Читать книгу Звычайны шоу-бізнес (зборнік) - Юры Несцярэнка - Страница 8

Апошні шанец выйсці ў людзі

Оглавление

Так час ад часу здараецца – ты едзеш у Ленінград на провады сябра ў войска. Бывае яшчэ – былая твая ся броўка стала яго нявестай. Нічога дзіўнага, што праз яе вы і пазнаёміліся, і цяпер называеце адзін аднаго сябрамі.

Сітуацыя складаецца так (звычайна бліжэй да поўначы), што ў інтэрнаце на Васільеўскім востраве прызыўніку трэба пабыць сам-насам з яго каханай прыкладна да раніцы. Усё ж такі апошняя ноч, і дзяўчыне няёмка дзяліць яе на траіх. Ну, у сэнсе – сядзець за сталом да світанку і піць утраіх каву. Таму, як сапраўдны джэнтльмен, крыху хістаючыся, ты про ста выходзіш у раннекрасавіцкую ноч з думкамі: «Дзе наша не прападала…». І трываеш гадзіны дзве. Трэба ведаць, што такое надвор’е на беразе Фінскага заліва на пачатку вясны. Словы «страшэнны холад» ці «мацнейшы вецер» і блізка не перададуць незабыўныя ўражанні.

У аграмадным гатэлі побач з пірсам не гарыць ніводнае вакно. Гэта надае месцу выгляд мёртвай планеты. Ты проста «рубішся» на хаду, пакуль ідзеш на другі бок гатэля, туды, дзе пляскочуць хвалі. Прысесці ці прылегчы немагчыма, бо бетон настыў так, што, зрабіўшы спробу прыладкавацца дзе-небудзь, даводзіцца падскокваць, быццам абліўшыся кіпнем.

Ахоўнік на судне, з аўтаматам і ў кажуху да палубы, хавае ўсмешку і крычыць зверху з трапа: «Не-не, брат, у нас нельга пераначаваць…» Алкаголь ужо амаль выветрыўся, ты згорбіўся, брыдзеш да паркінга, уціскаючы галаву ў плечы – нібыта гэта сапраўды дапаможа сагрэцца. Ды бог з імі, хай глядзяць з вокнаў гатэля ў гадзіны тры-чатыры ночы, як ты хапаешся за ручкі і спрабуеш адкрыць якое-небудзь аўто. І што? А тое, што раптам задняя дзверца трэцяга па ліку аўтамабіля адчыняецца! І ты ўвальваешся ў салон і ўвогуле не клапоцішся ўжо ні пра што. Трэба толькі закрыць выратавальныя дзверцы, і ўсе твае беды застаюцца дзесьці далёка. Спаць… Не спаць!.. Толькі хвіліначку… Не, пятнаццаць…

Недзе ўверсе, над галавой, звіняць званочкі трамваяў, сігналяць машыны, шыпяць дзвярыма на прыпынках тралейбусы. Асцярожна прыўзняўшыся, ты разумееш, што цяпер прыкладна гадзінаў шэсць-сем, мяркуючы па ранішняй актыўнасці ленінградцаў. Трэба хуценька і незаўважна пакідаць месца выратавання. Дзякуй, машынка, дай бог табе добрага гаспадара! «Будьте добры, не скажете, который час?» Да ваенкамата яшчэ дзве гадзіны. Спаць хочацца неверагодна. Выйсце адно – сесці ў нейкі тралейбус. Піцерскія тралейбусы на той момант падаюцца чамусьці вельмі ўтульнымі. Праспаць у адным з іх да канцавога прыпынку і ў той жа спосаб вярнуцца да месца, дзе заходзіў, – ідэя не самая горшая.

Заняўшы адзіночнае месца ля вакна, ты спрабуеш заснуць. Спробы дзеляцца на кавалачкі – першы прыпынак, другі, трэці… Недзе на пятым ты ў паўзабыцці бачыш праз шкло, як у салон заходзіць Ірка Т., твая зямлячка па невялікім беларускім мястэчку.

Спрасоння раптам падаецца, што сустракацца з ёй нельга ні ў якім разе. У свядомасці ў адно імгненне праносіцца, што Ірка на восем гадоў старэйшая за цябе, што кожны раз, прыязджаючы дадому, яна цэлымі днямі сядзіць на працы ў сваёй сяброўкі Ленкі, працоўны стол якой стаіць побач са сталом тваёй мамы. Ірка ў захапленні ад Мікалаеўны, так яна кліча маму, і ўвогуле Ірка з Ленкай дастаткова дарослыя цёці, каб ім давяраць – ажно па дваццаць пяць год маюць.

Сустрэцца з Іркай – гэта значыць рассакрэціць усю не легальнасць цяперашняй паездкі. А давялося звальваць з заняткаў, неяк дамаўляцца са старастам групы, каб не пісаць заяву дэкану. А гэта ж не блізкі свет – амаль што тысяча кіламетраў. А трэба яшчэ вяртацца… Усё пралятае ў гала ве за секунду, і ты асцярожна абыходзіш Ірку з-заду, каб не прыцягнуць яе ўвагі, і хуценька спрабуеш выскачыць з тралейбуса, пакуль не зачыніліся дзверы.

