Читать книгу Сымон-музыка - Якуб Колас - Страница 9

Частка другая
II

Оглавление

Заблішчала, заззяла на ўсходзе лука —

        Бераг неба над краем зямлі;

        Залатыя чаўночкі ўсплылі

        З безбярэжнай далі.

Разлівае ўжо блеск агнявая рака,

        І чыясь там рука

        Аднімае заслону з зямлі.

А з-за краю нябёс вочы ўскінуў дзянёк,

        Сыпнуў чырвань на шапкі лясоў,

Нясе жмут залатых каласоў,

        Абрусоў, паясоў

Белы свет убіраць, небу сплесці вянок,

        І рассеяўся мрок,

        Адамкнуўся цямраны засоў.

І балуе пажар – іскры сонцавых кос, —

        Разнімаецца шырай, дужэй, —

        Ясны дзень павядзе цяпер рэй.

        На душы весялей,

А ўчарашняга дня кроплі вылітых слёз

        Замарозіў мароз —

Срэбрам іх парабіў, чарадзей!

Шоў Сымонка, углядаўся,

Як гарэў і ззяў усход,

Як дзень новы з ім вітаўся

І зваў весела ўпярод.

І ён шоў, мінаў сялібы,

Што чарнеліся ўдалі,

Шоў прасткамі цераз скібы

Свежаўзоранай зямлі,

Каб з людзьмі не сустракацца

І хітрэй схаваць сляды,

Бо мог кожны запытацца,

Хто, адкуль ён і куды

Ідзе рана так, да свету,

Абарваны, чуць адзеты

І абуты ў пасталы?

Доўга ён трапаў, далёка

Кінуў роднае сяло.

Над лясамі ўжо высока

Сонца ўгору падышло

І выгнанніка ласкала,

Грэла, песціла цяплом

І, як матка, цалавала

Тою коскаю-святлом.

Як смяюцца толькі дзеці,

Усміхнуўся тут Сымон,

Бо пачуўся, што на свеце

Не адзін ён – з скрыпкай ён!

Вочкі хлопчык ускідае,

Каб акінуць гэту даль,

Крэпне сілка маладая,

Чаго ж шкода? чаго жаль?


Эх, што можа быць дарожай

Вольнай волечкі, палёў?

Гэтай сіняй далі гожай,

Невядомай і прыгожай,

Без канца, без берагоў?

Гэтых хмарак злататканых,

Ветру посвісту ў палёх,

Думак светлых, мар нязнаных

І нікому не казаных

Казак лесу і дарог?

Што цікавей падарожжа,

Негаданых з’яў быцця,

Шуму лесу, спеву збожжа,

Новых песень запарожжа,

Спеву новага жыцця?

Эх, ты, шыр-прастор далёкі!

І шчаслівы будзе той,

Хто, душою адзінокі,

Вольны сэрцам, яснавокі,

Згодна злучыцца з табой!

Ды Сымонка з-за трывогі

Ночкі жудаснай не чуў,

Што балелі яму ногі

І што голад яго гнуў.

Вось задача, дык задача:

Дзе і як здабыць яды?

Папрасіць хіба, няйнача?

Да дзе сунуцца? Куды?

І ён стаў шукаць вачамі,

Дзе б спыніць іх і на чым.

Унь там хата за карчамі,

Якраз з коміна йдзе дым,

Коціць лёгкія клубочкі,

Дужкай звіўшыся ўгары,

І так вабяць яго вочкі

Тыя ціхія двары!

Пэўна, там пякуць аладкі.

Вось каб блінчык, хоць адзін!..

Ён вачэй не зводзіць з хаткі,

Мысліць некалькі хвілін…

Не, брат, трохі рызыкоўна:

А спытаюць: хто такі?

Небяспекі ўсюды поўна, —

Не, туды йсці не з рукі.

Дый сабакі там ліхія, —

Далей лепш пайсці адсюль.

Ён мінае хаткі тыя,

А ў жывоціку – буль-буль!

