Читать книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук - Страница 5

4. Ліфт на поўдзень

Оглавление

Горад зваўся Сан-Марціна. Але пра гэта я ўспомніла ўжо днём, пахадзіўшы, пазаймаўшыся справамі, больш-менш неадкладнымі, і выклікаўшы ў памяці перажытую прыгоду.

Нейкі час мне больш падабалася лічыць, што гэта проста Горад з вялікай літары, дзіўны і адначасна звыклы, таму што многія гарады са старажытнымі вуліцамі і архітэктурнымі помнікамі бываюць падобныя. Асабліва – тыя, што валодаюць такім няўлоўным, падступным зачараваннем. Вось ты ідзеш па вуліцы, напоўненая глыбокай павагай, убіраючы хараство вакол сябе. Захапляе літаральна ўсё: медальён з хітрым тварыкам купідона, завіткі ляпніны, строгі каваны балкон, сам будынак з чыстымі лініямі ў стылі класіцызму, калоны, шрыфт аптэчнай шыльды, рэстаранчык пад маркізай, а на ліхтарах пры ўваходзе – збаны з геранню, што чамусьці вісяць дагары нагамі, кветкамі ўніз – як, дзе вы такое бачылі? І саму герань язык не паварочваецца назваць проста «ружовай» – не, ты ведаеш, што гэтыя раскошныя адценні завуцца «маджэнта» і «сальферына».

І вось рука звыкла цягнецца да фотаапарата, ты хочаш адлюстраваць тое, што ўбачыла і адчула. Вось ужо шукаеш ракурс і пстрыкаеш, але… Атрымліваецца не тое. Хоць забі – не тое. Уздыхаеш. Выходзіць выява без уяўлення, невыразны эрзац, і вось зразумей, у чым прычына: у адсутнасці ў цябе майстэрства? Ці ў тым, што такую вуліцу ў прынцыпе немагчыма сфатаграфаваць з выгаднага ракурсу?

Як бы там ні было – усё гэта мне было добра вядома, я спазнала нямала такіх расчараванняў. І таму са свядомай бесклапотнасцю пакінула фотаапарат дома. Такое хараство можна насіць толькі ва ўспамінах.

Такім чынам, Сан-Марціна. Самым характэрным было сонца – горад быў літаральна напоены ім, струмені залатых карпускулаў пераліваліся праз краі лавак, рамы ровараў, каменныя сцены, бардзюры тратуараў і асабліва праз зазоры паміж пальцамі, афарбоўваючы не проста іх контуры, а запальваючы буяна-рубінавым святлом амаль усю далонь. Нават цень тут быў не такі, як у нас – не змрочны, а пяшчотны, млява-вабны, здаецца, нават іншага адцення.

Спякота не душыла – з мора ўвесь час дзьмуў свежы брыз, што даваў магчымасць не ладзіць сіесты і не чакаць цемры, каб выбрацца на шпацыр. Аднак і мясцовыя жыхары, і турысты ўсё адно не маглі выстаяць перад спакусамі фіялетавай аксаміцістай ночы, падобнай да пялёстка архідэі з мігатлівымі светлячкамі.

З’язджаць было, вядома, шкада. Аднак мяне зусім не мучыла меланхолія. Я знаходзілася ў дзіўна бесклапотным настроі, як чалавек, які ведае, што можа вярнуцца сюды ў хоць які момант.

Нават гэта маё падарожжа было вяртаннем – мы з Арынай ужо былі тут год назад, я ўзгадвала, што мы ўжо хадзілі на экскурсію ў палац чэшскага графа – ці то дыпламата, ці то мецэната, багацея, які аддаў перавагу цёплай краіне, а не роднай зямлі. Мы адправіліся сюды і зараз, але гэтым разам не для таго, каб глядзець па баках і блукаць па залах, слухаючы імёны і даты, якія ўсё адно не запомнім.

