Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 8
ІI. Эўтэрпа. Муза лірычнай паэзіі і музыкі
Як Уладзімір Мулявін зладзіў канцэрт для віцебскіх бамжоў
ОглавлениеДля савецкага чалавека існаваў толькі адзін паказчык здароўя: можна яму выпіваць, ці нельга.
Кіраўнік «Песняроў» Уладзімір Мулявін быў савецкім чалавекам, і выпіваць яму забаранялася катэгарычна – прынамсі, пад канец жыцця. Кар’ера маэстра ўкладалася ў традыцыйную для ягонага часу формулу «гастроль – парткантроль – алкаголь». Гэтае пякельнае спалучэнне і выпаліла нутро музыкі, рыхтык бязлітасны вагнямёт – святочную клумбу, так што на руінах мулявінскага арганізма буяла адно бадыллё з трамбозаў, псіхозаў ды цырозаў. Дактары дазвалялі яму хіба што любавацца пляшкамі, але ж выпіваць – крый Божа!
Але маэстра сам прыспешваў свой скон. Варта было Мулявіну толькі глянуць на пляшку, як ён адразу ж пачынаў яе рэфлекторна смактаць. Ён піў усё, што траплялася на вочы: памяркоўнае піва, добрае віно, шляхотны каньяк і лютую гарэлку. Ён жлукціў зранку, удзень, увечары, а також уначы. Сітуацыю ўскладняла чарговая мулявінская жонка, якая падступна нашэптвала: ты, маўляў, геній, табе можна ўсё!
Як вынік, Мулявін няўхільна дэградаваў. Па хуткім часе ад Вялікага Песняра застаўся адно пазнавальны вобраз: вусы «падковай», глянцавая лысіна, кранальны маркотны тэнар… Хранічна падпіты Муля існаваў сваім уласным жыццём, а ягоны вобраз – сваім, спакваля ператвараючыся ў гэткі беларуска-савецкі брэнд, кшталту Брэсцкай крэпасці, партызанаў і трактароў. Гэты вобраз і прадстаўляў Беларусь на размаітых музычных святах аж да пачатку дваццаць першага стагоддзя.
Так было і ў 1999 годзе, падчас «Славянскага базару» у Віцебску.
Прыязджаюць Мулявіны на гэты самы базар увечары, засяляюцца ў здымную кватэру. Маэстра пасля цягніка выглядае абсцінентным хамяком: шкляныя вочкі, раскаардынаваныя рухі, затарможаная мазгавая дзейнасць. Карацей, класічная беларуская млявасць і абыякавасць.
Жонка раскладае транты і квохча: ды Валодзечка, ды табе адаспацца трэба, ды наперадзе дзень цяжкі! Што – крышачку бухнуць перад сном? А вось хрэнушкі, заўтра канцэрт, зноў са сцэны звалішся! Абяцаеш не піць? То і добра! Распранайся, кладзіся і баінькі. Пяшчотна цалуе мужа ў лысіну, накрывае коўдрай і сыходзіць на экскурсію па віцебскіх буціках, прытым прадбачліва зачыняе пакой звонку на ключ. Што цалкам слушна: Валодзечка па-цёмнаму да гастранома не ўцячэ, дый сябры-лабухі, якія таксама выступаць прыехалі, не палезуць да яго з прадказальнымі прапановамі.
Шчоўкае замок, цокаюць і аддаляюцца абцасы. Мулявін падымаецца з ложка і саркастычна хмыкае: ды што, маўляў, гэтыя бабы ў мастацтве разумеюць? Напружваецца, каардынуецца, дастае з заначкі пляшку, на донцы каторае яшчэ плёхаецца грамаў сто сорак гарэлкі. Засяроджана скручвае корак, каламутным вокам аглядае інтэр’ер, спрактыкавана прымерваецца каўтануць проста з рыльца. Але ў апошні момант вырашае, што жлукціць у задушлівым пакоі, сярод аблушчаных шпалераў і абшарпанай мэблі, супярэчыць ягоным мастацкім перакананням. Ён чалавек творчы, яму трэба паэзія і прыгажосць, і пажадана такія, каб змяняліся калейдаскопам. І таму адзінае прыдатнае месца для эстэтнай выпіўкі перад сном – гаўбец.
