Читать книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач - Страница 4

ІІІ

Оглавление

Некалі даўным-даўно жыла ў вялікім і прыгожым горадзе Друцку дзяўчынка Соня, якая, як і ўсе дзяўчаты на белым свеце, марыла аднойчы выйсці замуж за маладога прыгажуна прынца і стаць прынцэсаю, жыць з каханым доўга і шчасліва і памерці з ім у адзін дзень… Але, калі Соні споўнілася шаснаццаць, да яе пасватаўся не малады і прыгожы прынц, а зусім стары і непрывабны, затое самы сапраўдны кароль! Вось так, мінуўшы стадыю прынцэсы, Соня[2] адразу зрабілася каралеваю. Ці была яна рада такому незвычайнаму павароту лёсу, за даўнасцю часу невядома, але гісторыя атрымалася гучнаю.

Праўда, большасць сучасных жыхароў сярэднестатыстычнай вёскі Друцк, у якую ператварыўся некалі вялікі і прыгожы горад, нават і не здагадваюцца пра тое, якія сусветнага маштабу жарсці некалі кіпелі ў іхнім паселішчы. Нават старажылы ніколі нічога чуць не чулі пра надзвычайны кар’ерны рост сваёй зямлячкі Соні. Што ўжо казаць пра маладых, якія ледзь не з калыскі перасяляюцца ў паралельную рэчаіснасць віртуальных гульняў і маюць даволі цьмянае ўяўленне пра навакольны свет…

Хіба што толькі для Іркі Бабровай віртуальная рэчаіснасць не існавала, і яна ці не адна з усіх дзяцей паселішча з упартасцю апантанага краязнаўцы даследавала ваколіцы. Справа была не ў тым, што гэтая дзяўчынка адзіная змагла супрацьстаяць паглынанню сваёй свядомасці драпежным светам лічбавых тэхналогій. Не, усё было значна прасцей: у яе ніколі не было ні камп’ютара, ні планшэта, ні нават мабільнага тэлефона, які ўжо там інтэрнэт… І бадзяцца па ваколіцах яна пачала толькі таму, што ўсе астатнія дзеці не хацелі сябраваць з ёю праз яе такую дрымучую тэхнічную адсталасць. Чым ёй было яшчэ займацца? Ды і апраналася яна ва ўсё самае таннае ці наогул набытае ў «сэканд-хэндзе», выгляд заўсёды мела самы неахайны і недагледжаны. Адным словам, нічога агульнага з іншымі дзецьмі ў Іркі не было.

Некалі даўно Бабровы былі звычайнай сям’ёй. Потым, калі Ірцы было пяць годзікаў, тата чамусьці засіліўся, як казалі людзі: напіўся і павесіўся. Ірка бацьку памятала дрэнна, а маці ніколі не гаварыла, што з ім здарылася. Затым маці прыводзіла некалькі новых татаў, але ўсе яны надоўга не затрымліваліся ў іхняй хатцы…

Калі Ірцы споўнілася дзесяць, і яна ўжо ва ўсю соўгалася па ваколіцах, абы толькі лішні раз не наведацца ў школу, з’явіўся апошні тата, Віця, якога інакш, як Віцёк, у вёсцы ніхто не называў і якога яна ўзненавідзела ледзь не ў першы дзень, бо ён адразу ж пачаў чапляцца да гаротнай дзяўчынкі: прымушаў прыбіраць у доме, мыць посуд, капацца ў агародзе. Цяпер Ірчыны падарожжы павялічыліся ці не ў два разы: ад рання дзяўчынка імкнулася непрыкметна выслізнуць з дому, а вярталася як мага пазней.

Тата Віцёк лаяўся, пагражаў здаць Ірку ў дзіцячы дом, сароміў, нават некалькі разоў зусім не балюча выцяў гаротніцу дзягай… Было толькі непамысна крыўдна: за што? Маці па-здрадніцку маўчала. Ірка пачала ненавідзець і маці за тое, што яна на баку Віцька, што не бароніць сваю дзяўчынку ад яго несправядлівых нападаў.