Але ж дзверы такія нахабныя – зачыняюцца, калі ты апынуўся якраз на апошняй прыступцы! Ты ўсё ж выскокваеш, з ляскатам і грукатам, амаль што на хаду. Нехта з культурных піцерскіх пасажыраў, каб дапамагчы табе, крычыць: «Водитель!..» Кіроўца цісне на тормаз, увесь тралейбус паварочвае галовы ў твой бок. Зразумела, Ірка таксама! Не пазнаць цябе, нават са спіны, немагчыма. Як заўсёды некалькі апошніх год, твае доўгія русыя валасы спрабуюць дацягнуцца да джынсаў «Levi’s». Як звычайна, – ці гэта халоднае лета, ці любы месяц зімы, – ты не здымаеш з плячэй карычневай скураной лётнай курткі. Падарунак бацьку ад знаёмага афіцэра Ваенна-Паветраных Сілаў – эксклюзіўная рэч. Фігура, хада, пастава? Не ведаю дакладна, якім чынам, але неяк так адбываецца – прадстаўнікі аднаго полу па гэ тых самых прыкметах беспамылкова ідэнтыфікуюць прад стаўнікоў полу супрацьлеглага…

У ваенкамат ты паспяваеш і сябра праводзіш як належыць. Пазней высветліцца, што ён патрапіў на афганскую мяжу (пасля войска, дарэчы, яны ажэняцца з той самай ся броўкай з інтэрната, у іх атрымаецца выдатная сям’я).

А ты праз пару месяцаў развітваешся са сваёй змрочнай шэрай правінцыйнай навучальнай установай і падаеш дакументы на падрыхтоўчыя курсы ў светлую сталічную ВНУ. Такое час ад часу таксама адбываецца.

Калі-ніколі яшчэ здараецца, быццам бы нешта надыходзіць, – і ты цэлы месяц займаешся, не адрываючы галавы ад падручнікаў. Напрыклад, перачытваеш палову школьнай праграмы па літаратуры, да якой не датыкаўся апошніх гадоў пяць-шэсць.

Трэба адзначыць у гэтым ланцугу выпадковасцяў, што заняткі на курсах вядуць найцікавейшыя людзі, і ты про ста заўсёды знаходзішся ў стане лёгкага шоку – ад таго, як яны нечакана і нестандартна падаюць вучэбны матэрыял. Усё, што адбываецца, проста непараўнальна з тваім папярэднім студэнцкім досведам! Гэта будзе гучаць пафасна, але ты ніколі ў жыцці не хацеў так вучыцца (скажам шчыра, што ў школе ты не напісаў ніводнага сачынення – няма чым ганарыцца, але так ёсць: першае ў жыцці было напісана на уступным іспыце пасля вышэйзгаданых курсаў).

І вось ты прыязджаеш дадому на пару дзён, што пасля заканчэння курсаў даюцца на падрыхтоўку да іспытаў. І нечакана на цябе абрынаецца моцны бацькоўскі гнеў. Ты ўвогуле не разумееш, пра што гаворка, калі мама пачынае галасіць: «Мы яму дапамагаем, мы яго на вучобу накіравалі, а ён, такі-растакі, усе грошы траціць, каб па піцерах раз’язджаць…»

Ты, стаміўшыся шукаць логіку, – а старыя не хочуць слухаць ні тваіх пытанняў, ні тваіх адказаў, – выстаўляеш бацькоў вар’ятамі (хай прабачаць яны за тое непаразуменне) і з нялёгкім сэрцам едзеш назад да Менску.

Такое здараецца – ты проста не можаш ведаць (бо сапраўды быў вельмі заняты сваімі новымі справамі), што ў самы адказны, можна сказаць, пераломны момант твайго лёсу з Піцера на чарговы адпачынак прыехала Ірка Т. Зразумела, яна днямі сядзіць на працы ў сваёй сяброўкі Ленкі і распавядае байкі з паўночнай сталіцы імперыі. Яны з Ленкай увесь час хіхікаюць, і між іншым Ірка раптам аднойчы ўзгадвае: «Ой, Мікалаеўна, я і забылася вам сказаць, я ж сына вашага нядаўна ў Піцеры бачыла…» Тут у Іркі бразнулася на пад логу сумачка, і яны з Ленкай пачынаюць рагатаць і збіраць рэчы па падлозе. А мама са збялелым тварам выходзіць на калідор. На вачах у яе слёзы. І дату, халера, калі ты на самай справе быў у тым Піцеры, на жаль, Ірка не ўдакладніць. Бо пакуль вернецца мама, хаваючы заплаканыя вочы, Ленка з Іркай ужо збягуць на абед…

Дык вось, калі-небудзь так здараецца – ты выходзіш ноччу пагуляць па Ленінградзе (увогуле не з-за сяброўкі – проста самому захацелася прайсціся па набярэжнай), у стане, блізкім да абмаражэння (амаль што не заўважыў – так сабе крышку прахалодна), ты спіш у чужой машыне на заднім сядзенні замест утульнага інтэрнатаўскага ложка (звычайны спосаб адпачынку беларусаў у Ленінградзе). Потым едзеш у тралейбусе, нумар якога не ведаеш, выпадкова сустракаеш знаёмую (іх у любым горадзе, на адлегласці тысяча кіламетраў, колькі заўгодна), але гаварыць з ёй не дужа хочацца, і ты выходзіш на невядомым прыпынку. Нейкім цудам ты ўчасна трапляеш да ваенкамата, каб выканаць сваю місію і праводзіць у рэшце рэшт прызыўніка ў войска.

Толькі мама пра гэта не ведае, і амаль што праз паўгода вецер прыносіць ёй няпэўную інфармацыю. А ў мамы такая праца – перажываць за дзяцей і плакаць.

– Ну і пры чым тут апошні шанец? – пытаецца хтосьці з мамінай работы.

– Ды амаль што ні пры чым, – адказваеш ты. – Так, былая сяброўка пазнаёміла са сваім жаніхом, які прыехаў да яе ў госці з Піцера пад Новы год, менавіта на выступленні гурта «Апошні шанец».

Звычайны шоу-бізнес (зборнік)

Подняться наверх