Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 7

ІI. Эўтэрпа. Муза лірычнай паэзіі і музыкі
Як стукач Беларускага сімфанічнага аркестра здрадзіў Радзіме

Оглавление

Савецкія грамадзяне, як вядома, падзяляліся на дзве асноўныя катэгорыя: на тых, хто стучаў, і тых, на каго стучалі. Стукачы шчыравалі паўсюдна: ад турэмных камер і да абкамаўскіх кабінетаў, ад шахцёрскіх брыгад і да бамбардыровачных экіпажаў. Нават у міліцыі і ў пракуратуры – і тое былі свае стукачы.

Беларускі сімфанічны аркестр, натуральна, не стаў выключэннем. А як жа так можна, каб савецкі працоўны калектыў існаваў без уласнага стукача? Штат вялікага сімфанічнага аркестра – больш за сто чалавек. Усе спрэс творчыя і амбітныя, з вытанчанымі густамі і багемнымі звычкамі, а, значыцца, схільныя да маральна-побытавай распусты. Ці, чаго горш – да плявузгання на палітыку партыі. Вось аркестравы стукач і пільнаваў, каб музыкі ў вольны час не чыталі дысідэнтцкай літаратуры, не расказвалі палітычных анекдотаў і не пілі зашмат гарэлкі.

Выглядаў той стукач панура, бы кастрычніцкая слата: зацёрты пінжачок з абвіслымі гузікамі, бляклыя вочкі пад залатымі акулярамі і поціск рукі, падобны да дотыку кажана ў сутарэнні. Звычайны эрзац-інтэлігент з музычным ухілам… У сімфанічным аркестры ён граў на талерках; дзынь-бабах! На палітзанятках старана канспектаваў пра міжнароднае становішча; цягнуў руку і набіраў балы. Затое ў курылцы беспакарана і правакацыйна расказваў, як люта ён ненавідзіць савецкую ўладу і як даўно марыць зваліць куды «за бугор». Натуральна, ніхто з калегаў-аркестрантаў стукачу веры не даваў, бо паскуду тую даўно ўжо падлавілі і выкрылі. Але й зрабіць з ім нічога не маглі: ад сексота стараліся трымацца падалей, не раўнуючы, як ад хворага на паршу…

У 1976 годзе Беларускі сімфанічны аркестр афіцыйна запрашаюць у турнэ па Заходняй Нямеччыне. У філармоніі пачынаецца падрыхтоўчая ліхаманка: партарг складае характарыстыкі, прафарг зацвярджае спісы, лектары-прапагандысты распінаюцца на палітзанятках пра «свет капіталу, свет бяспраўя». Музыкі закідаюць аркестравыя партыі, ціхенька мацюгаюцца і завучваюць напамяць «Правілы паводзінаў савецкіх грамадзянаў у капіталістычных краінах». А музыкантцкія анкеты тым часам праганяюцца праз шматлікія фільтры і прасвятляюцца бязлітаснымі рэнтгенамі.

Нашага стукача выклікаюць на канспіратыўную кватэру, дзе куратар «адтуль» напампоўвае яго інструкцыямі, не раўнуючы, як руплівая гаспадыня шпігуе часныком свіную рульку: эксплуатацыя пралетарыяту!.. агрэсіўны блок НАТА!.. неафашысцкія шабашы!.. полавыя кантакты з іншаземцамі раўназначныя здрадзе Радзіме!.. Зразумеў, не?!.. То пільнуй!

Сексот аддана кругліць вочы – маўляў, усё сумленна зраблю і ўсіх чыста пазакладаю!

Вось і добра, лагаднее куратар… А яшчэ не забудзься потым даць справаздачу пра маральна-побытавую разбэсту ў вашым працоўным калектыве… м-м-м… і пра мажлівую кантрабанду таксама. Шчаслівай дарогі!..

У дарозе аркестранты, як і мае быць, выцягваюць пляшкі і смокчуць патроху, каб, крый Божа, партарг, прафарг і інспектар аркестра не дазналіся! Тым больш, што наперадзе дзяржаўная мяжа, на якой трэба выглядаць прыстойна. Кампаніі стыхійна самаарганізаваліся па купэ яшчэ ў Мінску – згодна са сталымі унутрыаркестравымі сувязямі, асабістымі сімпатыямі і алкагольнымі ўпадабаннямі.