– Есці хочацца…

– І піць! У-ух, у мяне ногі гудуць…

– І ў мяне… Вось бы соку! Халодненькага, з запацелай шклянкі…

– Не псуй настрой, давай да нейкай забягалаўкі дойдзем…

– …сок з сіцылійскага апельсіна, чырвоны, яго яшчэ «крывавым апельсінам» называюць… – пачала зануднічаць я.

– Якія мы крыважэрныя ды бязлітасныя! Апельсін – толькі крывавы, толькі сіцылійскі! – падкалола мяне Арына.

– А то. А давай нікуды не пойдзем, збочым ды вернемся туды.

– У палац? Навошта? Ці ты маеш на ўвазе рэстаран?

– Але. А што, можам жа сабе дазволіць.

Арына запаволіла крок (мы перайшлі на зусім чарапашую хаду) і праз пару секунд вымавіла:

– А давай. Хопіць ужо фігнёй з пераходаў харчавацца, хоць тут бы разгуляцца! Будзем мой грант праядаць.

Я не вытрымала і зарагатала:

– Вось гэта клас!

Далёка мы не паспелі адысці – трэба было толькі прабрацца праз фігурныя веснічкі з усходняга боку і перасячы парк (наогул розных уваходаў на тэрыторыю маёнтка было шмат, затое амаль усё – патаемныя).

* * *

З графскім асабняком неяк зусім не вязалася слова «музей» – хутчэй, культурны цэнтр. Самай галоўнай і незвычайнай рысай была адкрытасць – можна было ўваходзіць у любыя памяшканні, сядаць на крэслы, вальсаваць па паркеце, граць на фартэпіяна. Тут увесь час праводзіліся экскурсіі, выставы, літаратурныя вечары, парк быў упадабаным месцам шпацыраў для гараджан і прыезджых. Дзіўна, але тут зусім, у прынцыпе не бывала смецця, хоць я не бачыла ніводнай урны. Да таго ж, нягледзячы на ажыўленне, маёнтак не здаваўся перапоўненым.

Мы з Арынай падняліся на другі паверх і прайшлі ў напоўненую святлом і паветрам бела-залатую банкетную залу, дзе і знаходзіўся знакаміты рэстаран. Тут стаялі велізарныя сталы з кіпнева-белымі абрусамі, з крэсламі а-ля Людовік XV, у келіхах і вазах са свежымі букетамі адбіваліся свечкі.

Кожны проста сядаў на вольнае месца, да яго падыходзіў афіцыянт у фраку (яны ў мностве бегалі туды-сюды, выяўляючы дзівы манеўру), прымаў заказ, але таксама на стале заўсёды стаялі іншыя стравы – за іх належала фіксаваная цана, а за тое, што заказвалася апроч таго – асобная плата. Таму ўсё тут пакідала ўражанне бясконцага банкетавання, урачыстага балю – і гэтае ўражанне давяршалася жывой класічнай музыкай.

Мяне заўсёды асляплялі і чаравалі ўсе гэтыя палацавыя атрыбуты: пазалота, вытанчаная разьба на мэблі, цяжкія парцьеры, кандэлябры і жырандолі, роспіс на столі, высачэзныя дзверы, гербы. З мяне пакеплівалі, але ў такіх месцах і мне хацелася выглядаць як мага болей шыкоўна, паважна. Сёння я не ведала, куды мы пойдзем, але нейкім шостым пачуццём адгадала, што трэба надзець белыя сандалі з залатымі спражкамі і доўгую пунсовую сукенку, падол якой развяваўся і напамінаў мяккую, пышную кветку.

Арынін падыход быў прынцыпова іншым. Зараз яна сядзела ў бандане, брыджах, майцы і зручных адкрытых красоўках. Яна лічыла, што ва ўмовах турыстычнага падарожжа галоўнае – мабільнасць і трываласць, а нездаровае эстэцтва да дабра не даводзіць. Што я на сабе і прачула, калі жорстка спаліла плечы на летнім шпацыры ў Вене, апрануўшы эфектную адкрытую сукенку.

– Так якім чынам? Грант, кажаш, далі?

