Читать книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук - Страница 2

1. Спатканне

Оглавление

Аблокі адчайна намагаліся трымаць структуру, але ўсё роўна ператвараліся ў шэрую масу з трывожнай рабізной, якая зеўрала празрыстымі прарэхамі. Ці пойдзе дождж? З-за тварожыстых аблокаў прарывалася прывіднае святло, што сустракаецца на карцінах старых майстроў: па колеры нейкае латуннае і змрочнае. Яно таксама навявала трывогу.

Экспазіцыя выдатная, і настрой – тое, што трэба. Дзіўнае зліццё: эфірны прысмак чакання, рамантычнай тугі – і ўраўнаважаная мэтанакіраванасць. Чаго ж мне хочацца: чытаць, пісаць, маляваць, а калі ісці – то куды? Аднак зараз, насуперак звычаю, я не раздзіралася сумненнямі, як бурыданаў асёл, мне хацелася проста жыць. А імкнулася я, у першую чаргу, на прыпынак тралейбуса.

Усё пачалося з кафэ. Дакладней, з яго згадкі: са старонкі ў інтэрнэце, разгорнутага водгука і стылёвых фотаздымкаў.

– Слухай, я тут набрыла на адну кавярню, ты як наконт гэтага? Ну, не ведаю, была ты там ці не… Карацей, акцэнт на каву – а ты ж вялікая аматарка, вось я і падумала, што табе будзе цікава.

Гэты званок прагучаў днём, калі неба яшчэ не афарбавалася містычнымі тонамі і цадзіла скрозь бялёсую смугу цеплаватае, ветлівае сонечнае святло. Здаецца, свяціць не надта ахвота, але, даражэнькае, гэта ж лета, адмовіць у сваёй прысутнасці не камільфо. Цікава, якія ж думкі сёння займалі сонца…

Я дарэмна задрала галаву: ледзь не ўляцела ў багемнага выгляду дзяўчыну з велізарнай папкай пад пахай – яна з сумессю спалоху і абурэння адскочыла ўлева, учапіўшыся ў руку спадарожніка, юнага хіпстэра ў акулярах а-ля Сальвадор Альендэ. Такі ўжо кантынгент на гэтым прыпынку. Акадэмія мастацтваў, панове, што ж вы хочаце. Вінавата ўздыхнуўшы, я адняла ад вуха нагрэты, мутны тэлефон.

Зараз я ехала на тым самым тралейбусе, які чакала некалькі гадзін таму. Спачатку – ён. Потым метро – хтанічны від транспарту. У мяне ёсць сябры, у якіх падземка ну проста фізічную агіду выклікае, а мяне… так, прыцягвае. Ну й падумаеш, мяне прыцягвае шмат таго, што для сярэднестатыстычных грамадзян проста дзіка.

* * *

Божа, калі я буду палаць у чыстцы, то ў першую чаргу – за спазненні. Выйсці з хаты загадзя проста нерэальна.

Але сёння дзень асаблівы. Вынырнуць з-пад зямлі пасярод праспекта, адразу сутыкнуцца поглядам з прыкметнай сіняй шыльдай рэдакцыі… Там ходзіць трамвай, які так любіць мая Арына (па меркаваннях асацыяцый ды сімвалаў). Менавіта так, не парушаючы завядзёнкі, рытуальнага шляху ад цэнтра да дому – ад трамвайных рэек па звілістай траекторыі, што праз пару гадзін павінна прывесці да філармоніі, але сёння, у парадку выключэння – да кавярні.

– Якое шпіёнскае месца, праўда?

Зусім ля аркі, па прынцыпе засады (хто заўважыць забойцу, які ўціснуўся ў сцяну? – калі праходзяць у дзверы, то глядзяць перад сабою). А сама арка – партал у іншае вымярэнне, гулка пройдзеш пад высокім цёмным скляпеннем і апынешся ў зарослым вербамі, мальвамі, бэзам і чаромхамі сталінскім двары.

– Але ж, – адгукнулася Арына, усміхаючыся, нібы сфінкс. – А яно ж проста ў цэнтры – бліжэй не бывае, але ў мяне дзіўнае прадчуванне: тут заўсёды будуць вольныя месцы.

– Для нас – дакладна!

– Таму што не ўсялякі знойдзе гэтае месца, і не ўсялякаму сюды ўваход дазволены, – з задаволенай усмешкаю падсумавала Арына.

Цудоўна! Вось хто выдатна адчувае правілы гульні. Цікава, ці здагадаецца яна, што я фактычна яе сюды заманіла. Не з вераломнымі намерамі – з самымі што ні ёсць нявіннымі, нават сентыментальнымі.

