Читать книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач - Страница 7

Оглавление

Навіна аб тым, што ў аварыі загінуў намеснік начальніка раённай аўтаінспекцыі Юры Белы, на некалькі дзён захапіла ўвагу ўсіх жыхароў Круглага: людзі пераказвалі адно аднаму падрабязнасці трагедыі, называлі розныя прычыны здарэння, шчыра спачувалі жонцы і дзецям Юрыя Уладзіміравіча.

Андрэй Белы пацярпеў не так моцна, як казалі адразу: у яго была зламаная ключыца і ў некалькіх месцах рассечаная скура на патыліцы, ад чаго і склалася ўражанне неверагоднай страты братам інспектара крыві ды істотнага пашкоджання галавы. На трэці дзень пасля аварыі ён прысутнічаў на пахаванні Юрыя. Хто і як дапамог яму выкараскацца з разбітай машыны, Андрэй не памятаў. Тым больш не бачыў ён дзяўчынку ў сінім швэдры, якая падыходзіла да аўтамабіля адразу пасля здарэння: прытомнасць, відаць, усё ж на нейкі час была страчана. Ён не знаходзіў сабе месца ад роспачы, бо лічыў, што брат загінуў праз ягоную няўважлівасць і недагляд: трэба было праверыць тармазы перад вялікай дарогай і быць больш абачлівым падчас руху…

Галіна Васільеўна дзівілася свайму спакою, з якім успрыняла страшную навіну пра смерць мужа, той цвярозай разважлівасці, з якой аддавала распараджэнні пры падрыхтоўцы да хаўтураў, быццам гаворка ішла пра арганізацыю пахавання нейкага чужога і незнаёмага ёй чалавека.

Што гэта? Адказнасць перад дзецьмі? Настолькі трывалая загартаванасць нерваў?..

Яна нават злавіла сябе на думцы пра тое, што па-свойму добра, што Юра загінуў улетку, падчас доўгіх вакацыяў, і ў яе будзе час, каб хоць неяк адаптавацца да новага свайго становішча да пачатку навучальнага года…

Усе асабістыя рэчы мужа і восем тысяч долараў, якія знайшлі ў джынсавай куртцы Юрыя, Галіне Васільеўне перадалі ў дзень аварыі. І толькі тады жанчына згадала, куды і навошта ехаў муж і якія шалёныя грошы былі ў яго з сабою.

І зноў жа надзіва спакойна Галя адзначыла сабе, як добра, што нічога не знікла – без машыны яны з дзецьмі абыдуцца, а вось грошы відавочна спатрэбяцца…

У кожнага інспектара ДАІ нядобразычліўцаў хапае: мала хто з парушальнікаў правілаў дарожнага руху лічыць сябе пакараным справядліва. Большасць чамусьці мяркуе, што іменна ў іхнім выпадку абышліся неабгрунтавана жорстка. Натуральна, былі такія і ў Юрыя Уладзіміравіча Белага. Але ніхто з іх не ўзрадаваўся смерці маладога інспектара. Ніхто, акрамя, Толіка Мікалайчыка. Толькі ён, хоць і не пасмеў нават сабе ў гэтым прызнацца, адчуў неверагодную палёгку, калі даведаўся пра смерць суседа. Быццам камень з душы знялі.

Толік адчуў нейкую зласлівую іронію жыцця, калі ўпершыню пасля невыносна доўгіх цвярозых месяцаў нарэшце выпіў якраз на памінках па чалавеку, які не даваў яму ўжываць спіртное ўвесь гэты час: ёсць усё ж на свеце вышэйшая справядлівасць.

Толькі сапраўдная іронія, а мо і вышэйшая справядлівасць жыцця, на самай справе выявілася ў тым, што Мікалайчык не змог спыніцца.

Ён прапіў цэлых два тыдні, пакуль на працы дзейнічала напісаная за яго жонкай заява на адпачынак па сямейных абставінах. Потым Алена ў перапынках паміж сваркамі ды ўгаворамі перастаць здолела выпрасіць у знаёмага доктара для мужа бюлетэнь яшчэ на тыдзень.

Як яна ні ўпрошвала Толіка ўзяцца за розум, нагадвала пра адказнасць за дзетак, прапаноўвала «закадзіравацца», – нічога не дапамагло.

– Няма на цябе Белага! – неяк у роспачы выгукнула Алена Толіку. – Толькі яго і баяўся, нягоднік!

– Я?! Гэтага… Гэтага прышчыка баяўся… Ды мне рукі проста не хацелася аб гэта дзярмо пэцкаць…

– Ён не дзярмо!

– А што гэта ты яго так бароніш?! Можа, ужо вярнула тыя пяцьсот баксаў, што яму на хабар пазычала?!

– Ён не ўзяў грошы!

– Не ўзяў?! А правы вярнуў… Не смяшы мяне: даішнік не ўзяў грошы! Так не бывае!.. Чым жа ты з ім расплацілася, курва? Натурай?! Ты спала з ім! І не адзін раз! Вось чаму ён так вылузваўся! А я думаў яшчэ…

– Ён пашкадаваў цябе, ёлупень. Па-суседску пашкадаваў, па-чалавечы.