Калі ж маці нарадзіла Віцькау сына, Ірка адчула сябе зусім лішняю ў гэтым доме: цяпер усё тут круцілася каля яго, маленькага браціка.

«Яно, можа, было б і нядрэнна, каб яны займаліся толькі ім, гэтым малым і крыклівым Сашам, каб нарэшце адчапіліся ад мяне… Які ён мне брацік, у рэшце рэшт? Ці ж я хацела яго? Дык не, наадварот, вяжуцца ды вяжуцца: пасядзі, паглядзі, прыбяры, прыгатуй, памый, падмяці… Знайшлі Папялушку…»

Такім чынам, Ірка, нягледзячы ні на якія пагрозы, угаворы ды папрокі, кожную раніцу выпраўлялася з хаты…

Некалі яна бавіла час на старажытным гарадзішчы: ісці да яго блізка, і заўсёды ёсць дзе прыхавацца. Толькі зусім не ведала ўцякачка, што гэта за гара, тым больш пра лёс Соф’і Друцкай, а таму, відаць, і не марыла стаць ні прынцэсай, ні каралевай. У сучасных дзяўчынак іншыя прыярытэты: топ-мадэлі, зоркі, мільянеры… Праўда, Ірка зусім не ўмела марыць, а проста цалкам цвяроза разважала ў думках, што б яна хацела мець у гэтым жыцці, а ад чаго б жадала найхутчэй пазбыцца.

Зразумела, найперш яна б пазбавілася ад Віцька ды Сашы. Але маці, па ўсім відаць, сыночка любіць больш за яе, дачку, таму давялося б пазбавіцца і ад маці. Толькі гэта неяк занадта ўжо… Ці не прасцей – выснова напрошвалася сама сабою – знікнуць куды-небудзь ёй, Ірцы.

Як толькі дзяўчынка зразумела, што аднойчы надыдзе дзень, калі яна незваротна пакіне такі няўтульны ды нялюбы дом, шмат што змянілася ў яе жыцці. Найперш Ірка пачала, як ніколі раней, часта бываць у школе, бо, каб з’ехаць вучыцца хаця б у Коханаўскае ПТВ, як па-старому ўсе называлі сельскагаспадарчы ліцэй, трэба мець пасведчанне аб тым, што яна скончыла дзевяць класаў. На каго яна будзе вучыцца ў тым ПТВ, Ірка асабліва не думала: пляваць, на каго, галоўнае – з’ехаць з Друцка!

Яна моўчкі зносіла кпіны ды знявагі іншых дзяцей за сваё цемрашальства, якое найперш увасабляла адсутнасць у яе хаця б якой-небудзь старэнькай NOKIA, няхай сабе і без фотакамеры. Мужна трывала допыты настаўнікаў, якім заўсёды нешта ад яе было трэба – што дакладна, яна доўга не разумела, бо кожны патрабаваў нешта сваё…

Дома таксама Ірка цяпер затрымлівалася болей чым на ноч, хоць і без асаблівай ахвоты, рабіла нешта па гаспадарцы. Нават Віцёк, здаецца, цяпер чапляўся да яе меней.

Але ўсё гэта было толькі ўдалай маскіроўкай. Ірка не ведала гэтага слова, але цудоўна разумела сэнс таго, што і дзеля чаго робіць.

Вельмі хутка яна адчула, як трэба паводзіць сябе з настаўніцамі, каб ім падабацца. Аказваецца, дастаткова толькі ветліва пасміхнуцца і прывітацца раніцою з любой з іх, нават з самай злой матэматычкай, Ганнай Анатольеўнай, каб табе ўжо не паставілі менш за траяк!..

Можна было б сказаць, што жыццё наладзілася, але неяк непрыкметна, калі Ірка была ўжо ў восьмым класе, калі заставалася пратрымацца не болей чым паўтара года, Віцёк запіў… Прычым як адзначыў Новы год, так і не спыняўся.

