Читать книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук - Страница 8

7. Мярзотная варажбітка

Оглавление

– Ну ты сёння ўсхадзілася! Амерыцы як след дыхту задала! – зарагатала зверху Вольга Мураўская.

– Ды ну, – азірнулася на ўсходы Улада, – я быццам бы карэктна вяла дыскусію.

Яна пачакала, пакуль сяброўка спусціцца да яе. Міма важна прайшоў палітолаг, празваны Леніным за характэрны выгляд. Яны прывіталіся, але мысленна плюнулі: ізноў за тэст адзнакі ставіліся абы як, што вучы, што не вучы, усё адно паставіць тры. Асабліва весяліць, калі ўсё адзін у аднаго спісваюць, але балы атрымліваюць розныя.

– Ну вось гэта так, – страсянула кудзеркамі Оля, – але пакуль мы дамову падпісалі, усе ўжо проста змакрэлі.

– А як інакш? – абурылася Улада. – Я не «ўпартая». У мяне проста выразная пазіцыя. І я адстойваю дзяржаўны інтарэс.

Сёння семінар па гісторыі міжнародных адносін прайшоў незвычайна. Алена Францаўна прапанавала змадэляваць міжнародную канферэнцыю ва ўмовах халоднай вайны. А ўсё каб студэнты крыху ажывіліся – замест таго каб пісаць да пасінення або спаць на задніх партах (гледзячы каму дзе сесці пашанцавала).

І сёння ўсе на сваёй скуры адчулі, як нялёгка даецца не тое, што «мір ва ўсім свеце», але нават «balance of terror».[5] Амерыканскі бок узначаліў Дзяніс Бухвостаў па празванні Янкі – усё як на заказ, нават мянушка супала; з боку СССР яму супрацьстаяла Уладзіслава Кунец.

Улада сапраўды змокла – можа, яе цвідавы пінжак быў злёгку не па надвор’і, таму што надышла адліга; але прытым яна заўважна нервавалася. Не, не павышала інтанацыі, не перабівала, не бразгала зброяй – твар у яе застыў, як маска. Але дыскусію яна вяла цвёрда і вельмі педантычна. Вось чаму Мураўская сказала: «З табой дакладна пачуваешся back in USSR,[6] ты б там да кампаніі прыйшлася».

Улада спынілася перад люстэркам, намотваючы шаль, і прыдзірліва сябе агледзела. Яна была занадта цікавай, каб застацца незаўважанай, і занадта строгай, каб прывабіць.

Дарэчы, ёй зусім не падабалася мякчэйшая форма яе памяншальнага імя – Уладзя. Ей здавалася, што ёсць у гэтым нешта саладжавае, з адценнем падатлівасці і ліслівасці. Іншы варыянт гучаў адначасова і сурова, і прэтэнцыёзна. Сярэдняга не было – і яна ўсё ж аддавала перавагу другому.

Апраналася амаль выключна ў класіку, пышныя цёмна-русыя валасы проста зачэсвала назад. Лёгкі намёк на квадратнасць у агульным абрысе твару, ямачка на падбародку і выразныя скулы надавалі твару валявы, упарты выраз, як і строгая лінія рота з вузкімі вуснамі. Але задуменнасць, нават лёгкая журбінка ў шэрых вачах і мяккі выгін густых цёмных броваў стваралі адчуванне спакою. Нават яе фігура, нягледзячы на зграбнасць, была моцнай і статычнай – ніякіх пырханняў і кіданняў, ды яшчэ вечна гэтыя гарнітуры ў ангельскім стылі. Вось успомніць нават дзявяты клас і зборы, калі рыхтаваліся да рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, выкладніца-куратарша ў гутарцы так і сказала: «Ну, дзяўчаткі, што ж вы так трасецеся – бярыце прыклад з нашай Уладзіславы. Абсалютна спакойны чалавек».

Ага, канешне. Сёння да гэтага было далёка. Таму што ўнізе ў фае павінен быў чакаць Вадзім.

