Читать книгу Сымон-музыка - Якуб Колас - Страница 5

Частка першая
III

Оглавление

Непрыхільны, як сіротка,

Не прыласканы нікім,

Ведаў хлопчык, як салодка

Жыць вось так, сабой самім.

На Сымонку даўно ў хаце

Ўсе махнулі ўжо рукой.

Не радзіцца б лепш дзіцяці

З такой чуткаю душой

У куточках, дзе спрадвеку

Беднасць лютая гняце.

Цяжка жыць у цемнаце,

У знявазе чорнай, здзеку,

Дзе адбітак свой з-за хлеба

Накладае талака,

Дзе так пільна праца трэба,

Плечы моцныя, рука,

Дзе рот лішні на прымеце,

I так топчацца сям’ёй, —

Лепш бы там не жыць на свеце

Дзеткам з чуткаю душой!

I Сымонка чуў і бачыў,

Як крыўляліся дзядзькі,

Ведаў, што ў сям’і ён значыў;

Нават родныя бацькі

Папракалі сына хлебам

Пры абедзе за сталом.

Ён – завала, ён – нязгрэба,

Ён радзіўся гультаём!

Горка стане бедачыне,

Не прыхіліцца нідзе,

Тады толькі жаль астыне,

Як пажаліцца дудзе.

На прыволлі, сеўшы ў полі,

Смутна стане хлопчык граць;

Льюцца, таюць зыкі болю,

Аж калоцяцца, дрыжаць

Ды заплачуць, затрасуцца,

Капнуць дробнымі слязьмі,

То ўгару яны памкнуцца,

То зноў нікнуць па зямлі

I жалобна заміраюць

Немай жальбаю глушы,

То зноў ціха зачыняюць

Гоман сэрца і душы.

– Ось, глядзіце, здольна грае,

Як дудар той запраўскі!

Так, галубкі, выцінае,

Што рве сэрца на кускі. —

Смутак жнеек тых апране,

Разагнуцца і стаяць,

Як Сымон на дудцы стане

Жальбу сэрца выяўляць, —

Так жа грае ён прыгожа,

Серп застыне ў іх руках

I павісне жменька збожжа

На разогнутых плячах.

Але дудка замірае,

Як бы той дзявочы ўздых,

I паволі заціхае

У прасторах дзесь пустых.

Граў Сымонка, а дзед слухаў

I ківаў у тахт яму,

Як бы ён з вялікай скрухай

Думаў нейкую думу.

– Добра граеш, хвацка граеш! —

Дзед, ачнуўшыся, казаў: —

I вялікі талент маеш!..

Я, брат, зразу адгадаў,

Што музыкам ты радзіўся…

Малайчына ты, Сымон!

Адно б толькі не пабіўся

I ты сам, як той твой звон. —

Здрыгануўся хлопчык злёгку,

К дзеду ціснецца бачком,

Такі шчупленькі ён, крохкі,

Вочкі ж бліскаюць агнём.

I хлапчынка не стрымаўся:

– Не, дзед, будзеш рагатаць…

Я даўно, дзядок, збіраўся

Дзеду нештачка сказаць,

Ды ніяк не прыбяруся,

Не асмелюся ніяк —

Смеху дзедава баюся!

– Эх, Сымон! ото дзівак!

Праўда: молада-зялёна!..

Ах, каб ты здаровы рос! —

Да сябе ўзяў дзед Сымона,

За плячук яго патрос.

– Ну, расказвай! кажы смела,

Мой музыка малады:

Што ў цябе там зноў наспела?

Можа песня для дуды?

– Вось што ўперад я спытаю:

Дзед! Ці чуе зямля боль,

Як па ёй саха крывая

Робіць боразны і роль?

Як зямельку конік топча,

Ці баліць ёй? ці чутно?

– Мудра ты пытаеш, хлопча, —

Проста слухаць мне дзіўно!

Не, не чуе, бо не жыва:

Хіба можа чуць пясок?

Заўсягды зямля маўкліва:

Як ні бі яе – маўчок! —

Змоўк Сымонка і прыгнуўся,

Цень задумы на ім лёг;

Ён у думках зноў замкнуўся

Ды скуб траўку каля ног.

– Не, дзядок: а мне здаецца,

Што яна такі жыва,

Бо адкуль усё бярэцца:

Краскі, дзерава, трава?

Ўсё з зямелькі, дзедка мілы!

Хто ж іх корміць, дарагі?

Хто дае ім моцы, сілы?

Як, з чаго растуць лугі?

I чаго зямля так сумна

Познай восенню, зімой?

I чаму прыветна, шумна

I так весела вясной?

Бо яна, відаць, штось знае,

Бо яна жыве, дзядок.

Ўсё жыве і душу мае:

Краска, дрэва і жучок…

– Хто ж яго, Сымонка, знае,

I не нам судзіць аб тым:

Гэта справа – патайная,

Не мне розумам дурным

Гэты белы свет тлумачыць,

Бо хто ж я? сляпы мужык!

Мо твой розум далей бачыць,

Мо ты ў праўду глыбей ўнік,

А стары ўжо, бач, дурнее,

Як за семдзесят залез.

– Ты зірні, дзед, унь чарнее, —

Паказаў хлапчук на лес, —

Пара хвоек так прыгожа, —

Ты прыгледзься добра к ім…

Ці не праўда, як не схожа

Адно дзерава з другім?

Тая хвоя, што пры полі,

Бач, стаіць як важны пан,

Разгарнуўшы на прыволлі

Свае лапы, бы каптан;

А другая, небарака,

Пахілілася наніз,

Стан пагнуўся, як кульбака,

I верх жудасна абвіс.