– Умгу. Я цяпер грантасос.

– Ачмурэць проста. А што за тэма, што за…

– Ой, ды тая ж тэорыя камунікацыі, культурныя ўсялякія фішкі. Заадно тут канферэнцыя перакладніцкая, я і на яе вырашыла зматацца.

– Нішто сабе, дык ты даклад будзеш чытаць альбо некага перакладаць?

– Не паверыш, і тое, і другое! Зараз ужо і не радая, што гэтулькі на сябе ўзяла.

– О та-ак…

– Ну, а наагул – тут будуць італьянцы, немцы, шведаў нават парачка. Хоць як яны тут ад спякоты не здохнуць?

– Ой, не нагаворвай, нармальны тут клімат.

У адказ скептычнае чмыханне – і настолькі ж скептычнае маўчанне пры жаванні блінца з пячоначным мусам. Гэта адзін з пунктаў, па якім мы з Арынай разыходзімся. Яна спякоту цярпець не можа, а я проста абажаю – вядома, у разумных межах, але да такой ступені, што Сан-Марціна здаецца мне раем на зямлі.

Пасля абеду мы адправіліся ўсё ж пахадзіць па палацы, змяшаўшыся з групкамі людзей, якія перацякалі з залы ў залу, з паверха на паверх. Мы разам з імі слухалі цьмяна вядомыя фразы экскурсаводаў, разглядалі карціны, люстэркі і статуэткі, лавілі нечыя рэплікі, дый самі паволі гутарылі.

– Ну, а ты так і не расказала, што тут робіш.

Летась мы былі тут праездам падчас адной з гэтых утомных аўтобусных экскурсій у стылі «галопам па Еўропах». Але гэтым разам…

– Ды я тут па розных пытаннях: продаж карцін, купіць сёе-тое і з гэтым італьянцам сустрэцца, які маю калекцыю ў стылі мілітары выклікаўся на паказы выводзіць і піярыць… І сваякам ізноў жа сёе-тое перадаць ды ад іх забраць – бедная мая валізка, не ведаю, як яна зачыніцца.

– Ого, ну ты таксама дзелавая кілбаса.

– Так. Неяк так.

Я заўважыла, што людзі тут больш падобныя не да турыстаў, а да запрошаных на раўт ці канферэнцыю.

– Так тут насамрэч усё і будзе праходзіць. Сёння, бачу, народ прыйшоў пацікавіцца. О, я вунь таго шведа ведаю! Hej, Ulle![4]

З камунікацыяй у Арыны не толькі ў плане тэорыі, але і на практыцы заўсёды было лепш, чым у мяне – я б яшчэ пару хвілін стаяла, каб набрацца адвагі.

Мы падышлі да высокага сухарлявага мужчыны ў сінім гарнітуры, які так гарманаваў з яго светлымі скандынаўскімі вачыма і па-юнацку адкрытай усмешкай. Я таксама, прывітаўшыся, прамовіла пару фраз і падзялілася ўражаннямі ад горада, а потым, папрасіўшы прабачэння, адышла, пакінуўшы калегам балакаць колькі заманецца.

Я спусцілася ў сад і пайшла блукаць па звілістых дарожках, пліткі якіх накрываў плямісты паўднёвы цень. Сад і парк плыўна пераходзілі адзін у адно і ў цэлым напаміналі казачны лабірынт з фантанчыкамі са старога каменю, статуямі антычных персанажаў, з плюшчом на сценах і мноствам пераходаў. Там былі і альтанкі, і павільёны, і аранжарэя, і нават невялікі музей з калекцыяй халоднай зброі.

У парку ўвесь час адчувалася віраванне жыцця, але шмыгнуць у зацішны куток было вельмі проста – вось што мяне здзіўляла ў гэтым загадкавым месцы. Роўна як і тое, што ніводны турыст не спрабаваў штосьці сфатаграфаваць – няўжо яны спасціглі тую ж марнасць?