* * *

Уся гэта жорсткая грызня з «амерыканцамі», застыглая пастава, ганебнае дрыгаценне ўсярэдзіне, за грудзінай – з-за гэтай сустрэчы. Цікава, тое ж самае чалавек адчувае перад дуэллю? Пастаяннае сэрцабіцце, прыліў крыві да шчок, у тым ліку ад сораму за хваляванне, нервовасць да падрыгвання пальцаў, напруга, дзікая напруга.

Улада пракрочыла ў канец калідора, сціскаючы ручку скуранога партфеля, што служыў ёй заміж дамскай сумачкі. Зайшла ў прыбіральню, там, сярод іншага, зняла пінжак і пхнула яго ў адно з аддзяленняў свайго партфеля, які адразу разбухнуў, як рапуха.

Яе не будуць біць, не будуць страляць, з чаго такая паніка? Але адчуванне было занадта знаёмым. Хіба не Вадзім давёў да таго, што яе ўсю пачынала калаціць толькі ад гукаў яго голасу ў трубцы? А часам – нават ад адных думак пра яго. Пачашчэнне пульсу, але не ад кахання, а ад нянавісці, сцятае дыханне, вібрацыя мышцаў, як перад тым, каб кінуцца на ворага… І ён яшчэ спрабаваў зрабіць яе «сваёй дзяўчынай».

Улада з сілай штурхнула дзверы і, гучна цокаючы абцасамі па гранітнай падлозе, збочыла направа, да раскладу.

«Спакойна, сачы за тварам, ты ж дыпламат». Смешна.

Ходкая фраза, якая ўжо аскому наганяе.

Было позна, амаль дзевяць: другая змена – лямпы прытушылі; у паўцені ён і стаяў у сваёй нязменнай скураной куртцы цёмна-вішнёвага колеру.

Яна падышла з лёгкай паўусмешкай.

– Вось ваша флэшка.

– Дзяк-куй, – прамовіў Вадзім. – Ну так што?

– Што «што»? – іранічна падняла бровы Улада.

– Ты ні-ічога не хочаш мне сказаць? – ён заікаўся. А яшчэ й картавіў.

– О, ну, увогуле, я ўсё выказала, – з’едліва сказала Улада, падцягваючы куткі рота ў няроўную ўхмылку.

Ён секунду памаўчаў.

– Ты ведаеш, мне такіх паскудстваў яшчэ ніхто ніколі ў жыцці не пісаў…

– Вось як, я ўсцешана, – уставіла Улада.

– Я пгоста не газумею, як у чаавеку можа змяшчацца гэтулькі бгуду. Улада, – пафасная паўза, у яго стылі. – Улада, я згазумеў адно. Я казаў, што мы абодва тгаўмігаваныя, абодва – з ганамі, з пашматанай, змагдаванай душой… Але гэта – канец. У мяне яшчэ штосьці… – ён запнуўся, намагаючыся прамовіць. – …з-застаося. Мой свет яны не газбугылі, застаўся стгыжань. Але вось цябе яны… з’вамалі п-поўнасцю.

Божа, якую лютасць выклікаў гэты танны пафас. Таксама – яго заіканне, картавасць, польскае «л», яго пыса і – увогуле…

– Ну добра, таварыш, вы атрымалі сваю каштоўную флэшку, спадзяюся, наша гутарка скончана? – холадна і варожа запыталася Улада.

Міма іх увесь час праходзілі студэнты.

– Ты хочаш уцячы ад мяне. Я бачу стгах, – яго рознакаляровыя, як у дробнага нячысціка, вочы прыжмурыліся на азызлым твары. – Я б адпусціў цябе, калі ўсё – так, як здагылася. Але навошта ты ўсё ж пагадзілася сустгэцца? Ты не вытгымала гэтай сустгэчы. Што б ні было з тваёй хворай душой, я ўсё г’оўна заўсёды кахаў цябе, – інтанацыі зноў сталі мяккімі, ліслівымі. – Скажы, – ён заўсёды неяк рэзка, раптам прамаўляў гэта «скажы» перад чарговай правакацыяй. – Скажы, цяпег’ асабліва – я табе хоць некалі, хоць тг’охі падабаўся? Ты мяне хацела?

