Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 5

І. Кліа. Муза гісторыі
Як адзін падпіты ўкраінскі парубак да смерці напалохаў трох прэзыдэнтаў

Оглавление

Цяпер ужо мала хто можа згадаць, чым запомніўся другі ўкраінскі прэзідэнт Леанід Данілавіч Кучма. Нейкі шалёны маёр-ахоўнік з самапальнай «праслушкай», нейкі журналіст з адрэзанай галавой, скандальная кніга «Україна не Росія» і данецкі крымінальнік, так неабачліва абраны Леанідам Данілавічам у якасці палітычнага спадкаемцы… Але ж Кучма сышоў у нябыт без крыві і гвалту, і ўжо толькі за гэта яго можна згадаць незласлівым ціхім словам.

Была ў Леаніда Данілавіча яшчэ адна сімпатычная якасць: як і большасць украінцаў, ён вызначаўся шчырай гасціннасцю. Больш за ўсё Кучма любіў прымаць гасцей у роднай вёсцы Чайкіна, што акурат непадалёк ад Чарнігава.

Менавіта ў Чайкіна ён і запрасіў у ліпні 2004 года калегаў з суседніх краін: Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.

Чайкіна пачынаюць марафеціць за тыдзень да прыезду высокіх гасцей. З райцэнтра прыганяюць асенізатарскую машыну: тэрмінова адпампоўваць лайно з прыбіральняў, каб прэзідэнцкія насы не пачулі вясковага смуроду. Падпраўляюцца хаты, фарбуецца трава, кладзецца асфальт, канфіскуюцца самагонныя апараты. Сіласная вежа, званіца царквы і бусліныя гнёзды бяруцца пад асаблівы кантроль на прадмет варожых снайпераў. На ліхтарах усталёўваюцца прыхаваныя відэакамеры. Кучмаўскім аднавяскоўцам сувора загадана: падчас візіту прэзідэнтаў з хаты носу не казаць! Што значыцца, «а якщо нам Даниловича привітати захочеться?!» То энтузіязм мясцовага насельніцтва будуць выяўляць спецыяльныя людзі ў цывільным, так што сядзіце па хатах ціха і нават да вокнаў не падыходзьце! А то і прыстрэліць могуць…

Увечары ў сціплае Чайкіна гіганцкім вусенем уцягваецца картэж з прэзідэнцкіх «мерседэсаў», джыпаў з аховай і мікрааўтобусаў з халуямі. Аўтамабілі паважна абмінаюць вялізны валун з шыльдай «с. Чайкине – Батьківщина президента України Л. Д. Кучми» і спыняюцца на вуліцы імя Л. Д. Кучмы. Малодшыя афіцэры Службы Бяспекі Украіны, пераапранутыя добрымі пейзанамі, шчыра вітаюць дарагіх гасцей. Расчулены Леанід Данілавіч шморгае носам, гледзячы, як жанчына-капітан з СБУ, пераапранутая этнаграфічнай Параскай, падносіць братам-славянам хлеб-соль, а мужчына-маёр у шараварах Казака Мамая, выдадзеных у капцёрцы той жа арганізацыі, прапануе прэзідэнтам спод з традыцыйным пачастункам: гарэлкай і салам.

Пуцін па-гаспадарску пераймае хлеб-соль, куляе кілішак, але ж сала толькі надкусвае і грэбліва сплёўвае. Украінцы ставяцца да гэтага з разуменнем: ну, маскаль, што з яго ўзяць?! Лукашэнка таксама атрымоўвае хлеб-соль, але ж чарку не бярэ. Украінцы шматзначна перазіраюцца: маўляў, гэты госць і без гарэлкі непрадказальны, а калі яму яшчэ і выпіць – тут праўдзівае «шаленства бацькі» пачнецца!

А Кучма на мігі паказвае славянскім братанам: маўляў, розпрягайте хлопці коней, відпочивайте, а ўвечары я вам сваю родную вёску пакажу!

Ад гэтай фразы ўкраінскія целаахоўнікі пачынаюць нервова торгацца. Не, каб у мемарыяльнай кучмавай хаце сядзець і душэўна бухаць за славянскае адзінства – дык плюгавага Данілавіча на вечаровую экскурсію пацягнула! Але ж слова гаспадара – закон: трэба рыхтавацца. Пішчаць рацыі, правяраюцца комплексы хімічнай абароны, з Чарнігава верталётам дасылаюцца дадатковыя прыборы начнога бачання для аператыўнікаў і каньяк з валідолам для кіраўніцтва. Расейскія і беларускія спецслужбоўцы таксама ліхаманкава рыхтуюцца да нечаканага прэзідэнцкага праменаду, але як менавіта рыхтуюцца, ані з гаспадарамі, ані адны з аднымі не дзеляцца, бо дзяржаўная таямніца!

