Читать книгу Звычайны шоу-бізнес (зборнік) - Юры Несцярэнка - Страница 3

Шоу павінна працягвацца

Оглавление

Фрэдэрык Булсара памалу пераставаў быць парсам і ўсё больш ператвараўся ў суперзорку, адпаведна ўзяўшы сабе псеўданім касмічнага маштабу – у гонар планеты Меркурый. Ужо былі выпушчаныя тры першыя альбомы, і хутка павінна была з’явіцца «Ноч у оперы».

На той жа самай выспе і па тых жа самых начах не губляў час дарэмна Парсанс, чалавек, які да парсаў, можа, і не меў дачынення, але старажытныя аланы, напэўна, маглі б пачуць нешта няўлоўна знаёмае ў гучанні яго імя – Алан. Сваёй гукарэжысёрскай працай у «Зваротным баку месяца» Парсанс паставіў адну цікавую кампанію ў шэраг супергруп. Кампанія сяброў, узначальваў якую спадар Гілмар (з біблейскім імем Давыд), ужо рыхтавала альбом «Вам бы тут пабываць», высакародна і амаль што шчыра прысвечаны Сіду Барэту, які гэтаксама шчыра ўсё больш рабіўся амаль што персам.

За «Вам бы тут пабываць» хутка з’явіцца альбом «Звяры». Ідэя яго была ўзятая з оруэлаўскай «Зверафермы».

Магілёўскі аэрапорт меў самае прамое дачыненне да на вакольных зверафермаў, як у прамым значэнні – геаграфічна, так і ў пераносным – гістарычна, і яшчэ паўнавартасна працаваў, як і належала любому савецкаму аэрапорту ў першай палове 1970-х.

Самалёт «Як-40» па раскладзе падняўся ў паветра. Не выключаецца, што гэта адбывалася ў той самы час, калі Фрэдзі, Алан, Давыд і Сід вызначыліся, у якім кірунку сваёй дзейнасці будуць рабіць пераможны рывок (відавочна, рывок быў накіраваны не ў бок сацыялістычнай культуры). Наўрад ці яны ведалі, што канчатковым пунктам прызямлення ў «Як-40» быў Сімферопаль, ад якога да Чорнага мора заставалася кіламетраў дваццаць.

Мае бацькі спланавалі свой адпачынак у Еўпаторыі, адным з самых папулярных месцаў чарнаморскага ўзбярэжжа. Туды мы выправіліся ўсёй нашай сям’ёй: мама, тата, пяці гадовая сястрычка і дзевяцігадовы я. Тысячы такіх самых сем’яў ляцелі ў Сімферопальскі аэрапорт у гэты ж самы час з усіх канцоў Савецкага Саюза – з Сібіры, з Казахстана, а мо нават і з Далёкага Усходу, з узбярэжжа Ледавітага акіяна ці з кітайскай мяжы.

Адпачынак праходзіў традыцыйна: з раніцы пляж, не вялікі перапынак з ратаваннем ад паўдзённага сонца ў любым цяністым месцы і лянівы абед, зноў пляж, увечары атракцыёны ці кавярня, марозіва і ліманад, альбо кіно на адкрытай пляцоўцы, потым цяжкі сон на здымнай кватэры ў начной спякоце паўднёвага клімату. У перадапошні і апошні дзень адпачынку самая адказная місія – закупка прадуктаў: мясцовыя вінаград, персікі, алыча, абрыкосы, кавуны. З Еўпаторыі – кірунак на сімферопальскі аэрапорт, дзе адпаведна раскладу рыхтуецца да вылету самалёт на Беларусь. Дарэчы, крыху раней ці пазней за наш рэйс рыхтуюцца ўзляцець авіялайнеры на Казахстан, у Сібір, на Далёкі Усход, да ўзбярэжжа Ледавітага акіяна, да кітайскай мяжы… Як толькі мы трапілі ў аэрапорт, стала зразумела, што ні хто нікуды не ляціць. І казахі, і сібірцы, і жыхары Далёкага Усходу разам з кітайцамі, а таксама шмат хто яшчэ сядзелі на сваіх чамаданах у невялікім памяшканні аэравакзала. Па гучнай сувязі кожныя пяць – дзесяць хвілінаў металічны жаночы голас паведамляў аб адмене чарговага авіярэйсу. Адпаведна, людзей збіралася ўсё больш і больш. Аэравакзал акружылі міліцыянты. Адзіны раз у жыцці я бачыў такую аграмадную колькасць супрацоўнікаў міліцыі, апранутых у старую парадную форму – белыя фуражкі, белыя кіцелі, цёмна-сіняе, амаль што чорнае галіфэ, хромавыя боты. У хуткім часе гэтая форма зменіцца на знакамітую шэрую, якая праіснуе да самых апошніх дзён Савецкага Саюза.