Яна таксама секунду памаўчала і сабралася.

– Не, – у яе выкананні гэта слова прагучала нібы надрукаванае тлустым шрыфтам. – Ты ніколі мне не падабаўся. Сэксуальнай цягі я да цябе ніколі не адчувала, ды мне гэта нават тэарэтычна было б цяжка ўявіць. І я дала табе наблізіцца знарок, проста каб зрабіць тое, што зрабіла – я чакала ўвесь гэты час. Вось што значыць мая фраза пра чаканне, – яе рэзка прачэрчаны рот склаўся ў рысу над назоўнікам.

– Ну тады ты пгоста… – ён зрабіў паўзу. – Дг’энь.

Вадзім завярнуўся і мерным крокам прайшоў да выхаду. І тут яна сарвалася. Сапраўды не вытрымала.

– Стой, паскуда!

На яго галаву абрынуўся партфель. У вузкай прасторы ўніверсітэцкіх дзвярэй гэта было тое шчэ відовішча.

Наступныя некалькі хвілін сведкам запомніліся, дый самой Уладзе таксама. Калі Вадзім напышліва кінуў – «дрэнь», і накіраваўся дадому, яна адчула сябе зняважанай і – чагосьці ж бракавала – ашуканай.

Яна агрэла яго яшчэ раз – Вадзім падняў рукі; Улада ў шаленстве адкінула партфель і нацэлілася кулаком яму ў твар. Яна лупіла і лупіла, яшчэ і яшчэ. Ён адварочваўся нейкім вялым, млявым рухам. Гэта яшчэ больш ятрыла. Улада ўрэшце паставіла яму падножку і зваліла ў тонкую слату на каменным ганку – ішоў снег з дажджом. Яна нацэлілася ніжэй пояса, ён захіліўся пакетам, потым схапіў яе за ногі і перакінуў праз сябе. Болю ў каленях не было, была прага рэваншу – Улада падхапілася за паўсекунды. Потым – новыя ўдары па фізіяноміі, тое ж адварочванне… А потым іх разнялі.

– Гэй, а ну стой! Куды! – Мураўская рашуча кінулася напярэймы і пхнула Вадзіма ў грудзі. Ззаду памкнулася паглядзець купка здзіўленых гледачоў. Не кожны дзень на факультэце чыняцца такія жахі.

– Яна гэта заслужыла… – паблажліва ўхмыльнуўся Вадзім пабітымі вуснамі. Не «я заслужыў» – «яна».

– Як хочаш, калі яшчэ раз хоць пальцам Уладу кранеш, з табой разбяруцца, – з нязвыклай пагрозай сказала Мураўская, гледзячы хлопцу ў вочы.

– Кінь, – пагардліва кінула Кунец, – хай гэтая гніда звальвае!

Вадзім крута развярнуўся і пакрочыў да метро. Але злосць яшчэ кіпела чорнай смалою. Улада выдралася ад Олі, падскочыла і засадзіла яму наском бота пад зад.

– Лайно паўзучае! Харкавіны кусок! Пад гэтыя крыкі ён і пакідаў поле бітвы.

* * *

Выявілася, што ручка ў партфеля адарвалася. Калены – на адным кроў, іншае будзе са страшным сіняком. Калготкі, ясна, ірваныя. Але Уладзе было ўсё адно, у якім выглядзе яна едзе ў трамваі – яна паставіла на дзіркі партфель, узбуджана жартавала і пасмейвалася, хоць вочы былі шкляныя, а шыя закамянела ад напругі. Потым была гарбата з Оляй.

«Добра сабой валодаеш, малайчына. Твая місія правалена».

На наступны дзень яе каламуціла і трэсла. Здавалася, нават вочы ў яе пацямнелі, а валасы счарнелі ад злосці.

– Алё, Надзь… Я ж ведаю, я магу на цябе разлічваць. Ты сама збіралася аднаго паўдурка закапаць за Кальцавой – вось у мяне таксама такі з’явіўся.