Неўпрыкмет для самой сябе я апынулася каля пахавальні графа. Не ведаю навошта, але вырашыла ўвайсці. Гэта было напалову адкрытае памяшканне, выкананае накшталт грота, з паўкруглым скляпеннем столі, у светла-кобальтавых тонах. Надмагільная пліта была зроблена з ляжачай статуяй, як у крыжакоў: сурова выцягнутае цела, рукі складзены на грудзях, толькі заміж даспехаў – сурдут канца васямнаццатага стагоддзя. Гэтае мастацкае рашэнне таксама было дзіўнаватым. Але чамусьці мне імпанавала. Каля сцен паўколам былі расстаўлены чорныя каваныя падсвечнікі на высокіх нагах. Мігацелі лампадкі, дзе-нідзе ляжала некалькі букетаў півонь. Каменная падлога нават праз падэшвы абутку струменіла холадам і волкасцю – рэзкі кантраст са спякотаю ў горадзе.

Я загледзелася на скульптуру, на кветкі, і тут мяне прадраў па спіне непрыемны халадок. Дакладней – не холад, а штосьці накшталт электрычнага імпульсу. І не па спіне, а неглыбока пад скурай. Але ўнутр закралася непрыемная, прыгнятальная жудасць – пагрозлівы нябачны дотык. Дакучлівая бясцелесная прысутнасць. Тое, што заўсёды так палохала і дагэтуль палохае мяне ў цёмных пакоях.

Самае жахлівае: гэта ж не праігнаруеш, не скінеш высілкам волі. Я праглынула камяк. Для гэтага Нешта няма прыдатнага кантэксту: за маёй спінай разагрэты сонцам парк і горад, які дзе-нідзе парадаксальна напамінае Прагу, што пераходзіць у Сан-Рэма.

Я разумела, якое цяпер мізэрнае відовішча ўяўляю сабой у ментальным плане, аднак я знайшла сілы выціснуць колькі ветлівых фраз і папрасіць прабачэння за турботу. Я насілу завярнулася і выйшла на ватовых нагах; так, павярнуцца было найцяжэй – так заўсёды сыходзіш з цёмнага пакоя з чаканнем нажа ў спіну.

На зялёнай алеі з платанаў я ледзь адвязалася ад ванітоўнага пачуцця. Хоць у прынцыпе зразумела, што граф проста не ў гуморы.

Стрэс часцяком заядаюць – я купіла марозіва.

– А-а, вось ты дзе!

Арына ўволю нагаманілася са шведам і адправілася шукаць мяне – мы знайшлі адна адну без тэлефанавання. Зараз мы падмацавалі сілы, але нас чакаў шлях да аўтобуснага прыпынку, а там з’езд у Ніжні Горад па серпанціне. Па дарозе да прыпынку адбылося здарэнне: Арына страціла прытомнасць. Не звалілася як падкошаная, але стала павольна абсоўвацца проста мне на рукі – я ж, хоць і спалохалася не на жарт, кінулася падхапіць яе.

На спробы адвалачы яе на лаўку Арына запратэставала. Праз паўхвіліны яна змагла цвёрда ўстаць на ногі, а потым яшчэ і пайсці як нічога не было. Потым змрочна запатрабавала мінералкі. Вылаялася з-за таго, што вада цёплая, але ўсё адно зрабіла два-тры глыткі. А потым расхістаным жэстам шпурнула бутэльку проста пад абрыў, у зараснікі тыгровага альясу. Нехта мог бы абурыцца, але там, унізе, стаялі смеццевыя бакі. Ці патрапіў кідок у цэль, было ўсё роўна – галоўнае было даехаць зараз дахаты жывымі-здаровымі.

Што мы, зрэшты, і зрабілі насуперак задусе і трасенню: Арына шчасна даехала да гатэля, а я да хаты сваякоў. Па прыбыцці сцэнар у нас быў аднолькавы: скінуць усё адзенне, залезці пад душ, а потым – абваліцца ў пасцелю, пад накрухмаленую халаднаватую прасціну.