Ціха мармытала прыемная фонавая музыка. Мяккае белае святло і таксама белыя сцены з шакаладнай драўнінай сталоў і крэслаў (грувасткія на выгляд, яны выявіліся лёгкімі). Навокал лунаў водар кававых зерняў, назаўжды ўплецены ў тканіну тутэйшага паветра, так, што парог рабіўся дэмаркацыйнай лініяй.

– Прачытай што-небудзь з новага, а? – я не знайшлася, што яшчэ сказаць. У той момант мне сапраўды хацелася пачуць новыя вершы – сапраўдныя. Пажадана, падобныя да тых, што так уразілі мяне калісьці і былі зусім непадобныя да маіх – чаканна-звонкіх, узвышаных і прытым – сацрэалістычных, дзе спрэс арлы, сцягі, барацьба, самалёты ды валькірыі.

Мне не адказалі. Зразумела, чалавек у творчым пошуку.

– Глядзі, гэта часам не твой нагваль?[1]

– Дзе?

– Вунь пад тым сталом!

– О Божа, ды што яна тут робіць?

З напаўпразрыстай цемры паміж фатэлем і столікам свяціліся крыштальныя каціныя вочы. Дзе-небудзь у піцэрыі пад адкрытым небам жывёла глядзелася б натуральна. Але толькі не ў кавярні, дзе нават пажывіцца няма чым.

– Чаму, ёсць жа вяршкі, – не пагадзілася Арына.

Я нахілілася і пачала адчайна «кіскаць», намагаючыся прыцягнуць увагу жывёлінкі, – і, пажадана, незаўважна для астатніх. Але яна, як цягнік-падманка на станцыі Інстытут Культуры, уцягнулася назад у свой тунэль. І, натуральна, знікла.

– Ну, Франкіта, каб на яе халера! Яна толькі ў цемры да мяне прыходзіць, а каб на вуліцы ці недзе ў горадзе – робіць выгляд, быццам мы незнаёмыя!

Я абурана паціснула плячыма, чым зноў выклікала Арыніну ўсмешку.

Наогул, маю абаронцу звалі Савітры Шакці: вугальна-чорная, з вялізнымі зіхатлівымі вачыма, далікатнымі вусамі і па-змяінаму доўгім гнуткім целам. Я лічыла за лепшае клікаць яе іспанскім імем, якое гучала не менш вычварна, але больш звыкла для еўрапейскага вуха: Франсіска Дамінга дэль Соль. Франкітай яна стала цалкам натуральна і непрыкметна, хоць і гэтае імя было… скажам так, своеасаблівым.

Але ж яе ўпершыню заўважыла Арына. Яна прыйшла да мяне ў госці і сказала: «Такое пачуццё, што ў цябе жыве котка. Рэальна. Здаецца, што яна тут недзе лазіць, а я зараз наступлю на кавалак сухога корму…». Тады ў мяне з’явілася здагадка, хто хадзіў па маім ложку на мяжы паміж сном і явай – і потым уздыхнула з палёгкай, зразумеўшы, што гэты «хтосьці» не вораг.

Не, яна была мілая і чароўная – мая Франкіта, калі ж ты ўвасобішся, калі я нарэшце буду жыць ва ўласнай кватэры? Так, бо толькі тады я змагу правесці рукою па ўсёй тваёй шаўковай спінцы, ласкава паціснуць тваю зграбную лапку… І я ўпэўненая, што ты такая і будзеш: маўклівая і чорная як смоль.

Вершаў мне так і не прачыталі. З-за далікатнасці (трохі баязлівай) я вырашыла не настойваць або паўтарыць просьбу крыху пазней. Затое мне падсунулі плэер. На экране высвяцілася: «Партугальская».

Нет неба, нет солнца без тебя.

Как поле зимой без снега, душа моя.

И где-то бродит вещий сон, мой сон.

Так тревожен он, беспокоен он.


– Песня проста цудоўная…

– Угу, – кіўнула Арына, дапытліва слізгануўшы позіркам па маім застылым, задумлівым твары.

– Я хачу не ў Партугалію, я хачу ў Монтсэрат і Даліну Палеглых! – зноў заныла і залямантавала я. Яна не адрэагавала: занадта звыклася.