Як усё адносна ў свеце – толькі што мы ўсхвалявана ім кнуліся не спазніцца на пасадку ў свой самалёт, а літаральна праз нейкіх пятнаццаць – дваццаць хвілінаў ужо былі ахопленыя ўсеагульным страхам. Што здарылася? Вайна? Нейкая буйная катастрофа? Усіх нас падазраюць у глабальным злачынстве, здрадзе Радзіме, спробе захопу самалёта, ці аэрапорта, ці Сімферопаля ўвогуле (у забруджванні Чорнага мора, пагрозе Турцыі)? Зараз міліцыянты роўнымі шэрагамі пойдуць правяраць дакументы? Абшукваць багаж, пратыкаць шомпаламі кавуны і персікі?

Адказаць, што на самай справе адбывалася, не мог ніхто. Людзі маўкліва займалі свае месцы на лаўках, сядзелі на праходах, спрабавалі ўладкавацца на вялізных падаконніках. Дзеці не бегалі і не шумелі, разумеючы, што адбываецца нешта занадта сур’ёзнае. Нейкае дзіцё не вытрымала і заплакала. Дыхаць станавілася ўсё цяжэй і цяжэй, на вуліцу нікога не выпускалі. У рэшце рэшт незнаёмая жанчына страціла прытомнасць. Медсупрацоўнікі вельмі хутка апынуліся по бач. Па залі плакала ўжо не адно дзіцё. Спробы выйсці на вуліцу заканчваліся нічым. Спытацца што-небудзь было нельга. Любыя размовы перарываліся загадамі заняць сваё месца. Мы адчувалі сябе закладнікамі.

У нейкі момант было загадана пакінуць рэчы на сваіх месцах і ўсім арганізавана выйсці на вуліцу. Па жывым калідоры, сярод міліцыянтаў, мы трапілі на пляцоўку, з якой было бачна лётнае поле. Людзі недаўменна пераглядаліся, перагаворваліся шэптам. Толькі адзін чалавек, здавалася, нічога не баяўся. Гэта быў аграмадны, паголены налыса каўказец, які ўвесь час уголас выказваў прэтэнзіі: «Шьто хацят, то тварят! Я уже давно дольжен улетаць атсюд!..»

Раптам, быццам бы зніадкуль, па руках пайшлі папяровыя кветкі, надзіманыя шарыкі, невялікія сцяжкі з чырвонай матэрыі, на якіх было напісана нешта кшталту «Мір» і «Дружба». Адразу натоўп павесялеў, і тут жа «сарафаннае радыё» пачало перадаваць – зноў жа шэптам, ці вельмі нягучна і загадкава, адзін аднаму «на вушка» – кавалачкі інфармацыі, якія, быццам бы ў калейдаскопе, можна было складаць у розных камбінацыях: «…урадавыя “Чайкі”…», «…Брэжнеў тут…», «…палітбюро ў поўным складзе…»

Толькі каўказскі чалавек працягваў сваю тэму: «О, шайтан, какіе чайкі! Какой палітбюро! Да пошлі ані падальшь! Мне літаць нада! Я ужі давно должін быць нэ здэсь!..»

