Читать книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач - Страница 3

ІІ

Оглавление

Недзе гадоў пяць назад у краіне пачалася чарговая хваля барацьбы з карупцыяй. Па ўсіх каналах тэлебачання штодня распавядалі пра факты выкрыцця гэтай заганнай грамадскай з’явы, а ва ўсе ўстановы ды арганізацыі з вышэйшых інстанцый прыйшлі адпаведныя распараджэнні.

Настаўнікам таксама загадалі правесці выхаваўчыя гутаркі з вучнямі старэйшых класаў. Галіна Васільеўна Белая, жонка інспектара ДАІ, тады якраз была класным кіраўніком у дзявятым «Б». І вось, абдумваючы, пра што яна будзе гаварыць з вучнямі, жанчына ці не ўпершыню ў жыцці задумалася, а ці па сродках яны з мужам жывуць.

Адказ, як кажуць, ляжаў на паверхні: штомесячныя выдаткі іхняй сям’і ці не ў два разы пераўзыходзілі афіцыйныя даходы.

І як гэта яна раней нічога не заўважала?!

Галя адмаўлялася верыць свайму адкрыццю, але факты – рэч упартая! Аўтамабіль, новая мэбля, камп’ютар, яе ноўтбук, ці не самыя даражэнныя мабільныя тэлефоны… Толькі ў яе з усіх настаўніц у мястэчку ёсць сапраўднае норкавае футра! Да таго ж яшчэ адпачынак на цёплым моры кожнае лета ўсёй сям’ёй…

Як жа так сталася, што яна нічога не заўважала, ніколі нават не падумала ў той бок?! Ёй што, вочы павылазілі?!..

Яна проста ніколі і блізка не дапускала думкі, што яе Юра здатны на нешта дрэннае. Яна верыла гэтаму мужчыне, бацьку яе дзяцей, як сабе, нават болей, чым сабе.

Ды і як магло быць па-іншаму?

Яны пазнаёміліся яшчэ студэнтамі. Галя вучылася на настаўніцу роднай мовы, а Юра – на матэматыка ў Магілёўскім педагагічным універсітэце. Як толькі яна зразумела, што цяжарная, адразу распісаліся, знялі кватэру, ён знайшоў працу. Бацькі, ведама, дапамагалі чым маглі, але маглі яны няшмат: Галю выводзіла ў людзі адна маці, сціплая вясковая настаўніца, а ў Юравых бацькоў, якія працавалі ў калгасе, акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей.

Цяжка паверыць, але яны нават не перапынялі вучобу! У мужа-студэнта някепска атрымоўвалася зарабляць грошы: пісаў курсавыя, у адным месцы працягваў оптыкавалаконныя кабелі, падключаў інтэрнэт, у іншым два разы на тыдзень сачыў па начах за пультам пажарнай сігналізацыі…

Дачка нарадзілася ў чэрвені, акурат пасля сесіі. За лета крыху падрасла, а потым дэкрэтны адпачынак узяла Галіна мама. Цэлы год пражыла цешча з маладымі ў Магілёве, і ні разу ніякіх непаразуменняў з зяцем не было. Наадварот: яны так пасябравалі з Юрам, што Галя нават раўнавала да маці – у рэшце рэшт, хто яе дзіця, яна ці ён?

Калі скончылі вучобу, жыць паехалі на Юраву радзіму, у Круглае: падалося, што там будзе прасцей, чым у вялікім горадзе.

У школе муж прапрацаваў толькі паўгода: прапанавалі ў міліцыю. Галя не хацела, каб Юра туды пераходзіў, бо, як і любая жанчына, перажывала, што там заўсёды пагражае небяспека. Але яна заставалася яшчэ ў дэкрэце з дачкою, а ўжо чакала другое дзіця. У міліцыі ж плацілі значна больш, чым маладому настаўніку ў школе. Апошнім аргументам на карысць службы ў органах стала тое, што Юру прапанавалі аўтаінспекцыю: Круглае – нават не Шклоў! Тут ніводнага святлафора няма! Якая можа быць небяспека?..

Небяспека выявілася зусім не там, дзе яе можна было чакаць.