– Нішто сабе шкадаванне: ні дома, ні на працы спакою не было!

– Гэта я яго папрасіла, каб папалохаў цябе, дурня! Каб з працы не вылецеў, ідыёт!..

– Ах ты, падла! Рогі мне наставіла, а я яшчэ і вінаваты!..

Упершыню ў жыцці Толік узняў на Алену руку. Не так моцна збіў, як ёй было крыўдна: яна ж усё рабіла дзеля яго, а ён…

Алена выклікала міліцыю, і Толіка забралі на цэлых пятнаццаць содняў. Калі ж ён вярнуўся дадому, у пад’ездзе на дыванку ля дзвярэй кватэры стаяла вялізная сумка з ягонымі рэчамі.

З паўгадзіны ён званіў і грукаў нагамі ў дзверы, пакуль жонка не крыкнула з кватэры, што звоніць у міліцыю. Зноў падмятаць вуліцы райцэнтра пад зласлівыя жарты і кпіны знаёмых не хацелася, і Толік з цяжкай сумкай павалокся на ўскраіну мястэчка ў паўразбураную матчыну хатку, дзе і працягнуў весці асацыяльны лад жыцця. Цяпер у Толіка меліся падставы і апраўданні не горшыя, чым у іншых выпівох: жонка здрадзіла і выгнала з дому, як тут не запіць?

І ён піў, бы не ў сябе, і не мог напіцца. З ранку валокся да пункта прыёму шклатары, дзе людзі дасведчаныя шукалі танную рабсілу для выканання самай цяжкай ды бруднай працы. Нехта расплачваўся за распілаваныя ці паколатыя дровы самагонкай ці «Талачынскім», нехта даваў невялікія грошы. Калі працы не было, Толік сунуўся ў піўны бар і чакаў там, пакуль хто-небудзь са знаёмых не пачастуе. Частавалі яго, частаваў, калі было чым, і ён падобных да сябе небаракаў… Нярэдка Мікалайчык апрытомніваў на лавачцы ў парку ці ў парослым бур’янам гародчыку ля матчынай хаты. Час ад часу ён думаў, што Алена ні ў чым перад ім не вінаватая, што варта спыніцца, выпрасіць у яе дараванне, і добра, што маці ўжо даўно няма на гэтым свеце і яна не бачыць яго такім… Але надыходзіла раніца, нясцерпны галаўны боль ды смага, і ўсё паўтаралася.

Нейкі час пасля вяртання ў дом свайго маленства Толік баяўся сустракаць на вуліцах мястэчка дзяцей: раптам гэта нехта з ягоных хлопцаў, нехта з іхніх сяброў ці аднакласнікаў. Ён выдатна памятаў, як яму падлеткам было сорамна, калі ягоны п’яны бацька часта ўкладаўся спаць на вялікай клумбе ля аўтастанцыі. Цётка Мар’я, якая працавала касіркаю на аўтобуснай, званіла адразу Толікавай маці. Тая бегла да іхняга суседа дзядзі Федзі, у якога быў конь, і прасіла, каб той прывёз п’янага мужа дадому. Федзя моўчкі запрагаў калёсы[4] і браў з сабою Толіка, каб той дапамог пагрузіць непрытомнага бацьку. На ўсё жыццё запомніліся Толіку тыя паездкі на аўтастанцыю з суседам, калі пад іранічнымі паглядамі мясцовых ды абсалютна чужых цікаўных вачэй даводзілася ўсцягваць на конны транспарт смярдзючае абмочанае цела… Яму хацелася праваліцца скрозь зямлю ад сораму, хацелася пазабіваць усіх гэтых лайдакоў, што нахабна пасміхаліся на платформе аўтобуснай, а найперш карцела прыдушыць бацьку, каб больш ніколі сюды не вяртацца… Толіку ішоў шаснаццаты год, калі аднойчы бацька змяніў завядзёнку і п’яны заваліўся спаць не ў цэнтры мястэчка, а на беразе Друці. Там яго і знайшлі раніцою: захлынуўся ванітамі…

Жыццё і смерць бацькі на нейкі час сталі для сына выдатнай прышчэпкаю ад спажывання моцных напояў: толькі ў войску Толік стаў выпіваць. А пачуццё сораму ды агіды, што з’яўлялася ў яго кожны раз, калі яны з суседам пад кпіны разявакаў валаклі з клумбы п’янага бацьку, часам вярталася і цяпер. Толькі зараз скіраванае яно было на самога сябе, а не на нябожчыка бацьку: Толік быў брыдкі сабе, і яму было сорамна ад усведамлення таго, у каго ён ператварыўся. Некалі ён кляўся сабе, што ніколі не будзе такім, як бацька, а атрымалася, што стаў менавіта такім… Чым больш Толік разважаў над тым, што з ім адбылося, тым непераадольней яму хацелася хутчэй выпіць, каб ні пра што не думаць, забыцца на ўсё на свеце і нічога не бачыць вакол.

4

Калёсы – фурманка.

Пярэваратні ў пагонах і без

Подняться наверх