Читать книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа - Страница 7

Генэрацыя фанцікаў і фішак
Гурткі
6

Оглавление

Колькі памятаю дзяцінства, заўсёды бачу сябе на баскетбольных пляцоўках. Яны не былі заасфальтаванымі, таму ўжо празь некалькі хвілін цяжка было адрозьніць, хто за каго гуляе, бо пясок і пыл раўнамерна пакрывалі як адзеньне, так і скуру, але я ніколі не спыняўся гуляць, нават калі пясок захрасаў у горле й носе.

Мяне моцна прыцягваў гэты спорт, асабліва калі я непадалёк ад дома знайшоў пляцоўку, дзе баскетбольны кошык вісеў надта нізка і я мог забіваць мячы зьверху, павіснуўшы ў паветры.

Мы зь сябрамі часта сутыкаліся з панкамі, тады я ня быў яшчэ ані мэталістам, ані панкам, таму нас яны віталі нявесела і часьцей за ўсё псавалі нам гульню тым, што ўсчыналі бойку, і ўсё сканчалася аднолькава: мае сябры давалі дзёру з пляцоўкі, а я заставаўся сам-насам зь імі, бо ня мог я зьбегчы на вачах сваёй дзяўчыны альбо, што яшчэ горш, кінуць яе адну. Таму атрымліваў некалькі разоў у вока… Праз колькі часу нас перасталі чапаць, але для сваёй сяброўкі я ўжо пасьпеў стаць тым самым безнадзейна слабым хлопцам, якога могуць адлупцаваць нават нейкія там панкі з вайсковымі папругамі ў рукох, з бліскучымі зоркамі на мэталічнай спражцы, якая глядзела вонкі й часта цэліла ў твар… Я зь ёй не спрачаўся, а толькі крыўдаваў на зьбеглых сяброў.

Аднойчы я нарэшце вырашыў далучыцца да якой-небудзь падлеткавай баскетбольнай раённай каманды й разам зь імі трэніравацца, бо гэта бясьпечна й надае больш практыкі ў зімовы час. Такім чынам, я на тры гады патрапіў у спартовы баскетбольны клюб, дзе трэнэр знаходзіла мяне надта пасьпяховым у далёкіх кідках. Я бываў на ўсіх спаборніцтвах, мяне выпускалі на пляцоўку толькі ў другім тайме, бліжэй да канца. Я не прымаў удзелу ў разыгрываньні мяча пад кашом, бо з ростам мэтар шэсьцьдзесят сем гэта нейкае глупства, я проста чакаў пасаў каля трохлічбавай рыскі і, калі атрымліваў мяч, хуценька забіваў. Мы някепска рухаліся, перамагаючы розныя каманды, і нават мусілі змагацца на гарадзкіх спаборніцтвах у наступным годзе, але чамусьці школьныя заняткі перанесьлі зь першай на другую зьмену, і зразумела, што, калі ідзеш на заняткі а палове трэцяй дня, ніякага часу на штосьці іншае не застанецца, і калі б я прапускаў па тры дні на тыдні й бавіў час на баскетбольных трэніроўках, я б страціў нават пачатковую адукацыю, але я не Ламаносаў і ня Бродскі, каб такое вырабляць, таму было вырашана заканчваць адзінаццатую клясу…


Такім чынам, прамяняўшы трэніроўкі на школу, я пачаў шукаць выйсьце і знайшоў яго. Адзін сябра-баскетбаліст прапанаваў перайсьці ў іншы клюб, што падыходзіў па часе. І мы разам туды пайшлі.

На парозе нас сустрэў трэнэр, і першымі ягонымі словамі былі:

– А ты что, тоже баскетболист, что ли, или так, мячики подаёшь? Да ты же с метр ростом!

Шчыра кажучы, я падазраваў, што ростам я не для гэтага віду спорту, але каб мне вось так, у твар такое сказалі? Ды ніколі! Ні мая былая трэнэрка, ні мая былая каманда ніколі так бы не зрабілі.

Нас адправілі разьмяцца й падрыхтавацца да паказальнай гульні. І пакуль мы бегалі кругі на стадыёне, адзіная думка пульсавала ў маёй галаве: "Я малы! Я малога росту. Я маленькі"…

Глядзелі на нас дваццаць хвілін, гулялі мы някепска, але мяне адправілі ні з чым дадому, а сябра ўзялі, бо ён хоць і ня вельмі добра гуляў, але быў ростам два мэтры і штораз перамагаў у барацьбе пад баскетбольным кашом. І потым ён гуляў за гарадзкі юнацкі клюб, а я ў свае пятнаццаць і шаснаццаць піў, курыў і мацюкаўся. Надыходзілі гады альтэрнатыўнай хвалі, дзе контркультура станавілася ня проста словам, а правілам жыцьця.

20.09–10.10.2010

Менск – Ваймар – Дрэздэн

На крок назад, на дзень наперад (зборнік)

Подняться наверх