Читать книгу Захад Беларусi: гiстарычны пазл - Яўген Аснарэўскі - Страница 3
Кластар 1. Гродна і (або) Брэст
Фрагмент 1. Барацьба за статус альтэрнатыўнай сталіцы ВКЛ
ОглавлениеБрэст і Гродна – дзве сталіцы заходніх абласцей Беларусі. Але ў свой час яны былі яшчэ і найважнейшымі гарадамі ВКЛ, як бы канкуруючымі ў барацьбе за статус альтэрнатыўнай (другой ці трэцяй) сталіцы Княства.
У XIII стагоддзі Гродна, у адрозненне ад Брэста, знаходзіўся ў эпіцэнтры фармавання Вялікага княства Літоўскага і паказаны ў крыніцах адной з галоўных арэн супрацьстаяння літоўскіх уладцаў і галіцка-валынскіх князёў. Можна ўпэўнена казаць пра тое, што Гродна ўвайшоў у склад ВКЛ раней за Брэст. Вылучыць нейкую базу для супастаўлення палітычных статусаў гэтых двух найважнейшых населеных пунктаў дзяржавы, можна, мабыць, ужо пры князе Вітаўце, які валодаў абодвума гарадамі. У даследчыкаў ёсць падставы асцярожна сцвярджаць, што пры Вітаўце і яго фармальным сюзерэне Уладзіславе Ягайла, горад над Нёманам часцей за яго «канкурэнта» над Бугам служыў валадарам для вырашэння важных палітычных пытанняў, напрыклад, у Гродне Вітаўт заключаў мір з крыжакамі і сустракаў чэшскіх паслоў. Аднак і ў Брэсце вырашаліся найважнейшыя для ВКЛ пытанні, у прыватнасці, як піша Ян Другаш, менавіта там адбыўся спецыяльны сход, з удзелам Вітаўта і Ягайлы:
«Пасля выезду з Непаламіц, кароль польскі Уладзіслаў адпраўляецца ў Літву, каб у Брэсце Рускім правесці з князем Аляксандрам з'езд, аб якім ужо даўно папярэдзіў яго».
Сустрэча была зладжана з мэтай падрыхтоўкі агульных дзеянняў супраць крыжакоў, якія ў выніку прывялі да пераможнай для Княства Грунвальдскай бітвы.
Ягайла. Партрэт XIX ст.
У некаторых выпадках Брэст і Гродна разам служылі своеасаблівай сцэнай для драматычнай барацьбы Вітаўта за ўладу. Напрыклад, у 80-х гадах XIV стагоддзя Вітаўт, паводле звестак з Летапісу Вялікіх князёў Літоўскіх, знаходзіцца з маці Бірутай у Гродне, а пасля яе ад'езду ў Брэст, збірае ў горадзе над Нёманам сілы для паходу супраць свайго стрыечнага брата Ягайлы. Менавіта ў Брэсце, паводле некаторых звестак, Бірута была забіта людзьмі вераломнага пляменніка яе мужа.
Пад 1387 годам Ян Длугаш згадвае Вітаўта ў ліку іншых князёў, выкліканых у Вільню каралём Ягайлам.
«Па каралеўскім загадзе сабраліся браты караля, троцкі князь Скіргайла, гродзенскі Вітаўт, кіеўскі Уладзімір, наваградскі Карыбут…»
У пераліку князёў Вітаўт названы менавіта гродзенскім князем, што можна трактаваць як указанне на вялікшую значнасць Гродна ў параўнанні з Брэстам.
Падчас чарговага супрацьстаяння Ягайлы і Вітаўта, першы вырашыў нанесці ўдар па вотчынных уладаннях суперніка. Хутка ўзяўшы Брэст, кароль падышоў да Гродна, дзе абложнікаў чакала доўгая і ўпартая барацьба з вернымі Вітаўту гарнізонамі. У выніку аблогі 1390 года, воіны польскага караля ўсё ж захапілі гродзенскія ўмацаванні.
Сярод дадзеных, якія сведчаць аб важнасці таго ці іншага населенага пункта, знаходзяцца і звесткі аб стварэньні розных абарончых пабудоў. Вядома, што ў Гродне Вітаўт разгортвае маштабнае замкавае будаўніцтва, падарыўшы гораду адзін з найлепшых фартыфікацыйных комплексаў краіны. На стыку XIV і XV стагоддзяў у горадзе над Нёманам існуюць два каменныя замкі – Верхні і Ніжні. Падобныя сістэмы двух каменных умацаванняў знаходзіліся толькі ў некаторых найважнейшых гарадах Княства: Вільні, Троках і, як мяркуецца, Віцебску.
