Читать книгу Звычайны шоу-бізнес (зборнік) - Юры Несцярэнка - Страница 5
Сага пра школу музыкі
ОглавлениеЯ ні ў якім выпадку не паэт і ні ў якім выпадку не музыкант. Дзесяць стагоддзяў таму гэта не падзялялася, і я не бачу нагоды, каб падзяляць гэта сёння…
Б. Г.
Саксафаніст Мат Густафсан заплюшчыў вочы, паднёс інструмент да вуснаў і знерухомеў, нібыта шукаючы патрэбную хвалю, на якой павінна пачацца музыка. У святле пражэктараў ягоная адзінокая постаць на аграмаднай сцэне выглядала загадкава і вымушала чакаць чагосьці цікавага, нязвыклага, неверагоднага. Перапоўненая зала сталічнай філармоніі ўважліва чакала. Зорка скандынаўскага фрыджазу раптам напружыўся, згарбаціўся, прысеў і, рэзка выпрастаўшыся, выдаў першы гук. Гэта не была музычная нота. Гэта быў сіп з пераходам у віск. Потым сіпатыя гукі пасыпаліся бязглуздымі, неўпарадкаванымі плынямі. Яны лу пілі па свядомасці, і здавалася, што галоўнай мэтай вядомага саксафаніста і яго інструмента было выдаваць любыя гукі, акрамя тых, што за доўгую гісторыю станаўлення сучаснай культуры стала прынята называць музычнымі. Ён хацеў здзівіць, хацеў паказаць нешта такое, чаго не паказвае ні хто, акрамя яго, хацеў шакіраваць, збіць са звычайнай хвалі ўспрымання музыкі. Увесь час карцела спытацца – чаго яму не хапала ў дзяцінстве, што ён страціў ці не паспеў набыць?..
Школа, дзе выкладаюць, адпаведна, і вывучаюць, музы ку, магчыма, з’яўляецца адным з найцікавейшых вынаходніцтваў чалавечага грамадства ў перадачы пэўнага досведу. На пытанне «Якога менавіта?» звычайна адказваюць: «Культурнага». Але ж нам да сённяшняга часу так і не вядомы сапраўдныя таямніцы мелодыі, гармоніі і рытму. Як і на каго яны ўплываюць, хто і ў якой меры адчувае гэты ўплыў, а хто толькі памыляецца, думаючы, што адчувае? І самае галоўнае – якая інфармацыя перадаецца, адкуль і куды? З’яўляемся мы першапачатковымі стваральнікамі і адзінымі ды апошнімі спажыўцамі вынікаў гульні з рэзанансам гукавых хваляў ці толькі медыумамі, якія аднекуль атрымліваюць і перадаюць далей нешта такое, што закранае нас, магчыма, толькі на падсвядомым узроўні? Ці мелі старажытныя музыкі свае школы? Ці іхні сакральны досвед складаўся дзякуючы бесперапыннаму руху, бясконцай да розе, таму і звалі іх вандроўнымі? І што клікала іх у тую дарогу – прага да дзіўных прыгодаў ды неверагодных спатканняў ці неадольнае жаданне адкрыцця, звязанае з іншымі краямі ды невядомымі культурамі?
…Барадатыя, з пасечанымі тварамі, аграмадныя мужчыны, трымаючы ў руках мячы, баявыя сякеры, вострыя коп’і, акружылі зусім яшчэ юнага хлопца, які з жахам прыціснуў да грудзей дзве дудкі. Адну маленькую, крыху большую за даўжыню далоні, другую вялікую, амаль на два ўласных локці. Уперад выйшаў сапраўдны волат, на галаве якога спраўна сядзеў шлем з рагамі быка. Ён быў апрануты ў ваўчыныя шкуры.
– Я ведаю яго. Гэта сын Густафа з Берага Арлінага Возера. Ён лічыцца скальдам, але кажуць, што галава яго крыху не ў парадку. Вельмі дзіўна грае на сваіх дудках…
Верагодна, у малодшым школьным узросце медыум з мяне атрымліваўся не дужа добры, бо пасля года навучан ня ў музычнай школе я быў адлічаны як «неперспектыўны». З гэтага перыяду выдатна запомніліся ўступныя экзамены, аўтарытэтная камісія чалавек з васьмі за сталом з традыцыйным графінам, а таксама стан той камісіі, блізкі да сапраўднай медытацыі. Жадаючых авалодаць музычнай практыкай ды тэорыяй, карацей кажучы, палепшыць майстэрства медыумаў, набілася ў маленькі калідорчык музычнай школы столькі, што было вельмі складана праціснуцца да дзвярэй прыёмнай камісіі. Хаця, здаецца, «ціснуцца» трэба было больш праз бацькоў патэнцыйных медыумаў. Будучы гонар музычнага мастацтва, гэта значыць мы, самыя маленькія ўдзельнікі ўрачыстай акцыі, па чарзе падыходзім да ка місіі і барабанім па стале, адбіваючы нескладаныя рытмы.
