Читать книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук - Страница 4

3. Унутраны замак

Оглавление

Час спыніўся, а гукі нечых стрыманых крокаў толькі адцянялі маўчанне. Выразнае, але лёгкае. Якое быццам бы мела колер – прыглушана-вохрыстае, цёплае, падобнае да вялікага драўлянага ўкрыжавання, што лунала над алтаром, панэлямі сцен, лавамі, арганам.

Я б не сыходзіла адсюль.

На вуліцы, нягледзячы на люты, была ўжо сапраўдная вясна. Іншымі словамі, золкі вецер, змрочныя фарбы і раскіслыя абрысы, вільгаць і туман. Хочацца сказаць «лонданскі» – але гэты эпітэт гучыць так рамантычна. А рамантыкі нідзе няма. Ёсць проста каламутная слотная сумесь са снегу, вады і бруду. І яшчэ анемічнае шэрае неба, што забівае веру ў само існаванне сонца.

Але заставацца мне хацелася з іншай прычыны.

Надвор’е не так ужо засмучала. Найчасцей супакою не даюць не аб’ектыўныя акалічнасці, а нашы ўласныя думкі.

Падчас малітвы словы з’яўляліся самі, на паверхню мімаволі выходзіла ўсё самае патаемнае. Я верыла, што ўсё змагу. Увасобіць свае планы, не шкодзячы ні іншым, ні сабе, родных і сяброў не засмучаць, а натхняць, быць шчырай, але не раздражняць, пры дасягненні мэт не губляць сваю душу ў мітусні, ісці па жыцці, не загразаючы ўнезадаволенасці, злосці і маркоце.

Іншымі словамі, я верыла, што здолею захаваць блізкасць да Бога. Усе мае думкі і імкненні можна было звесці да гэтай спрадвечнай кропкі. Да асновы асноў.

Пры гэтым фармулёўка не здавалася мне напышлівай і надуманай. Можа, звонку часам так здаецца.

Але гэта можна толькі прачуць. Знутры.

Прыцемак. Залацістыя агеньчыкі свечак. Вітражы ў спічастых вокнах – ад іх немагчыма адарваць позірк. Не таму, што яны нейкія асаблівыя, мудрагелістыя, вычварныя – яны зачароўваюць глыбінёй колеру: ультрамарынавым, кармінавым, смарагдавым.

Я проста сядзела на лаве. Людзей было няшмат – і я падзяляла з імі маўчанне. Усіх іх я бачыла першы раз у жыцці, але штосьці нас злучала нават у гэтай выпадковай сітуацыі – тое, што няможна апісаць.

За сценамі касцёла зямля ўздрыгвае ад ходу трамваяў, паветра – ад гудкоў машын, там крычаць, спрачаюцца, пляткараць, лаюцца матам, спазняючыся, губляючы тэлефон, трапляючы малатком па пальцы, смажаць бульбу, мыюць падлогі, пляскаюць дзвярамі, стукаюць клавішамі, знемагаюць ад бюракратыі, ізноў пляткараць і спрачаюцца, клянуць сваю працу, грамадскі транспарт, крыўдзіцеляў, няшчасці.

Але наогул – усяго гэтага не існуе.

Гэта ўсё ілюзія, нешта штучнае – насамрэч ёсць толькі цішыня. І для мяне яна цяпер тут, у касцёле.

Помню этналагічны артыкул пра паганскія вытокі блэкметалу з антытэзай «паганскага шуму» і «хрысціянскага маўчання».

Асабіста я ніколі не змагу шмат чаго дамагчыся прыспешваннем, накручваннем, нервовай ашалеласцю, дыянісійскім афектам, старанарвежскім застрашэннем злых духаў шляхам прыпадабнення…

Прабачце, але я злячу са шпулек. І гэта скончыцца самаразбурэннем.

Мой Шлях – цішыня. Толькі ў ёй ваяр чэрпае раўнавагу і сілу. Мая крэпасць – храм.

Але мне давядзецца выйсці адсюль – на слату і вецер, насустрач мітусні і бюракратыі. А значыць, мне застаецца толькі адно: насіць сваю цішыню і свой храм усярэдзіне.

Таму што шуму, які наўкола, – не існуе.

Я глыбока ўдыхнула лёгкае, цёплае паветра і заплюшчыла вочы. На сцяне нада мною вісеў гадзіннік. Апроч нечых з глыбокаю пашанай прыглушаных крокаў і рухаў чулася толькі яго нягучнае ціканне.

І тут я зразумела: яго таксама не існуе.

Няма часу – ёсць вечнасць. І яна таксама ўсярэдзіне нас, бо душа несмяротная.

Тады які сэнс увесь час заломваць рукі і панікаваць, калі штосьці не паспяваеш, ганяючыся за ілюзорнымі секундамі і хвілінамі? Вядома, на зямлі нам адмераны свой тэрмін – часцяком кароткі, ды яшчэ з непрадказальным фіналам. Тады чаму б не расставіць прыярытэты і спыніць пагоню абы за чым?

Я ўпэўнена, што калі звярнуся да Бога, то Ён ужо падкажа мне, што галоўнае, а што – другараднае, што дапасуецца з Яго воляй, а што – не вельмі.

У мяне ёсць цішыня і вечнасць. У мяне ёсць унутраны замак. Каб не страціць ключы ад яго, трэба часцей прыходзіць у дом Божы – вось і ўсё.

Я ўстала з лавы, закінуўшы торбу на плячо, пралезла паміж лавамі, міжволі ступаючы на дыбачках, перажагналася, стоячы на каленах тварам да алтара, устала і выйшла, акуратна зачыніўшы за сабой высокія дубовыя дзверы.

На вуліцы было ўсё тое ж надвор’е, на парадку дня – тыя ж пытанні. Але мне было добра.

Горад мрой (зборнік)

Подняться наверх