Замак Брэста ў гэты час заставаўся ў асноўным драўляным, хаця, як мяркуецца, уключаў каменную вежу валынскага тыпу, так званы «столп», пабудаваны яшчэ ў XIII стагоддзі.
У сучаснай гістарычнай літаратуры Гродна ўсё яшчэ часта называюць «другой сталіцай Вітаўта», аднак жа, які горад лічыўся першай сталіцай, Вільня або Трокі, часта не ўдакладняецца. Так ці інакш, нават калі лічыць падобны статус горада пэўным перабольшаннем, варта адзначыць, што Гродна без усялякага сумнення, разам з Трокамі, Вільняй і Коўнам, уваходзіў у пералік асноўных рэзідэнцый вялікага князя Вітаўта, а таксама часта прымаў і польскага караля Ягайлу. Важнай рэзідэнцыяй уладцаў быў таксама замак у Берасцi.
Калі пры Вітаўце і Ягайле Берасце хутчэй знаходзіцца ў цені Гароднi, то пры Казіміры Ягелончыку горад над Бугам ужо можна назваць як мінімум не менш важнай рэзідэнцый польска-літоўскіх манархаў. Па звестках польскіх гісторыкаў, менавіта ў Гродне Казімір атрымлівае прапанову стаць валадаром Кароны, а ў Брэсце згаджаецца ўзысці на сталец Польскага каралеўства, гэта значыць у перыяд праўлення Казіміра, Гродна і Брэст у чарговы раз «дзеляць паміж сабой» важную гістарычную падзею.
Казімір Ягелончык даволі шмат часу бавіў у берасцейскім замку, калі адпраўляўся з Кракава ў літоўскія землі, а таксама вяртаўся з Княства ў Карону.
Важным паказчыкам палітычнага статусу як Гродна, так і Брэста можна назваць колькасць сеймаў ВКЛ, праведзеных ва ўказаных гарадах дзяржавы. Звесткі даследчыкаў аб гэтых найважнейшых актах палітычнага жыцця дзяржавы даволі моцна адрозніваюцца. Існуюць розныя погляды на пачатак сеймаў, і часта менавіта Гродна аб'яўляецца месцам правядзення першага сейма, хаця некаторыя даследчыкі адлічваюць гісторыю склікання старадаўніх парламенцкіх асамблей Княства ад схода ў Віцебску, а іншыя ад збору шляхты ў Вільнi. Так ці інакш, у большасці публікацый сталіца ВКЛ Вільня паказваецца горадам, які прыняў найбольшую колькасць сеймаў краіны, а вось другое месца займае Брэст. Гораду над Нёманам дастаецца толькі бронза ў гэтай ганаровай гонцы. Падобнае ўзвышэнне Берасця было намечана, на думку аўтара, менавіта ў перыяд праўлення Казіміра Ягелончыка, які, аднак, памёр у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.
Такім чынам, грунтуючыся на статусе «другой сеймавай сталіцы» Вялікага княства Літоўскага можна казаць аб тым, што Брэст, у перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка, а затым і Жыгімонта Старога, як мінімум не саступаў Гародне палітычнай вагой, а можа быць і пераўзыходзіў горад над Нёманам па сваім значэнні.
Аднак ужо ў канцы праўлення Жыгімонта Аўгуста альтэрнатыўны Вільні цэнтр палітычнага жыцця па-за ўсякім сумневам знаходзіцца ў Гродне, дзе праходзіць прыём буйных дэлегацый розных краін, паказаны на вядомай гравюры Гродна, аўтарства Мацея Цюндта, і збіраюцца сеймы краіны, на якіх кароль вядзе падрыхтоўку да уніі Польшчы і ВКЛ.
Прыём у Гродне турэцкага пасольства. Гравюра Цюндта, 1568 год.
Пасля аб'яднання краін у канфедэрацыю, уладаром нядаўна створанай Рэчы Паспалітай неўзабаве становіцца Стэфан Баторый. Менавіта асабісты выбар гэтага манарха, які вылучаў Гродна сярод іншых населеных пунктаў краіны, у значнай ступені абумовіў будучае ўзвышэнне яго любімай рэзідэнцыі, і гэта ў выніку дазволіла гораду над Нёманам абысці нават Вільню, стаўшы фактычнай сталіцай ВКЛ.
