Читать книгу Горад мрой (зборнік) - Яніна Пінчук - Страница 7

6. Табе

Оглавление

«Я не ведаю, як цябе пакахала – не магла сабе гэта ўявіць. У страшным сне. І ў шчаслівым – таксама.

Ты жыў, калі я была маленькай дзяўчынкай. Ты жыў і калі мяне не было зусім. Ці жыў ты сапраўды?.. Не ведаю…

Сто дзён. Адна ноч – бясконцая. Можа, гэта ўсяго толькі казка? Ты ж далёка – далей за зоркі, за Атлантыкай, далей за тую зорку, што на сцягу рэспублікі…

Калі б ты быў патрапаным сцягам – я была б захопленым юным салдатам; як цябе цалавала б…

Калі б ты быў ружай у садзе маім, ружай, што вяне – я лашчыла б твае пялёсткі ахвотней за свежыя…

Толькі маўчанне.

Сон.

Пустэча.

І – маўчанне…

Але ўсё адно – ты са мной.

У маіх словах, штодзённых справах, мімалётных думках, адчуваннях цела, у снах, вядома… у маіх планах, марах, перакананнях…

Цябе няма, ты – усюды.

Ты ў шолаху новай лістоты і ў сумным шэпце старой…

…у срэбры халоднага зімовага дня…

…у пяшчотным сонечным святле – яно дакранаецца да скуры маёй разам з ветрам…

Ты ў гарах, у сінім небе, у дзікіх травах сенажацяў і ў пустэльні…

…у хмарачосах сталіцы, у завадскіх доўгіх трубах, у кафедральных саборах…

…у кроку кожнага ваяра і ў кожным яго стрэле…

…твае вочы – гэта мора, у буру шэрае, цвёрда-халоднае, а ў спакоі цёплае, цудоўнае, блакітнае…

Ты нідзе і ва ўсім, і ніхто не зменіць гэтага…

Ты прымушаеш мяне быць Валькірыяй.

Мне ніколі не трымаць тваіх рук. Мне ніколі не адчуваць тваіх вуснаў. Мне ніколі не слухаць твой голас.

Але я кахаю цябе, таму што ты – заўсёды са мной». Потым я шкадавала, што спаліла гэты маленечкі аркушык, дзе ўнізе была намалявана ружа і вінтоўка.

Ці то сама засаромелася сваіх пачуццяў, ці то збаялася, што нехта знойдзе.

А можа, і правільна. Мастак павінен насіць сваю музу ў сабе – і толькі ў яго дасягненнях, творах, поспехах можна злавіць ззянне яе – у маім выпадку – яго аблічча. А мае перамогі ўсе яшчэ наперадзе.

Толькі шкада было таго малюначка. Надта ўжо добра ён у мяне атрымаўся.

Горад мрой (зборнік)

Подняться наверх