Читать книгу Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч - Страница 2
Брамнік заўжды самотны
Замест уступу
ОглавлениеЁн нягучна пастукаў у дзверы і на Максімава “не зачынена” ўвайшоў у сціснуты куток, дзе ледзь месціліся ложак, падрапаны стол і рыпучае крэсла. На выгляд яму было каля сарака гадоў: сярэдняга росту, у чорным плашчы, вакол галавы з гладка зачасанымі назад валасамі колеру саломы нібы гайдалася вузкае кола святла. Каб не гэта, дык, адным словам, дзядзька з вуліцы.
– Вы хто такі? – здзіўлена спытаў дванаццацігадовы Максім Гудаў. – Калі да бацькі, то ён спіць.
– Я да цябе, Максім, – сказаў незнаёмец і дадаў сарамяжліва: – Я – анёл. Імя – Херувім. Прыйшоў, каб выканаць тваё адзінае жаданне. Заўваж – адзінае.
– Нешта не верыцца.
– Нікому не верыцца.
– А што ад мяне трэба? – крыху памаўчаўшы пацікавіўся хлопчык.
– Загадаць. Толькі і ўсяго. Да кожнага чалавека ў дзяцінстве прыходзіць нехта з анёлаў. Заўваж, толькі аднойчы. Хто што просіць. Адзін – цукерак, другі – ровар, трэці… Але… Што жадаеш ты?
Хвіліну на роздум. Больш часу не маю.
– Не трэба хвіліну, – хлопчык па прозвішчы Максім Гудаў паказаў рукой на сцяну, дзе вісеў плакатны аркуш з выявай футбаліста. – Хачу быць галкіперам. Варатаром. Такім жа вялікім, як ён.
Анёл падышоў да сцяны, угледзеўся ў плакат і сказаў:
– Такім ты быць не здолееш, бо яму, калі ён яшчэ выступаў, не было роўных. А ўсё вялікае – непаўторнае. Але – тваё жаданне я занатоўваю. Ты не пашкадуеш. Вось я тут, на аркушы, стаўлю подпіс. Цяпер бывай.
– Бывай і ты, – развітаўся хлопчык і… і прачнуўся. У пакойчыку нікога не было. Максім Гудаў перавёў позірк на сцяну. Знаёмая постаць у карычневай футболцы з выявай тыгровай галавы. Мужны квадратны твар, кароткая стрыжка.
“Хасэ Луіс Фелікс Чылаверт Гансалес, – прачытаў ён у які ўжо раз. – Парагвайскі галкіпер. Нарадзіўся 27 ліпеня 1965 г. у г. Лука. Рост 1 м 92 см. Удзельнік двух чэмпіянатаў свету. Аўтар адзінага ў свеце “хет-трыка” сярод варатароў. Выключны пенальціст і выканаўца штрафных удараў. Забіў за спартыўную кар’еру 62 галы.” …Але што гэта?
Хлопчык ускочыў і ўсутыч наблізіўся да плаката на сцяне.
Знізу нешта высвечвалася, нейкі надпіс.
І раптам ён прачытаў: “Згода. Херувім”.