Баторый пабудаваў у Гродне, па ўспамінах французскага падарожніка XVII стагоддзя Дзюпонта, «адзін з найпрыгажэйшых каралеўскіх дамоў у каралеўстве», што, зразумела, было істотным фактарам, якi прадвызначаў увагу наступных манархаў Рэчы Паспалітай да гродзенскага замка. Вектар узвышэння Гродна, намечаны Баторыем, умацоўвае статус горада, зафіксаваны, напрыклад, у кнізе нямецкага гісторыка Цайлера, выдадзенай у 1647 годзе. У ёй Гродна называецца «выбітным» і «другім пасля Вільні».
Асноўнай рэзідэнцыяй манархаў у гэты час з'яўляецца Варшава. Гродна стаяў якраз на актыўна выкарыстоўванай дарозе паміж сталіцай ВКЛ Вільняй і галоўнай рэзідэнцыяй каралёў і вялікіх князёў у Польшчы. Пры гэтым Брэст застаецца ў баку ад найкарацейшага шляха ўладцаў з фактычнай сталіцы Кароны ў сталіцу Княства.
У 1673 годзе Хрыстафор Пац дабіваецца так званай «літоўскай альтэрнатывы», гэта значыць правядзення сеймаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі ВКЛ. Сеймавым горадам Літвы прызначаецца Гродна. Падобна Брэсту, які быў некалі «другой сеймавай сталіцай» Княства, Гродна ператвараецца ў другую сталіцу ўсёй Рэчы Паспалітай. Цяпер гэта галоўны горад Літвы, хаця, у некалькі парадаксальным ключы, ён не мае свайго ваяводства, якое ёсць у Брэста. Тым не менш, у самым канцы існавання Рэчы Паспалітай Гродна, без усялякага сумнення – фактычная сталіца ВКЛ, дзе і перагортваюцца заключныя старонкі існавання Княства, у прыватнасці, праходзіць апошні сейм Рэчы Паспалітай, пасля якога адбываецца паўстанне Касцюшкі, а пасля гэтага – палон апошняга вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў горадзе над Нёманам, і адрачэнне бяздольнага манарха ад трону.
Пасля далучэння Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны да Расійскай імперыі, статус Гродна быў такі высокі, што першапачаткова менавіта горад над Нёманам быў прызначаны цэнтрам краю, хаця неўзабаве сталіца перамясцілася ў Вільню.
У створанай расійскай адміністрацыяй новай губерніi Брэст стаў сталіцай павета, а губернскім горадам – Гродна, хоць, горад над Бугам быў больш-менш супастаўны з губернскім цэнтрам па колькасці насельніцтва.
Раздзелены Берасцейшчына і Гродзеншчына былі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. У 20-х гадах ХХ стагоддзя палякі зрабілі Брэст цэнтрам ваяводства, а Гродна толькі цэнтрам павета ў складзе ваяводства са сталіцай у Беластоку.
У складзе БССР Гродна і Брэст атрымалі свае вобласці, такім чынам зраўняўшыся ў сталічным статусе.
Цэнтрамі абласцей гэтыя заходнія гарады з'яўляюцца і ў складзе Рэспублікі Беларусь.
На момант напісання кнігі Гродна – буйнейшы заходнi горад, які лідзіруе ў большасці ўнутраных рэйтынгаў самых прыгожых гарадоў Беларусі, затое Брэсцкая крэпасць прымае большую, чым любы гродзенскі аб'ект, колькасць турыстаў, якія ў асноўным едуць з Расіі.
Два цэнтры на захадзе Беларусі. Два такія блізкія, але ў нечым і такія далёкія, цудоўныя гарады. Іх гісторыя – не толькі гісторыя своеасаблівай барацьбы за палітычную вагу, але і летапіс як бы падзеленых паміж двума гарадамі, эпахальных падзей, якія мелі ўплыў на сотні тысяч продкаў сучасных беларусаў. Таму гарады злучаны адмысловымі глыбіннымі ніцямі, якія не заўсёды проста ўбачыць абывацелям, але якія і нельга разарваць, пакуль чалавечая цывілізацыя захоўвае прыведзеныя вышэй гістарычныя звесткі ў сваіх вялiкіх архівах.