– Так, я з глузду з’ехала, – голас, хутчэй, летуценны, а не засмучаны. – Я спрабую перайменаваць станцыі метро, хаджу тут, як чужынец, над río[2] красуецца Arrabal de Trinidad…[3]

Тата ўжо гаворыць на мяне, што я «чалавек чужой культуры», з-за таго, што я не чытаю нашых, постсавецкіх кніг. А ўсё ён, мярзотнік, гэта ўсё ён вінаваты!

«Рашуча заявіла яна», – прамовіла Арына пра сябе – і мысленна запісала.

Нам прынеслі каву і дэсерты. Ірландская з чарнічным тварожнікам мне, капучына з яблычным штрудзелем – ёй. Яшчэ тры хвіліны мы маўчалі: святадзейнічалі маленькімі срэбнымі відэльчыкамі і атрымлівалі асалоду ад духмянага, да ачмурэння смачнага напою.

– Як там маецца генерал?

– Нармалёва.

Арына заспакоена кіўнула. Калі з ім усё ў парадку, то і са мной – адпаведна. Задаволена варкачу, сціскаючы ў руках чарговую кніжку, здабытую ў «замежных калег» самым што ні ёсць астапа-бэндэраўскім шляхам, загадкава і шчасліва ўсміхаюся, штосьці задумваю – не нясуся дзяжурыць каля яго ложка ў шпіталі, не адчуваю, як з сэрца майго кроў сочыцца па кроплі…

– Сёння ён быў сумны, пра штосьці трывожыўся, – уздыхаю.

– Можа, проста засумаваў па табе. Ну вось ці часта ты пра яго думала апошнім часам?

З сорамам прызнаюся:

– Не.

Я была занятая праблемамі творчасці і самакапання. Колеры на маіх карцінах былі не тыя, лініі, радкі, праца, характар, усё было не тое – бадай, гэта лета зойме першае месца па колькасці пралітых слёз і віна, па колькасці засмучэння, сораму, самазнявагі, разладу, хрыплага істэрычнага румзання ў адзіноце – але потым я нязменна буду ўспамінаць гэта лета як вельмі «творчае» і «рамантычнае». Вось ідыёцтва.

– Дык ты не думала пра генерала? У яе голасе дакор.

– Сёння мы бачыліся на Вайсковых. Ну, ты ведаеш. Шкада, што яны такія маленькія, там нават зацішнай адзіноты амаль не адчуваецца. Хоць там жа так хораша, прыгожа.

Мілы мой генерал! Я ішла сёння да цябе. Спачатку перайсці на іншы бок, праз трамвайныя шляхі, потым нырнуць у двор, а там – зачараваны касцёл. Белы, гожы, ён стаіць на ўзвышэнні, як на пастаменце, каменныя сцены якога аплёў дываном дзікі вінаград. І гэта заслужана, таму што ён быццам адважны фрэгат, што выдужаў сярод навальніц і дагэтуль ганарліва ўздымаецца над бруднымі хвалямі савецкага смецця. Беласнежны, як сам папскі строй, пасярод плебейскіх бялізнавых вяровак, задрыпаных пад’ездаў і ўбогіх гаражоў.

Я буду з табой, генерал, не адной крыві – дык аднаго духу, я дамагуся, я выпраўлю гэта дурное непаразуменне і далучуся да цябе і тваёй Царквы на векі вечныя… Ды ў канцы канцоў, я ўжо – з табою, de facto – зараз толькі набыць статус de jure! «Ангельскую ты ўжо ведаеш, не турбуйся!» – «Але ж мне яшчэ трэба здаць экзамен. Кожны, хто едзе вучыцца за мяжу, абавязаны здаць TOEFL. Мне патрэбны сертыфікат». – «Захочаш, так будзе». Так, будзе ў мяне «сертыфікат». І экзамен» здам. І буду як усе нармальныя лацінасы. Амэн.

У двары касцёла растуць ніцыя вербы. Шатры з вострага лісця мудрагеліста прапускаюць святло, малюючы на цёплых дарожках дзіўныя ўзоры. Цяжкія, каньячнага колеру форткі дзвярэй расчынены, у змроку храма мігцяць свечкі – тут таксама адмысловая тэрыторыя, адлучаная ад усяго, што знадворку. Тут і так чароўнае месца, а ўнутры касцёла – як быццам яшчэ адзін узровень, яшчэ большая глыбіня таямніцы. Тут цудоўна. Чаму ж я ніколі не заходзіла туды, што мяне трымае? Ды нічога асаблівага. Аднак цяпер я сыходжу адсюль. Касцёл так і застаецца для мяне загадкай, неразгаданай, але той, што вабіць, як святло далёкага маяка.

