Читать книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач - Страница 8

VІІ

Оглавление

Ірчыну маці навамоднае замежнае слова «ліцэй» наўпрост уводзіла ў ступар: ліцэй, у якім вучаць на даярак! Яна ў свой час нідзе не вучылася, каб стаць даяркай: дзевяць класаў скончыла і пайшла ў калгас. Якая там можа быць вучоба? Ды яшчэ столькі часу! Цяперашняя моладзь, ведама ж, дурнаватая і ні на што не здатная, але не да такой жа ступені… Сумніўна, каб нейкая вясковая дзеўка хоць як не ўмела даіць карову… Хіба апаратам? Але ж і ў ім нічога складанага няма…

– А мо ўсё ж пойдзеш у дзясяты клас? – час ад часу з набліжэннем верасня ўсё часцей ды часцей запытвалася маці ў Іркі. – Неяк жа дзеці ездзяць у Талачын, паездзіш і ты, нічога не здарыцца…

– Што ты гародзіш?! – пярэчыла дачка. – Які дзясяты клас?! Я дзевяць ледзь-ледзь скончыла!..

Аргумент быў бясспрэчны, але маці ўсё ж працягвала хутчэй разважаць услых, чым спрачацца з Іркай:

– Калгас нікуды не падзенецца… Заўсёды сюды можаш вярнуцца… А калі б скончыла адзінаццаць класаў, мо і з’ехала куды-небудзь у іншае месца… Мо нават у тэхнікум паступіла б…

– Я і так з’еду! Нізавошта не вярнуся!

– Дурненькая ты яшчэ! Нічога пра жыццё не ведаеш! Гэта ўсе так кажуць, што з’едуць, не вернуцца ніколі… Я вось таксама марыла некалі з’ехаць, а потым сустрэла твайго бацьку, закахалася, цябе нарадзіла… Ку ды ўжо тут паедзеш? Толькі і здолелі, што з поўнае глухмені перабрацца ў цэнтральную сялібу калгаса.

– А-га, зноў я вінаватая, што ты не збегла куды далей!..

– Ніхто цябе не вінаваціць, дурніца, проста я кажу, што не ўсё ў жыцці адбываецца так, як мы хочам. Хутчэй наадварот: усё ў ім ідзе насуперак нашым жаданням ды марам…

– А я з’еду! Вось пабачыш!..

Гады два назад з Коханаўскага ліцэя ў школу прыязджала цэлая агітбрыгада, якая агітавала выпускнікоў паступаць да іх. Дзяўчаты з ліцэя не толькі распавядалі, як цікава і весела ім вучыцца, а яшчэ, бы сапраўдныя мадэлі, дэманстравалі пашытыя ўласнымі рукамі даволі сімпатычныя сукенкі ды сарафаны. Ірка яшчэ тады сабе адзначыла, што калі пойдзе вучыцца ў Коханава, дык толькі на адзіную «не калгасную» спецыяльнасць, на якую там вучаць, – швачку. Шыць яна ніколі не ўмела ды не любіла, таму «некалгаснасць» швачкі была асноўным аргументам пры выбары спецыяльнасці.

Аднак, калі Ірка з маці нарэшце трапілі ў Коханава, каб падаць дакументы, ім растлумачылі, што пасля дзевяці класаў для дзяўчат засталіся больш-менш прыдатныя толькі дзве спецыяльнасці: садавод ды пчаляр. Ад швачак цяпер тут і паху не было: ліцэй жа сельскагаспадарчы. Нават даярак, ці па-навуковаму – аператараў машыннага даення, тут рыхтавалі завочна.

Маці прыкметна ўзрадавалася, што дачка можа пагадзіцца пайсці ў дзясяты клас ці аформіцца на завочнае навучанне і ў любым выпадку застанецца дома.

Але Ірка пастанавіла сабе ні за што не вяртацца ў Друцк. І паколькі больш за кароў яна ненавідзела корпацца ў градах, то, не доўга думаючы, абвясціла, што жадае стаць пчаляром!

Маці здалася, толькі між іншым заўважыла:

– Не разумею: навошта вучыцца тры гады на нейкага пчаляра, каб ў выніку працаваць даяркай? І дзе ты тых пчол возьмеш у рэшце рэшт?..

Ірка выключна для прыліку паагрызалася, што яна сама ўсё ведае, як-небудзь разбярэцца, кім будзе працаваць праз тры гады, і што ў любым выпадку лепей паспрабаваць стаць пчаляром, чым жыць пад адным дахам з п’яным Віцьком.

Вера на гэта толькі сказала Ірцы, каб тая ніколі потым нават не спрабавала яе папракаць тым, што яна дазволіла ёй застацца.

– І не спадзявайся! – буркнула дачка ў адказ.