А вось стукача з усіх кампаній культурна выстаўляюць. У скрыпачак нібыта інтымныя сакрэты, віяланчэлісты нахабна маняць, што ніякай гарэлкі ў іх няма, а саліст групы валторнаў дык увогуле дэкларуе адкрытым тэкстам: маўляў, калі ты адмыслова прыстаўлены да нас, каб пра стаўленне да савецкай ўлады выпытваць – дык дачакайся палітзаняткаў, там з лектарам і дыскутуй!..

Небарака-стукач адчувае сабе, не раўнуючы, што той ліс, якога адважныя пеўні задзяўблі і выгналі з куратніка. Тое, што ягоная сексотцкая сутнасць ні для каго не сакрэт, шпег выдатна ведае. Ведае пра гэта, напэўна, і ягоны куратар. Аднак інфарматараў у куратніках трымаюць не толькі на тое, каб яны даносілі на асмялелых птушак, але й проста дзеля страху. А вось нашага сексота не толькі не баяцца – з яго пагарджаюць і нават кпяць! І, прытым, з кожным днём ўсё смялей і смялей. Трэба, нарэшце, паказаць гэтым недавумкам, хто ў Беларускім сімфанічным аркестры гаспадар!..

Пакрыўджаны ў найлепшых пачуццях стукач маркотна грызе пазногці, працірае рукавом акуляры і песціць планы помсты…

Пасля каскада памежна-мытных ліхтугаў музыкі нарэшце дабіраюцца да «бундэса». Тыя, хто на Захадзе ўпершыню, хаўкаюць агламошана: бліскучыя лімузіны, вітрыны з прыгожымі трантамі, каўбаса пяцідзесяці гатункаў і без ўсялякай чаргі… Але ж ўголас таго захаплення не выказваюць: дысцыплінавана перасоўваюцца ў складзе групы і размаўляюць стрымана і фальшыва пра нешта пабочнае. Тыя, хто на замежных гастролях не ўпершыню, дзелавіта выцягваюць з загашнікаў «Сталічную» з вінтавой закруткай, каторую дазволена браць за мяжу па дзве нуль-пяць на чалавека, і прыкідаюць, дзе б яе павыгодней загнаць, каб да жабрацкіх камандовачных пфенінгаў дадаць колькі дзесяткаў паўнавартасных дойчмарак на падарункі родным і блізкім.

Сексот разумее: цяперашні час – найпрыдатнейшы, каб парахавацца. У вялікім сімфанічным аркестры абавязкова знойдзецца які-небудзь несвядомы элемент, які прывёз з сабой не толькі гарэлку. Стукач бадзяецца па гатэльных калідорах, абцірае сцены і быццам бы няўзнак заходзіць у нумары да аркестрантаў: прабачце, а ў вас запалак няма? і штопару таксама? можа, залішнюю шкляначку пазычыце? І зыркае, мярзотнік, з-пад сваіх акуляраў памыйным пацучком – што ў каго на стале, што пад сталом, што з-пад падушкі выторкваецца…

У саліста групы валторнаў шпегу нарэшце шэнціць: гаспадар не паспявае сунуць у кішэню нешта бліскучае і дробненькае. Ну-ка, ну-ка, пакажы… Царскі чырвонец?!.. А-ёй!..

Стукач паглядае на злачынцу дакорліва і красамоўна – маўляў, і так усё зразумела. Той у ступары: вышэптвае мудрагелісты мацюг, звужае вочы і сціскае кулакі… але стрымліваецца. «Маральны кодэкс будаўніка камунізму» ён выдатна ведае, а цяпер акурат той момант, калі гэты кодэкс можа перакуліцца ў крымінальны. Злачынца вагаецца, уздыхае, пераступае з нагі на нагу… і працягвае чырвонец нязванаму госцю. Забірай, сука, толькі не кажы нікому! Дамовіліся?!..

Чырвонец выглядае надта прывабна. І загнаць яго ў «бундэсе» можна за сур’ёзныя грошы… калі ніхто не дазнаецца. А калі дазнаецца? Дзе гарантыя, што ў Беларускім сімфанічным аркестры іншых інфарматараў няма?! Дый тутэйшыя ювеліры і нумізматы ўсе, як адзін, завербаваныя заходнімі спецслужбамі, нават куратар пра гэта неяк папярэджваў… То сапраўды лепш не звязвацца!