Цётка Маўрысія зайшла запытацца, калі я буду збіраць рэчы. Я штосьці прамармытала і, перавярнуўшыся на спіну, заснула. Яна махнула рукой і пайшла на кухню. У сне было не бачна. Проста я ведала гэты яе жэст.

Самалёт заўтра. Вылятае ў тры. Ад ранку ўсё спакую.

Увечары я выбегла ў бліжэйшую крамку купіць крэветак і памідораў. Вярталася, адчуваючы, як пакет адцягвае руку, а вецер гуляе па лапатках: выйшла я ў лінялых шортах і белай барцоўцы. І, натуральна, у пляскаючых в’етнамках «у палец».

Потым мы ўсёй шаноўнай кампаніяй вельмі душэўна пасядзелі, ядучы марскіх гадаў і запіваючы іх напалову разведзеным ружовым віном. На шпацыр не выбраліся, проста час ад часу падыходзілі да акна, балазе краявід у гэтым элітным раёне быў шыкоўны, як з паштоўкі.

Дый кватэрка ў іх нічога так. Пяць пакояў, іспанскі стыль – светлыя сцены цёплых адценняў і насычана-цёмная мэбля. Камусьці здасца цяжкавата, а па мне – прыгажосць. Трэба ў сябе прыдумаць нешта падобнае.

Але самым цікавым у гэтым доме быў ліфт. Прасторны, з люстэркам, медзянымі акантоўкамі, вялікай панэллю з кнопкамі, на якой – дзіўна! – была яшчэ і мапа, што напамінала схему метро са станцыямі. Прытым назвы галоўным чынам былі нейкія дзіўныя і бязглуздыя. Прыкладам, нейкая «Альфа-крама» ці «Электрасіла»… Усе надпісы на плане я не змагла ўтрымаць у памяці. Але мне гэта нагадала падарожжа на Увядзенскія могілкі ў Маскве і станцыі Электразаводскую і Баўманскую.

Мяне гэта інтрыгавала, але ў кнопкі я не тыцкала, карыстаючыся паказанымі мне ў першы дзень знаходжання. Навошта прызначаліся астатнія, было няясна, але нават дэкаратыўная іх каштоўнасць была неаспрэчнай: абцякальныя, бронзавыя, гладкія навобмацак, яны ўтваралі на светлай панэлі эцюд нейкага ўзору.

Назаўтра цётка, дзядзька і ўсе мае кузіны займаліся маімі зборамі і па чарзе правяралі багаж, меркавалі, як лепш дабрацца да аэрапорта. Аднак нервавання не назіралася. Абмеркаванне ішло так, нібы гаворка ішла пра тралейбус, а не пра самалёт.

Нарэшце пакеты былі кампактна ўпакаваныя, дробязі разапханыя, валізка зашпіленая. Абдымкі, поціскі рукі, усмешкі, словы падбадзёрвання. Я стаяла і чакала свой жоўты аўтобус на чысценькай пляцовачцы, дзе з аднаго боку была скальная сцяна з гірляндамі з пранізліва-ружовай бугенвілеі, з іншага боку – панарама бухты і горада з тэракотавымі дахамі, нарэшце, праз парэнчы – проста мора. Спакойнае, сіняе, ужо не пашарэлае ад спёкі, якая спала ўжо ўчора пад вечар – з сённяшняга дня наставалі больш свежыя дзянькі, часам з аблокамі. Мы глядзелі ўчора прагноз.

Пэўна, з’язджаць быў самы час.

Пра гэта я думала, рассеяна паглядаючы за акно аўтобуса і машынальна прытрымваючы валізку ў праходзе. Калі нас страсянула на павароце, пагляд мой мімаволі адарваўся ад краявідаў, і…

Я ўбачыла генерала, які сядзеў крыху наводдаль. У такіх выпадках належыць драматычная паўза. Але нічога драматычнага не адбывалася, мы проста заставаліся на сваіх месцах. Тым больш, мне не ўпершыню сустракаць у транспарце выбітных асоб.

