Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 5
Кластар 1. Гродна і (або) Брэст
Фрагмент 3. Старыя цэнтры Брэста і Гродна
ОглавлениеСтарыя цэнтры дзвюх важных вялікакняскіх рэзідэнцый, Брэста і Гродна, маюць нямала агульнага, але, зразумела, маецца і немалая колькасцю адрозненняў.
Найважнейшымі дамінантамі гістарычных цэнтраў двух гарадоў былі храмы, якія ў асноўным належалі каталіцкім манастырам. Вылучаліся таксама каралеўскія рэзідэнцыі, а ў выпадку Гродна, яшчэ і маштабныя магнацкія палацы, пабудаваныя з каменя ў эпоху, калі горад над Нёманам быў сеймавай сталіцай Рэчы Паспалітай.
Брэст у другой палове XVII стагоддзя, падчас аблогі шведскімі войскамі. Фрагмент гравюры Дальберга.
Стылістычны аналіз брэсцкіх храмаў, якія належалі розным каталіцкім ордэнам, паказвае нямала агульных рыс гэтых пабудоў, што дазваляе казаць аб нейкай мастацкай праграме, у рамках якой фармаваўся своеасаблівы гарадскі стыль, падобна таму, як гэта было зроблена ў Вільні ці Віцебску.
Храмы Брэста маюць масіўныя формы. Яны пазбаўлены высокіх, стройных веж, такіх характэрных для віленскага барока, але затое ў кампазіцыі аб'ектаў часцяком падкрэсляны франтон. Магчыма меркаваць стылістычны ўплыў аднаго з найбольш ранніх і знакамітых храмаў Брэста, Свята-Мікалаеўскай царквы, звязанай з заключэннем Брэсцкай уніі 1596 года, хоць найбольш пераканаўчай версіяй будзе здагадка аб прамым мастацкім уплыве так званага люблінскага рэнесансу (renesans lubelski), які ў Брэсце быў як б «адпаліраваны» уплывам развітога барока.
Каталіцкія храмы Гродна, створаныя ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў, яўлялі сабой больш разнастайны ў мастацкім сэнсе ансамбль. Некаторыя прыкметы выкарыстання ў будаўніцтве агульных узораў можна прасачыць і ў горадзе над Нёманам, напрыклад, узвядзенне бернардынскага храма, вялося, як можна меркаваць, з улікам мастацкіх асаблівасцей галоўнага каталіцкага сабора горада, Фары Вітаўта, а дамініканскія і езуіцкі касцёлы першапачаткова мелі блізкія па кампазіцыях фасады, але ў цэлым, казаць пра вялікую стылістычную аднастайнасць гродзенскіх касцёлаў, як гэта можна рабіць у выпадку ансамбля брэсцкіх каталіцкіх манастыроў, усё ж няма падстаў.
Шведскі праектны план умацаванняў Брэста, XVII стагоддзе.
Шэраговая забудова абодвух гарадоў, у перыяд усяго існавання ВКЛ, уключала вялікі працэнт драўляных будынкаў.
Доля гістарычных цэнтраў Гродна і Брэста пасля канчатковага знішчэння Рэчы Паспалітай і з'яўлення расійскіх кіраўнікоў была не самай лепшай. Царская адміністрацыя знішчыла важныя дамінаты Гродна – касцёлы дамініканаў і кармелітаў.
Але значна больш сумная доля чакала цэнтр старога Брэста. Тут варта звярнуцца да ўспамінаў Юліяна Урсына Нямцэвіча, ураджэнца берасцейскага ваяводства, які апісаў свой візіт у горад, у 1816 годзе, калі да будаўніцтва крэпасці заставалася крыху больш за пятнаццаць гадоў. Ужо тады Брэст быў у заняпадзе, пра што з сумам паведаміў літаратар:
«На працягу трыццаці гадоў я не бачыў сталіцы майго роднага ваяводства і пасля такога працяглага перыяду часу, з улікам таго імкнення, якое чалавечы розум, і тым больш кіраўніцтва, павінны былі б мець для ўдасканалення сваіх спраў, я чакаў прыемнага здзіўлення, выявіўшы гэтую сталіцу павялічанай, удасканаленай, адным словам, квітнеючую багаццем, і, о Божа, як сумна я расчараваўся ў сваіх надзеях! У часы маёй маладосці Брэст, хаця і не такi быў багаты і не валодаў такой колькасцю прамысловых прадпрыемстваў, як гэта павінна было б быць, але ўсё ж быў на сваім узроўні. Сёння ж не столькі варожая зброя, колькі перыядычныя, і гэта можна даказаць, наўмысныя падпалы, захоп дамоў для раскватаравання вайскоўцаў, перашкоды гандлю, усе прафесіі, усе рамёствы, усе віды прамысловасці, аддадзеныя яўрэям, гэты горад зрабілі жабрачым і маланаселеным. Два будынкі, якія калісьці ўпрыгожвалі яго, езуіцкі касцёл і Фара, стаяць у сумных руінах, спаленых агнём. Спалены дамініканскі манастыр паўстае толькі з попелу. Аўгустыянскі манастыр, раскошныя манастыры езуітаў і бернардынцаў, а таксама манастыр брыгітак, зрабiлiся ваеннымi шпіталямі, знішчаны, напоены заразай. Я абышоў усе манастыры, разбураныя ваеннымі шпіталямі. Акрамя базыльянаў, якія трымалі школы, у манастырах ніхто не выконвае статут, нават у брыгітак вайскоўцы і манашкі перамяшаныя».
Гэтыя радкі, якія змяшчаюць нават указанне на наўмысныя падпалы, малююць самую сумную карціну, але горшае чакала стары горад пазней. Як ужо было сказана ў папярэдняй главе, стары горад Берасця быў знішчаны дзеля будаўніцтва крэпасці, якая заняла яго ўчастак.
Дамініканскі касцёл Брэста. Малюнак XIX ст.
Стары горад Гродна, які раскінуўся паблізу ад высокіх, прынёманскіх узгоркаў, увянчаных замкамі і старажытнай Каложай, гэты важны для ўсёй краіны куток даўніны, здольны прывабіць многія тысячы турыстаў, гэты чароўны міраж каралеўскай эпохі, як быццам усё яшчэ захоўвае многія рысы той даўняй, пазначанай у гісторыі, сталіцы ВКЛ, гэты горад над Нёманам, Горад узгоркаў – захаваўся, хоць і далёка не поўнасцю.
Але якім жа цудоўным мог быць стары горад Брэста, з яго храмамі і замкам, якія вырастаюць уверх, і лунаюць над астравамі. Горад накрыты маленькімі, разьбянымі шкатулкамі – дамамі мяшчан… Цяпер гэты Брэст жыве на старонках старых дакументаў, і ў чароўных, лічбавых рэканструкцыях, створаных энтузіястамі беларускай даўніны. Ён не загінуў поўнасцю, бо яго культурны код – гэта і культурны код беларускага народа, які стагоддзямі жыў у адным з найпрыгажэйшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага.