Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 6

ІI. Эўтэрпа. Муза лірычнай паэзіі і музыкі
Як Дзмітрый Шастаковіч хадзіў у Мінску на футбол

Оглавление

Ці не кожны праўдзівы творца – наступная ступень эвалюцыі курыцы, якая толькі што знесла яйка. Мэта курыцы – квахтаць пра сваё дасягненне на ўвесь куратнік, каб давесці, што плён ёйнай дупы – самы пукаты, прыгожы і вялікі ў цэлым белсвеце. Мэта пісьменніка, мастака і кампазітара – давесці цэламу свету, што плён ягонага генія самы таленавіты, крэатыўны і бліскучы, асабліва, у параўнанні з плёнам шэрых і бяздарных калегаў.

Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч быў праўдзівым творцам, але пра свае творы гаварыць не любіў. У «геніі», у адрозненне ад шматлікіх калегаў з Саюза Кампазітараў, не запісваўся. На высокія трыбуны без дай патрэбы не пнуўся. Былі ў Дзмітрыя Дзмітрыевіча дзве тэмы, на якія ён мог размаўляць бясконца. Па-першае, які скончаны мудзіла старшыня Саюза Кампазітараў СССР Ціхан Хрэннікаў – сталінскі халуй і «сын гандлёвага работніка», як яго сам Шастаковіч называў. Па-другое – якая баявітая, бескампраміслівая і прыгожая каманда «Зеніт» Ленінград, які змястоўны футбол яна штораз дэманструе, і як прыемна глядзець на гэты футбол з трыбунаў.

Менавіта на любові да футболу Шастаковіч і пагарэў падчас сваёй творчае камандоўкі ў Мінск…

Трынаццатая сімфонія Шастаковіча «Бабін Яр» ці не адразу патрапіла ў шэраг падазроных і напаўзабароненых. Згадваць пра генацыд савецкіх грамадзянаў яўрэйскай нацыянальнасці ў шасцідзесятыя гады ўжо не рэкамендавалася; «праявы сусветнага сіянізму». Немаскоўская прэм’ера Трынаццатай сімфоніі першапачаткова мелася адбыцца ў Кіеве, што было б слушна, але ж тагачасны першы сакратар ЦК КПУ таварыш Падгорны адмовіўся катэгарычна: маўляў, нам гэтых жыдоўскіх енкаў у сталіцы савецкай Украіны не трэба! А вось тагачасны першы сакратар ЦК КПБ таварыш Мазураў чамусьці паставіўся да мажлівай прэм’еры ў Мінску паблажліва. Можа, не зусім разумеў, што такое сімфонія, і чым яна адрозніваецца ад оперы. Можа, прыгадаў сваё гомельскае юнацтва і шматлікіх сяброў-яўрэяў. А можа, проста нападпітку быў. Карацей, праявіў тыповую палітычную блізарукасць. І вось у сакавіку 1963 года Дзмітрый Дзмітрыевіч прыязджае ў Мінск. Сустракаюць яго, як і мае быць, на чорнае «Волзе». І вязуць у цэкоўскі гатэль «Беларусь», які на той час месціўся акурат насупраць стадыёна «Дынама». Шастаковіч паспешліва раскладае транты, прымае душ і неадкладна выпраўляецца на рэпетыцыю.

На першы погляд, зала, як зала: класічная плюшавая заслона, ампірныя аздобы па сценах. Але на калідорах і ў фае чамусьці панавешана процьма партрэтаў Фелікса Эдмундавіча і шчытоў з перакрыжаванымі мячамі. Дый публіка, якая прыйшла на рэпетыцыю, нібы з калгаснага інкубатара: аднолькавыя індпашываўскія стройчыкі, аднолькавыя шкляныя вочкі.

Дзмітрыю Дзмітрыевічу становіцца ніякавата. Не, ён канешне, чуў пра любоў беларусаў «да парадку», бо Шастаковічы – з тутэйшае шляхты, дый дзед кампазітара браў удзел у антымаскоўскім паўстанні Кастуся Каліноўскага. Але ж каб «парадак» сягаў ступені татальнай уніфікацыі!?. І тут высвятляецца, што нічога да прэм’еры не гатова. Аркестравых партый няма, клавіру няма, нават пюпітраў для ўсіх аркестрантаў бракуе. У дадатак да ўсяго, Дзяржаўны хор БССР катэгарычна адмаўляецца браць удзел у канцэрце. Міністр культуры БССР таварыш Кісялёў морду ад Шастаковіча адварочвае і не вітаецца дэманстратыўна, нібы не ведае, хто гэта такі. Друкарня атрымлівае загад з ЦК КПБ – тэрмінова спыніць вытворчасць афішаў. Прэм’ера пад пагрозай зрыву; пэўна, пільныя ідэолагі з Масквы ўжо патэлефанавалі малодшым мінскім братам пра падступную сіянісцкую правакацыю. А то і Галоўкампазітар СССР Ціхан Мікалаевіч Хрэннікаў вырашыў уласнаручна прыціснуць атрутную шчупальцу сусветнай жыда-масонскай змовы…

Пачынаецца рэпетыцыя аркестра. Музыкі не трапляюць у такт. Дырыжор злосна ломіць палачку за палачкай. Публіка ў індпашываўскіх стройчыках паглядае на Шастаковіча, нібы атрад эсэсаўскіх карнікаў на палоннага беларускага партызана. Карацей, сумбур замест музыкі. І ад усёй гэтай бязглуздзіцы, і ад напружаных пысаў меламанаў у цывільным, і ад падазроных шчытоў з мячамі Шастаковічу канчаткова становіцца пагана. Ён даручае разабрацца з усім гэтым безладдзем дырыжору, а сам спяшаецца на свежае паветра. Трэба яшчэ высветліць, што ж гэта за такая дзіўная зала, і што за публіка на рэпетыцыі сабралася!

Першае, што бачыць кампазітар – такую прыгожую шыльдачку каля дубовых дзвярэй: «Клуб ім. Дзяржынскага КДБ БССР».

Шастаковіч адразу згадвае пра свайго сябра Саламона Міхоэлса, які акурат пятнаццаць гадоў таму загінуў у Мінску, дзякуючы такім вось хлопчыкам з гарачымі сэрцамі, шклянымі вочкамі і непрыстойна доўгімі рукамі. Пра прыяцеля-піяніста Рудольфа Керара, якога «органы» за нямецкае прозвішча пасадзілі. І пра шмат чаго яшчэ. І, як у кожнага нармалёвага чалавека, у кампазітара першае жаданне – бегчы з гэтага гадзюшніка падалей. Куды? Ды хаця б у свой гатэльны нумар!

А дарога ад Палацу Дзяржбяспекі да тагачаснага гатэлю «Беларусь», як не круці – толькі ўздоўж стадыёна «Дынама». Каля стадыёна – вірлівы натоўп. Футбольны фанат Шастаковіч, натуральна, цікавіцца – а хто з кім? Ды наша мінскае «Дынама», кажуць, якое раней «Беларусь» называлася, супраць маскоўскага «Спартака».

– «Спартак»? – перапытваецца кампазітар, і ягоныя вочы пад акулярамі з біфакальнымі лінзамі запальваюцца лютай нянавісцю; як і мае быць для праўдзівага фаната «Зеніта», маскоўскі клуб для яго – вораг нумар адзін.

Да таго ж, калі мінчане выйграюць сёння ў «мяса», дык роднаму «Зеніту» гэта будзе адно на карысць, з улікам турнірнай табліцы.

Тут і вагацца не варта – ісці ці не ісці! На стадыёне дакладна музыказнаўцаў у цывільным не будзе. Як і партрэтаў Дзяржынскага…

Касы ўжо зачынены, але ж госцю неверагодна шанцуе. Нейкі пралетар у кепцы прапануе: маўляў, у яго залішні квіток, сябручка жонка не пусціла… Дык купляеш, інтэлігент?

І вось Шастаковіч сядзіць на самых танных месцах стадыёну «Дынама», акурат за футбольнай брамай, побач з дабрадзеем-пралетарам. Усе імпэтна падтрымліваюць «Дынама» Мінск. Мяч у Савосцікава, ён пасуе Арзамасцаву, той вытанчаным фінтам абводзіць нейкага спартакаўца, аддае пас Малафееву проста ў штрафную, яго збіваюць… Пенальці?..

У СССР футбол паспяхова замяніў паспалітаму людству рэлігійныя рытуалы і народныя традыцыі, і таму абурэнне з прычыны непрызначанага пенальці – адзіная дазволеная форма грамадскага пратэсту. Як гэта «парушэння не было», яго ж у штрафной пляцоўцы скасілі! Было, яшчэ як было, гэты казёл у чорным адмыслова маскалям падсуджвае, як і заўсёды!

Стадыён, нібы па камандзе, падымаецца і раве: «Суддзю на мыла!» Пралетар у кепцы лаецца нецэнзурна. Шастаковіч таксама неверагодна абураны. Але ж эмоцыі выяўляе куды больш культурна:

– Прадай свісток, купі акуляры! – лямантуе.