Здавалася, яго ніхто не заўважаў. А ён – не бачыў мяне. Генерал выглядаў вельмі патрапаным, старым, стомленым, і яўна меў патрэбу паправіць здароўе. Яшчэ крыху, і твар яго будзе ў тон мундзіру – а быў ён у сваёй звычайнай шэрай уніформе. Дзіўна, што і гэтага ніхто не заўважаў, нібы так і трэба (ага, гэткую фуражку не заўважыць!). Нейкі пасажыр звярнуўся да майго генерала з зануднымі роспытамі. Тот адказваў на здзіўленне цярпліва, павольна вымаўляючы словы сваім надтрэснутым голасам, у якім спалучаюцца каціная рэзкасць і лёгкая аксамітавая хрыпатасць – проста цадзіў фразы, не ў сілах супрацівіцца. Не кажучы ўжо пра тое, каб крыкнуць і адшыць. Выраз твару ў генерала быў стомлены і сумны – хутчэй, не ад душэўных хваляванняў, а ад дрэннага самаадчування.

Я была ўзрушана. Я паспрабавала прыцягнуць яго ўвагу пільным позіркам. У адказ, адгукнуўшыся на адчуванні, ён цвёрда, неадрыўна паглядзеў мне проста ў вочы. Ох, усё ж даў зразумець, што бачыць мяне, ведае, што я тут. Але больш – ніякіх знакаў збліжэння. Найхутчэй, так было трэба. Ён не жадаў прыцягваць увагі. А я – калі б я памахала рукой ці пралезла да яго – я б яго проста выдала.

І тут мяне ахапіла дзіўнае пачуццё. Аўтобус ехаў назад. Няўжо ён зрабіў недзе крук? Калі так – чаму?! Ці я нейкім неспасціжным чынам трапіла з аўтобуса, што едзе ў аэрапорт, на той, што адпраўляўся адтуль у горад? Але мне ўжо было напляваць – чорт з імі, з квіткамі. Я была рада, што мы вяртаемся.

У генерала былі ў Сан-Марціна свае справы – гэта адчувалася. Заставалася толькі высветліць, якія. Але першым чынам я б параіла яму арганізаваць сабе тут працяглы адпачынак і аднавіць сілы. Хай бярэ прыклад з дваранаў, якія ездзяць «на воды».

Жоўты аўтобус затармазіў на цэнтральнай плошчы, пасажыры высыпалі з дзвярэй, ажыўлена балбочучы. Генерал таксама накіраваўся да дзвярэй, я ішла ззаду; тут ён знік у арэоле дзённага святла, а потым яго і зусім нехта засланіў. Але можна было заўважыць, што валізку ў яго адразу забралі і падалі яму руку. Сустракала яго сама донна Люсія, ці былі з ёю дзеці, я не ўбачыла (адцерлі, адціснулі!) – але адчула: так, малодшыя – Жаклін і Марка Антоніа.

На свежым паветры ўжо можна было закрычаць, пагукаць, памахаць рукамі – але нагода для гэтага знікла, я ўпусціла сваіх з віду! – так, расштурхала незадаволеных пасажыраў, прадралася, спудзіла цэлую чараду шызых галубоў – але ўсё марна. Я ўбачыла толькі таксі, якое ўжо ад’язджала.

Нічога. Я выразна ўцяміла дзве рэчы. Першая: незразумела, навошта, але (я ўсцешана!) яны накіроўваюцца да маіх сваякоў. Другая – прасцей простага: трэба іх дагнаць. Што б ні было. Атам – пагаварыць з генералам і ўзнагародзіць яго порцыяй абдымкаў і пяшчот.

Мы з таксістам засунулі вішнёвую валізку ў багажнік, і вось я ўжо сядзела на пярэднім сядзенні, пагружаная ў думы. Наўрад ці мне ўчыняць наганяй з-за нечаканага вяртання. Так, не паляцела, так, прымчалася назад. Ці мала што, можа, рэйс адмянілі? Што-кольвек набрашу.