У доме зноў стала немагчыма знаходзіцца: цыгарэтны дым мяшаўся з перагарам, маці і айчым няспынна сварыліся, перапалоханы маленькі Саша пастаянна плакаў…

Цяпер Ірка нават шкадавала малога, ці не ўпершыню ад часу яго нараджэння ставілася да Сашы як да браціка: карміла раніцою, адводзіла і забірала з садка, імкнулася паболей быць з ім на вуліцы, каб не палохаць малога хранічным гармідарам, які панаваў у іхнім доме.

Неяк у канцы сакавіка, калі Ірка вярнулася са школы, у хаце быў адзін п’яны айчым, які, як звычайна, сядзеў ля тэлевізара ў дымавой смузе ад смярдзючых танных цыгарэт і бяздумна пераключаў туды-сюды каналы. Калі дзяўчынка ціхенька прашмыгнула ў свой пакойчык, каб пераапрануцца ў хатняе, зусім неспадзявана следам увайшоў Віцёк. Яна сцялася, бо была пераканана, што той зараз пачне крычэць, нечым папракаць ці патрабаваць, каб яна штосьці зрабіла. Але той, няўпэўнена трымаючыся на нагах, моўчкі падышоў ушчыльную да Іркі. Яна адчула, як брыдка ад яго смярдзіць перагарам, цыгарэтным дымам ды нямытым целам. Нейкі невядомы раней страх перад айчымам варухнуўся недзе ў глыбіні Ірчынай душы: што ён надумаў? Біцца будзе?

На твары Віцька з’явіўся абсалютна незнаёмы дзяўчынцы выраз: вусны расцягнуліся ў кволае падабенства ўсмешкі, карыя вочы касавурыліся некуды ўбок, шырокія ноздры трымцелі ад частага дыхання…

Раптам ён абхапіў правай рукой Ірчыну шыю, а левай пачаў абмацваць яе грудзі. У дзяўчынкі ад спалоху падкасіліся ногі. Ён не ўтрымаў яе, выпусціў з рук, і яна бязвольна павалілася на падлогу.

– Якая з цябе яшчэ дзеўка?! – неспадзявана папракнуў п’яны вылюдак васьмікласніцу. – Дошка-дошкаю! Бірубалка! У мяне цыцкі і то большыя! Смаркачка ты яшчэ, Ірка! А то ходзіш тут, задам круціш… Што ты – што ты!..

Ён выйшаў з яе пакойчыка, а яна яшчэ доўга сядзела на падлозе і размазвала па твары далонямі слёзы, якія ніяк не спыняліся. Асабліва яе абурала, што яна нібыта ў нечым яшчэ і вінаватая.

Калі праз нейкі ча, Ірка расказала пра гэтае прыкрае здарэнне маці, тая ёй не паверыла. Яна не толькі не абараніла сваю дачку, а яшчэ і набрахала на яе за тое, што тая быццам наўмысна нагаворвае на ейнага Віцю, бо ён не дае ёй бясконца лайдачыць.

Пасля гэтага Ірка проста стала баяцца роднага дому і ўсё далей і далей адыходзіць ад яго ў сваіх адноўленых вандраваннях, пакуль аднойчы не апынулася ў паўразбураным цагляным млыне, які месціцца на рацэ Крывая. Ад таго часу старая камяніца на ўвесь апошні год вучобы ў школе стала яе ўлюбёнай схованкай. Тут было бязлюдна і ціха, але зусім не сумна: ля самага млына рэчка была некалі пашырана і паглыблена, і таму цяпер у гэтым месцы можна было бясконца назіраць за тым, як драпежнікі шчупакі палююць на дурнаватую плотку. А яшчэ літаральна за дзесяць крокаў ад млына два берагі Крывой спалучае мост, па якім час ад часу праносяцца аўтамабілі. Дарога даволі бойкая. Яна звязвае два суседнія райцэнтры Магілёўскай і Віцебскай абласцей: Круглае і Талачын.