Маэстра накідвае на голыя плечы пінжак, суе пляшку ў кішэню і сунецца на вольнае паветра. Выпівае пад занюх, з асалодаю выдыхае і аглядае вечаровыя краявіды. З глыбокага космасу цнатліва падміргваюць зорачкі, поўня сыпле срэбным пылам на паснулыя шаты, і густое цьмянае паветра патыхае гаркавым водарам начнога квецця. Муля дбайна дасмоктвае з рыльца, аджывае і натхняецца: у жыцці, аказваецца, заўсёды знойдзецца месца для лірыкі і рамантыкі! І тут музыка вельмі дарэчна згадвае, што ў другой заначцы, здаецца, ёсць яшчэ адна пляшка са ста грамамі. А, можа, нават і са ста дваццаццю!
Штурхае дзверы гаўбца… не адчыняюцца! Зноў штурхае – зноў не адчыняюцца. Нервова цісне плячом. Дзверы спружыняць і не адчыняюцца. І музыка нарэшце разумее, што шпінгалет выпадкова зашчоўкнуўся, і ён апынуўся ў палоне.
Так што давядзецца стаяць на гаўбцы ажно да прыходу жонкі…
А на падворку тым часам халаднее. Ад Дзвіны дзьме пранізлівым, з хмаркі крапае вільготным, голае цела ўкрываецца гурковымі пупышкамі. Палонны дробна калоціцца, інстынктыўна засоўвае рукі ў кішэні. І выпадкова знаходзіць там колькі купюраў. Рахуе і разумее, што гэтага хопіць яшчэ на адну пляшку. Тым больш, неонавая шыльда «начніка» спакусліва свеціцца ў якіхсьці ста метрах адсюль.
Перспектыва наладзіць працяг банкету грэе душу і падымае настрой. Мулкі стан недапітасці правакуе мазгавую дзейнасць. Мулявін прымяраецца, ці зможа ён злезці з гаўбца. Невысока, другі паверх усяго, але ж спускацца не дазваляюць узорст, камплекцыя і каардынацыя, а дакладней, яе адсутнасць. Карацей, тут без дабрадзея-ганца не абысціся!
Музыка напружана мружыцца ў паўцемру, выглядаючы патэнцыйных памагатых. А віцебскі двор тым часам жыве звыклым гарманальным жыццём. Гопнікі наліваюцца півам, дзеўкі спяшаюцца на блядкі, вулічны кот шчасліва храбусціць памыйным пацуком.
Ці не пад самым гаўбцом – колькі смеццевых кантэйнераў, каля каторых дзелавіта корпаюцца нейкія сюррэалістычныя персанажы, якія пры больш пільным разглядзе аказваюцца бамжамі.
– Алё, мужык, – просіць Мулявін клышаногага мужчыну нявызначанага ўзросту. – Можна цябе папрасіць да гастранома зганяць? Зараз грошы ў цыгарэтнай пачцы скіну.
Клышаногі нетаропка адкладае цэлафанавы пакет са шклатарай, лянотна задзірае голаў і прымае падкрэслена незалежную позу.
– А ты хто такі, каб я для цябе па бухло ганяў? Бач – працую!
Кіраўнік «Песняроў» становіцца ў найвыгаднейшым ракурсе – так, каб святло з пакоя клалася яму на твар.
– Хіба не пазнаў? Я заўтра на «Славянскім базары» спяваць буду, прыходзь, кантрамарку дам!..
Бомж факусуе зрок, супастаўляе мулявінскія вусы і пуза з двухсэнсоўна-крымінальным назовам галоўнага музычнага фэсту краіны і недаверліва ўдакладняе:
– Міхаіл Круг?
Мулявін ад злосці ажно скрыгоча зубамі і грызе вус… Добра, што яшчэ Філіпам Кіркоравым не аблаялі!
Ды ён – цэлая музычная эпоха ў адной асобе! Ён сапраўдная зорка, хаця і рэліктавая, ягонымі дыскамі ўвесь гэты Віцебск замасціць можна! Яму ж, стоячы, апладавалі генеральныя сакратары, каралі і міліярдэры, у яго нават амерыканскі прэзідэнт Джымі Картар аўтограф прасіў! Ды што там нейкі Картар?! Сам Джон Ленан прызнаўся, што «Песняры» – найлепшае, што ён чуў у сваім жыцці! І тут нейкі памыйны галадранец…
– Ды Мулявін я, Мулявін! З «Песняроў»! – абурана выдыхае Мулявін. – Той самы!