Атмасфера мерапрыемства чамусьці засталася ў памяці нейкай напружанай і нервовай. Амаль што ўсе дзеці ўпершыню сутыкнуліся з такім «выпрабаваннем», таму некаторыя, не разумеючы, чаго ад іх хочуць, перадаюць не зусім рытм, а недзе і дынаміку. Зараз я стаўлюся да гэтага менш за ўсё з іроніяй – дзеці на такіх «экзаменах» не выстуквалі патрэбны рытм зусім не з-за таго, што не чулі яго, а, магчыма, з-за таго, што, напрыклад, адчувалі сябе няёмка ці не жадалі нешта паказваць перад кімсьці, хто ім не спадабаўся. Шмат з тых, хто ў свой час атрымаў адзнаку «незадавальняюча», на самай справе маглі валодаць і выдатным слыхам, і цудоўным пачуццём рытму. Памятаю, што майму школьнаму сябру на прыёме ў музычную школу не пашанцавала. Ён не прайшоў выпрабаванне рытмам, засяродзіўшыся на тым, чым менавіта гэты рытм адбівалі. У будучым ён скончыў тэхнічную ВНУ і стаў неблагім інжынерам.
…Другі вялізны вікінг з капой рудых валасоў і рудой барадой наблізіўся да хлопца і павольна вымавіў: «Ну, калі ты скальд, пакажы, як ты на сваіх дудках распавядзеш пра нашую сустрэчу…» Хлопчык стаяў, апусціўшы ўніз галаву, і цяжка дыхаў. Адчувалася, што ён вельмі напружаны, але ніякіх рухаў рабіць не спяшаўся. Руды вікінг павысіў голас: «Ну, ты будзеш нам граць ці не?!» Хлопчык нерухома стаяў некалькі імгненняў. Потым паднёс маленькую дудку да вуснаў і зноў замёр, нібыта чакаючы патрэбнага моманту, каб зайграць. Ён згарбаціўся, уцягнуў галаву ў плечы і чакаў, чакаў, гіпнатызуючы сваім чаканнем і ўсіх астатніх. Як ні сачылі за ім ваярывікінгі, але ж першы гук прымусіў іх літаральна адхіснуцца, калі хлапец нечакана моцна і пранізліва віскнуў з дапамогай свайго інструмента. Ад напругі юны музыка пачырванеў. Ён зрабіў паўзу, набраў поўныя лёгкія паветра і зноў выдаў рэзкі, вельмі моцны і высокі гук. Ён працягваў выдзьмуваць гэтыя трывожныя, зусім немеладычныя гукі, увайшоўшы ў нейкі незразумелы экстаз, і дудзеў хвіліну, ду дзеў другую, дудзеў трэцюю, чацвёртую… Руды вікінг так сама пачырванеў і напружыўся, нават неяк ненатуральна надзьмуўся, нібыта разам з хлопцам і яму вельмі цяжка да валіся гэтыя крыклівыя, вельмі трывожныя, нервовыя гукі…
Мне здавалася, што першы настаўнік па спецыяльнасці мяне адразу не ўпадабаў. Можа быць, таму, што з-за баяна мяне было дрэнна відаць? Ці за тое, што адчуваў сябе вінаватым, што не ўмею на ім граць? А гэты вялізны чалавек любіў канкрэтыку. «Цягні мацней!» – крычаў ён, патыхаючы перагарам, і ператвараўся ў маіх вачах у сапраўднага Змея Гарыныча з казак, выпуск якіх наладзіла выдавецтва «Дзіцячая літаратура». Я ж, як ні намагаўся, усё не мог ператварыцца ў Іллю Мурамца з тых жа казак, каб спрачацца са Змеем Гарынычам. Таму з усёй моцы цягнуў мех і выдаваў гукі, больш падобныя на нягучнае ржанне каня вядомага асілка. Чым, напэўна, вельмі раздражняў Гарыныча (на самай справе настаўніка звалі Леанід Восіпавіч, і ўсё насельніцтва мястэчка ведала яго па мянушцы «Уцёсаў»).
Леанід Восіпавіч, расхваляваўшыся, што я не дужа добра імітую голас багатырскага каня, выходзіў у суседні кабінет, дзе яго калега выкладаў акардэон. За перагародкай з фанеры, што замяняла сцяну, яны нядоўга абмяркоўвалі некаторыя вытворчыя пытанні, прычым амаль заўсёды быў чутны ціхенькі звон бутэлечкі аб шкляначку. Ведаеце тост за міла гучнасць беларускай мовы? «…Ці лілі, ці не лілі? Ці лілі, ці не лілі?»… Чамусьці ўсё, што адбывалася ў той час з маім настаўнікам, зараз асацыюецца ў мяне з гэтым выдатным беларускім музычным тостам. Калі настаўнік вяртаўся, то дыхаць было ўжо ўвогуле праблематычна, таму што з рота ў яго вылятаў амаль што сапраўдны агонь, які, здавалася, выпальваў увесь кісларод вакол Леаніда Гарыныча і яго колішняй ахвяры.