– Я ўжо ў курсе, – адказаў на іншым канцы знаёмы бясколерны голас. Інтанацыя была зманлівай, Надзя таксама была адной з самых блізкіх сябровак. А яшчэ – майстар спорту па кікбоксінгу.

– Я даведаюся, дзе гэты гад жыве, трэба яго высачыць! Проста падстрахуй мяне, я дастану манціроўку і засаджу яму па башцы – гэтая поскудзь не заслугоўвае жыцця!

– Паслухай, Куніца, не дурыся. Першае, як ты даведаешся, дзе ён жыве? Другое, гэта артыкул. І ён такіх старанняў не заслужыў. Ты ж не хочаш сесці тупа з-за нейкага паскудніка?

Так, яна не хацела. Потым сама пасмяялася з сябе: вось жа, у хвіліны сляпой лютасці ёй здавалася, што яна без праблем абдурыць міліцыю і здолее пазбыцца цела. Ды яшчэ ўяўлялася, што яна цалкам сябе кантралюе і цвяроза разважае! І яшчэ… усё ж разважаць пра расчляненне нечай тушкі на крывавыя кавалкі (а калі яшчэ з першага разу не сячэцца не рэжацца?), а таксама скіданне іх у Свіслач, і рэальна займацца гэтым – розныя рэчы. А раптам яе б званітавала?

Глупства.

Ён атрымаў як след. Найхутчэй, зараз «усё ўразумеў». І не будзе ўсплываць і совацца да яе праз год ці два.

На наступным тыдні да яе прыйшлі госці – Надзя і ейны брат Юрась. Абодва насілі гучнае прозвішча Тур – яно б цудоўна глядзелася на вокладцы кнігі, а Юрась якраз збіраў матэрыял для дысертацыі, хоць пакуль быў усяго толькі магістрантам гістфака: але ён ведаў, чаго хацеў, і меў выразныя планы. «Калі ведаеш, пра што пісаць, лепш адразу, – казаў ён, – а тое потым мазгі запляснеюць».

Само па сабе гэта не здзіўляла, у яе ўжо склалася пэўнае кола зносін, у якое ўваходзілі людзі, што называецца, выдатныя: не абыякавыя да гістарычных даследаванняў і political science,[7] і яшчэ зазвычай яны валодалі замежнымі мовамі – хоць бы адной і хоць бы на сярэднім узроўні. Насамрэч ёй гэта страшэнна падабалася. Як жа, яна, нядаўняя выпускніца звычайнай гомельскай школы, мае зносіны з такімі інтэлігентнымі, сур’ёзнымі людзьмі, часцяком старэйшымі за яе. На самай справе Уладу даўно нельга было назваць зялёнай першакурсніцай, дый з самага пачатку яна была не з тых, хто аборай хлеб кроіць, але гэтую асалоду ад асяроддзя, што аддавала здзіўленнем і затоеным трыумфам, яна дагэтуль захавала.

А вось Юрась заняў у гэтым коле знаёмстваў адметнае становішча – цяпер інакш, як «мой душапрыказчык», Улада яго не называла. Пазнаёміліся яны вельмі дзіўна – па ліставанні, а потам пасля двух тыдняў пісьмовых размоў раптам высветлілася, што гэты чубаты бландын, заядлы спрачальнік і азартны даследнік – Надзін брат. Улада паціснула плячамі і пад нейкай падставай заявілася да Тураў. Там яны з гэтым цудоўным юнаком дзве гадзіны праседзелі на кухні, абмяркоўваючы праблемы нацыяналізму, песні Луі Армстранга, народныя павер’і і іх адлюстраванне ў белетрыстыцы, ды Бог ведае што яшчэ. Разышліся ў поўным захапленні адзін ад аднаго. Улада зараз давярала Юрасю як сабе, але прытым вельмі характэрна захоўвала спалучэнне нязмушанасці і выразнай дыстанцыі – пра раман пакуль было рана казаць. Але хто ведае, хто ведае… Ва ўсялякім разе, яны не праводзілі ні дня без гутарак.

