легчы ў гурбу, зрабіўшы зь яе сьнежны фатэль, дастаць пляшку шнапсу й да раніцы піць… Сьнег някепска грэе, гарэлка трымае ў пэўным стане, ты нібы не пʼянееш…

Пад канец адзінаццатай клясы я мусіў вынесьці для сябе нейкія веды, нейкі розум, але будучыня бачылася цьмянай, хоць і насычанай плянамі… З ангельскай клясы я запомніў адзін сказ: "Learning foreign languages gives us opportunity not to lag behind the time".[4] Але гэта, па сутнасьці, лухта.

3.09. – 18.09.2011

Менск – Львоў

1

"З усіх заганаў самая жудасная… напісалі?" (ням.)

2

Верш Робэрта Бёрнса (1759–1796) "Маё сэрца ў Высакагор'ях"

3

Шатляндзкая народная песьня

4

Вывучэньне замежных моваў дае нам магчымасьць не апынуцца па-за сучаснасьцю (з анг.).

На крок назад, на дзень наперад (зборнік)

Подняться наверх