Трыбуны паглядаюць на яго са шчырай павагай: ты ж глядзі, інтэлігент, а разбіраецца!

У перапынку ўражаны пралетар добразычліва прапануе новаму знаёмцу папіць піўка. Купляе «Жыгулёўскае», здзьмухвае шум. Выцягвае нейкую пляшку, ад якой тхне першабытным перваком.

– З роднай вёскі прывёз! – шчасліва мружыцца пралетар. – Алё, ціліхент, давай свой куфаль, я і табе ў піва падлію для мацунку!

Адмовіцца няёмка: субяседнік са шчырай душой. Дый савецкаму кампазітару трэба бліжэй быць да народа!

Аматары футболу смакуюць піва з самагонкай і абмяркоўваюць турнірную табліцу чэмпіянату СССР. Інтэлігент у акулярах дэманструе ну проста неверагодную эрудыцыю: словы «хаўбэк», «афсайд», «карнёр», «сухі ліст» сыплюцца з яго, бы з футбольнага каментатара.

І тут здараецца катастрофа…

– А ў нас у «Зеніце»… – пачынае Шастаковіч і прыкусвае язык, бо разумее, якое глупства ляпнуў.

Пралетар адстаўляе піва і нядобра мружацца на выпадковага знаёмца. Пачынаецца спрэчка. Як і мае быць, праз хвіліну фанат «Зеніта» атрымлівае ў вуха. Акуляры лятуць у адзін бок, шапка ў другі, а ахвяра ляжыць у калюжыне. Пралетар уцякае, а Дзмітрыя Дзмітрыевіча з калюжыны выцягвае міліцыянт.

– Вашы дакументы? – цікавіцца.

Пашпарта ў кампазітара з сабой, натуральна, няма – не прасякнуўся яшчэ «беларускім парадкам». Ці то ў цэкоўскім гатэлі «Беларусь» забыўся, ці то ў Клубе імя Дзяржынскага…

– Я – кампазітар Шастаковіч! – кажа кампазітар Шастаковіч.

– Ну і што? – ніжа плячыма мент. – А я сяржант Шмонаў. Пайшлі ў райаддзел. Паглядзім, які ты кампазітар.

Шастаковіча пад локаць прыводзяць у мянтуру. І сяржант дакладае начальніку, што ім затрыманы нейкі антысацыяльны элемент, хуліган і, у дадатак да ўсяго, алкаголік. Як гэта «не алкаголік»? Вы яго, таварыш маёр, самі панюхайце! Нажлукціўся, падлюка, да тае ступені, што прылюдна валяўся ў калюжыне. Зневажаў сваім выглядам гонар і годнасць савецкіх грамадзянаў. Вось пры Сталіне яго бы ведаеце, куды?

– А яшчэ кажа, што ён гэты… архітэктар! – грэбліва пасміхаецца сяржант.

– Ды не архітэктар, а кампазітар! – добразычліва папраўляе Шастаковіч. – Вы што – «Ленінградскую сімфонію» не чулі? Не? Ну, тады вось гэта: «Нас утро встречает прохладой, нас ветром встречает река. Кудрявая, что ж ты не рада веселому пенью гудка?» – сціплым такім тэнарком зацягвае Дзмітрый Дзмітрыевіч. – «Песня о встречном». Чулі такое?

Начальнік райаддзела паглядае на правапарушальніка падазрона. Прозвішча «Шастаковіч», ён, вядома ж, чуў. Калі тэрміновую службу ў Асаблагу ў 1948 годзе праходзіў, на палітінфармацыі ўсяму ўзводу «Праўду» чыталі, Пастанову ЦК ВКП (б) «Аб оперы «Вялікая дружба» Вано Мурадэлі». Тамака прозвішча Шастаковіч акурат і згадвалася. Антынародны кампазітар. Фармаліст. Аўтар шэрагу нізкамастацкіх твораў. Нізкапаклоннік перад Захадам. Гэты, як яго… ціпа касманаўта… Во, касмапаліт!

– Я лаўрэат пяці Сталінскіх і адной Ленінскай прэміі! – ганарліва нагадвае Шастаковіч.

Міліцэйскі начальнік пільным вокам аглядае затрыманага і недаверліва крывіць вусны. На правапарушальніку таннае паліто з пісягамі свежага бруду. Шапка з невядомага навуцы звера. Акуляры з пабітым шкельцам. І смурод вясковага первака з «Жыгулёўскім» на ўвесь райаддзел. Так лаўрэаты не выглядаюць. Пэўна, нейкі інжынерышка з Трактарнага ўзяў на грудзі залішняга, вось і яго і пераклініла.