І вось – ціхая ноч, светлая ноч, зоркі на небе, месяц па-над шатамі. Славянскія прэзідэнты нетаропка шпацыруюць паснулай вуліцай. Спрэс лірыка і рамантыка: «садок зелений біля хати», таполі на ўзбочынах, чарнабрыўцы ў палісадніках, карацей – «кохана спить, кохана спить, піди збуди, цілуй їй очі»… Не стае толькі глэчыкаў на тынах, сланечнікаў на гародчыках і бандурыста за кадрам, але ж гэта ўжо відавочная недапрацоўка СБУ.

Класічны ўкраінскі краявід спараджае ў прэзідэнтаў розныя думкі. Пуцін цікавіцца – маўляў, а колькі вашая вёска, Леанід Данілавіч, за газ плаціць? Лукашэнка раіць – маўляў, трэба ў вашым Чайкіне аграгарадок зарганізаваць, і абавязкова – з Лядовым палацам. Але ж Кучма толькі змахвае самотную мужчынскую слязу, паволі святлее вачыма, і па вачах гэтых відно, што Данілавіч вось-вось танютка зацягне: «Ніч яка місячна, зоряна, ясная, видно, хоч голки збирай!..» І тут усе гэтыя тараса-шаўчэнкаўскія прыгажосці нечакана працінае стошаны шурпаты бас:

– Ёб вашу маць!

Кучма хаўкае, нібыта кульнуў паўнюткі гранчак гарэлкі і памылкова гарэлкай жа запіў. Дзіка азіраецца, прачышчае пальцам вуха, азіраецца, нервова прыгладжвае далонню лысіну, шморгае носам, зноў азіраецца, і, нарэшце, утаропліваецца шалёным позіркам у Пуціна. А ў расейскага прэзідэнта выгляд такі, нібыта гімнастка Алена Кабаева запрапанавала яму павесіцца на сваіх стрынгах. І толькі Лукашэнка надзіва спакойны: у гэтага інтэлігента нервовая сістэма трэніраваная на свінафермах, мехстанцыях і ў райкамах партыі, там і не такія словы на сваю адрэсу давялося пачуць!

Паўза, аднак, доўжыцца нядоўга. Незалежна адзін ад аднаго прэзідэнты прыходзяць да высновы, што гэта, напэўна, нейкая галюцынацыя. Са славянскімі лідарамі такое раз-пораз здараецца, асабліва ўвечары, пасля ўдалага сумеснага саміту. А тое, што галюцынацыя менавіта калектыўная, залішні раз падкрэслівае іх сацыяльную еднасць. Гаспадар і госці робяць выгляд, нібыта нічога не пачулі і паволі шпацыруюць далей.

Праз якую хвіліну – зноў голаснае пажаданне полавой блізасці для прэзідэнцкіх маці, толькі цяпер на гэтае пажаданне накладаюцца куды брутальнейшыя пагрозы, а яшчэ – рытмічныя гукі ўдараў, і па гуках гэтых відавочна, што недзе зусім побач хтосьці кагосьці шалёна лупцуе. І тут Кучма, Пуцін і Лукашэнка нарэшце разумеюць, што падобная галюцынацыя двойчы паўтарацца не могуць нават з імі. Відавочна, што мацюгі з пагрозамі – прэлюдыя да тэракту. Чачэнскія баявікі, беларускія нацыяналісты, «Україна без Кучми», натаўцы-піндосы-еўрапейцы… Ад гэтых адмарозкаў усяго можна чакаць, і добра яшчэ, калі банальнага гранатамётнага стрэлу!