А чаму? У іх дзве долі —

Лёс няроўнага жыцця…

– Ну, Сымон: не чуў ніколі,

Каб тваіх гадкоў дзіця

Ды так мудра разважала,

Толькі ведаеш, браток:

Мне здаецца ўсё, што мала

Пажывеш ты, галубок,

Бо не любяць свет і людзі,

Каб іх тайнасці пазнаць,

Каб заглянуць у іх грудзі

I зняць тайнасці пячаць…

Ну, а што ж ты мне, старому,

Думаў, хлопчыку, сказаць?

– Тое, дзедку, што нікому —

Табе толькі можна знаць.

– Дзякуй, хлопча, за увагу,

Надта рады, мой каток!

Сядзь бліжэй, а я прылягу,

Бо штось ные трохі бок…

Эхе-хе, брат! адспявана

Мая песня, дый пара —

Ўсё нутро ўжо папсавана,

Чуць трымаецца кара. —

Застагнаў дзед, кладучыся,

Лёг, шчаку рукой падпёр.

– Смерць падходзіць, крадучыся,

Як да стада воўк з-за гор…

Ты, Сымон, баішся смерці?

– Не!.. сапраўды гавару:

Я б хацеў скарэй памерці, —

Дзед, памрэш, і я памру.

– Жыць табе, мой хлопча, трэба:

Ты малы яшчэ, дзіця:

Расквітнее твая глеба,

Прыйдзе час твайго жыцця…

Уміраць хоча! старэча!..

Смейся з гэтай гаманы!.. —

Ды ў той момант дзесь далеча

Ціха бомкнулі званы

I між імі звон пабіты,

Той надтрэснуты, стары;

Зыкі, смуткам апавіты,

Млеюць жаласна ў бары.

– Вось цікава: аб тым звоне

Я й хацеў апавядаць.

– Ну, кажы, кажы, Сымоне,

Бо цікава гэта знаць.


Песня аб званох

Гудам-звонам срэбна-медным

        Звоняць звоны на званіцы.

Звоняць звоны ў час дзянніцы,

        Надвячэр’ем ясна-бледным,

Звоняць звоны галасныя.

Іх віталі сонца косы,

        Агнявыя пасмы-стрэлы;

Нёсся звон іх у свет белы,

Плыў іх гоман пад нябёсы,

        У пустэлі патайныя.

Срэбралітаю расою

        Іх віталі краскі, травы,

Промень ясны і ласкавы

        У той росцы ззяў красою

        І вясёлкам ткаў кароны.

        Так званілі тыя звоны.

Між званамі на званіцы

        Быў адзін звон незвычайны,

Меў ён голас разнастайны,

Чараў дзіўныя крыніцы

        І размозы нейкай тайны.

I быў сэрцам ён чуллівы.

Срэбраструнны, златагукі,

Успрымаў ён радасць, мукі,

        То маркотны, то шчаслівы,

        Як пакажа час разлукі,

        Як павене міг спаткання.

I ніколі не маўчалі

        Струны-гуды звона тога:

Неба шыр, зямлі разлога,

        Залатыя сонца далі

        На яго адбітак клалі

Чары дзіўнага спявання.

Аклікаўся ён і громам,

        Неба плыні віхрабежнай,

Буры чорнай і мяцежнай

        І слядкам над божым домам

        Ад хмурынкі беласнежнай.

Ён зліваўся ў тон суладны

        З шумам лісцяў і травінак,

З спевам красак і былінак,

На ўсё чулы і ўспагадны

        І прыемны, бы ўспамінак.

А ў час ночы глуха-немы, —

        Калі месяц блеск свой кіне

У твар ночкавай пустыні,

I пад вэльмам ціхай дрэмы

        Зоры высыплюць, бы іней, —

Ажываў ён, і чароўна

        Гралі струны яго самі,

I іх спевам-галасамі

        Месяц цешыўся бязмоўна

        З хорам зор і небясамі.

А калі званар, бывала,

        Залатыя ўзбудзіць струны,

Тады хмарка свае руны

Ніжэй к долу апускала,

        Каб спявалі ў іх пяруны.

Ды маўчаў прастор бяздонны, —

        Навакола ўсё нямела,

Бура ўзняцца там не смела,

        Бо мінута песень звонных

        Дабратою сэрцы грэла.

Так званіў ён, так ён клікаў,

Каб пазнаць дабро адзіна,

        Каб айцец не крыўдзіў сына…

Ды для гэтых яго зыкаў

Не прыйшла, дзядок, часіна.

        Кожны раз, як свет здзіўлёны

Слухаў спеў той з заміраннем,

Праразлівым бразгатаннем

        Спеў яго глушылі звоны

        І сціхалі з насмяханнем.

I зайздросна, дзедку, стала,

Што меў дар такі звон гэты,

        І што свет, у цьму адзеты,

        Тая песня асвятляла,

        Як і сонца светліць кветы.

I заглушан быў званамі

        Гэты звон, вяшчун прарочы;

Не трывожыць ён больш ночы,

        Цьмы, залеглае над намі,

        Каб увысіць лёс сірочы.

У няроўным тым змаганні

        Надарваўся звон чуллівы.

        Змоўклі песень пералівы,

Зноў пануе бразгатанне,

Пустазвонаў клік фальшывы.

        І смуткуе звон разбіты

Аб тых песнях разнастайных,

Што ў прасторах у бяскрайных

        Зоры слухалі сукрыта,

Каб пазнаць іх сэнс патайны.

Але голас праўды, згоды

        Не замрэ ў душы ніколі:

Будзе клікаць ён да волі,

        Будзе ў сэрцы жыць заўсёды,

Як той вобраз лепшай долі.


Сымон-музыка

Подняться наверх