Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 4
Кластар 1. Гродна і (або) Брэст
Фрагмент 2. Імперскія крэпасці ў Брэсце і Гродне
ОглавлениеЗнакамітая Брэсцкая крэпасць, вядомая далёка за межамі Беларусі, без усялякага сумнення яўляе сабой унушальны архітэктурны аб'ект, з багатай гісторыяй.
Будаўніцтва гэтага фартыфікацыйнага збудавання было, аднак, спалучана з культурнай трагедыяй горада над Бугам, а менавіта: знішчэннем усяго старога горада старажытнага Берасця.
Ажыццяўлялася будаўніцтва ў 30-х і на пачатку 40-х гадоў XIX стагоддзя, пазней рабiлiліся шматлікія «дабудоўкі» крэпасці.
Рашэнне аб будаўніцтве дастаткова маштабнага і дарагога аб'екта прыняў цар Мікалай I, які асабіста прыязджаў у Брэст. Дзякуючы ўспамінам жыхаркі старога Брэста, Паліны (Паўліны) Венгеравай вядома, што мясцовая яўрэйская абшчына была ў жаху ад праекта, які прадугледжвае знішчэнне іх горада, хаця ўлады і абяцалі кампенсаваць страты. Людзі прасілі захаваць іх дом, але ніякія просьбы, зразумела, не мелі эфекту і зацверджаны найвышэйшым загадам план быў рэалізаваны.
Так крэпасць паглынула адзін з найбагацейшых, у свой час, гарадоў ВКЛ, які быў адным з ключавых палітычных цэнтраў краіны ў перыяд праўлення Ягайлы і яго нашчадкаў.
Гарадзенская крэпасць – значна менш вядомы аб'ект. Для малапрыкметнасці гродзенскага фартыфікацыйнага комплексу на фоне брэсцкага субрата ёсць шэраг прычын. Гэта і адсутнасць шырока вядомай гераічнай гісторыі – бо гродзенская крэпасць – гэта не гісторыя гераічнага супраціву, а якраз наадварот – гісторыя занадта хуткай здачы. Важнае тут і менш суцэльнае, у параўнанні з Брэсцкай крэпасцю, аблічча, і, нарэшце, знаходжанне ў цені больш яркіх і раскручаных аб'ектаў Гродна, здольнага прапанаваць турыстам сотні розных больш ці менш уражальных помнікаў архітэктуры.
Праект Гродзенскай крэпасці 1807 года. Большая частка горада ляжыць усярэдзіне ўмацаванняў.
Гродзенскую крэпасць збіраліся будаваць вельмі доўга – так доўга, што ў выніку рэальна прыступілі да будаўніцтва толькі ў канцы XIX стагоддзя. Некаторыя праекты крэпасці прадугледжвалі ўзвядзенне ўмацаванняў у цэнтральнай частцы горада, што, у выніку, скончылася б для старога Гродна катастрофай, хаця, як можна меркаваць, не такой маштабнай, як у Брэсце, але ўсё ж жахлівай па сваіх наступствах для ўсёй культуры беларускага народа.
У выніку, у Гродне зрабілі тое, што, несумненна, трэба было зрабіць у Берасце. Аб'екты крэпасці ўзвялі не ў цэнтры Гродна і, адпаведна, яны не пашкодзілі каштоўнай забудове старажытнага горада, а толькі дапоўнілі яго архітэктурную палітру новымі фарбамі.
Два гарады, дзве імперскія крэпасці, дзве розныя гісторыі, толькі адна з якіх спалучана з гібеллю найкаштоўнейшых для краіны культурных помнікаў. Так распарадзіўся лёс, і нашчадкам застаецца выношваць праекты частковай рэгенерацыі старога Брэста (аўтар з'яўляецца прыхільнікам падобных ідэй) і спрабаваць засвоіць урокі гісторыі, каб наступныя пакаленні як мага менш наракалі на страту каштоўных узораў архітэктуры, створаных дзякуючы працы майстроў мінулых стагоддзяў.