Читать книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа - Страница 9

Генэрацыя фанцікаў і фішак
Сэмэстры

Оглавление

…чым далей прасоўваецца гэты аповед, тым болей я яго адчуваю невычэрпным. Ён бясконцы, як сама эвалюцыя сьвету. І ўяўляе зь сябе вывяржэньне ўсяго таямнічага, падарожжа ў самых неверагодных шыротах – пакуль у нейкай кропцы раптам не пачнеш разумець, што тое, што апавядаецца, ня так істотна, як сам аповед.

Генры Мілер, "Разважаньне пра пісьменства"

Два гады запар я наведваў рэпэтытара па біялёгіі, які рыхтаваў мяне да мэдычнага ўнівэрсытэту. Рэпэтытар была старой жанчынай, выкладчыцай катэдры біялёгіі, насіла парык і брала стос даляраў за гадзіну. Бацька тады зарабляў дастаткова.

Экзамэны прайшлі, я не дабраў да бясплатнага навучаньня аднаго бала, мой лёс мусіў вырашыцца на паўплатным навучаньні. Быў агульны сход абітурыентаў. Пад канец агучылі маё прозьвішча й яшчэ дзьвюх дзяўчат. Абіралі аднаго між намі трыма, хто будзе вучыцца на паўплатным. Абралі дзяўчо зь нейкай вёскі, яна, да таго ж, была сіратою, яе гадавала бабуля.

Я, вядома, ня супраць такіх ільгот, але калі абіраюць паміж гарадзкімі й вяскоўцамі, звычайна больш шанцаў у вяскоўцаў. Чаму так?.. Таму, што ў іх горшая школьная адукацыя? Мне здаецца, па ўсёй краіне настаўнікі аднолькавыя. Гэта ж нейкая пастка, калі вяскоўцы, троечнікі, вучацца ў галоўным ВНУ краіны, а гарадзкія часта выцесьненыя на пэрыфэрыю! Я быў абураны й шакаваны, пакрыўджаны й зьнішчаны… Праз тыдзень я здаў іспыты ў цалкам іншую галіну дзейнасьці, мне было наканавана зь пераменным посьпехам шэсьць год вучыцца на культуроляга на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ.

Першы курс быў цьмяны й пасіўны… я амаль не цікавіўся студэнцкім жыцьцём, у мяне была дзяўчына на сем год старэйшая за мяне, з Паўночнай Карэі, лялечная, прывабная… я захапляўся ёю.

Першыя два сэмэстры былі перамяшаныя й скамечаныя, усе студэнты толькі пачыналі разварушвацца, толькі прайшло пасьвячэньне ў новае жыцьцё, але некалькі дэканаў ужо былі мною пакрыўджаныя й абураныя маімі паводзінамі… Добра, што яны мяне больш ніколі ня бачылі з бутэлькаю партвэйна й самакруткай у зубах каля Палацу спорту на вечарынах з нагоды Дня студэнта, інакш, напэўна, пазналі б.

Я атачаўся сябрамі – панкам, алькаголікам, шызафрэнікам, мізантропам і шлёндрай. Мы больш часу бавілі каля нашага зялёнага вучэбнага будынка (называлі яго – хлеў), распальвалі ў кустах агонь (кусты тады былі вялікія й буйныя, сьцяною хавалі пустэчу, якая потым абрасла двума блёчнымі шматпавярховікамі), пілі, распавядалі адно аднаму нейкія гісторыі, спрачаліся, гутарылі пра філязофію й літаратуру, елі танныя бутэрброды з салам, сялёдкай і цыбуляю, пілі пладова-ягаднае з суседняй крамы, якая была нам як маці родная… ванітавалі, спалі… палілі… Мы былі купкай сучаснай моладзі, якая апынулася на ўскрайку, у пэўным маргенэзе (моладзь, не задаволеная жыцьцём, сучаснасьцю й дадзенай свабодай), мы былі яскравымі прадстаўнікамі чагосьці апакаліптычнага, быццам чорныя вершнікі хаосу… Але нам гэта падабалася. Мы верылі ў сябе, у сваю моц, у тое, што мы здольныя на вялікія справы, здольныя скалануць гэтыя антычныя калёны застою й савецкасьці, мы мянялі сьвет, але ён чамусьці не мяняўся. Мы пачыналі зь сябе.

Выкладчыкі на лекцыях звычайна пазіралі на нашу кампанію недаверліва, быццам мы прыйшлі не туды. Мы сапраўды існавалі ня ў тым месцы, кожнаму з нас было наканавана зьдзейсьніць у жыцьці іншае.

Шызафрэнік часта бажыўся, што будзе новым прэзыдэнтам, лез у нейкую палітыку, піў, пакуль яго на трэцім курсе, на якім ён вучыўся ўжо чацьвёрты раз, не пасадзілі на восем год у турму. Але ён нават адтуль дзіўным чынам намагаўся раз на месяц тэліць загадчыку катэдры й распавядаць пра свае грандыёзныя пляны, пытацца пра справы.

Шлёндра раптам апынулася вельмі файным, таленавітым фатографам.

Панк стаў буйным мастаком і дызайнэрам, ён пазбавіўся сваёй доўгай барады й ажаніўся.

Нязьменнымі засталіся алькаголік і мізантроп… Яны часта бачыліся са мною, але з кожным разам я губляў да іх цікавасьць. Напрыканцы навучаньня яны амаль перасталі для мяне існаваць, акрамя як у памяці, якая таксама ня мела пэўнае гарантыі на доўгія тэрміны.

