Читать книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач - Страница 9

VІІІ

Оглавление

На наступны дзень старшакурсніцы Каця Дварковіч ды Віка Сакалоўская, якія і сапраўды лічыліся самымі крутымі дзяўчатамі ў ліцэі і якіх баялася не толькі жаночая палова навучэнцаў, а нават і некаторыя хлопцы, паспрабавалі адпомсціць Хрысціне Рудак, а заадно і яе суседкам па пакоі, за ўчарашнюю нечуваную абразу.

Каця вырашыла папрасіць «наехаць» на першакурсніц свайго дарослага сябрука з Коханава, Віталіка. Яна заўсёды так рабіла, калі ўзнікалі нейкія праблемы з хлопцамі з ліцэя. Таму яны яе і пабойваліся, асабліва тыя, хто не меў сяброў сярод студэнтаў.

Калі раніцай яна патэлефанавала Віталіку і растлумачыла, што ёй ад яго трэба, той толькі пасмяяўся:

– Ты дакладна здурнела! Буду я яшчэ з нейкімі малалеткамі звязвацца! Разбірайцеся самі!

Выйсця не было, і Каця распрацавала цэлую спецаперацыю, як у яе разуменні, стварыла надзвычай дзёрзкі ды падступны план, ажыццяўленне якога раз і назаўжды прывучыць нахабных першакурсніц шанаваць традыцыі ды паважаць старэйшых.

На першым этапе трэба было кожную з суседак рыжай нахабніцы, той, якая, вядома ж, у выніку сваёй выключнай тупасці, пляснула Кацю па шчацэ, паасобку завабіць у таемнае месца, дзе б іх не маглі ўбачыць ды пачуць выкладчыкі ды выхавацелі. На шчасце, такое месца было: прыбіральня на вуліцы, у двары вучэбнага корпуса.

Потым трэба непрыкметна паведаміць рыжай дрэні, што яе сябровак б’юць, і яна сама прыбяжыць у пастку…

Пастку, у разуменні Кацюхі, павінны былі ўвасабляць найперш яны з Вікусяй у поўнай баявой засяроджанасці і яшчэ, на ўсялякі выпадак, пара-тройка надзейных дзяўчат-старшакурсніц.

– Я і сама з ёю лёгка разбяруся! – каментавала свой план Каця Вікусі. – Проста ўчора яна мяне знянацку заспела! Хто мог чакаць такога свавольства ад першакурсніцы!..

Неўзабаве Ірка, Моніка ды Аліна і самі не заўважылі, як апынуліся на вуліцы ў прыбіральні ў кампаніі старшакурсніц…

– Ну, што, сучкі малалетнія? Даскакаліся? Зараз мы вас навучым старэйшых паважаць! – распачала разбіральніцтвы Кацюха.

– Выхавацелька сказала, калі мы ёй прызнаемся, што вы чапляліся да нас, вас усіх выганяць з вучылішча! – паспрабавала бараніцца Моніка.

– Ты што, на самай справе такая дурная ці толькі прыкідваешся? Выганяць! Цэлы курс выганяць? А з кім яны тады застануцца? Вучылі-вучылі два гады, а потым узялі і вось так выгналі! Дурніца! Калі нават кагосьці аднаго і выганяць, дык астатнія табе ўсё адно спакойна жыць тут не дадуць, сама збяжыш! Да таго ж я жыву зусім блізка, і ў мяне ў Коханаве сяброў шмат! Ад мяне нідзе не схаваешся!..

– Кацюха! Дык табе ўчарашняга падалося мала? – імгненна ацаніла сітуацыю Хрысціна, літаральна ўляцеўшы ў прыбіральню. – Ты вырашыла працягнуць знаёмства?!

– Хапайце яе! – загадала Каця сваім падначаленым. Але ніхто з іх не скрануўся з месца. – Віка!

Вікуся, бы толькі што апрытомнела, пасунулася да Рудай:

– Дзеўкі! Дапамагайце!

