Читать книгу Музы і свінні - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 9

III. Тэрпсіхора. Муза танцаў

Оглавление

Як беларуская балетная трупа гастралявала ў Сярэдняй Азіі

Здавён у беларускім балеце існавала такая завядзёнка: перад сталічнай прэм’ерай «абкатваць» харэаграфічныя пастаноўкі на далёкай перыферыі, не прасякнутай высокай культуры. За часамі СССР гэткая практыка ўвогуле была нормай. Правінцыйная публіка, змораная выплаўкай чыгуна ці здабычай апатытаў, валіла на тыя спектаклі, бы гарбуша на нераст. А то дзе яшчэ пабачыш столькі прыгажунь у балетных пачках? Толькі па тэлевізары: лебедзі на пуантах, Чайкоўскі з касою, чарговы некралог на чарговага Генеральнага сакратара ЦК КПСС…

Сярэднеазіяцкія рэспублікі мелі ў танцавальным асяродку не найлепшую рэпутацыю: спякота, нудота і антысанітарыя, з якой бессэнсоўна змагацца нават ударнымі дозамі алкаголю. Не кажучы ўжо пра тамтэйшую аўдыторыю, абазнаную ў класічнае харэаграфіі, не раўнуючы, як белавежскія зубры – у святкаванні Наўруза. Зрэшты, маскоўскі «Саюзканцэрт», які тыя гастролі і арганізоўваў, мясцовай спецыфікі абсалютна не цяміў: ну, арыкі з урукамі, ну, саксаулы з аксакаламі… Пралетарскі інтэрнацыяналізм не даспадобы? Партбілет кішэню адцягвае? А то зараз да запалярных аленегадоўцаў выправім, у чуме «Жызэль» ставіць! І камянее пасярод лянотнага азіяцкага мроіва старажытны цюркскі горад са сваімі мячэцямі, базарамі, ішакамі і тубыльцамі ў паласатых халатах, якія не толькі пра «Жызэль» – пра пеніцылін ніколі не чулі. І звальваецца на гэты сацыялістычны халіфат танцавальна-аркестравы дэсант з Мінска; еўрапейскія твары, класічныя стройчыкі. Вядома ж, другі састаў, бо прымы з карыфеямі з’ехалі прапагандаваць дасягненні айчынай харэаграфіі бездухоўнаму Захаду, а ў Сярэдняй Азіі – савецкія людзі, якія і самі ведаюць, што наш балет – найпрагрэсіўнейшы ў свеце.

Балетмайстар, малады і ўзнёслы эстэт, нервуецца, рыхтык школьнік перад іспытам: як, цікава, тутэйшая публіка ўспрыме прывезены спектакль? Усё, здаецца, мусіць быць зразумела: «Бахчысарайскі фантан» Барыса Асаф’ева, з пазнавальнымі мінарэтамі, гарэмамі, рахат-лукумамі ды іншай арыентальнай лухтою. Галоўную жаночую партыю Зарэмы таньчыць, вядома ж, балетмайстарава жонка. Калі пастаноўку не асвішчуць тут – у Мінску яна і пагатоў не праваліцца. А там, можа, і ў якое рэакцыйнае замежжа выпусцяць…

Падрыхтоўка праходзіць на ўздыме. Мастак прыкідае, як найэфектней адбудаваць дэкарацыі і зарганізаваць святло. Рэжысёр, уражаны мясцовым каларытам, дапрацоўвае драматургію. Балетмайстар, песцячы ў галаве сарамлівыя мроі пра авацыі і трыумф, ганяе танцораў да поўнае страты свядомасці і раўнавагі; шліфуе рухі і мкнецца да дасканаласці. І вось – афішы на глінабітных сценах, прэм’ера ў Палацы культуры бавоўнаробаў. Уся трупа вібруе ў нервовым чаканні. Аркестранты збіраюцца за гадзіну раней за належнае. Танцоры дбайна накладаюць грым. Рэжысёр выцірае насоўкай спатнелую лысіну. Балетмайстар, празрысты ад хвалявання, напружана прыпадае вокам да дзіркі ў тэатральнай заслоне. Гучаць велічныя акорды балетнай уверцюры. Нарэшце, заслона ўздымаецца…

Вялізная няўтульная зала, практычна пустая. На першых месцах – з тузін мясцовых эстэтаў: начальніцкія партфелі, стракатыя цюбецейкі, залатыя зубы. Лянотна жуюць самсу і паглядаюць на Хана Гірэя, які элегічна смуткуе на сцэне каля дэкаратыўнага «Фантана слёз», бы на хлопчыка ў чайхане. Балетмайстар перахоплівае позірк суворага татарскага ўладара і разумее, што таму зараз не таньчыць хочацца, а выхапіць шаблю і пашаткаваць гэтую неабазнаных у харэаграфіі ішакоў на люля-кебаб. Спектакль заканчваецца суцэльным правалам, бо ўжо ў другім акце залатазубыя балетаманы даядаюць прынесеныя прысмакі і сыходзяць проста падчас танцавальнага нумару.

