Читать книгу Звычайны шоу-бізнес (зборнік) - Юры Несцярэнка - Страница 9
Вайсковы спірт
Тры гісторыі
Оглавление…Магчыма, азначаныя стагоддзі даследчыкі ў будучыні назавуць «эпохай алкагольнай залежнасці» ці, напрыклад, «гісторыяй выжывання чалавецтва ва ўмовах гарэлачнай экспансіі». А можа, гэта будзе «перыяд татальнага паслаблення імуннай сістэмы карэннага насельніцтва планеты пад уплывам формулы спірту»?..
З сучаснай фантастыкі, Беларусь, 2001
Cустрэнемся пасля адзінаццаці
Гэтую перадачу, што запрашала на сустрэчу ў даволі позні час па суботах, калісьці я чакаў з такім натхненнем, што сённяшнія аматары штодзённых каналаў кшталту «MTV» ды «VIVA» наўрад ці зразумеюць мой былы імпэт. Здаецца, быў перыяд, калі «Сустрэнемся пасля адзінаццаці»[2] на Беларускім рэспубліканскім тэлебачанні нейкі час не выходзіла, але дакладна памятаю: калі мяне забралі ў войска, яе выпускі зноў пачалі рэгулярна з’яўляцца.
Такім чынам – асобная рота аэрадромнага забеспячэння, узвод сувязі на адным з аэрадромаў былой Беларускай ваеннай акругі. Глядзець тэлеперадачы пасля адбою лічыцца грубым парушэннем вайсковага раскладу. Але ж для таго яна і дысцыпліна, каб час ад часу яе парушаць.
Адметнасць службы «сініх пагонаў» (так называлі нас «чорныя», «чырвоныя», «зялёныя» ды іншыя рознакаляровыя «пагоны») – гэта доступ да неверагоднай колькасці спірту. Парадокс заключаўся ў тым, што афіцэры і прапаршчыкі рэгулярна карыстацца такім важным стратэгічным прадуктам магчымасці не мелі. Акрамя начальніка складу ГЗМ (што азначае «гаруча-змазачныя матэрыялы»).
У дадзеным выпадку спірт, напэўна, трэба разглядаць больш як змазачны, чым гаручы матэрыял, бо ён у якасці тэхнічнага сродку прызначаўся для знешняй прамыўкі шкла ў кабінах пілотаў ва ўмовах нізкіх тэмператур на вялікай адлегласці ад зямлі. Ды яшчэ ў невялікіх колькасцях для прафілактычнага абслугоўвання ўсёй аэрадромнай апаратуры. Ён паступаў на склад ГЗМ тонамі і захоўваўся ў цыстэрне на пасту № 3.
Пломба, якой апячатвалі кран, падраблялася вельмі проста – добры пластылінавы злепак залівалі эпаксіднай смалой, і па зацвярдзенні копія пломбы была гатовая. Але ў свой час гэта і быў самы стратэгічны сакрэт нашай часці на ўзроўні сапраўднай ваеннай таямніцы.
П’янства ў асобнай роце аэрадромнага забеспячэння стала ўсеагульным і несла ў сабе рысы стыхійнага бедства. Камандзір роты дарэмна спрабаваў нешта зрабіць. У некаторых байцоў з’явіліся пэўныя анамаліі на глебе алкагалізму – яны пачыналі піць адразу пасля каманды «Пад’ём».
Яшчэ ўдзень, калі мы адпачывалі ў казарме перад заступленнем у нарад, я выпадкова прачытаў у тэлепраграме, што сёння, у суботу, павінна быць добра мне вядомая і цікавая амаль што для аднаго мяне з усёй нашай інтэрнацыянальнай роты перадача на канале БТ.
Калі мы з’явіліся на развод у якасці замены байцоў узвода аховы, яшчэ нічога не прадказвала ніякіх сур’ёзных падзей. Усе салдаты былі ў добрым фізічным стане. Начальнік варты, пра якога нельга было і падумаць, што ён можа парушыць дысцыпліну, прыняў усе пасты. Іх было тры. Пост № 1 лічыўся сакрэтным. Гэта быў своеасаблівы перасоўны штаб, які месціўся ў памяшканні накшталт вагончыка. Унутры ва гончык быў напакаваны рознай апаратурай, дзе, між іншым, стаяў і звычайны тэлевізар.
