Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 9
Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны
Фрагмент 7. Пінчукі і стварэнне Вялікага княства Літоўскага
ОглавлениеФарміраванне Вялікага княства Літоўскага ў якасці своеасаблівага сімбіёзу балцкіх і славянскіх земляў ішло ў XIII стагоддзі, на тэрыторыі княстваў Панямоння і ўласна самой Літвы Міндоўга. Часта менавіта дзяржаваўтваральным працэсам, якія ішлi на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці, надаюць асаблівую ўвагу даследчыкі. Між тым, вельмі цікавую ролю адыгрывалі ў гэтай гісторыі князі Пінска. Звернемся да Галіцка-валынскага летапісу (ГВЛ), які лічыцца найважнейшай крыніцай інфармацыі аб раннім ВКЛ.
У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.
«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».
Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.
Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:
«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».
Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.
Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.
Гартаючы ГВЛ далей можна знайсці і яшчэ аргументы на карысць дакладнасцi падобнай здагадкі.
«У год 6761 (1253). Таўцівіл даслаў да Даніілу Рэўбу сказаць: „Пайдзі да Навагародка“. І Данііл пайшоў з братам Васількам, і з сынам Львом, і з полаўцамі, і са сватам сваім Тэгакам, і прыйшоў да Пінска. Князі Пінскія ўтойвалі падман, іх узялі з сабою на вайну няволяй».
Вось яно! Нават скупыя звесткі валынскага летапісца пацвярджаюць нежаданне пінчукоў ваяваць з літоўцамі.
Зразумела, падобныя паводзіны можна тлумачыць па-рознаму, у тым ліку і страхам перад літоўцамі, але можна меркаваць тут і добры разлік на здабыццё новага саюзніка ў выглядзе відавочна набіраючай моц Літвы.
Нягледзячы на «затоены падман» пінскія Рурыкавічы, без усялякага сумнення, імкнуцца захоўваць саюзніцкія адносіны і з ўладарамі Галіцка-Валынскага княства.
У 1262 годзе літоўцы ў чарговы раз ваююць з валынцамі, у выніку чаго людзі Міндоўга церпяць паражэнне. Летапісец адзначыў і рэакцыю пінскіх князёў:
«Пачуўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры прыехалі да Васілька з пітвом і пачалі весяліцца, бо бачылі сваіх ворагаў разбітых, а сваю дружыну цэлай. Толькі адзін быў забіты з палка Васілька – Перыбор, сын Сцяпана Родзівіча. Потым князі пінскія паехалі да сябе, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогай і гонарам вялікім, славячы Бога, які стварыў цуды, які кінуў ворагаў да ног князя Васількi».
Атмасфера пастаяннага заключэння новых саюзаў і барацьбы «усіх супраць усіх», калі ўчорашні саюзнік ужо быў ворагам, вельмі добра чытаецца на старонках летапісу, таму віхлянні пінчукоў выглядаюць цалкам лагічнымі ў дадзеных, вельмі напружаных, палітычных і ваенных абставінах.
Далей валынскі летапісец апісвае забойства першага і апошняга караля Літвы Міндоўга, а затым згадвае і яго сына-спадчынніка Войшалка.
«Пасля забойства Міндоўга Войшалк пабаяўся таго ж, і ўцёк у Пінск, і там жыў».
Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка. XIV стагоддзе.
Найважнейшае паведамленне, якое паказвае ролю Пінска ў ранняй гісторыі ВКЛ! Але далей ідзе яшчэ больш значны эпізод! Пасля забойства вялікага князя Траняты адбываецца наступнае:
«Пачуўшы пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Навагародка, а адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Літоўцы прынялі з радасьцю сына свайго гаспадара».
Гэта найважнейшае паведамленне дакладнай крыніцы, якое паказвае, што продкі беларусаў выступалі палітычнымі актарамі ў стварэнні ВКЛ, а не нейкімі маўклівымі аб'ектамі заваёвы магутных літоўскіх плямёнаў, якія, дарэчы, у сутыкненнях з галіцка-валынскімі князямі прадстаўлены летапісцам не надта паспяховымi.
Пінчукі і наваградцы падтрымліваюць літоўскага князя ва ўсталяванні ягонай улады на тэрыторыях Літвы Міндоўга, паказваючы, такім чынам, палітычную суб'ектнасць продкаў беларусаў падчас фармавання ВКЛ, уносячы пры гэтым адзін з важных камянёў у падмурак беларускіх правоў на спадчыну Княства.
Вось такі эпізод, звязаны з гісторыяй аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў – Пінска, прычым важны ў кантэксце гісторыі ўсяго беларускага народа.