Читать книгу Звычайны шоу-бізнес (зборнік) - Юры Несцярэнка - Страница 7

Квіткі да апошняга шанцу

Оглавление

Лёха быў маім лепшым сябрам на першым курсе. З пер шых дзён нашага знаёмства мы фанатычна рвалі струны на гітарах, пісалі паэмы і ўвогуле не дужа разумелі – навошта нам здаўся гэты дыплом інжынера. Напрыканцы гэтага самага курса трэба было вызначацца – ці варта працягваць далей навучанне? Вырашана было паехаць на праслухоўванне ў музычную вучэльню – Лёха выпадкова знайшоў абвестку ў газеце і прынёс мне.

Мы трэсліся на нейкіх электрычках усю ноч і ранкам па трапілі на сталічны чыгуначны вакзал. Пабадзяліся па залах чакання, якія на пачатку 80х мелі дастаткова правінцыйны выгляд, папілі нейкіх сумніўных напояў у брудным вакзальным буфеце, распыталі, як даехаць да месца праслухоўвання.

За гадзіну да мерапрыемства на лесвічнай пляцоўцы перад лёсавызначальнымі дзвярыма назбіралася даволі шмат народу. У асноўным – выхаваныя дзяўчынкі разам з татамі і мамамі. Апошнія дапамагалі трымаць скрыпічны футарал ці тэчку з нотамі. Трапляліся акуратна стрыжаныя хлапчукі ў белых кашулях і ў пінжаках з троечкай. Адзін патэнцыяльны абітурыент, які выглядаў намнога старэйшым за ўсіх, бесперапынна ганяў гамы на сваёй электрагітары. Пераблытаць ягоны інструмент было немагчыма ні з якім іншым – гэта быў сапраўдны чэхаславацкі «Diamant». Мара ўсіх саўковых рэстаранных лабухаў.

Дакладна можна сказаць, што мы ў сваіх пакамечаных джынсах, у скураных пашарпаных куртках, з доўгімі нямы тымі валасамі моцна выбіваліся з шэрагу рэспектабельных прэтэндэнтаў.

У пэўны момант вызначыліся – я іду на праслухоўванне, а Лёха працягвае навучанне ў тэхнічнай ВНУ. Лёхава неўтаймаваная душа прыбівалася то да аднаго берага, то да другога ў акіяне сваіх магчымасцяў і інтарэсаў. Але ў сваёй жыццёвай пазіцыі ён застаўся верным сабе – характар яго патрабаваў пэўнай логікі ў дзеяннях: раз паступіў, то трэба працягваць навучанне.

У мяне было крыху па-іншаму. У тым сэнсе, што перспектывы для рок-музыканта з дыпломам інжынера ў свет лай будучыні савецкага ладу не надта праглядаліся. Што ў жыцці гэта будзе асноўным заняткам, было зразумела на нейкім падсвядомым узроўні. Але дэталёва не дужа вымалёўвалася. Грунтоўным пацвярджэннем выбранага шляху быў зусім яшчэ нядаўні поспех уласнага гурта «Апошні шанец», гісторыя якога была кароткай, але багатай на падзеі. А яшчэ, як ні дзіўна, вельмі ўражвала рок-жыццё ў краінах так званага сацлагера: супергурты Венгрыі, Югаславіі, ГДР, Польшчы – яны ж нейкім чынам існуюць!..

Нарэшце з аўдыторыі са шчаслівым тварам выскачыла маленькая піяністка, якая толькі што віртуозна выканала два ці тры творы як мінімум з кансерваторскай праграмы. Расчуленыя бацькі абдымалі яе і шапталі віншаванні на вушка. Лёха, рост якога быў прыблізна двухметровы, зверху паглядзеў на гэтыя сюсюканні, потым па-мужчынску абхапіў мяне, паляпаў па спіне і басам, на ўсю пляцоўку абвясціў: «Давай, стары! Удачы!». Чым проста заваражыў увесь натоўп, які замёр ад нечаканасці. Бацькі з дзяўчынкай у адно імгненне зніклі з пляцоўкі. Гэта ўсё засталося звонку, як толькі я пераступіў парог.

Унутры, за дзвярыма, за невялікім сталом сядзеў гадоў трыццаці пяці выкладчык. Яго барада і акуляры ў атачэнні розных музычных інструментаў падаліся мне тады сімвалам грунтоўнай музычнай эрудыцыі. Ён ветліва прапанаваў падысці бліжэй і спытаўся, на якім інструменце я буду граць. Я адразу паказаў на падключаную да гэдээраўскага комбіка «Vermona» электрагітару «Musima Delux 25».

Звонку гэта выглядала, дакладней – чулася, так: праз некалькі хвілінаў пасля таго, як за мной зачыніліся дзверы, да выпадковых слухачоў даляцела ўпэўненая імправізацыя ў танальнасці Е, у манеры, стылістычна блізкай да блюза вага выканання (кожны гітарыст тут павінен падміргнуць і ўсміхнуцца;). Натоўп на лесвічнай пляцоўцы змоўк і прыслухаўся. Калі праз некалькі хвілінаў музыка сцішылася, слухачы за дзвярыма выдыхнулі: «Ооо!» Што прыклад на азначала некаторае здзіўленне і прызнанне таго, што яны ўсё ж такі ўражаныя. Пасля кароткай паўзы пачалася класічная тэма. Першая частка была сыграна больш-менш роўна і ўпэўнена, а на другой выйшла нейкая блытаніна, у пэўным месцы мелодыя спатыкнулася, потым, праз секундную паўзу, пачалася зноў. Гэты кавалачак пачынаўся яшчэ разы тры, але падступнае месца так і не паддалося. Натоўп тут жа зрэагаваў: «Ууу… ыыы…», і дзе-нідзе пачуліся іранічныя смяшкі. У дадатак да ўсяго, праз некалькі хвілінаў адчыніліся дзверы і мая кудлатая галава спыталася: «Лёха, два рублі ёсць?..» Тут ужо натоўп сваіх эмоцый не стрымліваў – усе рагаталі ад душы! А нехта яшчэ так інтэлігентна, гэта значыць ціха, але каб пачулі ўсе, дадаў: «Даваў хабар, ды не хапіла дробязі…»