Казалі, што гадоў дваццаць назад будынак млына адрамантавала нейкая сям’я мастакоў. Другі і трэці паверхі прыстасавалі пад жытло, а на першым зрабілі кавярню. Хутка месца стала надзвычай папулярным як сярод круглянцаў, так і сярод талачынцаў. Сям’я пачала атрымоўваць немалыя прыбыткі. Але да іх сталі наязджаць рэкеціры і патрабаваць частку заробкаў. Ці то мастакі адмовіліся плаціць, ці то дзве злачынныя групоўкі не змаглі высветліць, якой з іх гаспадары мусяць аддаваць даніну, але ў выніку адноўлены будынак спалілі.

Цяпер пра апошніх гаспадароў камяніцы нагадвалі толькі рэшткі нейкіх фантастычных малюнкаў на сценах.

Ірка прыходзіла сюды пасля школы ці ад самай раніцы ў выходныя і назірала за ракою, даследавала памяшканні старога збудавання, але найбольш ёй падабалася назіраць з вакна на другім паверсе за дарогаю: загадваць, якога колеру, напрыклад, будзе наступны аўтамабіль, колькі ў ім будзе пасажыраў ці хто будзе кіроўца: мужчына ці жанчына…

Яна ўяўляла, як ужо зусім хутка выправіцца па гэтай дарозе спачатку ў Талачын, а затым у Коханава… Ведама, ёй вельмі б хацелася пабываць у Круглым, дзе цяпер, як казалі людзі, з’явілася шмат разнастайных крамаў, нейкіх спартыўных комплексаў, новы шыкоўны рэстаран і абсалютна кіношныя ўстановы: спа-салон, саўна ды боўлінг.

Часам Ірцы хацелася выйсці на дарогу са сваёй схованкі, спыніць першую сустрэчную машыну і махнуць у Круглае, каб хоць зводдаль паглядзець на тыя загадкавыя ўстановы, якіх ніколі не было і не будзе ў Друцку. Але страх перамагаў цікавасць: яна выдатна засвоіла з тэлеперадач, што на дарогах вельмі часта сустракаюцца такія адборныя вылюдкі, на фоне якіх мамін Віцёк – проста ягнятка божае.

Ведама, можна было б сесці ў рэйсавы аўтобус, які тры разы на дзень ходзіць па гэтай дарозе з вобласці ў вобласць, і заехаць не тое што ў Круглае, а нават да самага Магілёва дабрацца, але ж гэты варыянт не для Іркі: у яе няма грошай.

«Эх, грошы-грошы! Каб жа былі яны ў мяне – ні дня ў Друцку не затрымалася б! Усё б кінула: і маці, і Сашу, і школу, і з’ехала б незваротна, каб больш ніколі ў жыцці не бачыць гэтага брыдкага Віцька! Але ж, каб назаўсёды з’ехаць, трэба шмат грошай, вельмі шмат… Апрануцца каб па-чалавечы, жытло нейкае зняць, жыць за нешта трэба…»

Кожны раз думкі пра грошы і пра тое, скуль яны ў людзей бяруцца, прыводзілі Ірку да таго, што яна пачынала ўяўляць, як наступнае аўто, разагнаўшыся з крутога адхону, не ўпісваецца ў даволі пакручасты выгін дарогі перад самым мостам і зрываецца ў рэчку. Гэта апынаецца машына інкасатараў, якія на нейкі час страчваюць прытомнасць, а яна тым часам паціху вымае з іхняга сейфа на колах, каб не адразу заўважылі, толькі адну-адзіную зялёную торбу з грашыма…

