Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 4

І. Кліа. Муза гісторыі
Як амерыканскі гангстэр Меер Ланскі ахвяраваў грошы на Гарадзенскую Харальную сінагогу

Оглавление

Самыя сантыментальныя людзі ў свеце – прафесійныя крымінальнікі. Ці не кожны бязлітасны бандыт і спрактыкаваны забойца будзе натхнёна пахваляцца сваімі крывавымі справамі, але варта такому паслухаць блатную баладу ці пачытаць шчамлівы вершык – злачынца абавязкова расчуліцца і пусціць слязу.

Знакаміты амерыканскі гангстэр Меер Ланскі ніколі не вызначаўся ані душэўным сантыментам, ані настальгічнымі комплексамі. Правінцыйная Гародня, дзе Меер з’явіўся на свет ці то пад прозвішчам Шушланоўскі, ці то як Сачаўлянскі, да прасветленых сантыментаў асабліва не схіляла: занядбаная халупа ў раёне Пярэспы, суворы рабі Мардэхай у Харальнае сінагозе, а па вялікіх святах – фаршыраваны шчупак у выкананні цёці Хасі…

Вось сям’я Шушланоўкіх-Сачаўлянскіх і з’ехала да Нью-Йорка, дзе сам Меер прайшоў няпросты жыццёвы шлях ад шараговага вулічнага гоп-стопніка да караля крымінальнага свету Злучаных Штатаў. Падчас Сухога закону залатая зорка гарадзенца заззяла па-над хмарачосамі Усходняга ўзбярэжжа недасяжным моген-довідам. Уплывовыя мафіёзі Багсі Сігал, Лакі Лючыяна, Карла Гамбіна аддана выконвалі ўсе ягоныя загады. Нават сам Аль Капонэ – і той лічыў за гонар працаваць з Ланскі.

Прытым сам Меер не быў ані знаным кілерам, ані дасведчаным налётчыкам, ані таленавітым рэкецірам. Гарадзенскі жыд уладкаваўся ў «Коза Ностры» вельмі хітра: ён адно распрацоўваў крымінальны крэатыў і махлярскія інавацыі. Усе гэтыя распрацоўкі былі выключна эксклюзіўныя і самага найвышэйшага гатунку.

У ЗША лютуе новастворанае ФБР, гангстэры страляюць адзін у аднаго з «томпсанаў», з рызыкай для жыцця выкрадаюць мільянерскіх дзетак, а сам Меер сядзіць у сваім ўтульным чыкагскім офісе, круціць ручку арыфмометра і разважліва так прыкідае: вось калі з бутлегерства выцягнуць пяць мільёнаў даляраў і ўкласці іх у сетку падпольных казіно, а прыбытак пусціць на развіццё прастытуцыі ў Нью-Йорку, дык уся братва атрымае вельмі тлусты гешэфт. Праўда, і копам паганым давядзецца адкаціць, дый і сябры-італьяшкі таксама патрабуюць усё больш і больш…

Пры згадцы пра чарнамазых кампаньёнаў Ланскі пахмурнее і пачынае ціха, але выразна лаяцца на ідыш. Бо не разумее ані іх выбуховага тэмпераменту, ані экспансіўных учынкаў. Не, вы ж толькі гляньце на гэтых сантыментальных макароннікаў: адзін рэкецір штомесяц адсылае шалёныя сумы сваякам-галадранцам кудысь у Калабрыю, яшчэ адзін наёмны забойца аддана ахвяруе на оперны тэатр «Масіма» у Палерма, а трэці, прафесійны рабаўнік банкаў, зусім з глузду з’ехаў: згадаў, што ён праўдзівы каталік, і з гэтае нагоды падарыў фантастычную суму непалатінскай Архікатэдры!