Галя была гатовая скрозь зямлю праваліцца, калі зразумела, што пра іх думаюць людзі, як глядзяць на яе дзевяцікласнікі…

– Гм, – няпэўна хмыкнуў муж, калі Галя выказала яму свае здагадкі, – падумаеш! Я ж нікога не прашу, самі даюць! Яшчэ і ўпрошваюць, каб узяў!

– Ты жартуеш ці сапраўды не разумееш?! – ці не ўпершыню ў жыцці Галіна Васільеўна павысіла голас на мужа. – Гэта ж злачынства! Ты павінен ахоўваць законы, а не парушаць іх!

– Падумаеш, – адмахнуўся Юры, – усе так жывуць! Усе нешта цягнуць з працы, нешта бяруць пакрысе… Трэба браць, пакуль даюць!

– Ты што вярзеш?! А раптам цябе затрымаюць? Што тады? Добра, калі проста звольняць! А могуць жа і пасадзіць! Што я тады буду рабіць адна з двума малымі?! Пра гэта ты падумаў?!

– Не хвалюйся, не затрымаюць, – спакойна зазначыў муж. – Мы ж тут усіх ведаем! А ў чужых і незнаёмых нічога не бярэм!

– Юра! Што ты кажаш?! Гэта ж праклятыя грошы! Ты толькі падумай, што тыя людзі думаюць пра цябе, калі іх даюць! Падумай, чаго яны зычаць табе і нашым дзецям!..

Апошнія аргументы на нейкі час падзейнічалі на інспектара, і ён сапраўды як толькі мог адмаўляўся ад хабару. Сям’я пачала жыць толькі на афіцыйны заробак. Гаспадыня адразу заўважыла розніцу…

Але Юры працаваў у аддзеле не адзін. І цяпер яму перасталі давяраць калегі: з чаго б раптам такая прынцыповасць? Усе бяруць, а ў Белага, бачце, сумленне прачнулася? У апошняе ніхто не верыў. Мабыць, нешта ведае лейтэнант, ці наўпрост працуе на службу ўнутранай бяспекі…

Карацей, хутка ўсё вярнулася на свае колы, з той толькі розніцай, што цяпер Юры Белы складаў усе «левыя» грошы ў схованку, а не прыносіў жонцы пад выглядам прэмій, надбавак ці выйгрышаў у латарэю.

І вось гэты боўдзіла, новы сусед Мікалайчык, са сваім перагарам трапіўся. Мацёры інспектар Белы такіх, як Талян, наскрозь бачыў, нават хацеў спачатку адпусціць па-суседску, але потым вырашыў пазабаўляцца сам, а заадно і жонцы сваёй прынцыповай канцэрт бясплатны наладзіць, бо выдатна ведаў, як будуць разгортвацца падзеі далей.

Склаў пратакол на «левым» бланку, забраў у парушальніка правы і паслаў таго выпівоху дадому замочваць новае жыццё!

Да канца змены даішнік толькі тым і займаўся, што гадаў: сам Талян прывалачэ грошы ці пашле каго? Яшчэ Юры Уладзіміравіч разумеў, што найверагодней хабар яму паспрабуюць перадаць у пад’ездзе, а гэта непажадана, бо мэтавая аўдыторыя – Галя, дзеля якой усё і наладжвалася, тады нічога не ўбачыць. Увесь сэнс мерапрыемства страціцца, калі ён не паспее непрыкметна праслізнуць у кватэру…

Капітан Белы шчыра здзівіўся, калі ў выніку нікога не напаткаў у пад’ездзе.

«Што ж, цудоўна! Значыцца, шоу гарантавана! Толькі б грошы знайшлі галадранцы! Усім вядомая такса за кіраванне ў нецвярозым стане: тысяча даляраў… Але гэтыя, мяркую, максімум палову назбіраюць… Пралетарыі хрэнавы!»

Юры Уладзіміравіч ніколі дома не абмяркоўваў сваю службу, а тут, як толькі пераступіў парог, адразу паведаміў Галі, што сёння затрымаў суседа за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане і забраў у яго правы.