Слабасць чуе, млеюць ногі,

Але йдзе – куды? зачым?

Трудны першыя парогі,

А што далей будзе з ім?


Так ідзе ён, а з ім поруч

Думак коціцца клубок.

Раптам нікне ў сэрцы горыч —

Унь кудзеліцца дымок!

Як ён мілы і павабны,

Толькі й можа знаць пастух.

Тчэцца сіні шнур ядвабны.

І спакойны такі рух!

Сам агонь у полі тлее,

Нікагусенька няма.

Хлопчык зразу весялее, —

Духам падаў ён дарма.

Знікла гора, як бы труска,

Дым знёс цяжкую думу;

Будзе хлопчыку закуска,

Будзе снеданне яму!

Бо на полі бульбы многа,

Бульбы можна напячы.

І бярэ тут рух малога,

На агонь нясе карчы.

Чуць агоньчык разгарэўся,

Ён – у бульбу на загон;

Так капае, аж угрэўся,

Бо свой клопат – не прыгон.

Бульба ў прыску, а над прыскам

Бурна полымя гарыць

З шумам-трэскам, з нейкім піскам,

Бы з ім хоча гаварыць.

Той агоньчык разгараўся,

Бойка полымя шугаў,

З-пад карчажкі выбіваўся,

Тонкай стужачкай звіваўся

І паленцы ахінаў;

І дымок пагульваў жвава,

Гнаў клубочак за клубком,

Браў улева, рваўся ўправа,

Бег раўнюсенькім слупком

У прасторы горных светаў

І губляўся там, знікаў…

Жартаўнік агоньчык гэты!

Дзе ж наўперад ён блукаў?

Думаў хлопчык: – Ён цікавы!

Дзе ж ён быў! Дзе будзе зноў?

Ён і злосны і ласкавы,

Ён спакойны і рухавы,

Ён і стар і вечна ноў.

Ён патухне, а жыць будзе…

Хіба ў ім жывы дух ёсць?

Я ж у свеце толькі госць,

Як і госці ў свеце людзі…

Дзіўна гэта, страх цікава;

Я б хацеў быць сам агнём:

Я б дымком па небе плаваў,

Па зямлі б хадзіў святлом.


        Дагарэлі дровы, —

        Полудзень гатовы.


У Сымонкі баль ды годзе,

Ён усеўся на калодзе,

Ён у лесе, бы ў гасподзе.

А настольнік – пласт імшысты,

Ды прыгожы, ды іскрысты,

З густам вытканы і чысты.

Тыя ніткі зямля прала,

Тую пражу сонца ткала.

Коскі сонца хлопцу служаць,

А бульбінкі толькі тужаць:

Ён не можа іх адужаць,

Аж зайздросцяць яму сойкі,

Штось сярдзіта свішчуць з хвойкі,

Справа чуць не йдзе да бойкі.

І мурашак бярэ дзіва,

Прыпаўзлі сюды маўкліва,

Пазіраюць унікліва,

Па-сваему б’юць у лапкі,

А Сымон сядзіць без шапкі,

Бульба тая смачней бабкі.

Узмацніў хлапчынка сілы,

Уздужаў ён і ажыў, —

Тут куточак такі мілы,

Так ён добра паслужыў!

Нават кідаць яго шкода.

Ён прысеў на гладкі пень.

Зацішно, і ў сэрцы згода, —

Хоць сядзі тут цэлы дзень.

Ён сядзіць, а ў ім штось грае,

Нейкіх спеваў шум дзіўны,

І няма ім канца-краю,

Ім валодаюць яны.

Дзе ж ён чуў іх? І адразу

Ноч успомніў тут Сымон,

Постаць, дзедаву выразу,

І ўсё, што навеяў сон.

Ён наладзіў скрыпку жыва,

Чуць крануўся струн смычок,

Звонкіх зыкаў пералівы

Поўняць лес, маладнячок.