Пасля першай змены начальнік варты спаў мёртвым сном, а салдаты працягвалі піць спірт самастойна. Добра, што сяржант, які застаўся за старэйшага, апынуўся досыць моцным хлопцам. Нейкім чынам ён яшчэ выводзіў змены на пасты. Я заступаў на «Пост № 1».
Тое, што мы ўжывалі ў якасці святочнага напою, быў так званы «неачышчаны спірт». Ад чаго і як яго трэба было «ачышчаць», мы не ведалі, таму спадзяваліся толькі на ўласныя фільтры – ныркі ды пячонку. Магчыма, гэтая вадкасць акрамя ўтрымання ўласна алкагольных складнікаў мела яшчэ і дадатковыя таксічныя (з чыгуначных цыстэрнаў спірт пераганяўся звычайным пажарным шлангам, праз які, напрыклад, раней мог пераганяцца бензін ці ацэтон).
Мне вельмі добра запомнілася, што я «зацыкліўся» на тым, што зараз, з хвіліны на хвіліну, пачнецца важная для мяне перадача «Сустрэнемся пасля адзінаццаці». Калі я за стаўся на пасту адзін, дык адразу ж штык-нажом ускрыў досыць шырокую фортку сакрэтнага вагончыка і паспрабаваў залезці ўнутр. Але заміналі шынель ды рэмень, на якім боўтаўся падсумак з двума ражкамі баявых патронаў і штык-нож. Усё гэта хуценька было схавана ў проціпажарную скрыню з пяском. Велічыня вакна дазваляла без амуніцыі праціснуцца ўсярэдзіну. Зброю, у адрозненне ад боепрыпасаў, я не пакінуў, узяўшы аўтамат з сабой.
Вось і мэта немалых намаганняў – тэлевізар. Так, кнопка «Сеть». Пераключальнік каналаў. Але чамусьці толькі шыпенне экрана. Так – чакаць! Напэўна, збіта наладка. Наладжваю! Правяраю антэну! Усё на месцы, што можа быць? Зноў кручу каналы, наладжваю, правяраю…
Тэлевізар так і не запрацаваў. Па прычыне зусім іншай, чым збой наладак, і, па сутнасці, вельмі простай – час, які ўмоўна можна было назваць «пасля адзінаццаці», даўно мінуў. Мала таго, было ўжо далёка за дванаццаць. А ў гэты час савецкае тэлебачанне не дазваляла сабе турбаваць сон сваіх суайчыннікаў. Але ўнутраны гадзіннік, напэўна, нейкім чынам «заспіртаваўся» (ад перабольшання дозы прафілактычнай вадкасці), і я зусім не звярнуў увагі, што пра корпаўся з тым тэлевізарам палову гадзіны, калі не болей. Нешта зрушылася толькі тады, калі я выпадкова праз акно вагончыка ўбачыў нашага дзяжурнага па роце.
Спачатку я падумаў пра пабочны галюцынагенны эфект ад ужывання спірту, але, працёршы вочы, упэўніўся, што гэта сапраўдная праверка варты. За дзяжурным па роце ішлі двое – боўтаўся ва ўсе бакі наш сяржант і роўна крочыў баец, які з намі ў нарад не заступаў. Гэта значыць, яго вы звалі замяніць таго, каго знялі з варты. Ці яшчэ толькі павінны былі зняць?..
2
Напрыканцы 70-х – пачатку 80-х першая рэгулярная перадача пра сучасную музыку на адзіным беларускім, гэтак званым «другім», нацыянальным, канале (БТ). На «першым» (агульнасаюзным) канале былі «Мелодии и ритмы зарубежной эстрады» – нешта кшталту адмысловых музычных міжнародных навінаў, якія трансляваліся таксама па выхадных днях. Больш у Беларускай ССР ніякіх каналаў не было. Аб іншых музычных перадачах рокавага, джазавага ці нейкага альтэрнатыўнага ў адносінах да афіцыйнай эстрады напрамку не магло быць размовы. Калі ў «Международной панораме», адмысловым палітычным аглядзе на першым канале, мільгаў дзесяцісекундны сюжэт пра заходнюю рок- ці поп-музыку (зразумела, у адмоўным ідэалагічным кантэксце) – гэта было сапраўднай сенсацыяй для айчынных меламанаў. Адпаведна, у плане набыцця пазітыўнай культурнай інфармацыі.