Адна вуліца завецца Чырвоназоркавая, другая – Смалячкова; я ведаю, што гэта быў снайпер – наш, беларускі, у гады Другой сусветнай. Я так люблю гэтыя пяціпавярховікі, і ў мяне ёсць аформленая мара – мне б хацелася тут жыць. Мне ўжо здаралася выслухваць ад людзей, што мае жаданні – дробнабуржуазныя, мяшчанскія, што няможна мераць мару грашыма, але… У чым мая загана – у тым, што я дакладна ведаю, чаго хачу? Тым больш, ніхто, апроч мяне і некалькіх пасвячоных, не ведае, якім таемным сэнсам я напаўняю самыя банальныя дзеянні, наколькі метафізіка для мяне важнейшая за фізіку.

Утульныя, ціхія вулачкі пасярод самага цэнтру, бружмель у агародчыку, ізноў бялізнавыя вяроўкі, а вунь наперадзе – хаты пяцідзясятых гадоў на пару сем’яў (і як толькі не абваліцца гэты пакрыўлены балкон?), вунь прабегла котка (не мая, іншая), трыпутнік у расколінцы пад нагамі, вадасцёкавыя трубы, бэзавае лісце, прывіднае святло з-за аблокаў. А вось мой любімы кандыцыянер! Ды Наста мае рацыю: ён выглядае як выдраны кавалак самалёта. Велізарны, ён зачароўвае сваім трывожным, злавесным гудам, які ўздымаецца раптам, нарастаючы, і ад гэтага бягуць мурашкі па спіне, як у дзяцінстве пры выглядзе індустрыяльных збудаванняў на фоне крывавага заходу сонца. Італія… Вось ужо ніколі б не падумала, што Залатая Горка нагадае мне Італію. Проста там мяне таксама інтрыгавала тое, што я цяпер спецыяльна вучылася бачыць наноў: незвычайная форма вадасцёкавай трубы, чорныя лапіны сажы на жаўтлявай хаце – сляды пажару, плюшч на сцяне, жук-насарог на асфальце, васковыя тычачкі ў белых духмяных кветках, смаўжы, што выпаўзаюць ноччу на жвір стаянкі, грозныя вялікія кандыцыянеры.

Шпіталь МУС – прыстойны будынак, аточаны пышнай зелянінай і прыстойнай, з пікамі, агароджай. Тут ён таксама з’яўляецца мне: глядзіць з-за жалезных прутоў, як арыштант, да аднаго прута дакранаючыся рукой – нерашуча, нібы нават узяцца асцерагаецца. Ён не ў бальнічнай адзежы, у поўнай форме, у шэрым кіцелі. Але вочы такія сумныя, нібыта жыць яму засталося два дні, і ён хацеў мяне ўбачыць – а я ў гэты час, вядома, недзе швэндалася, піла, танцавала і рагатала ў голас абы з кім.

Сэрца зашчамляе, і па ўсім целе прабягае разрадам хваля салодка-пакутнага болю, які выбівае слязу. Я пачынаю лаяцца, слаць генерала куды далей, і паскараю крок, адскокваючы ад агароджы – а прыступ пакуты закіпае ўжо ў мяне ў горле – бегам, бегам…

Заходжу на могілкі нясмела, з чорнага ходу, з той вулачкі, дзе двухпавярховыя хаты (мы з Настай сышліся на тым, што было б выдатна купіць такую хату і жыць там). Я ўжо ўвайшла, гляджу на вулачку з-пад махроў галля і ўсміхаюся: проста за Вайсковымі могілкамі амбасада Кубы – вось чорт, гэта гумар такі ці што? Не, не да смеху.

Тут зямля нагадвае мармур, яна такая ж цвёрдая на сцяжынках, і ўся ў яркіх разводах зялёнага моху. Вакол стаяць абеліскі пад шатамі цемнаватых сакавітых крон, праз якія прабіваецца пяшчотнае, свежае сонечнае святло, а цяпер – гэтае цьмянае латуннае ззянне. Ён чакае мяне ля аднаго з помнікаў, аддзяляецца ад яго, быццам доўга так стаяў, абапершыся.

– Мой генерал… Ён абдымае мяне, не можа стрымаць уздыху. Па маёй шчацэ паўзе сляза – гэта ўсё, што засталося ад успышкі болю пару хвілін таму. Ён сумаваў. Божа, якое пяшчотнае сэрца ў гэтага старога ваякі… Ад цяпла яго шчакі вострая, гарачая пяшчота ўсё запаўняе ўсярэдзіне, не пакідаючы вольнага месца. Мы стаім так некалькі хвілін. А маглі б стаяць вечна. Хоць ён разумее, як плыве час у нашым свеце, таму не злоўжывае, сам жа часам выводзіць мяне з трансу. Вось і цяпер: «Ты спознішся».