Спрабаваў быў Меер тым недавумкам-гоям растлумачыць, што грошы трэба ўкладаць у пашырэнне наркабізнесу, развіццё прастытуцыі, вытворчасць фальшаванага віскі, ці хаця б у якія азартныя гульні, дык італьяшкі адразу ў позу: мама-мія, Санта-Лючыя, табе, пархатаму аіду, чалавеку без роду і племені, шляхотных сіньёраў не зразумець!

І тут містэр Ланскі рашуча адстаўляе арыфмометр, распускае вузел гальштука, адкідаецца ў фатэлі і мружыцца кудысь у празрыстую далечыню.

Гэта ён чалавек без роду і племені? Гэта ў яго, Шушланоўскага-Сачаўлянскага, няма ані родных магілаў, ані дарагіх сэрцу ўспамінаў? Ды яго родная Гародня ў сто разоў лепшая за нейкае там сранае Палерма!

Мафіёзі налівае сабе паўнюткую, як вока, чарку, куляе нагбом. Мружыцца, запальвае цыгару, зноў налівае, прыгадвае дзяцінства. Мілая халупа на ўзбярэжжы шумнацечнага Нёмана, бар-міцва старэйшага брата, найсмачнейшы ў свеце гефельтэ-фіш у выкананні цёці Хасі… А якая ў Гародні прыгожая Харальная сінагога з суворым рабі Мардэхаем! Цікава, жывы яшчэ той стары поц?

Па гангстэрскай шчацэ паволі спаўзае самотная празрыстая сляза, і пяшчотныя аблокі сантыменту здрадніцкі ахутваюць закарэлую душу. І Меер нарэшце разумее, што чарнадупыя сіньёры сапраўды маюць рацыю. А яшчэ разумее, што было б вельмі дарэчы ўцерці насы тае басоце-галоце. Ён шчоўкае пальцамі, і ў офісе нібы з паветра матэрыялізуюцца двое маладых людзей ў модных капелюшах і доўгіх шэрых плашчах. Вельмі дасведчаныя гангстэры, хаця, канешне, свае браты-аіды.

Аіды яны аіды, але ўжо новай, амерыканскай фармацыі. Ідышу саромеюцца, да сінагогі не ходзяць. Нават імёны свае перайначылі на амерыканскі капыл: Майкл і Сэм.

Ланскі дастае з сейфа дарагі скураны кейс, ставіць на стол.

– Джэнтльмены, Коза Ностра даручае вам вельмі адказнае, але далікатнае заданне. Заўтра выпраўляецеся ў Стары Свет, у горад Гародню. У тамтэйшай Харальнай сінагозе ёсць такі рабі Мардэхай. У гэтым кейсе – дзесяць тысяч даляраў. Аддайце яму гэтыя грошы і скажыце, што іх у знак павагі прыслаў маленькі Меер. Хай сінагогу адрамантуе. А то што пра нас людзі падумаюць?

– Гародня? – перапытваецца гангстэр Майкл. – А гэта дзе, у Румыніі ці ў Сібіры?

– А Мардэхай – тамтэйшы мафіёзі? – прыкідае гангстэр Сэм. – Гародня – горад у Польшчы. Мардэхай – рабі ў сінагозе. А вы, калі будзеце задаваць залішнія пытанні, скончыце сваю жыццё ў Іст-Рывер, – добразычліва абяцае Ланскі. – Усё зразумела?

– Усё зробім у лепшым выглядзе, бос! – абодва гангстэры выцягваюцца струмка. – «Мэшын-ганы» з сабой браць?

– Ша, джэнтльмены! – рухам дасведчанага шынкара асаджвае Меер. – Навошта вам там зброя?

– А можа таго містэра Мардэхая хто пакрыўдзіў… Дык мы хуценька! Мы ж не толькі за гешэфт працуем, але і з-за любові да мастацтва!

– Не трэба ў маёй Гародні шухер наводзіць. Кейс толькі аддайце – і сюды. І не забудзьцеся сказаць, што гэта, маўляў, ад маленькага Меера! Чакайце, чакайце… Фальшаваныя пашпарты і грошы на прадстаўнічыя выдаткі возьмеце ў Яшы Гузіка, майго менеджэра ў Нью-Йорку!