– Як гэта Мулявін?! – не дае веры бомж. – Ён жа даўно памёр…
Пакуль кіраўнік «Песняроў» адбудоўвае ў галаве жорсткае абвяржэнне і паўторную просьбу зганяць па бухло, пад балконам з’яўяецца яшчэ адзін бомж, з агідным тварам і крымінальнымі манерамі.
– Мулявін, кажаш? – агрэсіўна шчэрыцца ён на гаўбец. – Па-ціпу на «Славянскі базар» з таго свету прыехаў… Ты што – за лохаў нас трымаеш? За свой базар па-панятках адкажаш?
Дакументаў у кішэнях мулявінскага пінжаку няма. Апошняга «песняроўскага» дыска з выявай саліста – таксама. Так што адказаць няма чым. Але ж абурэнне ў ягонай душы ўжо палае пажарам, і згасіць гэты пажар можна адно гарэлкай…
Тым часам валацуга з крымінальнай пысай нечакана выдае вельмі слушную прапанову.
– Алё, я зараз гітару табе перадам. Як збацаеш што-небудзь з «Песняроў» – зганяем у краму. Як не – шыбы паб’ем. Згодны?
Маэстра мужна глынае крыўду, ніжа плячыма і… пагаджаецца. А што яму яшчэ застаецца?
Як тое ні дзіўна, але галадранцы вельмі хутка прыносяць гітару. Відавочна не «Stratocaster»: пабітая дэка, абцёрты грыф, раскудлачаныя струны… Няйначай, на сметніку знайшлі. Мулявін расплятае на гаўбцы капронавы шнур для бялізны, спускае канец долу…
– Што вам выканаць? – змрочна пытаецца ён, настройваючы інструмент.
– А што хочаш, – літасціва дазваляюць бамжы.
З гаўбца чуваць шоргат і стрыманы кашаль. Але ўжо праз колькі хвілінаў фіялетавае сутонне поўніцца дробным гітарным пераборам, і вечаровы двор працінае маркотны тэнар:
Бывай, абуджаная сэрцам дарагая,
Чаму так горка, не магу я зразумець…
Каля смеццевых кантэйнераў робіцца нязвыкла ціха. Бамжы розных узростаў, полаў і ступеняў маргінальнасці вылазіць на святло і паглядаюць на Песняра, рыхтык дрэсіраваныя пацукі на гамельнскага флейтыста.
Мулявін акуратненька кладзе апошні акорд. Клышаногі валацуга разгублена шкрабае патыліцу:
– Супада-ае… Можа, і сапраўды той самы Мулявін? Карацей, мужык, скідай бабло, зараз зганяем. Табе што – чарніла ці гарэлкі?
– А як у цябе лавэшак мала, дык дабавім! – добразычліва дадае крымінальны галадранец з агідным тварам. – Можа, яшчэ і закускі якой?
Пакуль эстэтызаваная басота-галота бяжыць да «начніка», маэстра нечакана натхняецца і ўжо без усялякіх заявак слухачоў працягвае канцэрт з песень сваёй маладосці – ад «Касіў Ясь канюшыну» да «Александрыны». І выкананне гэтае цудадзейным чынам змяняе старога, спітага і паўзабытага ўсімі музыку. Голас маладзее, твар ільсніцца, вочы блішчаць… Адбываецца тое, што наркаманы называюць «прыходам», лабухі – «драйвам», а псіхолагі – мастацкім афектам Творцы.
Пад гаўбец ціхенька падцягваецца астатняя дваравая публіка: гопнікі, блядзі і нават участковы мент. Усе слухаюць засяроджана і ўдзячна, і гэта наводзіць на філасофскія думкі пра душэўнае ачышчэнне і ўсеабдымны катарсіс.
Па хуткім часе з боку «начніка» з’яўляюцца і бамжы-дарбадзеі. Прытым клышаногі яшчэ здалёк пераможна ўздымае па-над галавой пляшку гарэлкі, а агідны дэманструе ладны кавалак ліверкі. Праціскаюцца праз натоўп, сінхронна задзіраюць падбароддзі і з глыбокай пашанай паведамляюць:
– Вось, купілі ўсё, што ты хацеў, і нават больш. Скідай вяроўку, зараз пляшку ў пакет пакладзем, падымеш.
Мулявін прыгладжвае лысіну, круціць вус, лашчыць гітарны грыф. Мружыцца і выдае нечакана:
– Ды ну яе на хрэн, тую пляшку. А давайце я вам лепш яшчэ што-небудзь спяю!..