Увечары ў беларускіх гастралёраў жальба і дэпрэсія. Усе – аркестранты, кардэбалет, мастак, рэжысёр і нават Хан Гірэй з Зарэмаю, – п’яныя, як бэлькі. Смокчуць паскудную цёплую гарэлку тутэйшага разліву і скардзяцца адзін аднаму на азіяцкае дзікунства і маскоўскі «Саюзканцэрт». І толькі балетмайстар, непітушчы з прычыны далікатнага псіхаскладу, на самоце глынае пякучыя слёзы ў скверыку насупраць гатэля.

Усё, злівай ваду, гастролі праваленыя, у наступны горад і ехаць не варта. Можна, вядома ж, дамовіцца з мясцовымі гаркамамі партыі, каб тыя задарма распаўсюдзілі квіткі ў вайсковых частках, школах і на базарах, але ж дзе гарантыя, што гэтыя дзеці барханаў зноўку не пераблытаюць балетны спектакль з караван-сараем? Уратаваць «Бахчысарайскі фантан» у змозе хіба што джын, а яны, як вядома, у савецкай Сярэдняй Азіі даўно звяліся.

І тут са спякотнага марава нібы матэрыялізуецца зухаваты і небяспечны маладзён, па выглядзе – тыповы басмач. Ты, кажа, нацальніка танцаў? Ну, я, панура адказвае балетмайстар, а што? А то, кажа маладзён, што з табой будзе гаварыць адзін вельмі паважаны чалавек. Вунь, бачыш чорную «Волгу»? Ідзі туды хуценька, не прымушай яго чакаць!

У салоне – хударлявы стары: шафранавы твар, пергаментныя павекі, хіжыя кіпцюрыстыя пальцы. Гэткі грыф-сцярвятнік, гаспадар тутэйшых пустэльняў. На галаве грыфа – расшытая золатам цюбецейка, а на касцістых плечыках – пінжак з зоркай Героя Сацыялістычнай працы. Стары настойвае выразную паўзу, нечакана пасміхаецца балетмайстру і кажа: маўляў, ведаю пра твае праблемы, толькі ты не пераймайся. Сёння на вашае «Лебядзінае возера» адно шакалы з аддзелу культуры прыходзілі, яны свае пасады за барашкаў купілі. А вось у нашым бавоўнаробным калгасе – сапраўдныя знаўцы класічнай харэаграфіі. Калі цікава – маю гонар запрасіць у свой сціплы калгасны дамок, абмяркуем, як сур’ёзныя людзі…

Праз якія паўгадзіны ачмурэлы балетмайстар сядзіць у сціплым калгасным дамку. Зрэшты, гэта не дом, гэта палац з «Тысячы і адной ночы». Мармуровыя сцены, завешаныя ядвабнымі дыванамі з мудрагелістымі арнаментамі. Велічныя зборы, бы ў медрэсэ Улугбека. Цяністы панадворак з крышталёвымі фантанамі і пыхлівымі паўлінамі. І ўся гэтая азіяцкая раскоша міжволі асацыюецца ці то з Амарам Хаямам, ці то з крадзяжамі сацыялістычнае маёмасці ў асабліва буйных памерах.

Непрыкметныя халуі выстаўляюць перад балетмайстрам бясконцыя пачастункі: духмяны плоў, паравую асятрыну, смажаныя яйцы баранаў ды іншыя шашлыкі-машлыкі. Гаспадар паблажліва паглядае на разгубленага госця, разлівае па антыкварных чарках французскі каньяк і прапануе ідэалагічна вытрыманы тост за мастацтва, якое належыць народу. Балетмайстар ідэю падтрымлівае, дадаючы пра сябе, што мастацтва вымагае адпаведнай аплаты, асабліва мастацтва харэаграфічнае. Але выпіць ветліва адмаўляецца – маўляў, выбачайце, непітушчы. Так, а што за прапанова?