Гэтым разам Хрысціна адказала яшчэ больш імкліва ды радыкальна: не паспела на галаву вышэйшая за Рудую Вікуся зрабіць у яе кірунку і пары крокаў, як доўгія каляровыя патлы Сакалоўскай былі наматаныя на правую далонь Хрысціны. Са спрытам сапраўднага ніндзя Рудая тарганула Вікусю за валасы так моцна і рэзка, што тая з нечалавечым віскатам прыгнулася ледзь не да зямлі. Хрысціна скарыстала валасы старшакурсніцы як своеасаблівы ўпор, каб вышэй падскочыць, левай нагой адштурхнулася ад бетоннай падлогі прыбіральні, а правай, папярэдне сагнуўшы ў калене, выцяла Кацюху ў грудзі з такой сілаю, што тая наўпрост адляцела і бразнулася аб сцяну… У наступнае імгненне хаўрусніц Кацюхі ды Вікусі нібы скразняком здзьмула з прыбіральні.

Агаломшаныя першакурсніцы не маглі паверыць таму, што толькі імгненне назад бачылі на свае вочы.

– Не на тую нарваліся, шлюндры! – гыркнула Рудая, так і не выпусціўшы з рукі валасы Вікусі. – Думалі, я з вамі тут жартаваць буду?! Яшчэ раз, сучкі, паспрабуеце некага з нас зачапіць… толькі зірніце коса – пашкадуеце, што нарадзіліся! Ты, – Хрысціна тарганула Сакалоўскую за валасы, – як цябе там?!

– Віка, – ледзь чутна прашаптала старшакурсніца.

– Не чую!

– Віка! – ужо разборліва паўтарыла Вікуся.

– Гучней! – загадала Рудая і дала Вікусі моцнага выспятка.

– Ві-кто-ры-я! – чамусьці нараспеў ды па складах пракрычала сваё імя Сакалоўская. – Зразумела?!

– Зразумела…

Хрысціна вызваліла валасы Вікі і падышла да Кацюхі, якая працягвала сядзець на бруднай падлозе прыбіральні. Дварковіч прытулілася да сцяны, нібы спадзявалася праціснуцца праз яе наскрозь. Цяпер на абліччы самай крутой дзяўчыны ліцэя не было і знаку звычайнай пыхі ды грэблівасці, на ім чыталіся панічная разгубленасць ды страх.

Рудая, нібы рабіла абсалютна звычайны жэст, узняла з падлогі правую нагу, зірнула на брудную падэшву свайго паўкеда, кінула кароткае «прабач» да Дварковіч, ад чаго тая яшчэ больш здрабнела, бо, як і ўсе тут, відаць, палічыла, што зараз атрымае гэтым брудным паўкедам па сваёй прыгожай фізіяноміі.

Але Хрысціна не стала яшчэ раз біць Кацюху нагой, а надзіва будзённа паставіла нагу ў брудным паўкедзе на плячо старшакурсніцы:

– А ты, Кацюха, як, уцяміла, што нельга крыўдзіць малодшых?

– У-гу, – буркнула Дварковіч.

– Не, не так! – нешта раптам згадала Хрысціна. – Не пойдзе! Давай лепей, як і належыць у падобнай сітуацыі, ты папросіш у нас прабачэння…

Каця маўчала.

– Ну! – патузала Каціна плячо нагою Рудая.

– Прабачце…

– Хіба ж так просяць?.. Ды і каго ты просіш, незразумела… Давай як след прасі, а то можам і не дараваць…

– Прабачце нам, дзяўчаты, калі ласка, мы болей так не будзем, – з прыкметным намаганнем выціснула з сябе Каця.

– Ну, не вельмі каб ужо дужа шчыра атрымалася, скажам прама, але, як думаеце, – звярнулася Рудая да ўражаных сябровак, – на першы раз, можа, даруем?

Пярэваратні ў пагонах і без

Подняться наверх