Юрась вельмі глыбока разбіраўся ў народнай абраднасці, замовах, магічных формулах, дый сам практыкаваў, называючы гэта «народнай верай». Улада была настроена скептычна – так што ён нават неяк раззлаваўся і ў сэрцах абазваў яе «савецкім атэістам» (хоць хрышчана яна была ў веру праваслаўную, ды толькі набожнасцю не вызначалася). Але палеская кроў, пэўна, брала сваё – Уладзе падабаліся аповеды пра ўсё містычнае, яна знаходзіла ў гэтым таямніцу і паэзію.

Як бы там ні было, сёння і брат, і сястра вырашылі зрабіць ёй дыпламатычны візіт, каб выказаць сваю падтрымку і салідарнасць з яе афіцыйнай пазіцыяй у інцыдэнце. Улада была кранутая і арганізавала ветлы прыём – з ангельскім чаем і хатнім макавым рулетам. Вось толькі ікра яе расчаравала.

– Фэ, ды гэту брыдоту нават есці няможна! – скрывілася яна і адышла да ракавіны, каб далікатна плюнуць. – Вам я і прапаноўваць не стану.

– А што з ёй не так? – здзівілася Надзя.

– Ды ўсё не так – гэта нейкі каляровы клейстар, не больш. Альгінавую ікру, бач, надумала купіць. Калі б ведала! А тут яшчэ і слоік здаравезны.

– Ну дык што ж ты чакала, – засмяяўся Юрась, – што будзе як на Венскім кангрэсе? Імператарскі стол, маўляў? Гэта ж панылы выраб з багавіння!

– Не, ну ці мала, – я чакала не такога агіднага смаку, – прабурчала Улада, засоўваючы злашчасны слоік назад у лядоўню.

Хоць ікра была не самым прыкрым у яе жыцці – пра астатняе трэба было распавесці.

– Дык гэта не твой выкладач па філасофіі.

Надзя чамусьці вырашыла, што ў яе сяброўкі нейкія нелады і «нестатутныя адносіны» з выкладчыкам.

– Ды не, – як магла мякка запярэчыла Улада, – проста ён вучыцца на філасофскім факультэце. Заўсёды лічыў сябе няведама якім мысляром. Вечна ўзвышаўся над нікчэмнымі людцамі. Прыкладам, такімі, як мы з табой.

– Я штосьці ўзгадваю, што вы раней сустракаліся, так?

– Менавіта так. Як я імкнулася ад яго пазбыцца – не, ізноў намаляваўся. Я занадта эмацыйная, – выбачлівым тонам прагаварыла Кунец, – але тут ужо ніяк.

– Ды я бачу, – спагадліва адгукнулася Надзя са смяшком, успамінаючы нядаўняе бурленне і афект.

З гэтым хлопцам Улада пазнаёмілася ў адзінаццатым класе на чарговай алімпіядзе – на грамадазнаўстве. Дыплома ды ільготнага паступлення гэта ёй не прынесла, але вострых адчуванняў – на некалькі гадоў наперад.

Яны разгаварыліся перад тым, як пісаць другі тур. Уладу непрыемна кальнула, што суразмоўца заікаецца і гаркавіць, затое было відавочна, які ён разумны, а які галантны – нават ручку ёй тады пацалаваў «па-шляхецку» – як толькі гутарка пра шляхту зайшла, яна не помніла, але Вадзім згадаў са значэннем пра сваё меркаванае шляхетнае паходжанне, роўна як пра польскую кроў.

Улада тады жудасна збянтэжылася, радасна расчырванелася і засмяялася, спрабавала аджартавацца: я, маўляў, чыстая сялянка па паходжанні, мама ў мяне з Рэчыцы, а тата з Гомеля, хоць нарадзіўся наогул у вёсцы Старыя Грамыкі – ну вось, такая дэталь, на факультэт міжнародных адносін сам Бог загадаў паступаць, хоць, вядома, на пост міністра яна не цаляе – што яна, Тэтчар нейкая. Увогуле, Улада несла нейкую звычайную дабрадушную лухту.