Прапанова вельмі простая, адказвае гаспадар: паставіць у нашым калгасе-мільянеры ваш балет. Танцораў з музыкамі пасялю ў сябе, дарагімі гасцямі будуць. Сам спектакль мае праходзіць на адкрытай эстрадзе калгаснага Палацу Культуры, я яго адмыслова збудаваў, каб было дзе новыя зоркі Героя Сацыялістычнай працы атрымліваць. Ганарар… ну, які самі сабе прызначыце. Толькі маю адну дробную ўмову…

Балетмайстар адкладае надкусаную канапку з чорнай ікрою і міжволі прыгадвае пра дармавы сыр.

А ўмова такая, працягвае стары. Ёсць у мяне адзіная ўнучка, зорка маіх вачэй і дыямент майго сэрца. Акурат на шаснаццацігоддзе вашую балетную пастаноўку і хачу ёй падарыць, дык вось яна будзе проста шчаслівая выканаць галоўную партыю ў вашым «Шчаўкунчыку». Не, не, ніякіх харэаграфічных вучэльняў-мучэльняў не заканчвала, а нашто? Ведаеш, як яна прыгожа пад дойру таньчыць?

Госць сутаргова прапіхвае праз перасохлае горла канапку, ніякавата глядзіць на гаспадара. Прабачце, кажа, але такое немажліва… таму, што немажліва ніколі! А як жа прасторавая пабудова танца? Пластычны матыў, харэаграфічны тэкст, змест і форма, вобраз і персанаж? Танцавальная драматургія, урэшце! Усяму гэтаму менавіта ў харэаграфічных вучэльнях-мучэльнях і вучаць! Як ваша ўнучка станьчыць партыю Зарэмы, калі яна нават балетнага сюжету не ведае? Гэта тое ж самае, што замест першай скрыпкі пасадзіць у сімфанічны аркестр дэкханіна з бубнам!

Перамовы набываюць характар творчае спрэчкі і імгненна заходзяць у тупік, але ж гаспадар, праўдзівы сын Усходу, ветліва праводзіць госця да чорнай «Волгі» і, высцілаючы голас аксамітам, прапануе падумаць над сціплай просьбай шаноўнага аксакала, героя працы і заслужанага бавоўнароба рэспублікі. А каб лепш думалася, дэманструе ладны брыкецік сторублёвых купюраў – прыблізны балетмайстарскі заробак за працоўную пяцігодку.

Увечары ў гатэлі – праўдзівая вайсковая нарада. Балетна-музычны Генштаб у поўным зборы. Пачынаецца адвечная спрэчка, што ў мастацтве найгалоўнае: чыстая краса ці брудныя грошы?

Рэжысёр гатовы капітуляваць адразу: маўляў, хоча гэты бабай улюбёную ўнучку папесціць – калі ласка!.. Ды за падобнае фінансаванне можна хоць упрысядкі таньчыць, хоць залатыя зубы ўсяму тэатру Оперы і балета паўстаўляць! Пашнуруем нашых персанажаў уздоўж дэкарацый паўколам, хай папляскаюць дзеўцы ў ладкі, пакуль яна будзе з дойрай па сцэне скакаць!

Дырыжор разгортвае куды больш асцярожную дыспазіцыю, згодна якой балетную пастаноўку ў кішлаку варта падаць звышсучасным мадэрновым перформансам, гэткім творчым эксперыментам. Дый і аркестранты з танцорамі нажлукцяцца потым у сваё задавальненне…

І толькі балетмайстар выглядае на гэтай вайсковай нарадзе непахісным, рыхтык Аляксандр Македонскі перад бітвай пры Гаўгамалах. Дэманструе трываласць духу і прынцыповасць поглядаў. Не дазволю, кажа, нявечыць класічны балет! Гэта ж мая першая пастаноўка, я ў яе нерваў і высілкаў паўкладаў куды больш, чым той калгасны падзішах – у рабаванне сваіх сялянаў! Высокія ідэалы творчасці!.. Сэнс існавання мастацтва!.. Праекцыя сусвету харэаграфічнымі сродкамі!.. І вось – бавоўнавы калгас-мільянер. Адкрытая сцэна, перад каторай – звычайныя лаўкі без спінак. На сцэне – дэкарацыі за заслонаю, перад сцэнай – аркестр з дырыжорам, а на лаўках – мурзатыя дэкхане, бяспраўныя бавоўнавыя рабы пад наглядам зухаватых брыгадзіраў-басмачоў. Паглядаюць на скрыпкі з трамбонамі, бы эскімосы на авакада, і цярпліва чакаюць.

Музы і свінні

Подняться наверх