Унутры ўсё адбывалася прыкладна так. Калі я зайшоў у аўдыторыю, то і прыблізна не ведаў, што буду граць. Выйсце падказаў інструмент (калі б гітара была іншая, рэпертуар мог быць зусім у іншым ключы), а характар імправізаванай п’есы вызначыўся з дапамогай прыемнага настрою выкладчыка. Ён уважліва паслухаў хвіліны тры-чатыры маё спантаннае музіцыраванне і прапанаваў сыграць канкрэтную п’есу: «Можа, што-небудзь з класікі?…»

Годам раней, яшчэ да таго, як лёс паклікаў мяне стаць студэнтам, мая сястра да іспыту ў музычнай школе зімовымі вечарамі разбірала на фартэп’яна п’есу спадара Джыавані Батыста Пэшэці, вядомую як «Прэста Пэшэці». Седзячы ў той жа час у суседнім пакоі і, як заўсёды, не здымаючы рук з гітарнага грыфа, я на слых добра вывучыў першую частку, а другую – яна паўтаралася значна меней разоў – адпаведна не дужа добра…

Выкладчык быў уражаны маім імкненнем стаць музыкам, але наконт апошняй п’есы сказаў так: «Праз тры тыдні ў нас будзе справаздачны канцэрт кафедры эстраднага дырыжыравання. Прыязджайце паглядзіце, параўнайце, набярыце ся новых уражанняў і станоўчага досведу. Можа быць, гэта дапаможа Вам больш прафесійна падысці да ўласнай твор часці…» Якраз за квіткі на той самы справаздачны канцэрт пажадана было разлічыцца без рэшты, таму і спатрэбілася два рублі.

Пасля праслухоўвання мы з Лёхам доўга бадзяліся па горадзе і выпадкова патрапілі на выставу мастакоў-авангардыстаў на свежым паветры каля Старога горада на Нямізе. На ганку граў рок-гурт. Вакаліст спяваў па-беларуску. Гэтая імпрэза пад адкрытым небам урэзалася ў памяць адчуваннем нейкай нязвыклай вольнасці і свабоды, што для саўковай сістэмы ўзору 1983 года было зусім непрымальна. На мальбертах мастакоў былі палотны, якія па манеры выканання, па сваіх нязвыклых сюжэтах і арыгінальных ідэях зусім не нагадвалі сацрэалізм. Я захварэў на Менск: калі ў гэтым го радзе адбываецца такое, то вучыцца трэба толькі тут.

Праз шмат гадоў, у незабыўным цэнтры беларускасці – краме пры офісе на былой менскай вуліцы Варвашэні, на купіўшы кніжак на распродажы, сярод іншага набыў гісторыю гурта «НРМ». Адкуль даведаўся, што музыкі, якія трыццаць год таму гралі на ганках Траецкага прадмесця, выступалі пад назвай «Мроя». Дарэчы, гэта быў іхні дэбютны выступ. Што цікава, у кнізе захавалася нават дата мерапрыемства (а гэта значыць, ускосна – і дата нашай неверагоднай вандроўкі з маім сябрам Лёхам, – дзякуючы дакладнасці біёграфаў).

Праз тры тыдні, вызначаных барадатым выкладчыкам, ні я, ні Лёха не патрапілі на справаздачнае мерапрыемства музычнай вучэльні. Шчыра прызнацца, калі я набываў квіткі, чамусьці на дзевяноста дзевяць адсоткаў быў упэўнены, што не прыеду на той канцэрт, хоць сам сябе спрабаваў падмануць і ў думках прымушаў: трэба ехаць! Але нейкі нябачны суразмоўца ўнутры мяне, настроены дастаткова скептычна, нібыта адмахваўся: пабачым, пабачым… Набыццё квіткоў было, напэўна, маім своеасаблівым парывам у жаданні спрычыніцца да нейкага таемнага і важнага працэсу, ды яшчэ – не пакрыўдзіць выкладчыка. Дзве паперкі з пазначанымі на іх нумарамі месцаў у актавай зале вельмі доўга акуратна ляжалі ў маім нататніку, нагадваючы засушаны адмысловы талісман – прыпынены ў часе шанец далучэння да музычнага братэрства.

Можа быць, яны захоўвалі сапраўднае чараўніцтва, таямнічы сэнс загадкавага словаспалучэння «апошні шанец»? У хуткім часе я патрапіў у зусім іншыя аўдыторыі, якія ў мяне да сённяшняга часу атаясамліваюцца са святлом. Вялікія светлыя вокны, светлыя сцены, прасторныя калідоры, святло цікавых людзей, цеплыня адносінаў і прыгажосць пачуццяў. Гэта быў вельмі кароткі перыяд, выпадковы і заканамерны, нялёгкі і шчаслівы – працяг майго «Апошняга шанцу». Квіткі даўно згубіліся, а яго адчуванне засталося.

Звычайны шоу-бізнес (зборнік)

Подняться наверх