Прэзідэнты сінхронна разварочваюцца на сто восемдзесят градусаў і пад мацюглівы акампанімент рушаць назад, паволі паскараючы крокі. Па хуткім часе дэмарш ператвараецца ў ганебныя ўцёкі. А асветленай вуліцай ужо імчыць браніраваны мікрааўтобус з танаванымі вокнамі, каб як наймага хутчэй эвакуяваць усю троіцу з небяспечнага месца…

…Падчас сустрэчы трох прэзідэнтаў малады трактарыст Мыкола нудзіўся ў сваёй хаце ці не чатыры гадзіны. За гэты час ён прыгаварыў з бацькам колькі пляшак самагонкі, якія абачліва прыхаваў ад маці, а таксама ад мянтоў, эсбэвушнікаў і Службы аховы прэзідэнта Украіны. Самагонкі аказалася замала; а калі, зрэшты, яе зашмат бывае?! Вось Мыкола і вырашыў зганяць да суседкі і пазычыць. Бацька, вядома ж, паспрабаваў яго адгаварыць: маўляў, з гэтымі чартамі лысымі, што на сваіх «мерседэсах» папрыязджалі, абавязкова ў якую халэпу патрапіш… Горш за фашыстаў – нават тыя пад акупацыяй не забаранялі з уласнае хаты выходзіць! Ага, напалохаеш такога маладзёна нейкімі фашыстамі, а ўжо лысымі гарантамі – і пагатоў! Ён – здаровы гарны парубак, несапсаваны тэлевізійным гламурам і сталічнай разбэстай, выгадаваны на экалагічна чыстым перваку і сале, ён жа кроў з малаком, толькі-толькі з войска прыйшоў, яшчэ нават сваю моц на дзевак не растраціў…

Дый «дагнацца» вельмі і вельмі хочацца.

– Не сци, батько, – супакойвае Мыкола. – Я швидко. Якщо ці підори до світанку гуляти будуть, то нам тут тверезими сидіти?

Мажны парубак, надзьмуты самагоннымі парамі, падымаецца па-над сталом цяжкім дырыжаблем і ўпэўнена плыве праз сенцы на ганак. Спыняецца і бачыць абсалютна жахлівую карціну: проста па градах, прыгінаючыся да тыну, крадзецца нейкі дзіўны ўрод: яйкападобны шалом, бронекамізэлька, рацыя, і ўвесь ад галавы да ног абвешаны фантастычнага выгляду зброяй. Ці то іншапланетнік, ці то міжнародны тэрарыст… Маладзён імгненна згадвае, як у войску афіцэр-выхавацель вучыў бараніць рідну неньку Україну ад размаітых прыхадняў. А гэты, ці то марсіянін, ці то натавец, ці то якісь маскаль, на ўсе сто адсоткаў вораг: а то нашто ён грады топча, на каторых родная матка ад рана да рана рачкі стаіць?

Мыкола нядобра мружыцца, і тут ягоны позірк фіксуе доўгую жалязяку, вельмі прыдатную для абароны рідной ненькі. Жалязяка гэтая называецца «рысора ад трактара «Беларус». Першы ўдар бязлітасна збівае прыхадня з ног. Другі ўшчэнт разбівае яму шалом. Але ж урод у нейкі цуд падымаецца і, губляючы падчас уцёкаў рацыю, пісталеты, аўтаматы ды іншы тэрарыстычны рыштунак, хаваецца ў дашчанай прыбіральні-«шпакоўні» і панічна зачыняецца з сярэдзіны. Азвярэлы маладзён з усяе моцы лупцуе ўласную прыбіральню важкай рысорай, і ягоныя ябукі мацярам усіх гэтых акупантаў гучаць брутальна, як бураковы самагон, і няўмольна, бы гетманскі прысуд.

Праз хвіліну на Мыколавым падворку ўжо былі аўтаматчыкі, гранатамётчыкі, дактары, сапёры, чорт, д’ябл і імгненна працверазелыя кіраўнікі СБУ. Што, тэрарыста злавілі? Дзе? У сарціры зачыніўся? Выходзь, урод, зараз Пуціну пакажам, ён у нас па сарцірах найвялікшы спецыяліст!

Дзверы прыбіральні з пранізлівым рыпеннем адчыняецца, і адтуль выходзіць урод. Скрываўлены лоб, шалёныя вочы, запэцканая лайном бронікамізэлька… І чырвона-зялёны шэўрон на рукаве.

Гэта беларускія спецслужбоўцы літаральна за хвіліну да прэзідэнцкага праменаду вырашылі падстрахавацца і запусціць уздоўж маршрута ўзброенага кантралёра. Але ж чамусь так яго і не папярэдзілі, што бывае ва Украіне за непавагу да чужога майна.

Чым і спрычыніліся да псіхічнае траўмы адразу трох прэзідэнтаў.

Музы і свінні

Подняться наверх