А яны ўжо падняліся.

Я расплацілася і адмовілася ад дапамогі, валізка нібы ператварылася для мяне ў мініяцюрны заплечнічак: я адным хапком узвалакла яе па сходах і штурхнула ў ліфт, мімаходам трахнуўшы па панэлі амаль усляпую.

Кабіна мякка рушыла і праехала патрэбны лік паверхаў. Званочак. Ад’язджаюць дзверы. Хутчэй!

Пстрыкнула ручка валізкі. Колы прыглушана засакаталі па стыках пліткі, загрузлі ў ворсе бэжавага дывана на пляцоўцы – я рванула валізку за сабой, кінулася наперад: дзверы кватэры былі адчыненыя.

– Ужо іду! – прагучала знутры.

Але я спынілася як скамянелая. Насустрач мне выйшла не цётка, а нейкая незнаёмая маладая кабета з каштанавымі валасамі. Яна была ў хатніх джынсах і белай маечцы-пола. Дый кватэра была не нашай – хоць за спінай у незнаёмай была відаць падобная секцыя цёмнага дрэва з расстаўленымі там кнігамі і вазонамі.

– Э-э… добры дзень.

І мне давялося збянтэжана тлумачыць, што я мела намер трапіць зусім у іншае месца – але, пэўна што, прамахнулася па кнопцы.

– О-о, ну канешне! – пляснула рукамі кабета. – Вы выпадкова перайшлі на Ламбардскую лінію, вось яно што. З гэтымі ліфтамі трэба быць уважлівей – гэта ж сапраўдны лятальны апарат.

Мне казалі, што я нікчэмная акторка; найцяжэй у мяне атрымоўваецца затойваць гнеў – у прынцыпе, ніколі. А тут я не магла схаваць неразумення.

Незнаёмая нават засмяялася:

– Ах, хвілінку, я вам усё патлумачу! Ды вы пакуль праходзьце, не саромейцеся. Ну і што, валізку пастаўце тут, у пярэднім пакоі.

На працягу некалькіх наступных хвілін мяне паілі капучына з бісквітамі і тлумачылі прынцып дзеяння ліфтаў. Яны не проста могуць ездзіць гарызантальна, яны рухаюцца па каардынатах, паказаных на мапе. Прафан проста не зверне на яе ўвагі, але жыхары ведаюць, у чым уся справа. Назвы станцый сапраўды з’яўляюцца шыфрам. Таксама гэтыя ліфты служаць сродкам зносін паміж усімі хатамі элітнай пабудовы, выкананымі па адным вялікім праекце (прытым, што некалькі такіх хат знаходзяцца ў іншых гарадах).

І распісвала яна мне ўсё гэта не проста так.

– Вы ж сваячка сямейства Рыкардзі?

– Так, – важна адказала я. Таму што «сямейства Рыкардзі» прагучала неяк вельмі значна.

– Я ім зараз патэлефаную, папярэджу, – усміхнулася кабета, – і можаце адпраўляцца, зараз вы не згубіцеся.

Яна набрала нумар на апараце, зробленым пад даўніну, і пачала штосьці казаць у трубку, я ўяўна ўлавіла цёплую сяброўскую атмасферу і прысутнасць донны Люсіі ў хаце (яна чамусьці адчувалася вельмі яркай), я паправіла валасы… І прачнулася. Рука была закінута на падушку, пальцы зарываліся ў валасы, як грэбень. За акном віднела, але ўсё яшчэ гарэў гэты ліхтар, які то згасаў, то запальваўся і змяняў колер.

Ну вось, я так і не трапіла да сваякоў, не прывіталася з найяснейшым сямействам і не абняла самога Аўгуста…

Ну й добра. Нічога страшнага. Зараз я дакладна ведаю, што, калі моцна захачу, магу вярнуцца.

4

Прывітанне, Уле! (шв.)

Горад мрой (зборнік)

Подняться наверх