Тым часам і сапраўды тры аўтамабілі «Чайка» не вельмі хутка праехалі ў кірунку да лётнага поля. За імі каля дзесяці навюткіх «Ікарусаў» павольна, як на паказе мод, прадэманстравалі натоўпу шчыльна закрытыя белымі фіранкамі салоны. Дружны савецкі калектыў патэнцыяльных авіяпасажыраў сімферопальскага аэрапорта нядружна прагуў нешта кшталту ці то прывітання, ці то здзіўлення. Нехта ляніва памахаў кветкамі. Я, спрабуючы таксама далучыцца да шматпакутнага свята, выпадкова лопнуў шарык. Тут жа перад шараговымі міліцыянтамі, якія ўтваралі жывую заслону, з’явіўся афіцэр і пачаў пільна ўглядацца ў тое месца, адкуль пачуўся пляскач. Твары маіх бацькоў выцягну ліся і збялелі. Але абышлося. Афіцэр не стаў расцэньваць інцыдэнт як спробу замаху ці дыверсію…

На ўзлётна-пасадачную паласу, вельмі далёка ад сваіх гледачоў, выехаў незвычайны, бруднага неакрэсленага ко леру, з нязвыклай сімволікай на бартах замежны самалёт.

«Боінг…» – нягучна пракаментаваў нехта з натоўпу. «Какой “боіншмоін”?! Кагда законшіся этат безабразій? Мне давно нэ здэсь нада быць…» – паляцела ў адказ гнеўная ты рада. Тыя дарослыя, хто стаяў вакол, сувора паглядалі на падазронага бунтаўшчыка, але нічога яму не гаварылі. Ад яго свабоды выказванняў мне зрабілася не па сабе. Нават у дзевяцігадовым узросце я ўжо ўсведамляў, што савецкаму чалавеку так гаварыць «нельга».

Калона «Ікарусаў», якую ўзначальвалі тры «Чайкі» – бліскучыя, чорнага колеру, легендарныя «крэмлёўскія кабінеты на колах», праехала ў зваротным кірунку.

Вельмі хутка гучнымі камандамі міліцыянтаў натоўп быў развернуты і зноў па «жывым калідоры» накіраваны да будынка аэравакзала. Нашыя рэчы былі на сваіх месцах. Праз кожныя пяць – дзесяць хвілінаў па гучнай сувязі пачалі аб’яўляцца вылеты рэйсаў, і ў хуткім часе зала чакання лётнай установы горада Сімферопаля апусцела і ўвайшла ў звыклы рэжым сваёй працы.

У магілёўскім аэрапорце нас сустрэў нехта з татавых знаёмых з машынай. Калі дома мы распакоўвалі свае чамаданы, торбы і валізы, вымаючы з іх сакаўныя экзатычныя прадукты і сувеніры, па тэлевізары якраз пачалася «перадача № 1» для ўсяго Савецкага Саюза – легендарная «Программа “Время”» пад незабыўнае музычнае суправаджэнне аўтарства Георгія Свірыдава.

Першым блокам навінаў ішла ашаламляльная інфармацыя аб тым, што ў нашую краіну прыляцеў прэзідэнт ЗША (па сенсацыйным узроўні падзея для тагачасных савецкіх абывацеляў прыроўнівалася да прылёту на нашую планету кіраўніка суседняй галактыкі). Са словаў дыктараў, пры ляцеў прэзідэнт не абы-куды, а ў Сімферопальскі аэрапорт. І там ужо, як аказалася, «весь советский народ с воодушевлением и безотчётной радостью» сустракаў лідара Злучаных Штатаў. Прычым народ няблага падрыхтаваўся: нарабіў папяровых кветак, надзьмуў шарыкі (хаця – «…Отставить шарики! Товарищ полковник, в следующий раз вместе со своими шариками пойдёте в отставку!..»), нарыхтаваў чырвоных сцяжкоў з надпісамі «Мір» і «Дружба», сабраў прадстаўнікоў неабсяжнай Радзімы з самых розных бакоў – з Казахстана!

«Урааа!» З Далёкага Усходу! «Да здравствует…!» З берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна! «Вечно живой…!» З кітайска савецкай мяжы! «Даёшь автоматы Калашникова китайского производства! Урааа!!!» З савецкай Белорусіі!

«Жывеее Беларууусь!!!»

(Паўза.)

