Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 3
І. Кліа. Муза гісторыі
Як Дзед Талаш пабываў на прыёме ў таварыша Сталіна
ОглавлениеПадчас Другой Сусветнай вайны найбуйнейшым асяродкам беларускай культуры быў наменклатурны гатэль «Масква» у горадзе з такім жа назовам. У «Маскву», што месцілася непадалёк ад Чырвонай плошчы, ад самага пачатку вайны звозілі беларускую савецкую інтэлігенцыю з занятай немцамі тэрыторыі. Па хуткім часе на чацвертым паверсе падабралася досыць ладная кампанія: народны паэт Якуб Колас, дзіцячы пісьменнік Міхась Лынькоў, празаік Кузьма Чорны, спявачка Ларыса Александроўская…
Увосень 1943 года ў элітным гатэлі з’явіўся незвычайны госць: сівы дзядок у зашмальцаваным паляшуцкім кажушку, прапаленых нагавіцах і стаптаных ботах, змазаных дзёгцем. Пакручаныя паліартрытам пальцы сціскалі смярдзючую люльку. Дзеда суправаджалі двое супрацоўнікаў НКВД. Прытым адзін абярэжна нёс падрапаны дзедаў чамадан, перацяты раскудлачанай вяроўкай, а другі з падкрэсленай павагай падтрымліваў старога пад локаць.
Фармуляр на новага пастаяльца запаўняў адзін з энкавэдэшнікаў. Адміністратарка, якую ўвогуле цяжка было нечым здзівіць, недаверліва перачытала запіс і сціпла ўдакладніла: маўляў, няўжо новаму пастаяльцу сапраўды дзевяноста дзевяць гадоў… можа, якая памылка?
– У нас у НКВД ніколі не памыляюцца! – прымружыўся першы чэкіст.
– Нумар дайце самы лепшы, з броні ЦК! І абавязкова з відам на Крэмль! – запатрабаваў другі.
Зляканая адміністратарка хацела было яшчэ нешта запытацца, але тут нечакана падаў голас дзіўны госць.
– Тут табе, дзявуля, не воўкі пярдзяць, а людзі гавараць! – гаркнуў дзевяностадзевяцігадовы стары так, што крышталёвыя жырандолі ў фае злякана ценькнулі. – Ключы ад хаты давай!
Не прайшло і гадзіны, як уся беларуская дыяспара, якая жыла на чацвертым паверсе, ужо ведала, што ў «Маскву» засяліўся Васіль Ісакавіч Талаш. Той самы, які стаўся правобразам Дзеда Талаша ў знакамітай партызанская аповесці Якуба Коласа «Дрыгва».
Для літаратурна-мастацкага бамонду БССР навіна гэтая была супастаўляльнай хіба што з бамбёжкай гатэлю «Масква» сотняй «Юнкерсаў». Бо ўсе выдатна разумелі, чаго ад гэтага палешука можна чакаць.
Народны паэт Якуб Колас адразу прыгадаў, як Васіль Ісакавіч нахабна вымантачваў з яго частку ганарараў за «Дрыгву» – маўляў, аўтар без дазволу скарыстаў светлы Талашовы вобраз. Дзіцячы пісьменнік, а па сумяшчальніцтву і старшыня праўлення Саюза Пісьменнікаў БССР Міхась Лынкоў яшчэ не забыўся пра скаргі, якія Дзед Талаш страчыў асабіста яму – маўляў, аўтар «Дрыгвы» зламысна сфальшаваў мае партызанскія геройствы, бо насамрэч я паклаў не трох легіянераў-пілсудчыкаў, як той хлуслівы пясняр напісаў, а цэлых пяць. Спявачка Ларыса Александроўская добра памятала, як на адным урадавым канцэрце пушчанскі дзед зароў на ўвесь Оперны тэатр, указваючы на яе дэкальтэ – «у цябе, дзявуля, сукня падраная!» Празаіку Кузьму Чорнаму таксама было што сказаць, але восем месяцаў, праведзеных у мінскай турме НКВД, прывучылі яго ніколі і ніякія згадкі не агучваць.
Увечары выбітныя дзеячы культуры збіраюцца ў нумары Міхася Лынькова. Ранейшае спакойнае жыццё скончылася; ад Васіля Ісакавіча ў кожны момант можна чакаць неверагодных выбрыкаў і брутальных неспадзяванак. Так што трэба думаць, як цяпер жыць з народным героем пад адным дахам. Настрой звышпаганы, і нават армянскі каньяк з рэстарацыі «Масквы» не дапамагае яго падвысіць.
Першым, як і мае быць па рангу, выказваецца Якуб Колас. І выказваецца ён у тым сэнсе, што нашыя палешукі – людзі страшныя. Першае слова ў іх не «мама», а «дай», а слова «бяры» яны ўвогуле не ведаюць. Рана ці позна нясціплы Васіль Ісакавіч пачне і ў Маскве больш належнага патрабаваць. Што тады пра нас, савецкіх беларусаў, падумаюць партыя, урад і асабіста таварыш Сталін? Падвядзе нас усіх пад манастыр!