А таму сексот праз настояную драматычную паўзу прамаўляе пранікнёна і нават пакрыўджана: маўляў, як ты мог падумаць? Мы ж сябры і калегі… хіба не разумееш?!..

Ды ўсё я разумею, безцарамонна перапыняе валтарніст, проста ссыш з тым чырвонцам звязвацца! Што хочаш за сваё маўчанне?.. Прастаўлюся – добра?… Дамовіліся, дзве скрыні «белай», адразу, як у Мінск вернемся.

Што…

Менавіта ту-у-ут???!!!..

Валтарніст, агаломшаны бязлітасным ультыматумам, ляціць да карэфанаў-духавікоў і праз адборныя мацюгі енчыць: калегі, ратуйце!.. Калегі карпаратыўна салідарызуюцца: хрэн з ім, хай кожны па пляшцы скінецца – затое сумленне застанецца чыстым!.. А яшчэ салідарызуюцца ў тым, што сексотцкую падлюку варта за такую прадразвёрстку пакараць па ўсёй суворасці аркестравых законаў!..

Турнэ па Заходняй Нямеччыне праходзіць бліскуча. У залях аншлагі. Музычныя крытыкі проста праменяцца добразычлівасцю. Асмялелыя аркестранты паціху п’юць піва з нямецкімі калегамі і выслухоўваюць кампліменты на сваю адрэсу.

Але больш за ўсіх задаволены наш стукач: і бабла на прададзеных сарака пляшках «Сталічнай» накасіў, і ўсім аркестровым куранятам давёў, хто ў Беларускім сімфанічным аркестры гаспадар!

І вось – апошні дзень турнэ: невялічкі гарадок з цацачнай ратушай, сярэднявечнай брукаванкай і добразычлівымі бюргерамі.

Увечары да стукача падыходзіць той самы валтарніст: маўляў, выпіць хочаш? У сексотавым мозгу адразу запальваецца трывожная лямпачка – і прапанова нязвыклая, і гучыць яна ад надта падазронай асобы… Стукач напружваецца, туманіцца поглядам і патнее, спрабуючы вызначыць сутнасць падставы. Ды супакойся, прымірэнча кажа валтарніст. Сапраўды табе вельмі ўдзячны, што не растрындзеў… Вось на знак падзякі, а таксама з надзеяй, што і далей трындзець не станеш, і хачу праставіцца. Нам тут нямецкія меламаны шнапсу падагналі, дык усе нашыя ўжо спяць, а праз мяжу ўсё адно столькі не правесці. Дык чакаць у госці, ці ў чарупіну выліваць?

Па хуткім часе стукач сядзіць у гатэльным нумары дабрадзея. На стале – сціплая закуска і вялікая пляшка з прыгожай налепкай. Сексот задаволена жлукціць халяўны кір, мружыцца і плямкае ад нязвыклага мацунку. Вось, што значыцца якаснае буржуйскае спіртное – не тое, што нашая паскудная «Сталічная», вырабленая з нафты! Ужо толькі за адно гэтае можна савецкую ўладу ўзненавідзець!

Валтарніст падлівае госцю прыязна і добразычліва, нібы той Сал’еры, але ж сам адно ўдае, што таксама жлукціць.

Пляшку з прыгожай налепкай ён адшукаў у бліжэйшым смеццёвым баку. Набулькаў туды медычнага спірту, які ў нямецкіх аптэках коштам пітной вады, прытым у тым спірце падступна распусціў колькі пігулак дымедролу. Зараз гэтая падлюка вырубіцца, і тады…

Але ж падлюка чамусь вырубацца не хоча. П’янее, касее, ікае… і правакацыйна распавядае, як і за што ён не любіць савецкую ўладу. З шоргатам сунецца ў прыбіральню, выблёўвае меню, зноў піячыць і зноў надакучліва апавяшчае пра сваю шчырую нянавісць да СССР. Гэта ўжо не правакацыя, гэта – лейтматыў. У операх Рыхарда Вагнера падобнае называецца «прынцыпам монатэматызму». А ў клінічнае псіхіятрыі – «сіндромам навязлівых станаў».

Нарэшце, гаспадар не вытрымлівае і раздражняецца: маўляў, супакойся, ты не на працы! На вось, каўтані!..