Наступным днём чыкагскія мафіёзі выпраўляюцца ў Стары Свет. А дарога чакае няблізкая. Параходам да Гамбурга, адтуль цягніком да Берліна, адтуль да Варшавы, і толькі з Варшавы – да Гародні.

Прыязджаюць містэр Майкл і містэр Сэм на месца, селяцца ў найлепшым гатэлі на Раскошы. І думаюць-маракуюць: што ж гэта за такі страшны аўтарытэт, той рабі Мардэхай, калі сам Меер Ланскі яму плаціць, ды яшчэ такую суму?!

А дзесяць тысяч баксаў на тыя часы – шалёныя грошы. Кошт модных скураных чаравікаў на Манхэтане – адзін даляр. Прадстаўнічы браніраваны «лінкольн», на якім сам прэзідэнт Гувер катаецца – крыху даражэй за трыста. За тысячу даляраў можна набыць шыкоўнае бунгала ў Фларыдзе. А ўжо за дзесяць тысяч не тое, што Харальную сінагогу адрамантаваць – усіх гарадзенскіх паліцыянтаў можна скупіць, усю Дэфензіву, дый яшчэ на маршалка Сейма застанецца!

І вось гангстэры са скураным кейсам, набітым далярамі, знаходзяць гарадзенскую Харальную сінагогу, а ў ёй – рабі Мардэхая. Сімпатычны такі дзядок з доўгай сівой барадой, у шырокім чорным капелюшы і зашмальцаваным лапсердаку. Ну проста прарок Самуіл у крэсовым фармаце! Глядзіць гэты крэсовы Самуіл на заморскіх гасцей і добразычліва так кажа:

– Шалом, панове чыкагскія гангстэры! Шчыра вітаю пана Майкла! Вельмі рады бачыць пана Сэма! Вы да мяне ад пана Меера Ланскі?

– Так, – разгублена пацвярджаюць чыкагскія гангстэры.

– Гэта ў каторага цёця Хася на Пярэспе жыла і з нёманскага шчупака самы смачны гефэльтэ-фіш гатавала? – на бездакорным местачковым ідыш удакладняе рабі Мардэхай. – Памятаю, памятаю такога… І вы што, хочаце сказаць, што гэты шлімазл заахвяраваў на нашую Харальную сінагогу дзесяць тысяч даляраў?

У чыкагскай братвы паціху адвісаюць сківіцы. Не, сапраўды – нешта тут не тое. Напэўна, ніякі гэта не рабі, а круты мафіёзі, куды страшнейшы за Джона Дылінджэра і Аль Капонэ разам узятых. Ці сапраўды нейкі прарок, калі ўсё пра ўсіх ведае? Нездарма абачлівы бос вырашыў яму плаціць. Што ні кажы, а наш Меер – крымінальны інтэлектуал, мозг мафіі… сапраўдны аідышэ копф!

Гангстэры нервова торкаюць кадыкамі, ліхаманкава прыгадваючы слоўцы на паўзабытым імі ідыш. Нарэшце, пацвярджаюць: так, містэр Ланскі шчырааддана просіць прыняць гэтую дробную і нязначную суму ў знак вялікай павагі да містэра Мардэхая на рамонт Харальнай сінагогі, і…

– Прабачце, панства! – эфектным рухам перапыняе маладых бандытаў стары рабі. – Але ўзяць вашыя грошы я не магу ані ў якім разе. Гэта атрымаецца амаральна. Наш Меерчык зарабіў іх злачынным шляхам, праз бутлегерства, прастытуцыю і наркотыкі. Калі я вазьму ад яго такія грошы, дык што наш кагал пра мяне падумае?! Так што забярыце ваш модны чамадан і адвязіце яго назад. Шчаслівай дарогі!