Ларыса Александроўская тужліва ўздыхае. Маўляў, да нашага берага нічога добрага не прыплыве: то трэска, то гаўно. Сядзеў бы стары ў сваёй дрыгве, дык не – у Маскву прывезлі! І нашто толькі ён тут спатрэбіўся?
Міхась Лынькоў, чалавек абазнаны ў літаратурна-партыйным будаўніцтве, дзелавіта адказвае, нашто. Дзед Талаш – наша беларускае ўсё. Партызаны-партызаны, беларускія сыны. Подзвіг народа несмяротны. Жывы сымбаль, карацей. Тым больш, што такога каларытнага прыгажуна з пушчанскім каўтуном не сорамна і ў «Хроніцы дня» паказаць. А то і прадэманстраваць якой дэлегацыі саюзнікаў: пакуль вы з Другім фронтам марудзіце, у нас нават стогадовыя ваююць! Таму і даставілі дзеда акурат з таемнага аэрадрома на Любаншчыне ў Маскву па асабістым загадзе таварыша Пантылеймона Панамарэнкі, найгалоўнага начальніка партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. А ў народныя мсціўцы, між іншым, паляшук ісці не хацеў, яго туды падпольны гаркам абяцанкамі завабіў: маўляў, атрымаеш пасля перамогі гектар пакосу…
Кузьма Чорны злякана паказвае вачыма то на электрычную разетку, то на жырандолю: забыліся, што ў «Маскве» нават у сценаў ёсць вушы? Тут нядаўна адзін народны паэт таксама лішняе нападпітку трымцеў, дык потым выпадкова са сходаў зваліўся… То дагаворыцеся!
Размова доўжыцца да самае ночы, але ані стратэгія, ані тактыка далейшага жыцця нешта не выпрацоўваюцца. Нават каньяк не ідзе – так і застаецца ў пляшцы.
А Васіль Ісакавіч тым часам вельмі хутка засвойваецца ў элітнай «Маскве». З вясковай непасрэднасцю шчыкае за дупы маладых пакаёвак. Гаспадарчым вокам прыглядаецца да багатага гатэльнага рыштунку – маўляў, а як гэта можна ў пушчах Палесся скарыстаць? І ўвесь час нешта патрабуе і патрабуе. У адміністратаркі – чайнік, у пакаёўкі – мыла, у заўгаса – анучы на парцянкі… Але ж сам, паскуда сквапная, ніколі нікому нічога не дае, нават калі нейкую драбязу просяць. Увесь гатэль бачыў, як адзін заслужаны генерал ў старога прыкурыць папрасіў, дык Талаш яму адразу: «Смалы табе з каланіцы! Свой агонь трэба мець!..»
Гатэльны люд паглядае на народнага мсціўцу ніякавата. Але запярэчыць баіцца. Усе разумеюць: адно слова ўпоперак – і зухаваты дзядок іх проста па сценцы размажа. А яшчэ разумеюць, што з такім народам нам аніякія акупанты не страшныя. Гэта сёння паляшук нашаму генералу ў агні адмовіў. А што будзе, калі ў яго прыхадзень-фрыц запатрабуе «млека-яйкі-шнапс»? Хана ўсяму Вермахту…
Тым часам партызан засвойвае новыя тэрыторыі. У нумары ён нудзіцца. А таму штораніцы сядае ў сваіх этнаграфічных трантах проста на ганак «Масквы», распальвае люльку і аглядае краявіды. На Манежнай, акурат насупраць гатэлю, стаіць міліцыянт-рэгуліроўшчык ў доўгім скураным плашчы. І з кожным разам гэты міліцыянт цікавіць дзядка ўсё больш і больш.
Нарэшце Васіль Ісакавіч выбівае люльку аб ганак, падымаецца і рашуча ідзе да рэгуліроўшчыка.
– Слухай, сынок, – мружыцца паляшук на крамлёўскую сцяну. – Мне сказалі, што за гэтым зубчастым плотам сам таварыш Сталін жыве. Дык скажы яму, што я вельмі хачу з ім сустрэцца!
– Таварыш Сталін цяпер сапраўды ў Крамлі, – падкрэслена ветліва адказвае праінструктаваны міліцыянт. – Але цяпер ён моцна заняты. Так што ідзі лепш, Васіль Ісакавіч, у свой нумар!
– Ат, заўсёды так: служы пану верна, дык ён табе пердне! – разгублена выдыхае стары. – І ўсё ж, як пабачыш таварыша Сталіна – дык перадай маю просьбу!