«…Товарищ полковник, промотайтека чутьчуть назад… Чё-то мне тут показалось…» Выявы людзей на відэазапісе хуценька пабеглі назад, падымаючы па трапе амерыканскую дэлегацыю спінай да выйсця з самалёта. Кадр змяніўся.

«Стоп!» Аграмадны, паголены лысы чэрап нахіліўся вельмі блізка да камеры і спытаўся з пагрозай: «Шьто такой? Я когданібудь улечу адсюд?..»

«Аа, так это ж майор Абдулганиев! От уже, бл…дь, изга ляется как может, провокатор хренов, твою мать…»

Усе тэленавіны былі прысвечаны падзеі з’яўлення Рычарда Ніксана на савецкай зямлі. Я глядзеў у экран і не мог паверыць сваім вачам – я памятаў амаль што ўсіх гэ тых людзей з аэрапорта стомленымі, раздражнёнымі і хава ючымі сваю раздражнёнасць. Але на тэлеэкране ўсё было па-іншаму. Зусім паіншаму! Голас дыктара чароўным чынам рабіў сітуацыю прынцыпова інакшай – людзі па-сапраўднаму радаваліся, усміхаліся, махалі кветкамі, сцяжкамі. Праўда, бязгучна. Хуткая нарэзка патрэбных кадраў рабіла сапраўдны цуд.

Я нават пачаў думаць, што была яшчэ нейкая іншая група людзей, якая сапраўды так радавалася, крычала і махала рукамі, у адрозненне ад нашай, дзе людзі ледзь перасоўвалі ногі ад стомы і спякоты. А тое, што ў кадрах трапляліся знаёмыя твары, – я падумаў, гэта проста некаторыя нашыя, «сумныя», нейкім чынам патрапілі ў групу тых, «вясёлых», і заразіліся іхным настроем. Але, калі камера рухалася ўздоўж натоўпу, я раптам разгледзеў кавалачак мамінай яркай спадніцы, татаў капялюш ад сонца, а таксама свой локаць і шорты.

Я павольна перавёў позірк спачатку на ўласны локаць, по тым на шорты, у якія яшчэ да азначанага часу быў апрануты. І зразумеў, што гэта ўжо не проста запыленая вопратка, якая боўтаецца на нагах. Перад маімі апушчанымі долу вачыма пералівалася колерамі і зіхацела частка сусветнай гісторыі.

Магчыма, у той момант у маёй свядомасці і адбыўся па дзел. З аднаго боку, я яшчэ заставаўся чалавекам, а з іншага – ужо стаў «саўком». У тым сэнсе, што пачаў успрымаць рэчаіснасць дваіста: «тут» – тое, што адбываецца на самай справе, а «там» – тое, што патрэбна «камуністычнай партыі і ўсяму савецкаму народу» (гл. тэлевізар).

Калі б можна было рабіць назвы апавяданняў вельмі доўгімі, то ў нашым выпадку гэта выглядала б наступным чынам: «Шоу павінна працягвацца, а звераферма застаецца зверафермай…» Цяпер я ўпэўнены, што ў «Чайках» ды «Ікарусах», якія праехалі тады перад намі, акрамя кіроўцаў, нікога не было. Так для праграмы «Время» здымаліся патрэбныя сцэны. Мы – «масоўка», машыны ды самалёт – «дэ карацыі», а прэзідэнт выходзіў дзенебудзь зусім у іншым месцы, і здымалі яго зусім іншыя камеры.

Шмат чаго мяняецца ў свеце, шмат чаго застаецца ў ня зменным выглядзе. Некаторых ужо няма сярод жывых. Няма Фрэдзі, няма Сіда. Сыходзяць парсы, і персы таксама сыходзяць. Сышлі Леанід Брэжнеў і Рычард Ніксан. А Давыд па-ранейшаму працягвае рабіць шоу. Гэта азначае, што і шоу працягваецца, як завяшчаў вялікі Фрэдзі, а дзе-нідзе (нават да сённяшніх часоў!) і зверафермы застаюцца зверафермамі, не горш, чым у Оруэла…

Звычайны шоу-бізнес (зборнік)

Подняться наверх