Читать книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа - Страница 5

Генэрацыя фанцікаў і фішак
Гурткі
4

Оглавление

Зразумела, што я, як і ўсе дзеці, любіў маляванкі ды іншыя дзіцячыя забавы, але ніколі ня думаў, каб да маляванак ставіцца неяк больш сурʼёзна. Ды лягчэй пайсьці ў гурток, чым пераканаць бацькоў.

У мяне ніколі не атрымлівалася нешта ляпіць з гліны альбо цеста з сольлю, мае фігуры альбо былі незразумелымі, альбо ў печы набывалі плоскі выгляд, быццам не скульптуры, а нейкія магніты на лядоўню.

З колерам таксама ўсё было складана, акрамя таго што я кепска адрозьніваў птушак, напрыклад сароку ад грака, я няўдала працаваў з адценьнямі. У выніку ня толькі істоты, падобныя да птушак, але й кветкі, і шмат што яшчэ пакутавалі ў маіх малюнках.

Плястылін мне таксама здраджваў, але ён хаця б лёгка прыліпаў да сьцен і валасоў, ды ўвогуле быў унівэрсальным у сэнсе розных дурасьцяў.

Аднойчы на адным з заняткаў, які прысьвячаўся вывучэньню паняцьця графікі й тушы, я стаўся зоркай! Настаўніца не магла нацешыцца тым, як файна я малюю ў графіцы, і гэта не залежала ад таго, чым я карыстаўся – алоўкам ці пяром.

Я выпадкова знайшоў сябе, і настаўніца пачала надта часта весьці прыватныя размовы з мамаю, якая па мяне прыходзіла. Усё шэпча нешта й шэпча, а мама глядзіць у мой бок і ўсьміхаецца.

Такім чынам, я пачаў часьцей бачыцца з настаўніцай па мастацтве, і раней за алфавіт вывучыў паняткі пабудовы карціны, гарызонту, спалучэньня колераў, і, вядома, усе віды пёраў былі ў маім уладаньні.

І сталася так, што мяне не ўзялі ў шэсьць гадоў у школу, дырэктар параіў пачакаць наступнага года. У той дзень, калі мяне прывялі на «прагляд», каб я паказаўся і па загадзе палічыў ды агучыў хаця б палову алфавіту, пацягнула мяне да плястыліну, наляпіў я яго не шкадуючы на галаву, а адляпіць ад валасоў ня здолеў, падставіць пад гарачую ваду галаву – не дацяміў… Я знайшоў нажніцы й пакрамсаў сваю сьвежую фрызуру.

І калі паўстаў ва ўсёй прыгажосьці перад дырэктарам школы, падобны да закатаванага дзіцёнка – валасы плешшу, і ў розныя бакі высоўваюцца даўгія пасмы, дык мяне й прасіць ня сталі нешта там палічыць альбо адгадаць загадку, было вырашана чакаць наступнага года й майго сёмага лета.

З гэтым не зьмірыліся бацькі, бо, як зразумела, я ж такі разумнічак, самы лепшы ў сьвеце, і мяне было наканавана аддаць на іспыты ў мастацкую школу, там, як сказала маці, мяне ўсе зразумеюць.

І сапраўды, людзі там не зьвярталі на мяне ўвагі, я са сваімі валасамі быў проста ніхто, бо дзеці, якія прыйшлі здаваць свой першы ў жыцьці іспыт, былі ня толькі са сваімі самастойнымі фрызурамі, але і адзеньне на іх было нейкім мастацкім. Карацей, мяне чакала сапраўднае выпрабаваньне.

У той час наша сямʼя шчыльна сябравала зь сямʼёй мастакоў, нельга сказаць, што тое былі кепскія альбо выдатныя мастакі, проста – мастакі, і зь іхным сынам я хадзіў у мастацкі гурток, і мы былі аднаго ўзросту. Менавіта гэтая сямʼя мастакоў параіла аддаць мяне ў неардынарную школу.

Надышоў час, нам раздалі паперу фармату А4 і папрасілі ўсіх намаляваць што-небудзь з "Казкі пра курачку Рабу".

Я сядзеў разам з Валодзем, так звалі таго хлопца, я паглядзеў на яго, а ён хуценька ўжо нешта вымалёўваў. У мяне быў толькі аловак і акварэль, і я памятаў, што мне раіла настаўніца спачатку намаляваць усё алоўкам, бо гэта я здолею, а потым, як маляванку, размаляваць.

Я пабудаваў геамэтрычныя прамыя, так бы мовіць, зрабіў плян, каб маляваць трохмерна, што ўжо адразу давала мне форы, бо такое ва ўзросьце шасьці гадоў мала хто выкарыстоўваў. Дзед, баба, курачка, хатка, яйка на падлозе пабітае – сюжэт быў нескладаны, я вытрымаў усе правілы пабудовы фігур. Я быў задаволены і яшчэ больш узрадаваўся, калі пабачыў, што мой супернік, Валодзька, сынок мастакоў, такую халеру намаляваў, што нават з павелічальным шклом не разгледзіш, хто і што там у велічэзным будынку, які нагадвае хатку, а яйка наадварот было завялікім, большым за чалавечыя фігуры…

На наступны дзень нам патэлефанавалі й паведамілі, што сын, гэта значыцца я, не прыняты.

А Валодзька пасьпяхова прайшоў іспыт, і мама мне аднойчы сказала, калі я сумна сядзеў у пакоі й разважаў над тым, што ўжо ў шэсьць гадоў "праляцеў", як дэбіл, празь дзьве школы… гэта ў такім малым узросьце й адразу празь дзьве школы!.. Яна сказала, што тая сямʼя сябруе з дырэктарам мастацкай школы, а ў мяне быў сапраўды найлепшы малюнак.

Мастацкі гурток я больш не наведваў, але празь пяць год выпадкова апынуўся ў сьценах таго будынка, дзе ён знаходзіўся. Я тады па дарозе забег у прыбіральню, бо сьпяшаўся ў музычную школу, да якой было далёка. І як толькі я апынуўся ў знаёмым калідоры, раптам заўважыў, што на сьценах пад шклом вісяць тры мае графічныя малюнкі.

Я зазірнуў у прыбіральню й зьнік, больш ніколі не зьяўляўся ў тым будынку, але ў сэрцы заўсёды трымцела жаданьне зноў паглядзець на свае дзіцячыя малюнкі, гэта ўсё-ткі была мая першая і адзіная выстава, прычым доўгатэрміновая.

На крок назад, на дзень наперад (зборнік)

Подняться наверх