І ўсё! Жыццё атрымалася! Больш няма ніякай забітай вясковай дзяўчынкі Іркі Бабровай, а ёсць папулярная, супер-пупер модная і вядомая свецкая ільвіца Ірына Баброва… Зрэшты, Баброва гучыць неяк па-калгаснаму, чаго добрага, даведаюцца папарацы, што яе ў школе Бабрыхай дражнілі… Трэба змяніць імя… З торбай грошай гэта – раз плюнуць… Яна будзе якой-небудзь Сюзі Стар ці Стэлай Артуа – праўда, здаецца, такая ўжо ёсць; ну, ці мала яшчэ ў свеце імёнаў куды больш прывабных, чым Ірка Бабрыха!.. Адным словам, цяпер у яе самы даражэнны ноўтбук і самы новы мабільнік, ці, як яны яго там называюць, айфон… Нават тры айфоны… Няхай усе зайздросцяць ёй! Цяпер яна выбірае, з кім сябраваць, а каму даваць з’едлівыя мянушкі ці не бачыць ва ўпор!

«Абавязкова атрымаю правы і набуду шыкоўны аўтамабіль! Сіні! Не, чырвоны! І аднойчы прыеду ў Друцк… Вось так падкачу да школы, адчыню дзверцы, выйду, дастану з сумачкі айфон і запалю цыгарэтку…»

Ірка проста ўвачавідкі бачыла гэтую сцэну: як са школы на вуліцу высыпала ўся дзятва і настаўнікі, а яна, такая ўся важная, недаступная, як з іншай планеты прыляцела, пытаецца: ну і хто тут цяпер Бабрыха? Не чакалі?..

Уяўленне нязменна пачынала маляваць разгублена-збянтэжаныя ненавісныя абліччы аднакласнікаў, але тады Ірка прыходзіла да прытомнасці і разумела, што іх там не можа быць: яны ж ужо да гэтага часу скончаць школу… Тады яна намагалася ўявіць тую ж сцэну свайго сакрушальнага з’яўлення ў роднай вёсцы спачатку ля клуба, потым ля магазіна, але заўсёды эфект не ішоў ні ў якое параўнанне з першапачатковай версіяй: ля школы яе чамусьці пазнавалі хутчэй.

Ірка думала, што, можа, усё ж злітуецца і дасць грошай маме, каб яна выгнала ў рэшце рэшт гэтага п’янюгу Віцька. А калі не выганіць?.. Калі не выганіць, тады і не дам!..

Самае дзіўнае, што месца ля млына сапраўды лічылася між аўтааматараў нядобрым, і там на самай справе з зайздроснай рэгулярнасцю біліся машыны, аб чым красамоўна сведчылі крыжы ды вянкі на ўзбочынах. Толькі Ірцы, на жаль, не ўдавалася стаць сведкаю ніводнага дарожна-транспартнага здарэння. Цэлы месяц яе назіранняў за дарогаю не прынёс жаданых вынікаў: аварыяў не было, і ўсё! Яна ўжо была гатовая згадзіцца, каб з дарогі ў рэчку на першы раз з’ехаў няхай сабе і не шыкоўны інкасатарскі бранявік, а хаця б якая-небудзь разапошняя малалітражка: кардынальна змяніць жыццё не атрымаецца, дык хоць грошы на білет да Магілёва і назад напэўна ж знойдуцца…

Ірка абсалютна не задумвалася, дзе менавіта ў той уяўнай разбітай машыне павінныя знайсціся грошы на білет да Магілёва. Лужыны крыві, кавалкі чалавечага мяса ды невыносныя перадсмяротныя стогны людзей яе фантазія чамусьці абачліва абмінала.

Неяк у кастрычніку напрыканцы ўрокаў усіх вучняў сабралі ў адзін клас. Разам з дырэктарам ды настаўнікамі ў памяшканне ўвайшлі два талачынскіх міліцыянты, якіх усе тут выдатна ведалі: інспектар па справах непаўналетніх Кубарэвіч ды ўчастковы Янкоўскі.

Нічога незвычайнага: зноў якую-небудзь лекцыю прачытаюць, папалохаюць спецшколай самых хуліганістых або будуць пытацца – ці не стаў хто выпадкова сведкам чарговага злачынства: бойкі, крадзяжу курэй ці веласіпеда…

– Учора ўвечары на дарозе Талачын – Круглае адбылася аўтааварыя, – сказаў замест прывітання ўчастковы.