Па хуткім часе валтарніст спускаецца ў фае гатэлю і на знакі нешта паказвае трамбаністу і альтыстцы. Тыя сінхронна падымаюцца і сунуцца да парц’е, з мэтай адцягнуць увагу. Валтарніст тым часам спрытна цягне ад ліфта непрытомнага стукача. На ганку матэрыялізуецца кантрабасіст, які пераймае цела. Прытым уся гэтая аркестровая зладжанасць відавочна сведчыць пра злосны намер і папярэднюю змову.

Неўзабаве мёртвы, як бэлька, стукач, маляўніча раскладзены на клумбе акурат насупраць паліцэйскага пастарунку. У руцэ ў яго пустая пляшка, на грудзях – свежыя ваніты, а ў прамежнасці – цёмная вільготная пляміна. Нацюрморт завяршае бездухоўны парнаграфічны часопіс, які бессаромна выторкваецца з адцягнутай кішэні… …Нараніцу сексот пакутліва расклыпвае засмяглыя вочы. Ён ляжыць у незнаёмым ложку ў такім жа незнаёмым пакоі. На вокнах – краты, на сцяне – нейкі плакат з надпісамі не па-нашаму. Стукач напружана факусуе зрок і з жахам вызначае першае слова: «Achtung!» Другое прачытанае слова выглядае зусім пачварна: «Polizei». І тут наш стукач разумее, што патрапіў ён няйначай, як у бункер да недабітых фашыстаў, і ратунку яму няма… І сапраўды, па хуткім часе ў пакойчыку з’яўяецца бландыністы гестапавец у форме з пагонамі-пляцёнкамі, як у фільмах пра вайну і немцаў. Сексот палахліва цягне голаў у плечы, бо ўжо наперад ведае, што зараз прагучыць «хэндэ хох!» і «шысэн!». Бела-русы гестапавец афіцыйна пасміхаецца, нешта гергеча і сыходзіць.

Што рабіць?!

У роце арыштанта – пякельная суша, у галаве – палярная ноч. Неўзабаве чарнільную цемру мазгоў працінае танюткі праменьчык… спакваля набрыняе жоўцю, пагрозліва пульсуе і, нарэшце, набывае падабенства да класічнага зонаўскага пражэктара, прытым пражэктар гэты нахабна лупіць проста ў твар!..

Жыццё скончанае. Нават, калі ў палоннага і атрымаецца ў нейкі цуд збегчы з гэтага Бухенвальда, дык на Радзіме яму нічога добрага не свеціць. Дыскрэдытацыя гонару і годнасці савецкага грамадзяніна, ідэалагічная дыверсія, разгалошанне дзяржаўных таямніцаў… І ніхто – ані дырыжор, ані калегі з аркестра, ані нават куратар «адтуль», – ніколі за яго не заступіцца!..

Тым часам ў пакойчыку зноў з’яўляецца бела-русы гестапавец, але ж гэтым разам – з маладой дзеўкай у цывільным.

І тут небарака не вытрымлівае… У ім адбываецца некіруемая і імгненная пераналадка асобы. Ён б’ецца галавою аб сцяну, аблізвае гестапаўцаў на манер спаніэля і сіпіць пры гэтым, бы той падраны шланг:

– Таварышы фашысты! Патрабую палітычнага прытулку!.. Не магу больш жыць у савецкім пекле!..

…Ужо ўвечары паліцэйскі пастарунак наведваюць дырыжор і інспектар Беларускага сімфанічнага аркестра. Дырыжор шчыра шкадуе заходніх немцаў, на голаў каторых гэты падарунак зваліўся. А інспектар аркестра выказвае пажаданне пералічыць частку гастрольных ганарараў у Міністэрства культуры краінаў агрэсіўнага блоку НАТА, каб толькі больш не бачыць гэтую паганую суку ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі…

Апошнім да новаспечанага дысідэнта прыходзіць дыпламат з савецкай амбасады – суворы дзядзька з класічна незапамінальным тварам і мажнымі валасатымі кулакамі.

– Дык гэта сапраўды не правакацыя, а твой асэнсаваны выбар? – удакладняе ён недаверліва.

Стукач ганарліва выпроствае храбціну і незалежна глядзіць наўсцяж. – Так! Я ж даўно ўсім казаў, што савецкую ўладу ненавіджу. А вы, блядзі, думалі, што гэта ўсяго толькі дазволены жарт?!..

Музы і свінні

Подняться наверх