Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 2
Prologo
ОглавлениеЧытач ужо меў магчымасць заўважыць назву гэтага ўступа: Prologo. Гэта не што іншае, як «пралог» на мове эсперанта. Дадзены выбар не выпадковы, бо стваральнік эсперанта – Людвіг Заменгоф, як вядома, быў ураджэнцам Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, працаваў таксама і ў самім Гродне, а значыць, яго вынаходства – частка таго гістарычнага пазла, які чытачы змогуць акуратна збіраць, гартаючы старонкі дадзенай кнігі. У часы Заменгофа Захад цяперашняй Беларусі знаходзіўся ў складзе адной адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у старажытным Гродне. Менавіта пра беларускі Захад і пойдзе гаворка ў ніжэй прадстаўленых раздзелах кнігі.
Выданне не з'яўляецца турыстычным даведнікам, і аўтар не ставіў сабе задачу расказаць пра ўсе вёскі ці нават буйныя гарады на беларускім Захадзе. Аднак мы паспрабуем разгледзець бліжэй гісторыю гэтага краю, знайшоўшы адрозненні і падабенства ў асобных кутках Гродзешчыны і Брэстчыны, і перш за ўсё звернем увагу на найбуйнейшыя гарады рэгіёну.
Брэст і Гродна… Стагоддзямі тут адбываліся лёсавызначальныя для цэлых народаў падзеі! Гродна, разам з Навагрудкам і іншымі гарадамі Панямоння, знаходзіўся ў эпіцэнтры дзяржаўна-утваральных працэсаў Вялікага княства Літоўскага. Тут была заключана адна з сямі гістарычных уній ВКЛ і Польшчы: Гродзенская унія 1432 года, а яшчэ раней вялася праца над Віленска-Радамскай уніяй 1401 года. У Гродне праходзілі сеймы ВКЛ, сеймы Рэчы Паспалітай, у тым ліку і апошні сейм аб'яднанай дзяржавы. У гэтым горадзе адрокся ад стальца апошні вялікі князь літоўскі і кароль польскі.
У Брэсце таксама праходзілі сеймы ВКЛ і вырашаліся найважнейшыя для народаў Кароны і Княства пытанні. У Брэсце была заключана знакамітая царкоўная унія 1596 года, а праз некалькі соцень год тут заключылі Брэсцкі мір паміж расійскімі бальшавікамі і так званымі Цэнтральнымі дзяржавамі.
У гэта выданне ўвайшлі невялікія па памеры нататкі, у рамках якіх прадстаўлены даволі значны аб'ём цытат з гістарычных дакументаў, што можа быць цікава не толькі людзям без гістарычнай адукацыі, але і калегу гісторыку. Пераклад, у тым ліку і вершаваны, выкананы аўтарам.
У кнізе паказаны падзеі самых розных гадоў… Сівое і малавядомае XIII стагоддзе. Больш даследаванае XVI. Галантнае XVIII. Прыцемненае жахам сусветных войнаў XX. Але, як нярэдка бывае, з агульнай карціны выпадае XXI стагоддзе… І таму аўтар паспрабуе выправіць гэта, дадаўшы ў дадзены пралог асабістую гісторыю!
Прыкладна за 10 год да выдання гэтай кнігі я гуляў па Гродне з маладой дзяўчынай, якая нарадзілася ў Пінску, але жыла і працавала, маючы, дарэчы, творчую спецыяльнасць, менавіта ў Гродне. Гэткая рэальная сувязь Брэстчыны і Гродзеншчыны ў выглядзе жывой, цемнавокай палешучкі, поўнай любові да архітэктуры каралеўскага горада. Я вырашыў здзівіць госцю і адвёў яе на маленькую вуліцу Малую Траецкую, куды рэдка забрыдаюць турысты, хоць выглядае вулачка вельмі каларытна і крыху нагадвае, на мой погляд, стары Талін. Дзяўчына была задаволеная і жыва спытала:
– А чаму тут Малая Траецкая, а там Вялікая?
Добрае пытанне, на якое не так проста адказаць краязнаўцу.
– Таму што там вялікая вуліца, а тут маленькая, – упэўненым тонам адказаў я, хутчэй не як краязнаўца, а проста як персона, здольная лагічна разважаць.
Дзяўчына шматзначна хмыкнула, і мы пайшлі далей.
Вуліца Малая Траецкая. Фота аўтара.
Вось такая невялікая інтэрлюдыя, якая таксама з'яўляецца часткай бясконцай, стракатай стужкі, пад назвай «Летапіс Гродна», што ўбірае ўсе падзеі, як значныя, так і не надта.
Аўтар, як можна зразумець з вышэйпададзенага, не прэтэндуе на ўсёабдымнае асвятленне шматграннай гісторыі Захаду Беларусі. Раздзелы кнігі – толькі асобныя кавалачкі гістарычнага пазла, бліскучыя і разрозненыя дэталі, быццам мазаіка са знішчанага сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве, калісьці створаная па эскізах выбітнага жывапісца Васняцова. Рэшткі гэтай мазаікі падзелены паміж Свята-Пакроўскім храмам Баранавічаў і знакамітай гродзенскай Каложай, як бы дзеля фарміравання яшчэ адной з незлічоных сувязей, паміж заходнімі абласцямі Беларусі.
Так, кніга дэманструе чытачу толькі часцінкі цэлага, але, як здаецца аўтару, гэта досыць яркія фрагменты, здольныя даць некаторае ўяўленне і аб усёй, па-за ўсякім сумневам, дзіўнай і маштабнай карціне.