Аднойчы, калі ўжо другім разам надышлі зімовыя іспыты, я з алькаголікам зьбіраўся здаваць нейкую Тэорыю. Якую менавіта – цьмяна памяталася нават на той час, але мы прыйшлі. Алькаголік, зьмерзшы, прытуліўся да батарэі, не здымаючы паліто, сеў на падлогу й дастаў з унутранай кішэні бутэльку, я пасунуўся да яго, мы занялі сваю чаргу ў габінэт. Пачалі піць, каб сагрэцца, каб мазгі пачалі варушыцца… Мінула тры гадзіны, мы нават пасьпелі зьлётаць яшчэ па адну, і я пасьпеў саснуць, як раптам, расплюшчыўшы вочы, не знайшоў побач алькаголіка… І тут праз драўляныя дзьверы з габінэту пачуўся страшэнны лямант… Выкладчык крычаў, каб хтосьці вымятаўся вонкі, каб не зрываў экзамэн… Я сьцяміў, што сёньня нам не дачакацца посьпеху на іспыце… Празь імгненьне з габінэту вылецеў мой аднагрупнік, спатыкнуўся й расьцягнуўся на падлозе, зь левай рукі ў яго выпала плястыкоўка з гарэлкай і кавалачкам цытрыны.

Так, дарэчы, гэта быў іспыт па тэорыі літаратуры… Алькаголік вырашыў замест адказу на пытаньні білета распавесьці пра сваю тэорыю "Памаранчавых дрэваў". Дастаў дзьве плястыкоўкі, наліў у іх гарэлкі, кінуў па кавалачку цытрынкі, парэзанай сьцізорыкам паўмесяцамі, і прапанаваў выпіць выкладчыку, кандыдату філялёгіі… Гвалт, сварка, спрэчка, але… восем у залікоўцы. "Як яно? Га? ― пытаўся ён у мяне потым і ўздымаў чарговы кілішак за такі посьпех. – Талент, мазгі!" Тое самае адбывалася й з астатнімі экзамэнамі.

На вышэйшую матэматыку мы хадзілі па традыцыі нецьвярозыя, пісалі матрыцы, на іспыце чакалі таксама іх, матрыц… але чамусьці настаўніка пацягнула распавесьці нам пра такую загадку, як матэматычна немагчымую рэч для вылічэньня – абгоніць Ахілес чарапаху альбо не… Ну хто яго цягнуў за язык?!

У нас пачаліся бяссонныя ночы, алькаголік разам са мною спрабаваў вылічыць, знайсьці формулу, мы шалелі й у такім брудна-кепскім стане прыцягнуліся на экзамэн… Ледзь стоячы на нагах, мой сябра Юля крэйдай штосьці пісаў, настаўнік сядзеў і глядзеў доўга, пільна і штосьці занатоўваў на сваёй паперцы… Потым адвёў яго ўбок і сказаў: "Табе будзе залік, але не спрабуй болей трапляць мне на вочы ў такім стане, іначай не дарую!" Ён сказаў гэта ціха, але цьвёрда, алькаголік нават апрытомнеў…

Яшчэ быў такі дзіўны пэрсанаж, які выкладаў тэорыю кіно й тэатру… Лекцыі ў яго былі – цуд, нейкае дзіва, усе туды хадзілі, акрамя нас… Неяк я завітаў да яго на апошнюю лекцыю разам з панкам. Студэнтаў было шмат: хтосьці стаяў, хтосьці сядзеў на падлозе. Выкладчык адразу пачаў мяне катаваць пытаньнямі, але я сьцяміў пра мэтафару касьцюма й вопраткі, пра цытацыю літаратурнага твору ў тэатры й кіно… Карацей, мы зь ім амаль усю лекцыю прагутарылі й праспрачаліся, пасьля чаго ён сказаў, што больш за ўсё яму шкада, што ўвесь гэты год я не хадзіў да яго на лекцыі, бо так было сумна безь мяне… На экзамэн я нават не пайшоў, усё роўна ў залікоўцы ўжо стаяла дзевяць.

Здаецца, у нас усё атрымлівалася занадта файна й лёгка, але насамрэч гэта было ня так. Дзьве выкладчыцы моцна варушылі нас на сваіх лекцыях. Яны кожны раз трымалі нашае падсьвядомае ў сваіх рукох. Мы, быццам падлеткі, заляцаліся да іхных ведаў, мы хадзілі на лекцыі з трымценьнем, кожны раз адкрываючы для сябе новае… Менавіта гэтыя дзьве выбітныя выкладчыцы, сапраўдныя прафэсіяналы, якіх мы вельмі паважалі й баяліся, зрабілі з нас тых, хто мы ёсьць, яны заклалі падмурак, на які мы ўжо надбудавалі ўсё астатняе… Яны шмат чаго нам даравалі, яны нас разумелі й шмат у чым дапамагалі, выцягвалі нас з палітычнай і адміністрацыйнай багны… Яны былі нашымі інтэлектуальнымі мамамі, і мы стараліся не апусьціцца ў іхных вачах… Але збольшага мы так і заставаліся студэнтамі-ёлупнямі з прэтэнзіямі на літаратуру.

На крок назад, на дзень наперад (зборнік)

Подняться наверх