Пасля гэтых словаў чыкагскія госці імгненна ператвараюцца ў саляныя слупы, на манер старазапаветнай Лотавай жонкі. Ужо лепш бы гэты страшны прарок-мафіёзі спаслаў на іх усе Дзесяць Стратаў Ягіпецкіх і нават якую Адзінаццатую прыдумаў… Ды што тыя страты?! Лепш бы іх ў турму «Сінг-Сінг» выправілі, на дваццаць пажыццёвых тэрмінаў!

Толькі б забраў гэтыя паганыя даляры.

Вяртацца ў ЗША, не выканаўшы загаду, ім катэгарычна нельга. Бо самае лепшае, што кожнага там чакае – хуткая смерць з дваццаціфунтовай цаглінай на шыі у водах Іст-Рывера. Пра горшае лепш увогуле і не думаць. Коза Ностра падобнага не даруе.

А старэнькі Мардэхай, каб у яго павыпадалі ўсе зубы, і застаўся толькі адзін для зубнога болю, пасміхаецца хітрым змеем і ўдакладняе:

– Вы, маладыя людзі, напэўна хочаце дазнацца, адкуль я ўсё ведаю? Дык яно вельмі проста! Менеджэрам у вашага Ланскі працуе такі Яша Гузік з Менску. Гэты Яша па сакрэце расказаў пра ваш візіт кантару бруклінскай сінагогі Нохіму Шапіру, таму самому Нохіму, які мае крэдыт у лаўцы Абрама Кацнэльбогена. Жонка Абрама – сяброўка Фіры Ліхтэн, а яе муж, цырульнік Борух грае ў прэферанс з Гіршам Альтшулерам. Гірш, хаця і хасід, але з вельмі прыстойнай сям’і, а таму Арон Зісман з ім сябруе. Арончык жыве ў адным доме са Шмулем Каплунам, маім стрыечным братам. А са Шмулем я акурат заўчора меў сувязь па трансатлантычным тэлефоне. А вы там са сваім Меерам, напэўна, вырашылі, што я стары поц?..

…Што адбылося з чыкагскімі гангстэрамі далей, дакладна невядома. Паводле адной версіі, іх па хуткім часе завербаваў Іншаземны аддзел НКВД. Спрактыкаваныя забойцы «Коза Ностры» бязлітасна стралялі трацкістаў, белагвардзейцаў ды іншых збеглых ворагаў народа па ўсёй Еўропе. Паводле другой, гангстэр Майкл і гангстэр Сэм так і засталіся ў Гародні, дзе атабарыліся пад сваімі сапраўднымі імёнамі Мойша і Шлёма. Купілі на грошы са скуранога кейса ўсю мясцовую паліцыю з Дэфензівай, выправілі адпаведныя дакументы, а на рэшту прыдбалі кашэрную рэстарацыю. У якой, між іншым, падавалі і гефельтэ-фіш з нёманскага шчупака, амаль такога, як гатавала цёця Хася з Пярэспы.

Абедзве версіі цалкам праўдападобныя.

Што да самога Меера Ланскі, дык ягоны сантымент да Радзімы з цягам часу толькі ўзмацніўся. У 1939 годзе знакаміты мафіёзі прыбыў на Кубу, каб ўкатаць тамтэйшага дыктатара Бацісту на дазвол сеткі казіно. Акурат у гэты час у порт Гаваны прыйшоў карабель са Старога Свету з жыдамі – уцекачамі ад нацыстаў, сярод каторых было нямала ўраджэнцаў Гародні. Кубінскія ўлады доўга не давалі дазволу прыстаць да берага, пакуль мафіёзі не сплаціў тым бананавым карупцыянерам па пяцьсот даляраў за кожнага імігранта.

Менавіта з тых часоў на Кубе з’явілася і яўрэйская дыяспара, і нават колькі сінагогаў. Прытым адна з іх, як сцвярджаюць знаўцы, вельмі нагадвае Харальную сінагогу ў Гародні.

І, што характэрна, усе выдатна ведалі, хто прафінансаваў тое будаўніцтва…

Музы і свінні

Подняться наверх