Читать книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук - Страница 6

5. Дзяўчаты з запалкамі

Оглавление

Я б не задумвалася і прапускала міма сябе многія рэчы, калі б толькі іншыя людзі не надавалі ім такой пільнай увагі.

Спачатку ігнаруеш, бяжыш па сваіх справах, між іншым адзначыўшы штосьці ці нават уразіўшыся, але – перамагае лёгкасць, павярхоўнасць, безуважлівасць, так што нават уражанні твае рассейваюцца, як дым.

Але дзе дым, там і полымя.

Ніколі б не звярнула ўвагі на такую банальную рэч, як запалкі, калі б адна з маіх сябровак не адчувала да іх незвычайнай, ніяк рацыянальна не вытлумачальнай страсці – яна не курыла, а пліта ў яе была электрычная.

Мімаволі і я стала заўважаць, у каго якая манера запальвання, назіраючы за сваімі сяброўкамі і знаёмымі. Адна чыркае запалкамі так, нібы жудасна іх баіцца, рух нязграбны, няцвёрды, нібы робіцца ўсё для таго, каб запалка насамрэч не ўспыхнула – а потым, калі іскра ператвараецца ў полымя, нават позірк робіцца баязлівым, ад запалкі нібы хочацца пазбыцца. Іншая паводзіць сябе як салдат з крэсівам з казкі Андэрсана: па-заліхвацку, але з дакладным разлікам б’е запалкай па пачку, высякаючы іскры, але падносіць яе да пліты ці цыгарэты павольна, паважна, з пачуццём уласнай годнасці. Мая манера – штосьці ўсярэдненае: рух падобны папярэдняму, але больш плаўны, амаль ліслівы, асцярожны, як у таго, хто ўпотай займаецца распальваннем вайны, а прыкрываецца дыпламатыяй. Такіх назіранняў можна было б зафіксаваць вялікае мноства.

Аднак яны не выходзілі за межы маляўнічага біхевіярызму, фіксацыі паводзін накшталт эскізаў з натуры. Мабыць, я наблізілася – не да разумення, а да адчування праўды ў адзін з вечароў на шпацыры.

Зусім сцямнела, а ногі стаміліся, у алеі бульвара няможна разглядзець ні твараў, ні сілуэтаў, аднак усё кіпіць жыццём – адтуль смех, адтуль найгрышы на гітары – занятак па гішпанскай прайшоў на славу, шпацыр па Праспекце таксама, смузі ў кавярні быў смачны, але цэны ж у іх, цэны – проста абдзіралаўка, пасядзіш дый застанешся ні з чым! Але найлепшыя рэчы ў жыцці вельмі часта бываюць бясплатныя або танныя – мы вырашылі зайсці ў краму і паласавацца хто чым хоча: я ўзяла марозіва і малочны кактэйль у бутэльцы, а яна маленькія круасаны і – пачак запалак.

Мы сядзелі на лаве пад згаслым ліхтаром і елі, і смяяліся, і запальвалі запалкі адну за адной, цешачыся кароткімі, апельсінава-залацістымі азарэннямі ў сіняй цемры.

Раптам са змроку выплыў сілуэт і прагучаў голас:

– Добры вечар, дзяўчаты, можна да вас далучыцца?

– Гледзячы з якой мэтай, – ветліва адказала Арына.

– А вы выпадкова не плюшкі курыце?

– Прабачце, што?

– Увогуле, гэта круасаны, – насцярожана прабурчала я (знаходлівасцю я не вылучалася ніколі).

– Не, гэта не тое, што вы падумалі, – хутка загаварыла Арына, і юнак разгублена выдаліўся. Потым яна растлумачыла мне, што гэта быў аматар траўкі – але да мяне ўжо і так дайшло.

Ну так, з намі ўсё ясна: павышаны апетыт у спалучэнні з павышанай смяшлівасцю. І, канешне ж, запалкамі.

У мяне гэта проста не ўкладалася ў галаве. Не столькі з-за кансерватыўных прынцыпаў, праз якія часам даводзілася цярпець здзекі і кплівае неўразуменне. Хутчэй, з-за яснага адчування, што нейкія там «плюшкі» нам увогуле непатрэбныя. Навошта нам штучна сябе падсцёбваць, калі мы і так досыць дзівакаватыя: якраз гэтак, каб знаходзіць радасць у ласунках, травеньскім надвор’і і назіранні за тым, як гараць запалкі?

Мы запальвалі іх і гутарылі пра свае жаданні, планы, усе іх прагаворвалі ўголас – і агеньчыкі загараліся на шчасце, сваім бегам па маленькай драўлянай палачцы запісваючы нашы мары, а потым ставілі дымную кропку, нібы жадаючы сказаць: «Заказ прыняты. Будзе выканана».

Запалкі – гэта магічны прадмет. Таму што кожны агонь – нешта святое, нават гэткі малюсенькі – нават кропелька святой вады па сутнасці сваёй не перастае быць святой вадой.

Для нас з Арынай запалкі – гэта зашыфраваны сігнал са шведскіх берагоў, у іх агеньчыках выступаюць радкі са Стыга Ларсана.

Запалкі – гэта мініяцюрныя сонейкі ў нашых сіняватапахмурных кватэрах, радасныя секундныя пробліскі ў няўсмешлівай паўночнай атмасферы. Яны – як мімалётнае абяцанне хуткай вясны і сонца.

Запалкі – гэта прыручанае полымя, гэтак жа, як котка – ручная тыгрыца.

Запалкі – гэта знак нашых надзеяў, імпульсаў. Занадта многія з іх згасаюць і знікаюць бясследна. Аднак кожная запалка нясе ў сабе выяву вогнішча ў лясной цемры, свечак у велічным храме, хатняга агменю, алімпійскай паходні. Таму што ўсе агні – агонь.

Горад мрой (зборнік)

Подняться наверх