Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 8
Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны
Фрагмент 6. Храм Ваўкавыска і загадка каложскай лапаткі
ОглавлениеСтаражытнарускі храм у горадзе Ваўкавыску адрозніваецца ад менскага храма, які мае падобны лёс, тым, што аблічча ваўкавыскай святыні даследчыкі могуць рэканструяваць даволі дакладна.
Узвядзенне храмаў Мінска і Ваўкавыска, на думку гісторыкаў, не было завершана і, ва ўсякім разе, цэрквы вядомыя толькі ў раскопках. Аднак храм Ваўкавыска адносіцца да Гродзенскай архітэктурнай школы, і больш за тое, яго план амаль дакладна паўтарае план так званай Ніжняй царквы – старажытнай святыні гродзенскага дзядзінца, вядомага як Стары замак. Гэта дае важкія падставы меркаваць, што царква ў Ваўкавыску павінна была быць падобная на гарадзенскія цэрквы, уяўленне пра якія дае, перш за ўсё, адносна нядрэнна захаваны Барысаглебскі храм на Каложы.
Цікавая дэталь звязвае ваўкавыскі храм з гродзенскай Каложай. Заходні фасад гродзенскага храма, як і аналагічны фасад ваўкавыскага, несіметрычны. У правай частцы фасада Каложы знаходзілася шырокая лапатка, непадобная на суседнія, а ў ваўкавыскім храме ў гэтым месцы да падмурка фасада прымыкае падмурак асобнага прамавугольнага аб'ёму, які дазваляе меркаваць, што старажытны дойлід збіраўся ўзвесці там нейкую вежу.
Каложская царква, сярэдзіна XIX ст. Справа бачная шырокая лапатка.
Дзіўнай каложскай лапаткай, згубленай у выніку абвальвання сценаў храма, зацікавіўся гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, які выказаў меркаванне, у сваёй публікацыі «Ці мела Каложская царква вежу-званніцу?», што тут некалі размяшчалася званіца храма. Пры гэтым спецыяліст меркаваў, што сама званіца не захавалася, а шырокая лапатка ўяўляла сабой яе ўнутраную сценку, то бок калісьці была закрытая вонкавымі сценамі. У доказ гэтай здагадкі Вашкевіч паказваў на вельмі сціплы дэкор шырокай каложскай лапаткі ў параўнанні з суседнімі, упрыгожанымі, паводле канона гродзенскай школы, паліраванымі камянямі і маёлікавай пліткай.
Аднак аналіз высокадакладных замалёвак Барысаглебскага храма, створаных у сярэдзіне XIX стагоддзя, паказвае, што, судзячы па дэталях лапатак і парожка, шырокая лапатка задумвалася дойлідам менавіта як вонкавы, несіметрычны элемент кампазіцыі. Ды і малалічныя, але ўсё ж скарыстаныя ў дэкоры лапаткі, камяні, ужываліся ў гродзенскай школе менавіта для вонкавага аздаблення фасадаў. Акрамя таго, апсіда Каложы, якая знаходзілася з боку Нёмана, таксама дэкарыравана бядней, чым супрацьлеглая ёй паўночная апсіда, а фасад з боку Нёмана відавочна саступае паўночнаму фасаду ў пышнасці аздаблення. Усё гэта наводзіць на думку, што архітэктар XII стагоддзя вылучыў для сябе сваеасаблівую «мёртвую зону», у паўднёвай палове царквы, і падчас яе аздаблення эканоміў камяні і маёліку.
Царква XII ст. у Ваўкавыску. Аўтарская, гіпатэтычная рэканструкцыя архітэктрунай ідэі.
Можна асцярожна казаць аб тым, што шырокая лапатка Каложы задумвалася бачнай часткай фасада, а не з'яўлялася ўнутранай сценкай, як меркаваў Андрэй Вашкевіч.
Звяртае на сябе ўвагу і невялікае акенца шырокай лапаткi Каложы. Падобныя праёмы знаходзіліся ў тых месцах, дзе ўсярэдзіне будынкаў змяшчаліся нейкія вітыя сходы на верхнія ярусы.
Такім чынам, шырокая лапатка можа быць вонкавым абазначэннем унутранага аб'ёму лесвічнай клеткі, якая вядзе ў верхні ярус царквы, напрыклад, у нейкі, накрыты купалком, барабан з арачнымі праёмамі, дзе, тэарэтычна, мог змяшчацца звон.
Вяртаючыся да храма Ваўкавыска, варта заўважыць, што яго будаўніцтва нярэдка адносяць да гістарычнага адрэзка пасля будаўніцтва гродзенскіх Ніжняй і Каложскай цэркваў. Падобны падыход выглядае лагічным. Нейкі член гродзенскага княжацкага роду Усеваладковічаў атрымаў ва ўдзел Ваўкавыск і вырашыў пабудаваць галоўны храм на яго дзядзінцы, на ўзор галоўнага храма гродзенскага дзяцінца. Пры гэтым улічваўся і вопыт будаўніцтва Каложскай царквы, якая мела ўнутраную лесвічную клетку, схаваную за той самай шырокай лапаткай. Дойлід вырашыў палепшыць праект, зэканоміўшы месца ўнутры храма, і вынес лесвіцу вонкі: з гэтай мэтай у праект і быў унесены вежападобны аб'ём, фундамент якога адкрыты археолагамі ў Ваўкавыску.
Дзве вежы з лесвіцамі ўпісаны ў кампазіцыю царквы Св. Васілія ў Оўручы, якая лічыцца найбліжэйшым аналагам гродзенскіх храмаў.
Казаць тут, зразумела, варта толькі аб гіпотэзах, але, як думаецца аўтару, даволі займальных.