Галя ж, калі даведалася, што пагражае за гэткае парушэнне, пачала бурчэць на мужа: як ёй цяпер сустракацца з Мікалайчыкамі штодня, як людзям у вочы глядзець, ці разумее ён, што пазбавіў і так небагатую сям’ю сродкаў для існавання, а ім жа крэдыт за кватэру выплачваць трэба, у іх жа дзеці малыя:

– Іх старэйшы з нашай дачкою ў адным класе вучыцца! Малодшыя ў двары разам гуляюць!..

– Іх бацька закон парушыў! А я ж на тое і пастаўлены, каб сачыць за парадкам! Ты ж сама казала!

Галіна Васільеўна пачала прыводзіць процьму аргументаў, што на першы раз, выключна па-суседску, можна было б толькі папярэдзіць, не спяшацца, ён жа не здзейсніў ДТЗ, нікога, дзякуй богу, не пераехаў, нічога не сапсаваў!

Юрый Уладзіміравіч тым часам паглядаў на гадзіннік і думаў, чаму так зацягваюць свой выхад на сцэну суседзі.

Ён пачаў пазяхаць, слухаючы няспынны жончын маналог, хацеў ужо здацца: сказаць, што зараз жа верне тыя праклятыя Мікалайчыкавы правы, бо, па ўсіх прыкметах, хабару ад іх не дачакаешся… Апошняе, зразумела, ён не збіраўся казаць Галі. Інспектар толькі спадзяваўся на суседавым прыкладзе прадэманстраваць ёй, як цяжка, практычна немагчыма адмовіцца ад паднашэння: гэта з яе працаю, калі ніхто нічога нават не прапаноўвае, лёгка разважаць пра сумленне ды законнасць, а тут не абы-якія нервы трэба мець, характар, волю, каб не ўзяць!..

«Вось яно! – падумаў Юры Белы, калі раптам пазванілі ў дзверы. – Знайшлі, значыцца, грошы! Рады, рады за іх: цяпер гутарка будзе насіць прадметны характар».

Галя пайшла адчыняць, а праз паўхвіліны паклікала ў калідор мужа.

Як толькі Юры Уладзіміравіч увайшоў у пярэдні пакой, з вачэй у Алены пырснулі слёзы, і яна пачала галасіць, як па нябожчыку…

У першае імгненне інспектар нават падумаў, ці не зрабіў што з сабой той дурнец Мікалайчык, але, калі ўслухаўся ў суседчын лямант, зразумеў, што ўсё, можа, толькі занадта эмацыйна, але пакуль цалкам укладаецца ў традыцыйны шаблон прашэння ў жаночым выкананні: муж дурань, але ж дзеткі ні ў чым не вінаватыя, а гэта яны найперш як ніхто пацерпяць, калі бацька застанецца без працы… Усё як звычайна, адным словам.

За доўгія гады службы ў інспекцыі Белы даўно прывык да падобных галашэнняў, і гэтае яго кранала не больш, чым іншыя: зусім не ўражвала, калі казаць праўду.

Затое на Галіным абліччы адбілася такая нечуваная пакута ды спагада да чужога гора, што Юры імгненна зразумеў: ягоная задума была няўдалаю.

– Ды супакойцеся вы, – прагаварыў ён як мог лагодна, – ці ж я нічога не разумею. Аддам я яму тыя правы. Проста, – інспектар пачынаў нанова імправізаваць, – хацелася, каб навука была чалавеку, што правілы агульныя для ўсіх…

– Мы ж нічога супраць правілаў не маем, – па-свойму зразумела сітуацыю суседка, – правілы ёсць правілы, так проста нічога не робіцца! – і працягнула Беламу грошы.

– Што гэта?! – прыкінуўся здзіўленым Юры Уладзіміравіч і скоса зірнуў на Галю: глядзі, любая, я нічога не прасіў.

– Тут пяцьсот, – Алена пераводзіла позірк то на гаспадара, то на гаспадыню, – калі мала, я крыху пазней яшчэ прынясу…

Белы ніколі не бачыў сваю жонку такой агаломшанай і прыгнечанай. Здавалася, яна зараз скрозь зямлю праваліцца.

Пярэваратні ў пагонах і без

Подняться наверх