Яшчэ маці падумала, што, як мінімум, з голаду малая не памрэ: як-ніяк тры разы на содні студэнтаў кормяць, ды яшчэ абсалютна бясплатна; да таго ж без кантролю не застанецца: у вучылішчы цэлы штат выхавацеляў, якія не пакідаюць дзяцей без увагі ні на хвіліну. Хоча самастойнасці – няхай атрымае…

Маці з’ехала. І калі Ірка засталася адна ў інтэрнацкім пакоі з чатырма вольнымі ложкамі, то яе апанавала казытлівае нецярпенне: вось яно, яе самае галоўнае падарожжа, пачынаецца!..

Толькі перад самай вячэрай засяліліся адразу дзве суседкі па пакоі – Аліна ды Моніка. Яны былі з нейкіх далёкіх глухіх вёсак, пра якія раней Ірка ніколі не чула. Апранутыя дзяўчаткі былі не багацей за Ірку і трымаліся так, як і яна: прыцішана і сціпла.

Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку навучальнага года, прынесла Ірцы неспадзяваную палёгку: ніводнага знаёмага аблічча сярод студэнтаў яна не заўважыла!

Проста цуд! Нарэшце яна – самая звычайная! Нікому да яе няма аніякай справы!..

Заняткі былі такія ж, як і ў школе: паралельна са спецыяльнасцю студэнты мусілі атрымаць і атэстат аб сярэдняй адукацыі.

Але Ірку займалі зусім іншыя думкі, таму яе прысутнасць і на экскурсіі па ліцэі для першакурснікаў, і на ўроках насіла выключна намінальны характар. Увесь гэты час яна бясконца пракручвала ў галаве, як бы даведацца, дзе можна абмяняць амерыканскія грошы на беларускія і набыць што-небудзь з лепшага адзення…

Пасля вяртання ў інтэрнат высветлілася, што самая прыгожая ды нахабная дзяўчына з групы пчаляроў, якая ўвесь першы дзень вучобы пра нешта спрачалася з выкладчыкамі ды, не асабліва хаваючыся, курыла за вуглом з хлопцамі на перапынку, – трэцяя суседка Іркі па пакоі.

– Ну, што, лахушкі калгасныя, таксама на салодзенькае пацягнула? – звярнулася ад парога нахабніца да Іркі, Монікі ды Аліны.

– А ты што, не калгасная? – першай апрытомнела Моніка.

– Я не лахушка!..

– Мы таксама!

– Ды не пераймайцеся вы так, жартую! Давайце знаёміцца! Я Хрысціна Рудак, можна проста Рудая!..

Прозвішча ды мянушка Хрысціны надзіва адпавядалі знешнасці: невысокая, каржакаватая, з вогненна-рыжымі, бы пафарбаванымі, густымі валасамі, чорнымі, як вугаль, пранізлівымі вачыма… Было б іншае прозвішча, відаць, звалі б проста Рыжай… А мо Іржавай? У любым выпадку мянушка ёй пасавала і падабалася, і хто ведае, ці не сама яна сабе яе і прыдумала?

Праз хвіліну Рудая здолела з віртуознасцю першакласнага шулера перасяліць Аліну ад другога месца ля вакна (першае заняла Ірка) на ложак ля ўваходу, развесіць вопратку ў шафе і распавесці суседкам, што яна прыехала сюды з-пад Оршы, з Бабінічаў, са славутай на ўсю краіну птушкафабрыкі.

– Чулі? – удакладніла Хрысціна.

– Дык чаму ты не пайшла на птушкафабрыку? – замест адказу паспрабавала высветліць Моніка. – Усе ж мараць там працаваць. Я чула, у птушкагадоўлі і заробкі добрыя.

– Мяне там занадта добра ведаюць! Можна сказаць, я мясцовая знакамітасць!

І Рудая распавяла новым знаёмым, як на працягу некалькіх гадоў з двума сябрамі яны лазілі на фабрыку і кралі курэй.

– Я ўжо на гэтыя шашлыкі з кураціны глядзець не магла!..

Аднойчы, калі яны прадавалі скрадзенае мяса, іх злавілі. Усіх трох паставілі на ўлік, выклікалі на камісію па справах непаўналетніх і ўлупілі бацькам вялізныя штрафы!

– Карацей, усе мае ашчаджэнні пайшлі на штраф: нас з сястрой адна маці гадуе, грошай у яе няма, пашкадавала… Малую, вядома ж, не матку: з ёю мы ў контрах!

Бацька Рудай, па яе словах, цягне ўжо трэцюю ходку. Сястра вучыцца ў сёмым класе, маці працуе прыбіральшчыцай у дзіцячым садку і… бухае.