Свет забыў цяпер Сымонка,

Скрыпцы душу ўсю аддаў,

І пайшла-пайшла гамонка, —

Лес смяяўся і рыдаў.

А скрыпіца галасіла

Смутнай восені дажджом,

Адчувалася ў ёй сіла,

Што лілася ручаём;

І адразу адрывала

Спеў магутнасці яна,

Каб зноў квола задрыжала

Яе чуткая струна.

Граў Сымонка і часамі

Смык ад скрыпкі аднімаў

І кудысь углыб вачамі

Пільна-пільна пазіраў,

Потым зноў ён ачынаўся;

Сэрца білася ў грудзях,

І агоньчык запаляўся

Ў яго кругленькіх вачах.

Зноў над скрыпкаю жалобна

Смык хадзіў, бы штось раняў,

І слязамі дробна-дробна

Лес, дубраву напаўняў.


Хлопчык змоўк і здрыгануўся,

Аж падскочыў: перад ім

Сівы дзед стаіць, сагнуўся,

Вокам міргае сляпым.

Страшны, бледны, абарваны,

Жыцця пасынак, бядак,

На ім торбы і лахманы,

У руцэ кій – то жабрак.


        – Хто ты, хлопча? – дзед пытае: —

Чый сынок? якіх бацькоў?..

Ну ж і хлопец! Моц святая!

Маладзец, каб я здароў!

Тваё гранне гоіць раны,

Ну й мастак ты, хоць малы! —

Хлопчык бачыць – дзед рахманы,

Хоць і страшны, ды не злы.

Але што сказаць адразу:

Праўду вылажыць? салгаць?

Дзед стаіць і жджэ адказу,

Потым зноў давай пытаць.

– Я… так… хлопец… падарожны,

Праз сябе сам… Я… нічый! —

І пры гэтым асцярожна

Ён зірнуў на дзедаў кій.


– Як жа гэта: сам сабою? —

Дзед ускінуў плечуком: —

Ты ж не вырас пад вярбою

Ці ў бары баравіком?


– Я, дзядок, прагнаны з хаты

І іду… куды? у свет! —

Болып дзівіўся дзед кудлаты,

Разважае нешта дзед.

– Гм, хлапчынка: свет вялікі,

А прыпынку ў ім няма,

Прападзеш, бы яблык дзікі,

Цяпер восень, там зіма.

Дзе ж ты дзенешся зімою?

Хто табе прытулак дасць?

Эх, спазнаешся з бядою!

Эх, шырока яе пасць!

Горка, горка давядзецца,

Ты старога запытай.

Ой, часамі так прыпрэцца,

Што хоць рэпачку спявай!

А на свеце, хлопча, ўсякіх

Многа знойдзецца людзей.

На пахілых і сабакі

Брэшуць злосней і гарэй…

Як жа ты надумаў, дзеткі?


– А не ведаю… ніяк…


– Го, то кепска, мая кветка! —

Галавой матнуў жабрак.

Змоўк дзядок, маўчаў Сымонка,

Апусціўшы вочы ў дол,

А стары разважыў тонка

І так кажа: – Што ж, сакол,

Вось што я табе параю,

Каб не траціць лішніх слоў:

Я стары і лепей знаю,

Што рабіць, каб я здароў!

Пойдзем, хлопча, маім шляхам:

Будзе нам латвей удвух;

Ты не будзеш жыць пад страхам,

Што злы голад выне дух.

У мяне ж ёсць свая хатка,

Нажабруем, купім дроў;

Печ прыгорне нас, як матка,

Добра там, каб я здароў!

І не трэба чыёй ласкі,

Хай сабе трашчыць мароз,

Мы расказваць будзем казкі —

У мяне іх цэлы воз.

– Ну, а біцца дзед не будзе?

– Што ты! Не, каб я здароў,

Каб памёр на гэтым грудзе!

– Калі так, то я гатоў. —

Дзед сядае на калоду

І, заместа барышу,

Дае сальца малышу,

Каб азначыць тую згоду.


Сымон-музыка

Подняться наверх