Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 7

Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны
Фрагмент 5. З гісторыі Белавежскай пушчы: ад зламанай нагі караля да асаблівай самагонкі

Оглавление

Белавежская пушча размешчана на тэрыторыі дзвюх краін: Польшчы і Беларусі, і ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ну а яе беларуская частка якраз падзелена паміж дзвюма абласцямі, Гродзенскай і Брэсцкай.

Калісьці, яшчэ да стварэння ВКЛ, на тэрыторыі пушчы жыло ваяўнічае племя яцвягаў. Назва пушчы ўтворана, відавочна, ад нейкай «белай вежы», якой нярэдка аб'яўляюць менавіта старажытную валынскую вежу ў Камянцы, хоць дакладных звестак аб паходжанні назвы менавіта ад каменецкага «столпа» у даследчыкаў няма.

На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца ўмоўная сталіца пушчы, вёска Белавежа.

Здаўна пушча была паляўнічымі ўгоддзямі каранаваных асоб. Пра паляванне тут караля польскага і найвышэйшага князя (supremus dux) літоўскага Уладзіслава Ягайлы паведамляецца ў працах знакамітага польскага храніста Яна Длугаша. Вядома, што ў час палявання ў пушчы Ягайла паламаў нагу, якую пазней доўга лячыў. Відаць, менавіта ўладца Польшчы і Літвы быў адным з манархаў-рэкардсменаў па колькасці часу, праведзенага ў лясах Белавежы.

Прыклад высакароднага (па нараджэнні, але не па характары) продка перанялі яго нашчадкі – Ягелоны. Вядома, што ў пушчы часта бываў Казімір Ягелончык.

Пасля Ягелонаў у пушчу наведваліся выбарныя манархі Польшчы і Літвы, напрыклад, кароль-паляўнічы Стэфан Баторый. Не цураліся палявання ў пушчы і каралі з дынастыі Ваза, а пазней саксонскія валадары краіны.

З Аўгустам III Саксонцам якраз было звязана маштабнае манаршае паляванне падчас якога было забіта, як можна прачытаць на спецыяльным абеліску, устаноўленым у гонар гэтай падзеі ў Белавежы, 42 зубры, а ўсяго 57 асобін з атрада капытных. Дарэчы, ужо ў часы караля гэтая «разня» была асуджаная сучаснікамі, і да падобнай думкі можа, праз гады, далучыцца і аўтар, якi наогул негатыўна адносіцца да забойства жывёл дзеля забавы.


Абеліск у гонар палявання Аўгуста III у пушчы.


У часы Станіслава Аўгуста Паянтоўскага, у пушчы распараджаўся яго ўсемагутны ў ВКЛ прыхільнік, граф Антоні Тызенгаўз. Паўлегендарныя звесткі польскіх гісторыкаў XIX стагоддзя, сведчаць аб тым, што няўрымслівы каралеўскі фаварыт ледзь не ўладкаваў на пастаяннае месца жыхарства ў пушчу вялікага філосафа Жан-Жака Русо.


Жан-Жак Русо – амаль паляшук. Ігральная карта XVIII – XIX стагоддзяў.


Пасля далучэння да Расійскай імперыі земляў знішчанай Рэчы Паспалітай, рускія ўладары даволі хутка заўважылі патэнцыял Белавежскай пушчы. Цар Аляксандр III загадаў узвесці, прыкладна на месцы двара польска-літоўскіх валадароў, своеасаблівы паляўнічы замак, манаршага размаху. Размяшчаўся аб'ект на ўскраіне сучаснай вёскі Белавежа, і цяпер ад яго захавалася няшмат, хоць турысты ўсё яшчэ могуць убачыць эфектную «замкавую браму» знішчанай царскай рэзідэнцыі.

Пасля таго як палац згарэў у агні II Сусветнай палякі не сталі аднаўляць аб'ект, які асацыюецца з перыядам валадарства Расіі.


Царскі палац у Белавежы.


Ну а ў беларускай частцы пушчы пасля вайны была пабудавана знакамітая рэзідэнцыі «Віскулі» якая спачатку мела ролю паляўнічай хаткі (калі так можна назваць самавіты дом, у стылі сталінскай неакласікі) для кіраўнікоў СССР, ну а затым менавіта ў гэтым лясным кутку былі падпісаныя знакамітыя Белавежскія пагадненні, якія фармальна пазначылі распад СССР.

Вядома, што мяцовыя жыхары вырабляюць сваю асаблівую самагонку, якая носіць яркую назву «пушчанка». У 2000-х гадах аўтар, знаходзячыся ў складзе групы творчых работнікаў, меў магчымасць наведаць раённы цэнтр Свіслач, пасля чаго прымаючы бок вывез калектыў у пушчу, дзеля арганізацыі своеасаблівага банкету. Аднак просьбы пачаставаць гасцей менавіта «пушчанкай» не былі задаволеныя, бо гаспадары, па іх словах, не чакалі ўвагі працаўнікоў культурнага профіля да іх самаробнага прадукта і таму не назапасілі яго, а зрабілі стаўку на простую гарэлку з крамы. Мілыя, асабістыя ўспаміны…

Вось такая кароткая гісторыя знакамітай Белавежскай пушчы.

Захад Беларусi: гiстарычны пазл

Подняться наверх