– Каб я не сплаціла той штраф, маглі б малую забраць у прытулак, а мяне ў Магілёў, у калонію для непаўналетніх адправіць, хоць мянты і не даказалі, што мы скралі мяса, – аўтарытэтна зазначыла Хрысціна і зусім нечакана дадала: – Ну, што, дзеўкі, адзначым наваселле?! У мальцаў паўтарачка піва ёсць, яны запрашалі…

На апошніх словах Рудай з грукатам расчыніліся дзверы, і ў пакой увайшлі дзве дзяўчыны ў поўнай баявой экіпіроўцы: ускудлачаныя сіне-фіялетавыя валасы, якія азначалі не што іншае, як ультрасучасныя модныя прычоскі, чорныя аж да бляску цені пад вачыма, такія ж намаляваныя бровы, пунсовыя, бы ад марозу, шчокі і крывава-чырвоныя вусны; на абедзвюх па-над аднолькавымі чорнымі майкамі з намаляванымі белымі чарапамі скураныя камізэлькі з шнуркамі; ніжэй скураныя міні-спадніцы, чорныя ў вялікую клетку калготкі ды чырвоныя чаравікі на высокіх абцасах.

«Курвы!» – падумаў бы любы чалавек, калі б убачыў падобных прыгажунь на вуліцы.

«Старшакурсніцы!» – адразу здагадаліся гаспадыні пакоя.

– Што, авечкі калгасныя, вырачыліся! – гаркнула адна з размаляваных старшакурсніц, праходзячы на сярэдзіну пакоя, пакуль другая прычыняла дзверы і займала ля іх пазіцыю ахоўніка. – За прапіску трэба плаціць! Бабкі на стол!

Усе першакурсніцы адчулі выразны пах перагару і заўважылі, што скураная візіцёрша на добрым падпітку. І нібы ў якасці пацвярджэння яна адразу гучна ікнула.

– Упс… – паспрабавала яна прыкрыць далонню рот, але ў выніку проста бязвольна махнула рукой. – А-а, похер!

«Якія страшныя!» – падумалі Аліна ды Моніка.

«Якія крутыя!» – зазначыла сабе ў думках Ірка. Але тут жа зніякавела: раптам яны забяруць мае амерыканскія грошы! Яны абавязкова знойдуць іх і забяруць! Усе да капеечкі!!!

Але ў наступнае імгненне адбылося штосьці непамыснае для першакурсніц: Рудая з хуткасцю пантэры ўскочыла са свайго ложка і так моцна пляснула далонню па пунсовай шчацэ страшэнна крутой старшакурсніцы, што тая гучна ўскрыкнула, бязладна затупала на сваіх высачэнных абцасах, страціла раўнавагу і ў выніку прызямлілася сваім бліскучым скураным азадкам акурат міма крэсла на падлогу.

– Ты што, здурнела?! – без ценю ранейшага п’янага ачмурэння ў голасе раптам капрызна прамовіла з долу старшакурсніца.

– Кацюха, ты як?! – кінулася да сяброўкі ад дзвярэй другая страшная.

Як толькі Кацюха з дапамогаю сяброўкі ўскараскалася на крэсла, зноў расчыніліся дзверы, і ў пакой ускочыла выхавальніца.

– А вы што тут робіце?! – не хаваючы раздражнення, звярнулася яна да старэйшых. – Я вам што казала? Да першакурсніц – ні нагой!

– Ды мы проста пазнаёміцца зайшлі, – адказала тая, што ўзнялася з падлогі. – Праўда? – зірнула яна на Рудую.

– Праўда, Кацюха! – бадзёра адказала Хрысціна і па-хлапечы пляснула Кацюху далонню па плячы.

– Усё адно, на выхад! – са злосцю ўскрыкнула наглядчыца.

З дэманстратыўнай неахвотаю старшакурсніцы выйшлі з пакоя.

– Што ім ад вас трэба было? – запыталася цётка ў першакурсніц.

– Нічога, – спакойна адказала Рудая. – Яны ж сказалі, пазнаёміцца прыйшлі…

– Ведаю я гэтае іхняе «пазнаёміцца»… Вы, калі будуць старэйшыя чапляцца, адразу мне кажыце, не маўчыце! На раз з ліцэя вылецяць!..

– Ой! Што цяпер будзе? – спалохана выгукнула Моніка, як толькі зачыніліся дзверы за выхавальніцай. – Што ты нарабіла?! – звярнулася яна да Хрысціны.

– Прабач, не ведала, што ты хацела гэтым танным шлюндрам свае грошы аддаць. Яшчэ не позна, дагані і аддай! А заадно спытай, можа, ім яшчэ нешта трэба…

– Яны ж цяпер нас пазабіваюць!

– Гэтыя?! Не смяшы мае падковы! У скрайнім выпадку давядзецца яшчэ разок выпацкаць рукі аб іх румяны… Яны ж пантуюцца, вылузваюцца толькі, быццам яны нейкія крутыя!.. На самай справе яны такія ж звычайныя дзеўкі, як і мы, толькі мо на які год старэйшыя… Лепшы спосаб абароны – нападзенне! Мяне хлопцы даўно навучылі, што калі трапляеш у новы калектыў, то трэба адразу вылічыць у ім самага крутога, падысці і даць як наймацней па мордзе. Калі на нагах не ўстоіць, дык і зусім ідэальна! І ўсё! Ад гэтага моманту цябе ўсе будуць баяцца!..

«Вось хто мне дапаможа! – адразу ж вырашыла Ірка. – З такой сяброўкай не прападзеш!»

Пра запрашэнне хлопцаў неяк забыліся. Увесь вечар і палову ночы Рудая распавядала суседкам пра свае прыгоды.

Яна аўтаспынам некалькі разоў дабіралася да Масквы і вярталася назад. Але аднойчы яе ледзь не згвалціў нейкі п’яны дальнабойнік, пасля чаго яна перастала падарожнічаць на машынах.

– На электрычках бяспечней, толькі кантралёраў трэба пільнавацца…

Шмат разоў бывала Хрысціна ў Віцебску, Магілёве і Мінску.

– Мінск, вядома ж, самы прыгожы і чысты, толькі там мянтоў аж занадта! І ўсе чапляюцца, распытваюць – не прайсці, не праехаць… Мне найбольш Магілёў падабаецца: дабірацца лёгка, і нікому там да цябе няма справы!.. Як ёсць грошы, дык там столькі кавярняў, начных клубаў… Праўда, у клубы не заўсёды атрымоўвалася трапіць. Там фэйскантроль: дрэнна апранутых ды малалетак не прапускаюць… Але я некалькі разоў праходзіла! Там файна! Музыка, лямпачкі каляровыя, нават часам зоркі выступаюць! Я Андрэя Губіна бачыла! Ну, такі невысокі дзядзечка, ён некалі вельмі вядомы быў, у маёй маці на касеце ёсць некалькі ягоных песняў… Яна, як вып’е, заўсёды гэтую касету слухае: яны з бацькам пазнаёміліся на дыскатэцы… Як там:

Что же ты ишчыш, мальчык-бродяга,

В этой забытай богам стране…


Ну, і так далей…

– Дык чаму ты не ў Магілёў паехала вучыцца, калі там так добра? Ці хаця б ужо ў Оршу? – пацікавілася гаваркая Моніка.

– А! Не растлумачыла: я тут пад наглядам, у маці сястра працуе ў вучылішчы. Цётка Машка тут нейкі лабарант! Вось яна і будзе за мною прыглядаць, каб я не нарабіла якога глупства і не прынесла ў падоле, не атрымаўшы прафесію… Нават не ўяўляю, як яна будзе выконваць апошняе даручэнне. Хіба што сама прэзерватывы мне будзе набываць?..

– А чаму ты жывеш не ў цёткі?

– Я паставіла жорсткую ўмову: або інтэрнат, або збягу і не знойдзеце! Не хапала мне яшчэ ў іхняй двушцы з яе мужыком-п’янюгам ды сынком-батанам таўчыся!.. Лепей ужо тут, з вамі ды хлопцамі… Я крыху агледзелася. Яны тут усе, праўда, здаецца, нягеглікі нейкія, але пара прыдатных экзэмпляраў, мяркую, знойдзецца…

– Для чаго прыдатных? – не зразумела Моніка.

Астатнія таксама не ўцямілі, што мае на ўвазе Хрысціна, Моніка толькі ўдакладніла за ўсіх.

– Для чаго, для чаго… Для таго самага! Ты што, настолькі дурная ці толькі прыкідваешся?.. Ніколі з хлопцамі не гуляла, ці што?..

Ніхто з суседак не абзываўся. Усе даўно ўжо ляжалі ў ложках, а святло не гарэла: зразумець што-небудзь па іхніх абліччах было немагчыма.

– Што, праўда ніколі? Ніхто з вас яшчэ ніколі!.. Ну і ну!..

І тут Хрысціна распачала апісваць свае бясконцыя амурныя прыгоды, ад якіх Ірцы здалося, што яе твар не проста чырванее, а ззяе, як сонца, у цёмным пакоі. І, каб не выдаць сябе, яна нацягнула на галаву коўдру… Яшчэ хвіліну павагаўшыся, дзяўчына мацней прыціснулася да падушкі, а левае вуха закаркавала ўказальным пальцам, каб зусім не чуць неспадзяванай калыханкі…

Пярэваратні ў пагонах і без

Подняться наверх