Яна была жудасна ўсцешана цікавасцю да сваёй асобы. Дагэтуль жа абсалютна ніхто не звяртаў на яе ніякай увагі, апроч усялякай шушамеці на вуліцы, хоць яна і не насупа і з твару не вырадак, дарма што нос злёгку сялянскі – яна ўжо страціла надзею і старой дзеўкай сябе лічыла, ну канешне, не жартачкі, ужо хутка васямнаццаць стукне.

Выявілася, што Вадзім вельмі начытаны, сапраўдны эрудыт. Праўда, увесь час з’язджаў у гараскопы і акультызм, затое якімі мудрагеліста-вытанчанымі былі яго кампліменты! Ён гаварыў ліслівым варкатлівым голасам, напісаў ёй верш, увесь час шукаў яе ў натоўпе. Часам яго ўвага рабілася дакучлівай, як і насычаны пах адэкалону, якім ён спрабаваў надаць сабе глянцу і мужнасці, кампенсаваўшы сваю звычайнасць і «круглавідасць», як выражалася Уладзіна цётка Зося. Хлопец, вядома, быў не ахці – але на бязрыб’і, ведаеце… А яшчэ яна вырашыла, што гэта будзе яе першы вопыт – а вопыту ж трэба набірацца.

Усё было добра да ягонага ад’езду, калі Вадзім раптам замануўся яе пацалаваць – проста на вуліцы перад інтэрнатам, пад сінім небам, сярод сініх лужын і мітуслівых людзей. Яна не любіла ўспамінаць гэты момант. Хацелася пафарсіць і адчуць сябе смелай і дарослай, але потым…

У рот раптам улез і заварушыўся нейкі мокры, агідна цёплы малюск. Яна адчувала, як ужо і вакол рота саленаватая плёнка, сляды гэтай цеплаватай чужой слізі, як на зямлі каля прыбіральні ў цёткі, калі летам ноччу пад вішнямі тлустыя смаўжы поўзалі, а потым знікалі пад цаглінамі. Яе рот запоўніла гэта гідкае, чужое безназоўнае нешта, а яна так самлела, што забылася на супраціўленне, проста стаяла ў паніцы і не разумела, як гэта выплюнуць – але заставалася чакаць, пакуль адпаўзе само.

Потым яна знайшла ў сабе сілы ўсміхнуцца і нават какетліва зманіць, што спадабалася. Але яе першы пацалунак быў знішчаны. Ён быў патоплены ў памыях.

Яна чакала моманту, калі можна было выцерціся – зрабіла гэта неўпрыкмет і з годнасцю. А потым у пакоі ў яе рэзка падскочыла тэмпература, хоць яна ні на што і не хварэла. Проста Улада тады зразумела, што такое – згараць ад сораму.

* * *

Потым пайшло ліставанне па электроннай пошце – вось тут Улада ўпершыню ў жыцці ўсумнілася ў тым, што яна флегматык. Узаемныя шпількі пачаліся з яго выхвальнага прызнання, што ён, бач, на алімпіядзе «хацеў яе спакусіць». Гэта выклікала рэакцыю з ладнай порцыяй скепсісу і яду – прасцей кажучы, яна стала яго адшываць. Потым заеліся пра палітычныя погляды: яна ў піку Вадзіму выказала даволі радыкальны пункт гледжання. Той вярнуў пазыку і стаў крыць яе аргументамі і проста балючымі, здзеклівымі шпількамі – па-майстэрску, кпліва, бязлітасна. Біў па самых балючых месцах. Яна яшчэ ніколі не трапляла пад такі шквал. І за гэтыя некалькі тыдняў зразумела, што такое быць змучанай нейкім пачуццём, у дадзеным выпадку злосцю, крыўдай і – адчуваннем грандыёзнай знявагі.

У Мінску ж Вадзім з’явіўся як нічога не было і пачаў падбіваць кліны. На спробы разборак, варкочучы і картавячы, прынёс свае выбачэнні і запэўніў, што не хацеў пакрыўдзіць яе асабіста. Так, што ён нават захапляецца тым запалам і зацятасцю, з якімі Улада бароніць свае перакананні – у асноўнай жа масы людзей зусім няма ніякіх перакананняў. А калі і ёсць, яны ўжо дакладна не гатовы змагацца за іх.