У Іркі ўсё аж абарвалася ўсярэдзіне: як жа так?! Варта ёй было пайсці раней дадому…

– Загінулі людзі, – працягваў міліцыянт. – І калі на месца здарэння даставілі сваякоў, высветлілася, што ў ахвяр аварыі зніклі мабільныя тэлефоны ды грошы. Вадзіцель, які першы заўважыў разбітую машыну, паведаміў, што бачыў дзяцей, якія беглі праз поле ў бок Друцка… Выходзьце сюды, героі.

Героі, відавочна, не спяшаліся паўстаць перад усёю грамадою, і міліцыянт прыспешыў іх:

– Давайце-давайце! Хутчэй!

Да настаўніцкага стала падбрылі чырвоныя, бы вараныя ракі, два шасцікласнікі і сямікласнік. Усе трое шморгалі насамі і не ўздымалі вачэй.

– Вось гэтыя хлопчыкі… Замест таго, каб выклікаць дапамогу, не пабаяліся і абчысцілі кішэні нябожчыкаў… Забралі два мабільных тэлефоны і грошы, агульнай сумаю дзесяць мільёнаў рублёў… Затым прыйшлі ў вёску і набылі ў магазіне два кілаграмы сыравяленай каўбасы, дванаццаць пачкаў марожанага і два кілаграмы шакаладных цукерак… Але гэтага ім падалося недастаткова, і яны ўгаварылі жыхара вёскі Віктара Іванчанку, – у гэтае імгненне ўсе прысутныя, дзеці і дарослыя, утаропіліся ў Ірку, быццам гэта не айчым адказваў за яе паводзіны перад іншымі, а яна была ягоным апекуном, – набыць ім дзве бутэлькі пладова-ягаднага віна «Талачынскае» і блок цыгарэт «Мінск»…

Ірка спачатку абурылася такой занадта пільнай увагай да сябе, быццам гэта яна зрабіла нешта дрэннае, але потым падумала і нечакана узрадавалася: мабыць, пасадзяць цяпер Віцька!..

З усяе ж міліцэйскай прафілактычнай гутаркі Ірка зрабіла зусім не тыя высновы, якіх дабіваліся ўчастковы ды дзіцячы міліцыянт: найперш, чужыя мабільнікі браць нельга ні ў якім разе, бо ва ўсіх тэлефонах цяпер ёсць нейкія штучкі, якія дазваляюць бачыць іх месцазнаходжанне. Гэтых дробных ідыётаў толькі і знайшлі праз тыя мабільнікі. Па-другое, скрадзенымі грашыма нельга адразу ж карыстацца! Гэта ж аксіёма! Яны што, кіно зусім не глядзяць? І самае галоўнае: ні ў якім разе не прызнавацца! Як бы ні выпытвалі – маўчаць! Паспрабавалі б тыя бадзёрыя следчыя даказаць, што хлопчыкі трацяць не свае грошы, а скрадзеныя з месца злачынства: збіралі ўлетку грыбы ды чарніцы і прадавалі. Паспрабуй дакажы! Асабліва калі астатнія надзейна схаваць… І яшчэ: чым меней людзей ведае, тым лепей! Значыць, тое, што Ірка заўсёды гуляе сама па сабе, – надзейная перасцярога. Так трэба і надалей. Застаецца толькі дачакацца сваёй машыны… Дзесяць мільёнаў!.. Хаця б пяць… І адзін мільён – гэта крута!..

2

Соня – Соф’я Гальшанская (Друцкая) (1405—21 верасня 1461, Кракаў) – дзяржаўная дзяячка Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Каралева польская (з 1424), заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Гадавалася ў сям’і матчынага брата, князя Сямёна Друцкага.

Пярэваратні ў пагонах і без

Подняться наверх