Але ж у жыцці ўсякае здараецца. Неяк таксама падпітага інтэлігента ў акулярах адлавілі, хлусіў, што партарг скабяной майстэрні. Высветлілася, што не хлусіў.

Тут, безумоўна, варта правесці следчы эксперымент. Маёр выцягвае з-пад стала дыктавую гітару-шасьціструнку, абклееную прыгажунямі, выразанымі з часопіса «Огонёк».

– Так, з Маі Крышталінскай ці Эдзіты П’ехі што-небудзь можаш збацаць? Не? Ну дык не звяздзі! Кампазі-і-ітар ён. Шмонаў, адвядзі яго ў камеру…

Шастаковіч нудзіцца ў камеры да вечара. І свеціць яму стандартныя пятнаццаць сутак. Скандал. Рэпутацыя. Пляма на партбілеце. А гэта значыць, што ні пра якую прэм’еру Трынаццатай сімфоніі ў Мінску і гаворкі не можа быць. На радасць маскоўскім ідэолагам. Цяпер затрыманы згодны на ўсё: пасміхацца гэбэшным мудзілам, сядзець у адным прэзідыуме з Ціханам Хрэннікавым, пісаць кантаты пра Радзіму і Партыю. І нават стаць прыхільнікам маскоўскага «Спартака». Не, ну апошняе, вядома ж, перабольшванне, але ж і камера тут смярдзючая, і кліенты нейкія сінія-сінія ад татуіжаў… Відавочна не меламаны!

Начальнік райаддзела ўжо збіраецца дахаты, калі на стале яго бомкае тэлефон. Напэўна, жонка-сцярвоза, бо заўсёды ў такі час тэлефануе, пільнуе, каб пад канец працы не нажлукціўся.

– Алё-ё-ё… – лісліва дыхае ў трубку маёр.

– Прыміце тэлефанаграму з апарату Цэнтральнага Камітэту камуністычнай партыі БССР, – трыбунальным металам азываецца трубка. – У Мінску бясследна знік сусветна вядомы савецкі кампазітар Дзмітрый Шастаковіч. Не выключаюцца правакацыі заходніх спецслужбаў. Справа на асабістым кантролі таварыша Мазурава. Усяму асабоваму складу мінскай міліцыі тэрмінова адкласці ўсе справы і заняцца пошукамі. Запісвайце арыенціроўку…

І тут маёр упершыню разумее, што поўная страта гравітацыі здараецца не толькі з савецкімі касманаўтамі. Голас імкліва падкідае яго да столі, кавадлам б’е ў вушы, у пысу, у патыліцу, у грудзі, у геніталіі, пад дупу і гэтак жа імкліва нізрынае на падлогу. Праваахоўнік з ціхім і сарамлівым цурчэннем абсікваецца. Проста ў мокрых штанах ён бяжыць у камеру і выводзіць арыштаванага на волю. Чысціць падсохлы бруд з ягонага паліто, расказвае пра сваю палымяную любоў да лаўрэатаў Сталінска-Ленінскіх прэмій, да ўсялякіх антынародных інтэлігентаў, фармалістаў і касмапалітаў, абяцае ўласнаручна застрэліць сяржанта Шмонава з табельнага «макарава», садзіць Шастаковіча ў міліцэйскі «Масквіч» і вязе ў гатэль «Беларусь»…

…Прэм’ера Трынаццатай сімфоніі прайшла ў Мінску з шалёным поспехам. Зала апладавала стоячы. Аўтара выклікалі на «біс» разоў пяць. Праўда, «Советская Белоруссия» традыцыйна абліла геніяльнага кампазітара брудам: маўляў, і сімфонія «так сабе», а сам Шастаковіч «задачу партыі і ўраду не выканаў».

Зрэшты, Дзмітрый Дзмітрыевіч, як чалавек разумны, падобных газет не чытаў. А калі б такое пра сябе і прачытаў – не надта б і пакрыўдзіўся. Не любіў ён абмяркоўваць свае творы. Бо ў мастацкім развіцці пайшоў значна далей за шматлікіх калегаў, якія так і засталіся на другой ступені эвалюцыі пасля курыцы-нясушкі.

У сталіцу савецкай Беларусі кампазітар Шастаковіч прыязджаў яшчэ разоў пяць. І з канцэртамі, і проста так. Але ж і мінскі стадыён «Дынама», і комплекс КГБ БССР на Ленінскім праспекце абыходзіў, як той казаў, свінячымі сцежкамі…

Музы і свінні

Подняться наверх