Наступным днём у ганка гатэля «Масква» спыняецца доўгі чорны легкавік, з каторага выходзіць двое чэкістаў – тых самых, якія і прывезлі Васіля Ісакавіча ў гатэль. Твары ў іх суворыя і засяроджаныя. Сінхронна трапляючы ў нагу, чэкісты нетаропка падымаюцца сходамі на чацверты паверх. Адзін, як і мае быць паводле інструкцыі, становіцца злева ад Талашовага нумара і кладзе руку на расшпіленую кабуру. Другі афіцыйна грукаецца ў дзверы.
– Грамадзянін Талаш Васіль Ісакавіч! – крамлёўскімі курантамі разносіцца па гудкім гатэльным калідоры. – Імём таварыша Сталіна загадваю вам неадкладна адчыніць!..
Старога пад спачувальныя позіркі гатэльнай публікі пад пахі цягнуць да страшнага легкавіка, і той хуценька ад’язджае ад гатэля ў невядомым кірунку.
Па хуткім часе ў Міхася Лынькова збіраюцца ўсе бээсэсэраўскія трубадуры і менестрэлі. Тое, што былы партызан, а цяпер выкрыты вораг народа Талаш В. І. ужо на Лубянцы, ні ў каго сумневу не выклікае. І яго прызнанне ў падрыхтоўцы замаху на жыццё таварыша Сталіна – справа часу і следчай тэхнікі. Давыёжваўся, стары пёрд! Давымантачваўся, жадоба паляшуцкая! Не, каб у сваім нумары чарку паціху куляць ды пакаёвак за цыцкі мацаць – у Крэмль яму захацелася! Так што цяпер усёй беларускай савецкай інтэлігенцыі з-за гэтага смярдзючага дзядка адна дарога – у ГУЛАГ.
Якуб Колас ліхаманкава прыкідае, якія паперы яму трэба спаліць. Міхась Лынькоў упарта спрабуе датэлефанавацца таварышу Панамарэнку – маўляў, гэта наш народны герой самастойна з глузду з’ехаў, мы яго ні на што такое не падбухторвалі! Ларыса Александроўская прафесійна і разважліва складае будучы рэпертуар для магаданскага тэатру. І толькі Кузьма Чорны надзіва спакойны; ён чалавек дасведчаны, ніякіх залішніх папераў у яго няма, затое турэмны чамаданчык даўно ўжо сабраны і пад ложкам стаіць.
Раптам расчыняюцца дзверы, і ў нумар увальваецца Дзед Талаш. У зубах у яго смярдзючая люлька, у руках – грувасткая валіза, а ў вачах – праўдзівае шчасце.
– Дзе быў, Васіль Ісакавіч? – перадінфарктным голасам пытаецца Якуб Колас. – У эн-ка-вэ-дэ?
– На хера яны мне здаліся? – незалежна ніжа плячыма стары. – Я гасцяваў у таварыша Сталіна.
– І што ты там рабіў? – надзіва роўна ўдакладняе Міхась Лынькоў.
– Як гэта што? – яшчэ больш незалежна здзіўляецца Дзед Талаш. – Гаварыў з ім! Ат, я ж то ведаю, як з панамі правільна размаўляць!.. Спярша кажу: неадкладна выпраўляй, мяне, таварыш Сталін, ў нашыя партызанскія лясы, гітлерцаў паганых біць! А таварыш Сталін у адказ: не магу, Васіль Ісакавіч, ты сваё яшчэ ў мінулую вайну з белапалякамі адваяваў, адпачывай лепш тут! А каб табе лепш адпачывалася, прасі ў мяне, што хочаш!
– І што, – жахаецца Ларыса Александроўская, – ты ў самога таварыша Сталіна… нешта прасіў?
– А то! – пацвярджае паляшук цынічна і самазадаволена. – Кажу: дай мне, таварыш Сталін, самы доўгі скураны плашч.
З гэтымі словамі дзед расшпільвае валізу, з сярэдзіны каторай спрэсаванай паюснай ікрой блішчыць нешта чорнае і шляхотнае.
У пакоі адбываецца маўчанне. Беларуская савецкая інтэлігенцыя недаверліва хаўкае на падарунак, які шкодны дзед пераможна дэманструе прысутным. Сітуацыя абсалютна фантасмагарычная: у Беларусі – немцы, у Крамлі – Сталін, а ва ўрадавым гатэлі стогадовае пушчанскае дзіцё пахваляецца чарговым здабыткам. І тут нарэшце не вытрымлівае памяркоўны і талерантны Кузьма Чорны:
– А навошта табе, дзед, у тваіх пушчах Палесся такая дарагая рэч?
– Як гэта навошта! – шчыра здзіўляецца Дзед Талаш. – Ды хіба не разумееце, што ніз таго плашча можна адрэзаць і дабрачыя боты пашыць, а з астатняга спраўная куртка атрымаецца!..