…Вялізны ўскудлачаны рудабароды чалавек бег за юнаком і раз’юшана крычаў: «Шчанюк! Я цябе навучу, як пава жаць старэйшых! Ты, напэўна, хацеў мяне абразіць! Клянуся Одзінам, у цябе гэта не атрымаецца!..» Але той, каго ён так прагнуў дагнаць, быў маладзейшы і спрытнейшы. Да таго ж маладому хлопцу, які прыціскаў да грудзей свае дудкі, да даваў моцы страх апынуцца ў руках раз’юшанага варвара. Астатнія вікінгі са смехам назіралі гэтую пагоню і толькі выкрыквалі: «Ды пакінь ты яго, Дацкая Галава! Мы ж табе казалі, што гэта сын Густафа, вельмі дзіўны скальд! Ты ж сам напрасіўся на яго музыку!..»
Апісваючы ў такіх фарбах свайго першага музычнага на стаўніка, я карыстаюся зараз усё ж дзіцячымі ўражаннямі. Нікуды не падзець пэўны перыяд «вогнепаклонства» майго выкладчыка, але ўвогуле гэты чалавек быў нядрэнным спецыялістам, зусім не апошнім у нашай музычнай школе. Які да таго ж у свой час, у сярэдзіне 60-х гадоў, гэтую школу (разам з калегам па суседнім кабінеце) уласнаручна пабудаваў. Пазней мяне яшчэ вельмі ўразіў той факт, што ў сваёй працоўнай кніжцы Леанід Восіпавіч меў толькі адзін запіс: ён быў прыняты на працу пасля заканчэння музычнага вучылішча, а праз сорак з нечым гадоў звольнены ў сувязі з выхадам на пенсію. Для мяне з маімі дзясяткамі працоўных запісаў з розных гарадоў і з самых разнастайных арганізацый гэта быў узорна-паказальны выпадак.
Вяртаючыся да адноснай храналогіі, хачу дадаць, што, калі праз гадоў пятнаццаць пасля сумнага досведу навучання на баяне я ўладкаваўся на працу ў тую ж школу выкладаць гітару, мы сябравалі з Леанідам Восіпавічам, і я часта заходзіў да яго ў кабінет. На яго пытанне «Як жа такое здарылася?» я заўсёды адказваў: «Не турбуйцеся, Леанід Восіпавіч, гэта не той выпадак, калі здарылася нешта жудаснае…»
…Мат Густафсан утрымліваў увагу залы больш за гадзі ну. Так, былі тыя, што сыходзілі, – дзясяткі два чалавек не здолелі праслухаць да канца вельмі спецыфічную праграму зоркі сусветнага фрыджазу. Напрыклад, бабуля, якая пры вяла на сапраўдны джазавы канцэрт унукасаксафаніста гадоў дзесяці, усяго пакрытага рабаціннем, патрапіла ў крыху няёмкае становішча. Калі зала заціхла ў чаканні першага твора, маленькі хлопчык, зразумела, таксама чакаў свайго адкрыцця. Але калі спадар Густафсан выдаў першыя гукі і заціх, набіраючыся моцы, каб зайграць далей, хлопчык міжволі, цалкам шчыра, на ўсю залу сказаў: «Бабуля, дык ён жа граць не ўмее…» Бабулю такое адкрыццё не надта ўразіла, яна ўпарта спрабавала разабрацца з гэтым пытаннем яшчэ хвілінаў пятнаццаць – дваццаць. Але яе нервовая сістэма больш вытрымаць не магла – яны з унукам пакінулі залу.
У хлопчыка, які стараўся не адставаць ад бабулі, увесь час было нейкае дзіўнае адчуванне. Ён даганяў яе і спрабаваў зазірнуць у вочы. Але бабуля (якая, дарэчы, уяўляла сабой высокую прыгожую жанчыну, рудавалосую, скандынаўскага тыпу – яе продкі былі аднекуль з Даніі) упэўнена крочыла да аўтамабільнай стаянкі і, здавалася, не звяртала на ўнука ўвагі. Хлопчыку так карцела пагаварыць з ёй пра незвычайнага саксафаніста. Але ён ніяк не мог знайсці патрэбных слоў, каб расказаць, што даўным-даўно, значна болей часу, чым ён жыве на гэтым свеце, нешта падобнае на сустрэчу з такім самым дзіўным музыкам ужо аднойчы адбывалася…