– Але тады, здаецца, пад канец ён усё адно прамовіў нейкую гадзенькую фразу наконт таго, што запал добры нават тады, калі чалавек памыляецца і лухту пляце, – Улада падняла палец. – То-бок, ён даў мне зразумець, што мае словы заўсёды былі, ёсць і будуць для яго лухтой. Прыемна ж быць упэўненым у сваёй слушнасці і перавазе. Але ж праўда я ні такой знаходлівасці, ні такога красамоўства ні ў каго не сустракала.

– Ну, а што ў выніку?

– Прапанаваў мне быць яго дзяўчынай. Але прытым па цікавай схеме – у яго ўжо была дзяўчына ў яго горадзе. Сам жа адразу прызнаўся, папросту так. І сказаў, маўляў, яна ўсё яшчэ мае зносіны са сваім былым і часам адчувае, што ў яе не астылі яшчэ да яго пачуцці, ах, так перажывае з гэтай нагоды, пачуваецца вінаватай перада мной. І яна сказала мне, што дае мне права на адну здраду. Уяўляеш, Надзь, ён прапанаваў мне быць «яго здрадай»! – са смехам выклікнула Улада. – Гэту дзяўчыну звалі Лілія, дарэчы. Ён яе пафасна называў Ліліт. Страшная яна, дарэчы, была, як Карыбскі крызіс.

– Та-а-ак, – працягнула сяброўка. – Своеасаблівы хлапец. Абодва яны такія, нездарма парачка. А што потым?

Потым яны працягвалі мець зносіны, Вадзім да яе «ляпіўся», Уладзіслава яршылася. Такія дзіўныя адносіны з невялікімі рэгулярнымі перапынкамі працягваліся доўга.

– І ён усё адно вечна, разумееш, Надзя, заўсёды мяне маральна біў… Як быццам не заўважаючы, потым прасіў прабачэння тыпу «не хацеў» і «не гэта меў на ўвазе» – але я бачыла, што ўсё вылічвае, «косіць ліловым вокам», цішком удар прымярае… А ён проста не мог так не рабіць! Натура яго такая. Але ты ўяві – дзень за днём падступныя чаплянні ў стылі «а чаму?», а потым – смяяўся нада мною. Здзекаваўся. Паслядоўна граміў. Смяяўся з маіх каштоўнасцей… З маіх поглядаў… І сямейнасць яму дрэнна, патрыятызм – дрэнна, добрая вучоба – дрэнна, усё – рабская псіхалогія і закамплексаванасць. Я, па яго думцы, была забітая дзяўчынка, хадзячы мяшок з комплексамі. Па іх і цаляў.

– Дык навошта ты яго цярпела? – абурылася Надзя.

– Ды дурніца я была! Дзеля кампліментаў цярпела. Ён жа які гад быў, то ўкусіць, то пагладзіць. Я сарвалася ўсяго раз альбо два, а так заўсёды трымалася. Плакала толькі дома – толькі голас часам дрыжэў. Дый наогул, было заўважна па мне… А я баялася, што я нейкая «не такая», нікому не падабаюся, трэба, каб хоць нехта быў… страціць хлопца баялася… І яшчэ – вось ідыёцтва, во-о-опыт жа!..

Так Вадзім і зацягнуў яе ў пасцелю. Была Страсная пятніца (з-за гэтага Улада сябе потым і грызла).

Асобнай млоснасцю адклікалася тое, як яна прыкідвалася, стагнала і ўздыхала. А насамрэч амаль нічога не адчувала.

Адзінае што – пагарду. Здзіўленую пагарду пры выглядзе гэтай стараннасці, гэтых прагных і мітуслівых сабачых рухаў, такога ж сабачага, беглага спадылба пагляду.

Улада проста ляжала, дазваляла рабіць штосьці са сваім целам, назірала і дзівілася, як можна так нізка ўпасці. Як можна за пару хвілін з чалавека ператварыцца вось у такога юрлівага сабаку.

