Читать книгу Звычайны шоу-бізнес (зборнік) - Юры Несцярэнка - Страница 4

Telecaster

Оглавление

Праз дваццаць год пасля апошняй вайны ў вёсцы Прыбар яшчэ не было электрычнасці. Тагачаснае кіраўніцтва дзяржавы вызначыла агульны тэрмін «неперспектыўныя» ў адносінах да невялікіх паселішчаў, і Прыбар апынуўся ў гэ тай непаспяховай катэгорыі. Нягледзячы на гэта (дзякуючы гэтаму), вёска стаяла сабе на беразе Дняпра, жыла ў поўнай гармоніі з навакольным асяроддзем ды ў адпаведнасці з набытым у папярэдніх стагоддзях досведам выжывання.

Бацьку пасля заканчэння лесагаспадарчага факультэта па размеркаванні накіравалі ў прыбарскае лясніцтва. Яго маладая жонка, то бок мая маці, да таго як нарадзіла мяне, улад кавалася на працу ў вясковую краму. Тэрмін пасляродавага адпачынку быў не больш за два месяцы. Далей можна было не працаваць, але і дапамогі ніякай не прадугледжвалася.

Маці зноў пачала гандляваць у краме праз пару месяцаў пасля родаў. Увечары кожнага дня працягвала прадаваць проста з хаты, куды забірала тавар з працы. Хата стаяла не далёка ад крамы. Тавар быў вядома які – хлеб ды гарэлка.

Напэўна, ужо на трэцім месяцы жыцця я дакладна спазнаў, што такое сапраўдны прыдняпроўскі блюз. Адна са звычайных карцінак таго часу: да мамы ў краму заходзіць вусаты, барадаты дзед. «Галя! Іду міма вашай хаты, чую – малеча моцна крычыць! Я зайшоў у пакой, пагайдаў, па размаўляў з ім… Але ўсё роўна крычыць!..» Мама вешае на дзверы крамы аркушык з настальгічным для кожнага савецкага чалавека надпісам «Буду праз 15 хвілін» і бяжыць мяне карміць.

Адзіны чорна-белы фотаздымак тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят пятага года захаваў наступны момант: на драў ляным ганку вясковай хаты мама трымае мяне на руках. Яна ў прыгожай сукенцы. Лёгкая хустачка, завязаная з-заду, ахоплівае галаву. Мы мружымся ад сонца. Магчыма, нядаўна прайшоў дождж, таму што босыя маміны ногі па костачку ў гразі. Праз дваццаць гадоў пасля апошняй вайны ў вёсцы Прыбар не было яшчэ і дарог…

Бацька быў першым чалавекам у вёсцы, хто набыў тэлевізар. Калі праблема бездарожжа сяк-так вырашыла ся і тэлевізар усё ж патрапіў дадому, то без электрычнасці абысціся было немагчыма. Адзіным выйсцем стаў перасоўны электрарухавік, які тата заводзіў як мага далей ад хаты, каб ён не заглушаў гук тэлеэфіра. За першыя дні тэлесеансаў у бацькоўскай хаце перабывала ўся вёска. Невядома, наколькі тата тады ўсведамляў, што стаў своеасаблівым распаўсюджвальнікам тэлехваляў у сваім рэгіёне. Хутчэй за ўсё не засяроджваў на гэтым увагі. У тыя часы, дарэчы, гэта была вельмі папулярная тэма, сапраўдная мода ў галіне найноўшых тэхналогій – магчымасць перадачы інфармацыі з дапамогай тэле і радыёхваляў вакол зямнога шара, у стратасферы, у космасе. Ідэя захоплівала думкі звычайных людзей, простых будаўнікоў вялікай сацыялістычнай будучыні краіны Саветаў.

Хаця, шчыра кажучы, мода гэта датычылася і ўсяго астатняга свету, і гадоў за дзесяць да вышэйзгаданых падзей у супрацьлеглым лагеры сусветнай палітыкі, нават па геаграфічным размяшчэнні, амерыканец Ліа Фэндэр зарэгістраваў назву аднаго са сваіх вынаходніцтваў: электрагітары з цэльным корпусам «Fender Telecaster». Крыху раней ён спрабаваў зарэгістраваць для гэтага інструмента брэнду «Broadcaster» (што азначае «той, хто распаўсюджвае радыёхвалі»), але вядомая фірма па вытворчасці барабанаў ужо запатэнтавала такую назву і адсудзіла сваё права яе выкарыстоўваць. Таму, суадносна з нарастаючай папулярнасцю тэлебачання, наступным крокам у распрацоўцы брэнда Ліа Фэндэр вы рашыў выкарыстаць назву новай ступені інфармацыйных тэхналогій – «Telecaster». Што адпавядае словаспалучэнню «той, хто распаўсюджвае тэлехвалі». Пазней гэты вядомы канструктар электрагітар прыдумаў назву «Stratocaster» для сваёй наступнай распрацоўкі.

Як дзіўна ўсё пераплятаецца ў гэтым свеце – значна пазней я адыграў шмат блюзавых канцэртаў менавіта на «стратах». А бацька ўжо ў сталым узросце ўспамінаў, што далучыўся да сапраўднай таямніцы перадачы і прыёму тэлехваляў на вялікія адлегласці, калі наладзіў своеасаблівы фізіка-біятэхнічны ланцужок: крыніца энергіі – прымач тэлехваляў – аператар, кіраўнік працэсу. Лічы, сапраўдны «тэлекастэр».

Звычайны шоу-бізнес (зборнік)

Подняться наверх