Читать книгу Сымон-музыка - Якуб Колас - Страница 4

Частка першая
II

Оглавление

Несупыннай хваляй плыні

За парою йшла пара,

I прабіла час хлапчыне

Гнаць у поле са двара.

Ён праслухаў навучанку,

Як быць добрым пастухом,

Справіў пугу-павіванку,

Вузлы вывязаў гурком

I пагнаў авечкі ў поле

На папары і на ролі.

Ён цяпер глядзеў болыл стала:

Ён – асоба, пастушок,

Нават права меў на сала

I на цёплы кажушок.

Добра ў полі: волі многа

I прастору-шырыні,

Вабяць далі там малога,

Як прынадныя агні.

Што ёсць там, за тым, унь, гаем,

Дзе зляглі нябёс вянцы?

Новы край і край за краем

I краі ва ўсе канцы!

I снуецца думка тая,

Каб пашырыць свой прастор;

Думка ўсюды залятае:

За сяло, за хвалі гор

I на хмаркі кіне вока,

Што, як гусанькі, плылі,

Запытае, як далёка

Тое сонца ад зямлі.

Як глыбок той прастор немы,

I ці мерыў яго хто?

I адкажа па-сваему:

Вёрст напэўна будзе сто!

I яшчэ было чым міла

Тое поле хлапчуку,

Гэта тым, што дзед Курыла

Там яго трымаў руку.

Гэты дзед – пастух гуртовы,

Слаўны дзед, дзядок – душа,

Гаваркі, мастак на словы,

I любіў ён малыша!

Не смяяўся дзед з Сымонкі,

Не ўсчуваў яго ні-ні,

Частаваў з свае скарбонкі,

Бавіў цэлыя з ім дні.

Забяруцца ў цень пад грушу

I гаворку распачнуць.

Тут Сымонка сваю душу

Мог прад дзедам разгарнуць,

Запытаць пра сёе-тое

Дзедку добрага свайго,

Бо Сымон не меў спакою —

Ўсё цікавіла яго.

– Дзедка, чуеш: во – спявае!

Ці ж не чуеш, дзедка? вунь!

– Гэта здань твая такая:

Адхрысціся, хлопча, плюнь!

– Як то здань? А ты паслухай! —

Дзед схіляе галаву,

Шапкай круглай, аблавухай

Чуць не ўлазячы ў траву.

– Не, не чую! – Ото дзедка!

Мусіць, ты зусім аглух:

То ж спявае з кветкай кветка! —

Вочы вырачыць пастух,

На Сымонку пазірае:

– Ой, хітрэц! ото лайдак:

Чаго ён ні выдумляе!

Бач, знайшоў якіх спявак!

– Хіба ж краскі не спяваюць?

– А які ўжо іх там спеў?

Краскі голасу не маюць:

Пройдзе ветрыку павеў,

Закалышуцца – не ўчуеш…

Кінь ты, хлопча, мары сніць!

– Ат, дзядуня, ты жартуеш,

Каб малога падражніць!

– Ой, дзіўны ты, – дзед гаворыць

I пакруціць галавой,

А Сымон сваё гуторыць,

Гледзячы ўдаль прад сабой.

– Дзед, зірні: куды-та хмаркі

Унь ідуць, ідуць, як дым?

Там так добра, вольна, ярка,

А яны ідуць. Ці ім

Надта горача ад сонца?

Ці іх гоніць хто адтуль?

Ці ім блага там бясконца?

I скажы, дзядок, адкуль

Хмаркі гэтыя выходзяць?

– Эх, дзівак ты! – кажа дзед. —

Што за мыслі ў цябе бродзяць?

Так утворан гэты свет:

Грэе сонца, ходзяць хмары,

Носяць снег і дождж і гром,

Ночкай вынікнуць стажары[1],

I бяздонныя амшары

Зоркі выецелюць руном

Ды на поўдзень ад паўночы

Шлях праложаць без прысад,

А куды, куды ён крочыць,

Хто адкажа табе, брат?

Вее вецер і сціхае,

Як увойдзе ў берагі;

Па зіме вясна ўбірае

Твар зямлі, лясы, лугі;

I прачнецца ўсё дазвання,

Жыццё ўзбудзіцца ў зямлі,

I без нашага пытання

Колас вырасце ў раллі. —

Хлопчык слова не прароніць,

Дзеду ў вочы ён глядзіць

I галоўку чуць прыклоніць,

Не варушыцца, маўчыць.

– Не, дзядок! не тое, дзедку!

А ты вось скажы: чаму

Вецер песні пяе ўлетку,

Плача ж жаласна ўзіму?

– Схамяніся, бог з табою!