Яшчэ ў яго была нейкая грубая скура, на ёй нават былі бачны гэтыя прышчынкі, адкуль волас расце. Улада зусім не разбіралася ў тым, якая ў мужчын бывае скура, але ў выпадку з Вадзімам ёй на розум прыйшло чамусьці слова «свінячая».

Увогуле, тады яна так і не пазбавілася цнатлівасці. Калі ён падрыхтаваў свой прычындал, з вуснаў Улады і прагучала гэта цяжкое, бы абкатаны галыш: «Не».

Гэта было адзінае, што яна прамовіла. Потым адапхнула кавалера і стала спешна апранацца, імкнучыся, каб рухі былі дакладнейшымі і не выдавалі хвалявання. Адначасна яна прыкідвала, ці дацягнецца да цяжкай крыштальнай вазы, калі ён уздумае браць яе сілай.

Але гэтага не адбылося. Яна пайшла.

Потым праз паўгода ён ізноў узнік, і ўсё паўтарылася па новай, аж да недарэчных прэлюдый у яго дома (зараз на іншай здымнай кватэры). Улада тупа спадзявалася на сваю «паўднёвую кроў», думала, штосьці «разгуляецца» – але чаго не было, таго і не з’явілася. Потым яны, як раней, палаяліся, і Вадзім, здзекліва расцягнуўшы рот, прабурчэў:

– Вось ты пачуваешся гэтакай кагалеўнай, валькігыяй… Якая велічна ляжыць і пгымае мілошчы – і можа ў кожны момант царскім жэстам усё гэта спыніць. А не пгыходзіла табе да галавы, што цябе, пгыгожа ўсё гэта абставіўшы, пгоста… – ён зрабіў драматычную паўзу. – …скагысталі.

Гэта было занадта.

Менавіта тады Улада зразумела, што хопіць: яе нявіннасць, дурасць і цярплівасць у адным флаконе зайшлі занадта далёка. Вадзім беззваротна трапіў у спіс асабістых ворагаў. З ім былі разарваныя ўсе кантакты.

Зрэшты, ён раз-пораз ствараў новыя профілі ў сацыяльных сетках і набіваўся на гутарку – канчалася новай сваркай і засмучэннем з-за страты раўнавагі.

Прайшло два гады. І вось тры тыдні таму ён ізноў напісаў.

– І ты наступіла на тыя ж граблі? – дакорліва пакруціла галавой Надзя.

– Я не хацела ні на што наступаць, якраз наадварот, – запярэчыла Улада. – Я ўспрыняла гэта як заданне. Місію па захаванні спакою. Я хацела пераканацца, што пасталела, стала разумнейшай, знайшла раўнавагу, разабралася са зданямі мінулага, так бы мовіць. І што магу падтрымаць гутарку, якая ні да чаго не абавязвае, з чалавекам, які няхай нават быў мне непрыемны.

– Не вельмі атрымалася, як пагляджу.

– Проста не разлічыла хады, – сказаў Юрась, адстаўляючы кубак. – Пусціла занадта далёка на сваё поле.

Ён ведаў, у чым справа, цяпер яна паўтарала ўсю гісторыю больш для яго сястры.

– Гэта дакладна, – уздыхнула Улада. – Калі б не вершы і не раман…

Наўрад ці яна свядома спрабавала яго прамацаць і падвабіць. Нават рашэнне пра агрэсію не з’яўлялася першапачатковым. Зусім не. У нейкі момант яна сапраўды паверыла, што ўсё абыдзецца, што суразмоўца «адэкватны».

Яна проста ўзрадавалася і на хвалі ідэалізму падзялілася самым запаветным, святым: сваёй творчасцю.

Гэта быў самы грандыёзны дар. Самы безумоўны акт даверу, які можна было ўявіць.

5

Раўнавага жаху (англ.)

6

Зноў у СССР (англ.)

7

Палітычных навук (англ.)

Горад мрой (зборнік)

Подняться наверх