Я не распавядала, проста сказала, што з ім бачылася.

– А помніш той вечар, калі мы разам там ішлі?

– І бачылі майго нагваля?

– Ага!

Котка тады прабегла проста перад намі, а потым шмыгнула ў кусты – калі падняліся далей на горачку, то зірнулі туды з цікаўнасці, і ў зарасніках яе не было. Ёсць у нагваляў такая манера – растварацца ў прасторы ды імгненна знікаць.

– І мы ніколькі не стаміліся гэтак бадзяцца…

– …і ў нашых жылах усё яшчэ лілася музыка – такая ж святочна-ліловая, ультрамарынавая, салатавая і фіялетавая, як святло на сцэне! Для мяне ў той дзень усе песні былі такога колеру.

– Так, дакладна, здорава! І падсвятленне на хатах таксама было нібы знарок, дзеля выключнага выпадку – і зноў мы абмяркоўвалі нашу савецкую архітэктуру…

– …яна такая прыгожая! І вось мы дайшлі да гэтай дзіўнай трохкутнай плошчы, а кафэ было ўжо зачынена, і нам не наканавана было паспытаць знакамітых пірагоў пад вельмі нямецкай назвай.

– А яшчэ там крама была спартыўная: гэй, дзе тут красоўкі, а дзе прысмакі?!..

– Потым мы перайшлі праз трамвайныя пуці, і я ўбачыла могілкі… Трава так ахайна падстрыжаная. Яна была заліта халодным чыстым ззяннем, і пражэктары асвятлялі надмагіллі, і гэта здалося мне вельмі прыгожым, вабным і таксама святочным, – я захапілася.

– Я сказала, што гэта Насціна ўлюбёнае месца, – задуменна працягвала Арына.

– І я зразумела, што для мяне яно таксама стане такім. Калі мы ішлі міма, я была загіпнатызавана, мяне так і цягнула глядзець за агароджу…

– …і ты абмацвала поглядам чорную траву і спытала мяне: «Гэта што, стакроткі?»

– …так, гэта былі стакроткі. І потым я ўбачыла, што там стаіць мой Аўгуста. Ён усміхаўся радасна і па-змоўніцку.

– Ты зразумела, што ён кліча цябе ў госці.

– Так. Таму што тут яму лягчэй усяго ўвасабляцца. Могілкі. Вайсковыя. Хараство.

Я прыцмокнула, узняўшы брыво. Арына заўсміхалася. Не, прыцмокнула я ад тварожніка, проста так супала.

А потым мы ішлі разам праз гэтыя ціхія, ветлыя цёмныя вуліцы, з пахам начных агародчыкаў, з памяранцавым святлом вокнаў, з шурпатай шэрай цэглай пяціпавярховікаў. І выйшлі на Праспект якраз у гэтую арку, проста да гэтага кафэ.

– Цяпер мне ўсё зразумела! – Арына расплылася ва ўсмешцы. Я не ўтрымалася і таксама пачала хмыліцца, хіхікаючы, як хуліганісты школьнік. І яна прамовіла сваю сакраментальную фразу:

– Я цябе абажаю…

У той вечар мы чакана не селі на метро, як усе нармальныя людзі, а зладзілі марш-кідок па Праспекце. І размаўлялі яшчэ пра кучу розных цікавых рэчаў, якія тут пералічваць залішне. І мне прыйшло да галавы, што мы нагадваем персанажаў картасараўскага рамана «Экзамен» – маладыя, няпростыя, мы шукаем, чагосьці там ствараем, вечна ў стане прадчування. І – так, нас яшчэ чакаюць свае экзамены. Аднак мы, у нашы юныя, але ўжо па-свойму сталыя гады, навучыліся іх не баяцца.

1

Нагваль – у міфалогіі індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі дух-ахоўнік, двайнік у іпастасі жывёлы (гэта мог быць ягуар, каёт, арол, квезаль і г. д.). Таксама нагвалем мог звацца чалавек, які практыкуе магію (вядзьмак-шаман) і здольны пераўвасабляцца ў татэмную жывёлу. У перакладзе слова “нагуаль” азначае “быць схаваным, утоеным”.

2

Рака (ісп.)

3

Траецкае прадмесце (ісп.)

Горад мрой (зборнік)

Подняться наверх