Унь ужо аб чым спытаў! —

I круціў дзед галавою,

I плячыма паціскаў.

– Вось дык хлопец! скуль узяўся?

Не, сапраўды ты дзіўны:

Ці разумным ты прыўдаўся,

Ці з уроды ўжо дурны?

Не: з цябе, відаць, штось выйдзе…

Кінь ты гэтую думу —

Усё будзе ў сваім відзе,

Сам пазнаеш, што й чаму.

Вось каб ты вучыўся змаля,

Кніжку ў рукі б даць табе! —

Дзед і хлопчык замаўкалі,

Кожны думаў па сабе.

Раз Сымонку давялося

Чуць, як граюць дудары,

I яму тады здалося,

Што да гэтае пары

Ён дзіцятка быў дурное,

Што не жыў ён, а блукаў,

Што цяпер пазнаў ён тое,

Чаго шчыра так шукаў.

Слухаў хлопчык тое гранне,

Пад сабой не чуў зямлі,

Бо ў тых зыках чаравання

Спевы ўласныя плылі,

Струны сэрца ў ім дрыжалі,

Як дрыжыць блісканне зор

У надземнай цёмнай далі,

I музыкам падпявалі

I ляцелі на прастор

У салодкім заміранні

Ясным зоркам на спатканне.

Дудары ўсё перайгралі,

Дальш у свет яны пайшлі,

А ў душы яшчэ спявалі

Зыкі дзіўныя, плылі,

Разрасталіся й далёка

Душу вабілі сабой

I няслі яе высока

Над гаротнаю зямлёй.

Зыкі душу напаўнялі,

I, куды б ён ні пайшоў,

Над ім гралі і спявалі

Дуды, песні дудароў.

Разоў пяць губляў авечкі,

Шкоды ў полі нарабіў,

Здрасаваў шнуроў тры грэчкі,

Вератнік[2] аўса прыбіў!

I за тое ж дасталося

Ад суседзяў, ад бацькоў.

Многа выцерпець прыйшлося

Папіханак, кулакоў!

Толькі ж хлопчык не чуў болю,

I не тым занят быў ён:

Зыкі смутку, песні волі

Чуў хлапчук з усіх старон.

I цяпер, як непрытомны,

Стаў на гонях і стаіць,

Як выгнаннік, як бяздомны,

Што не мае дзе схіліць

Галаву сваю сірочу,

I надзей у ім няма.

Сам хлапчук не знаў, што хоча,

Дзе, аб чым яго дума.

Ён не ведаў, што з ім стала —

Сэрца поўніў нейкі спеў,

Думка дзесь не тут блукала,

Дух як бы кудысь зляцеў.

– Эй, Сымон… Заснуў, ці што ты?

– А, то ты… Ах, мой дзядок!..

– Дзе ж авечкі… Ой, блазнота…

Ну, й дадуць табе, браток! —

Тут Сымон ахамянуўся,

Бегчы кінуўся кулём.

– Стой! куды ты?.. Не ачнуўся!

Унь авечкі, за аўсом! —

«Збілі хлопца зусім з тропу,

Як ён рух яшчэ схаваў?

Б’юць, як цэпам тым па снопу!» —

Дзед з сабою разважаў.

– Ну, што думаў, брат Сымоне?

– Ах, дзядуня, любы мой!

Дудары тут шлі сягоння…

Як жа гралі! а-ё-ёй!

– Дудары? – стары спытаўся —

Гм!.. дык унь што… пачакай!

Ты, відаць, не просты ўдаўся,

Дам табе я нешта… грай!

Вось, пакуль што, мой бядача,

Дудку дам табе я ў дар:

Ты – музыка, брат, няйнача,

Будзеш некалі дудар. —

        Расхінуў тут дзед халат

Ды з кішэні-бакавушку

Выняў дудку-весялушку

I зайграў на гэты лад:

        «Свінні ў рэпе,

        Свінні ў рэпе,

        Парасяты ў грэчцы,

        А музыка

        Без языка

        Каля печы трэцца!..»

I яшчэ дзед разоў пару

Спрытна пальцамі прабег.

У Сымонкі ў вочках, твару

Бегаў ціхі-ціхі смех.

Ен, працягшы сваю ручку,

Вочак з дзеда не спускаў.

– На, Сымоне, маеш штучку!

Грай здаровы! – дзед сказаў.

Як бы дар які там з неба,

Дудку тую ўзяў Сымон.

– Намачыць яе, брат, трэба:

Галаснейшы будзе тон.


1

Стажары – назва групы з сямі зорак у сузор’і Цяльца.

2

Вератнік – частка загону.

Сымон-музыка

Подняться наверх